“Простыя рэчы” Міхала Анемпадыстава: Места

08 красавіка 2013

«Не люблю я места (па-расейску — горад)» — як бы мімаходзь кідае класік Францішак Багушэвіч, і кідае не без прычыны: беларускія гарады на працягу ХІХ стагоддзя былі апорнымі пунктамі чужой улады, а тутэйшыя традыцыі перахоўваліся ў фальварках, мястэчках, вёсках. Следам за Багушэвічам ажно да апошняй чвэрці ХХ стагоддзя не любіць горад будуць і іншыя беларускія літаратары, толькі ніхто так вось наўпрост пра гэта ўжо не скажа. Пра гэта за аўтараў гаворыць адсутнасць твораў на гарадскую тэматыку. Выключэнні можна пералічыць на пальцах адной рукі, да таго ж гэтыя выключэнні наўрад ці сведчаць пра любоў да горада, а хутчэй пра цікаўнасць аўтараў да горада як месца, дзе робіцца гісторыя. Мяне ж ў першую чаргу цікавяць творы пра Мінск, бо я тут нарадзіўся і жыву. Спынюся на тройцы аўтараў, якія пісалі ў першай палове ХХ стагоддзя, у час «злому і зменаў». Сімвалічна, што ўсе яны пісалі на розных мовах — па-беларуску, па-польску, на ідыш, — а вось твора па-руску няма, прынамсі я такога твора не ведаю, а цікава было б даведацца.

Спачатку два творы, якія расказваюць пра адзін і той жа перыяд — Першая сусветная вайна, рэвалюцыя, калейдаскапічная змена ўладаў: бальшавікі, немцы, палякі, зноў бальшавікі… У 1922 годзе Янка Купала піша п’есу «Тутэйшыя», дзе рэальная гістарычная сітуацыя лаканізаваная да ўзроўню знакаў і сімвалаў, збольшага бінарных, у працяг вобразаў аўтарства Гарэцкага і Абдзіраловіча. Горад прысутнічае ў п’есе схематычна, цалкам у традыцыі Багушэвіча, як варожая прастора, адкуль прыходзіць пагроза. У фінале п’есы гучыць «Яблычка», з таго ж самага «Яблычка» пачынаецца польскамоўная «Зладзейская трылогія» Сяргея Пясэцкага. Пясэцкі напісаў сваю трылогію значна пазней, у 1946-м. Ён падае тую самую гістарычную сітуацыю абсалютна па-іншаму і паводле зместу, і паводле формы, ён смакуе дэталі і фактуры, ягоны Мінск выпісаны з картаграфічнай дакладнасцю, а героі — мінскія злодзеі — выдатна разумеюцца між сабой, нягледзячы на розныя мовы і этнічнае паходжанне. Тут і палякі, і расейцы, і габрэі, і сам галоўны герой, тыпу беларус, — пра апошняе здагадваемся ў канцы кнігі, калі перад чарговым прыходам бальшавікоў ён сыходзіць у беларускую антысавецкую партызанку. Пясэцкі першы, для каго горад адназначна «свой».

Трэцяя кніжка крыху пра іншае. Мойша Кульбак скрупулёзна, ледзь не з пінцэтам і лупай даследуе побыт патрыярхальнай габрэйскай сям’і і тыя метамарфозы, часам абсурдныя, якія з ёй адбываюцца ў першае дзесяцігоддзе ўлады саветаў. Адпаведна, і кніга, напісаная ў новых палітычных рэаліях, у 1931-1935 гадах, пісалася ўжо з аглядкай… «Зельманцы» не такія просталінейныя, як «Тутэйшыя»: нібыта прагрэс нясе на падворак Зельмэлэ савецкая ўлада, а чытаеш — і смутна робіцца ад гэтага прагрэсу… Горад у Кульбака, як і ў Купалы, недзе звонку, на адлегласці, мажліва таму, што дзеянне адбываецца на ўскраіне, на Ляхаўцы, там, дзе цяпер канец вуліцы Кастрычніцкай і фабрыка «Камунарка». Горад не тое што варожы, але і не надта каб свой. Кульбак перабраўся настала з Вільні ў Мінск у 1927-м, а ў 1937-м быў расстраляны. Расстраляныя былі сотні, калі не тысячы дзеячаў беларускай культуры. Агульная колькасць рэпрэсаваных, як вядома, перавышае мільён чалавек. Потым была вайна, нямецкія і савецкія бамбаванні, уцёкі ад немцаў і ўцёкі ад саветаў, партызанка і халакост. Пасля вайны — адбудова гарадоў нанова, паўстанне буйных прамысловых аб’ектаў, масавая міграцыя, імклівы рост гарадоў, русіфікацыя, знішчэнне гістарычнай забудовы.

Голас з рэпрадуктара на Варшаўскім вакзале аб’яўляе пасадку на цягнік да станцыі Мінск-Пасажырскі. Праз моўную неахайнасць савецкага крэатыву паўстае сюррэалістычны і досыць трапны вобраз горада, у якім я жыву. Іншым беларускім гарадам гэты вобраз пасуе таксама. Краіна пасажыраў. Мінімум асабістай адказнасці, адсутнасць мажлівасцяў уплываць на якасць сервісу і дызайн вагонаў, брак салідарнасці і калектыўнае памяці. Тут усё часовае. Можна, канечне, паднапружыцца і ехаць у купэ, ці нават у СВ, можна саскочыць на якім-небудзь еўрапероне, але большасць едзе эканом-класам і не саскоквае. Вось дзеці — гэта іншае… Дзяцей лепей выправіць адсюль назаўсёды, у гарады камфортныя, дзе ўсё для людзей… Гэта, безумоўна, рыторыка, і я наўмысна перабольшваю. За паўстагоддзя ў нашых гарадах паўстала новая супольнасць: нашчадкі беларускіх вяскоўцаў і местачкоўцаў, дзеці прышлых вайскоўцаў і іншых, так званых, спецыялістаў, дзеці ахвяраў і дзеці катаў, а таксама (іх няшмат) дзеці карэнных месцічаў самага рознага паходжання. Ніколі нашыя гарады не былі такімі аднароднымі, як цяпер. Гэта, безумоўна, збядняе культурную разнастайнасць, але, з іншага боку, дае мажлівасць прасцей вызначаць супольныя каштоўнасці. У дадзеным кантэксце менавіта вызначаць (каб захаваць), а не ствараць.

Ствараць новае заўсёды выгадней, амбітней і прасцей, чым асэнсоўваць і захоўваць зробленае папярэднікамі. Разам з тым, жыць прыемней і цікавей у прасторы, пазначанай гістарычнымі маркёрамі: вось у гэтым доме жыла мая мама, у тым, драўляным, праз дарогу, жыла татава стрыечная сястра і яе муж, там жа, за сценкай, жыла сям’я Змітрака Бядулі, а яшчэ раней у гэтым самым доме жыў Максім Багдановіч. А вось гэта — самыя старыя ў Мінску лістоўніцы. Раней у гэтым раёне жылі чыгуначнікі, злодзеі і агароднікі. Вы ведаеце, пра які я раён? Наўрад ці, раёна ўжо няма. Лістоўніцы хутчэй за ўсё спілуюць, а дом цёткі захаваўся, яго толькі перавезлі ў іншае месца. Там, пазбаўлены дрэваў, сярод шматпавярховікаў, ён зусім зніякавеў. Мажліва, гэтыя мясціны цікавыя толькі мне. Тады назавіце свае ўлюбёныя месцы. У кожнага яны ёсць. Давайце паспрабуем прыгадаць тое, што нам, жыхарам, грамадзянам, а не пасажырам, дорага, — кожны сваё. Упэўнены, што ў выніку назбіраецца шмат агульнага. Горад перастаў быць варожай прасторай; пытанне, ці стаў ён для нас сваім.

Упершыню апублікавана на http://budzma.org

ЛЯТУЧЫ ЎНІВЕРСІТЭТ — гэта некамерцыйная ініцыятыва, дзе любы жадаючы можа навучацца бясплатна.
Але гэтага ўсяго не было б без падтрымкі неабыякавых.
Напішыце каментар