Размовы пра пандэмію (працяг)

08 чэрвеня 2020

Мапа крытычных прамоваў інтэлектуалаў і філосафаў

Паола ПечараІltascabile

Пачатак тут

Зробім паўзу ў гэтай гісторыі

Неверагодна своечасова Славой Жыжэк патлумачыў пандэмію коронавіруса як “удар па капіталізму” і гістарычны пералом. Згодна Жыжэку, пакуль рынак сцяты перадсмяротнай сутаргай і ўрады краін бяруць лейцы эканомікі ў свае рукі, зараджаецца “новае пачуццё супольнасці”, “новы кшталт камуністычнай думкі”. Жыжэк заўсёды здаваўся мне яшчэ адным прыкладам філосафа са слабой аргументацыяй, і вокамгненны выхад ягонай кнігі “Пандэмія! COVID-19 страсае свет” толькі пацвярджае мае сумневы. Мне падаюцца дылетантскімі яго развагі пра дасягненне сусветнага прагрэсу з дапамогай папсовага сцэнару: напрыклад, праз параўнанне каронавіруса з “тэхнікай разрыву сэрца пры дапамозе пяціпальцавага ўдара”, як у таранцінаўскім “Забіць Біла”, праз які “сістэма глабальнага капіталізму” будзе знішчаная за некалькі крокаў. Незразумела, якім чынам гэты канец капіталізму наступіць, улічваючы дадатковае адраджэнне пачуцця супольнасці, і чаму мы не павінны чакаць замест гэтага росту няроўнасці і вайны ўсіх супраць усіх. Пры гэтым ва ўрыўках, прысвечаных кітайскаму гораду Ухань, апісанне мільёнаў людзей, якія пакутуюць ад эпідэміі і ізаляцыі, трансфармуецца ва ўтапічны вобраз:

Закінутыя вуліцы мегаполіса: звычайна шматлюдныя гарадскія цэнтры, якія выглядаюць як гарады-прывіды, крамы з расчыненымі дзвярыма і без пакупнікоў, зрэдку самотны мінак ці адзінокі аўтамабіль – ствараюць уяўленне пра тое, якім можа выглядаць свет без спажыўцоў.

Выявы і здымкі з вэб-камер у бязлюдных гарадах выглядаюць узвышанымі і адчужанымі, і такімі яны застануцца ў нашай памяці пра гэты перыяд. З гэтага вобраза прыпыненага жыцця, з гэтай відавочна нулявой ступені цывілізацыі інтэлектуалы, якія выступаюць супраць беззаконня сістэмы і яе ўплыву на экалогію, знайшлі адпраўную кропку для адраджэння сваіх ідэй. Прыкладам можа служыць індыйская пісьменніца Арундаці Рой, якая ў сваім цудоўным артыкуле паказала, як надзвычайная сітуацыя высвяціла, асабліва ў ЗША, несправядлівасць сістэмы аховы здароўя, што выключае са свайго колу дапамогі беднякоў, і як індыйскі ўрад Нарэндра Модзі сутыкнуўся з папулісцкай рыторыкай, якая хавае поўную неадэкватнасць і беззаконне ў індыйскім грамадстве. Рой заключае:

Людзі будуць хварэць і паміраць дома. Яны могуць нават не трапіць у статыстычныя падлікі. Можна толькі спадзявацца, што даследаванні, згодна з якімі вірус квітнее ў халодным клімаце, адпавядаюць рэчаіснасці (хаця некалькі даследчыкаў ставяць іх пад сумнеў). Людзі ніколі так моцна і нерацыянальна не хацелі спапяляючага бабіна лета, як быццам пакарання за невядомае злачынства.

У той жа час Рой прызнае, што спыненне жыцця ўтрымлівае ў сабе і кроплю надзеі:

пакуль квітнее вірус, хто не адчувае ўзрушэння ад павелічэння колькасці птушак, якія спяваюць у гарадах, ад таньчання паўлінаў на перакрыжаваннях дарог і цішыні ў нябёсах?

Прыпыненне нармальнасці спараджае думку, што пандэмія магла б стаць пераходам да іншага існавання:

Каронавірус прымусіў стаць на калені самых моцных і прыпыніў абарот сусвету так, як ніхто і нішто дагэтуль. Нашы думкі мітусяцца, прагнучы вярнуцца да “нармальнасці”, спрабуючы перашыць будучыню па мерках мінулага і не жадаючы прызнаваць гэты разрыў. Але разрыў існуе. І ў самы разгар жудаснага адчаю нам даецца магчымасць пераасэнсаваць тое, што мы самі для сябе сканструявалі, – гэтую машыну Апакаліпсісу. Нішто не можа быць горшым за вяртанне да нармальнасці. Гістарычна складвалася так, што пандэміі прымушалі людзей парываць з мінулым і нанава адбудоўваць свет  – найперш у сваім уяўленні. Гэтая пандэмія нічым не адрозніваецца ад іншых. Гэта дзверы, пераход паміж гэтым і новым светам. Мы можам прайсці яго, цягнучы за сабой шкілеты нашых забабонаў, нянавісці, сквапнасці, нашых базаў дадзеных і мёртвых ідэй, нашых мёртвых рэк і нябёсаў, поўных смуроду. Альбо мы можам лёгка пераступіць гэтую мяжу, з невялічкім багажом, гатовыя ўявіць іншы свет і гатовыя за яго змагацца.

Многія падзяляюць такі падыход, уяўляючы сабе свет свет будучыні бяднейшым, але лепшым. Польская пісьменніца Вольга Такарчук у артыкуле пад назвай “Новы свет з майго акна” напісала, што нават “жывёльны свет таксама замёр у чаканні“, і прызнала:

Для мяне з даўніх часоў свету было зашмат. Занадта шмат, занадта хутка, занадта гучна[…] Мне трывожна, толькі як падумаю пра ўсіх тых, хто страціў працу. Калі я даведалася пра прафілактычны карантын, я адчула нешта кшталту палёгкі[…] А ці не вярнуліся мы, раптам, да нармальнага жыцця? Можа, гэта не вірус парушыў норму, а цалкам наадварот – той няўрымслівы давірусны свет зусім не быў нармальным?

Я лічу, што ў гэтых рэакцыях нам трэба адрозніваць аспект спакойных, свецкіх развагаў ад досведу, які важна правільна зразумець. З аднаго боку, мы не павінны даць загіпнатызаваць сябе эстэтычнай асалодай ад пачуцця перазагрузкі гісторыі: статкі каётаў у Сан-Францыска, лісы пад маім домам у Рыме, мноства спыненых заводаў, якія быццам змовіліся з нашымі памкненнямі, – ад жадання лепшага свету, дзе галасуюць менш, да знішчэння навакольнага асяроддзя. Ідэя натуральнай прыгажосці як абяцання будучага маральнага парадку была актуальнай да васемнаццатага стагоддзя, да эпохі Аляксандра Поупа і Канта ўключна, калі сусветны капіталізм быў яшчэ мала развіты і пра Антрапацэн ніхто не казаў, і вага чалавечай цывілізацыі лічылася нязначнай адносна ўсёй светабудовы; але сёння рэчы змяніліся. Паддацца рызыцы зноў даверыцца гэтым уражанням азначае падмануцца і аказацца ў сцэне апакаліптычнага фільма, дзе кветкі прарастаюць на бязлюдных і ачышчаных ад граха вуліцах: катастрофа яшчэ толькі павінна выбухнуць, яна закране велізарную колькасць людзей  і будзе выглядаць цалкам па-рознаму ў залежнасці ад вокнаў, з якіх мы на яе будзем глядзець. Жывёлы не захопяць свет, як на відэазапісах пра адчужаную Чарнобыльскую зямлю. Праўду кажучы, харчаванне адносіцца да ліку тых прамысловасцяў, якія перажываюць найменшы спад у гэты перыяд.

Але, з іншага боку, прыпыненне працы існуе, і тое, пра што піша Рэбека Солніт у сваім доўгім артыкуле пра каронавірус і “надзею”, ёсць праўдай:

Рэчы, якія мы лічылі немагчымым спыніць, пастаўленыя на паузу, а рэчы, якія мы лічылі немагчымымі, такія як пашырэнне правоў і ільгот на працоўныя месцы, вызваленне зняволеных, размеркаванне трыльёнаў даляраў у ЗША, – ужо адбыліся.

Аналагічныя назіранні зрабіў Пол Мэйсан, які падкрэсліў, што рэчы, дагэтуль “неймаверныя” для большасці эканамістаў і інвестараў, спраўдзілася: “былі прынятыя ўніверсальныя плацяжы, адбылося выратаванне дзяржаўных прадпрыемстваў і фінансаванне дзяржаўных пазык цэнтральнымі банкамі з хуткасцю, якая шакавала нават тых, хто звычайна падтрымліваў гэтыя меры”. Для Мэйсана гэта азначае, што мы, безумоўна, павінны задумацца пра посткапіталістычны свет, у той час як эканамісты, такія як Адам Туз, больш асцярожныя і робяць выснову, што, перш чым меркаваць пра эфектыўнасць рэакцый фінансавага рынку на “беспрэцэдэнтную” рэцэсію, якая толькі распачынаецца, трэба пачакаць, пакуль эканамічны ўплыў ад пандэміі распаўсюдзіцца за межы еўрапейскіх краін і ЗША.

У вуснах тых, хто выступае за верагоднасць знішчэння пандэміяй існуючай сістэмы, часта ўсплывае аналогія паміж пандэміяй і змяненнем клімату як з’явамі, што паказваюць межы сусветнага капіталізму. Гэта параўнанне цікавае, і яго варта ўзмацніць. Прыродная з’ява адбылася ўдала, калі адпаведныя дыскусіі і размовы не мелі поспеху, і яна здолела ўзняць інфармацыйную хвалю, чаго сур’ёзныя даследаванні па змяненні клімату зрабіць не здолелі. З гэтага пункту гледжання, эпідэмія здаецца эксперыментам на тэму абмежаваных кагнітыўных здольнасцяў людзей, якія, па сцверджаннях псіхолагаў і эканамістаў, не могуць адмовіцца ад сваёй вокамгненнай карысці нават у чаканні будучай шкоды: хуткасць распаўсюджання пандэміі можа хутчэй справакаваць паніку і вымусіць людзей задумацца пра свае дзеянні, чым павольныя і цяжка заўважныя змяненні клімату. Гэта робіць пандэмію ўдалай магчымасцю для пакаяння, якое, аднак, стане эфектыўным толькі пры ўзнікненні масавых культурных і палітычных рухаў.

Такім чынам, вобраз іншага свету, які праглядаецца праз вакно, можа пакінуць альбо свой след альбо свой час. Вяртанне жывёл на вуліцы і ў акваторыі партоў можа застацца ўзрушальным эпізодам у гісторыі, але таксама нагадаць нам, што чалавечая цывілізацыя існуе ў межах усёабдымнай прыроднай гісторыі, часткай якой з’яўляецца і сам вірус, і пра якую наша грамадства доўгі час забывалася. Важна, зноў жа, цвёрда стаяць на нагах і слухацца спецыялістаў: абвал спажывання і коштаў на сырую нафту, а таксама часовае зніжэнне забруджвання гарадоў, якое, па пэўных прагнозах, прадвяшчае эканамічныя і экалагічныя змены, можа прывесці да ўскладнення сітуацыі з інвестыцыямі ў зялёную эканоміку і глабальную няроўнасць. Абвал коштаў на нафту нанясе шкоду бедным краінам, якія моцна залежаць ад экспарту гэтай сыравіны, і ў цэлым не дапаможа ўрадам інвеставаць у новыя віды энергіі. Як напісаў Джаната Пік’ё ў “Штодзённай эстафеце”, “надзвычайная сітуацыя, якая звязаная з COVID-19 і якая непазбежна накіроўвае ўсю энергію і рэсурсы ў бок стрымлівання крызісу аховы здароўя, у шматлікіх аспектах горшая нават за магчымыя ўмовы для эфектыўнага вырашэння экалагічных праблем. Паўгады таму галоўнай перашкодай для абавязковага кліматычнага пагаднення быў супраціў урадаў, але тады ўмовы для яго дасягнення ўсё ж былі значна лепшымі, чым сёння”. Паветра цяпер салодкае і чыстае, птушыны спеў чутны значна лепш, але на дадзены момант адзначаць няма чаго.

Чытаць па тэме: ГІД «СВЕТ, ЧАЛАВЕК, COVID19. РЭФЛЕКСІЯ ІНТЭЛЕКТУАЛАЎ»

Індывід, супольнасць і кітайская мадэль

“Пройдзе некаторы час, але мы выйдзем на свет з гэтага тунэля, і выйдзем значна лепшымі, чым былі”. Думка пра тое, што пандэмія можа стаць пэўным кшталтам Адраджэння, якая была шырока распаўсюджаная ў часы локдауна, мае два сэнсы: яна, як мы пабачылі, можа адносіцца як да грамадства, так і да індывіда. У другім выпадку рызыка складаецца ў тым, што гэтая думка стане натхняльнай мантрай і будзе прадстаўляць пандэмію як іспыт, у выпадку атрымання станоўчай адзнакі за які індывід атрымае пэўны кшталт маральнага заліку. Хтосьці параўноўвае вірус з вайной, сцвярджаючы, што італьянцаў папрасілі толькі заставацца дома і не прыносіць ахвяраў; так, не абышлося без момантаў выхвалення адважных грамадзян, якія добра пільнуюцца правіл, гучання нацыянальнага гімна Мамэлі з усіх балконаў і патрыятычных песенек поп-спевакоў. Зноў-такі, ёсць рызыка страціць кантакт з рэчаіснасцю. Абмежавальныя меры для пазбягання заражэння неабходна выконваць, і пажадана скарыстацца гэтым шанцам зараз, каб вывудзіць з яго нешта добрае. Але хэштэг #язастаюсядома не змяняецца, ён прыгнятае людзей. Той, хто прапануе скарыстацца з гэтай магчымасці для хатняга рэлаксу, забываецца пра індывідуальныя асаблівасці людзей і рызыку крытычных выпадкаў. Небяспека заключаецца ў тым, каб зрабіць прычынай захворванняў і збяднення людзей прымусовую ізаляцыю і спрабаваць знайсці шчасце ўнутры сябе, – гэта тая ж небяспека, што хаваецца ў вучэнні тых, хто прапануе буддызм ці філасофію як просты сродак адчуваць сябе лепш. Пачуваць сябе добра – гэта бясспрэчная мэта, якая можа быць дасягнута і такімі сродкамі, але нельга забывацца, што філасофская думка – як і буддысцкая – мае патэнцыял для крытыкі рэчаіснасці. Такая крытыка губляе свой згубны запал, калі яна зводзіцца да тэхнікі самадапамогі, скіраванай на асобу па-за кантэкстам. У сувязі з гэтым важна ўзгадаць супрацьстаянне з англа-амерыканскай культурай самадапамогі, якая спрыяла б маўклівай згодзе індывіда з існаваннем канкурэнтнага грамадства, заснаванага на няроўнасці людзей. Абагульняючы, можна сказаць: рэчаіснасць застаецца рэчаіснасцю, яна не змяняецца, аднак трэба станавіцца лепшым самому і вучыцца быць шчаслівым.

Замест таго, каб спрабаваць павысіць нашу жыццястойкасць (як часта кажуць пра здольнасць адаптавацца да ўдараў), пандэмія ёсць магчымасцю паразважаць пра нашы адносіны з грамадствам. Той факт, што эпідэмія ўзнікла ў Кітаі, вымусіў нас пераасэнсаваць адносіны да гэтай краіны, якая на працягу стагоддзяў была для Еўропы пунктам супрацьстаяння і адначасова сінонімам далечыні, што аслабляе нашу маральную здольнасць суперажываць і спачуваць. З аднаго боку, Кітай прадстаўляецца таталітарным рэжымам, які першапачаткова прыхоўваў эпідэмію, а пазней утрымліваў грамадзян дома пад страхам ваеннага суда. З іншага боку, дысцыплінай кітайскага народа захапляліся, адносна нібыта адсутнасці гэткай у італьянцаў. У рэальнасці ўсё больш складана і размыта. Як было адзначана, у Кітаі не было зацікаўленасці ў прыкрыцці эпідэміі на доўгі час, нават улічваючы безумоўнае ўтрыманне пад кантролем грамадскай думкі, і некаторыя аспекты кітайскага кіравання распаўсюдам эпідэміі аказаліся напраўду эфектыўнымі. З іншага боку, у навагоднія дні многія кітайцы ігнаравалі забарону на з’яўленне ў публічных месцах не менш, чым еўрапейцы, – мая сяброўка даслала мне фатаграфіі кітайцаў, якія, у якасці здзеку з локдауна, зрабілі пераможныя сэлфі ў Шанхаі, куды яны паехалі дзеля наведвання Дыснэйлэнду неўзабаве пасля закрыцця ўрада. Але сапраўды ёсць пытанне культурных мадэляў. Канфуцыянства, якое традыцыйна ставіць грамадства вышэй за індывіда, у Кітаі цалкам жывое, і яно супярэчыць нашай тэндэнцыі ставіць у прыярытэт свабоду асобы. Гэта нагода для супрацьпастаўлення культуры, якая на працягу многіх гадоў набліжаецца да нашай, і гэта неабходна зрабіць, як трапна заўважыў Сімонэ П’еранні, з улікам таго, што ў Кітаі прымат сацыяльнага парадка ёсць такім жа старажытным, што і канфуцыянства, нават калі ён суіснуе з гэтаксама глыбокімі тэндэнцыямі да непадпарадкавання.

Адзін са спосабаў лепш пазнаёміцца з кітайскай культурай – гэта апавяданне. У кітайскай літаратуры вельмі частым з’яўляецца выяўленне ахвяравання індывіда сабой дзеля грамадства, нават сярод празаікаў, якія наогул не могуць лічыцца прадстаўнікамі ўрадавых ідэй. У сваім нядаўнім артыкуле сінолаг Мелінда Пірацолі прапануе цікавы агляд тэмы цела і асабістай ахвяры ў літаратуры, ад эпохі маоізма да сённяшняга дня, што пацвярджае прапанаваную ідэю ў яе цялесным вымярэнні. У прыватнасці, у раманах Ян Лянке мы знаходзім апавяданні пра самаахвяраванне старога, які закопвае сябе, каб дапамагчы расці расліне ў часы голаду, альбо пра маці, якая забівае сябе, каб вылячыць дзяцей наварам уласных касцей (гэтыя апавяданні сабраныя ў зборніку пад назвай “Дні, месяцы, гады”). У той жа час, як відаць з раманаў “Сорак адзін удар” Мо Янь (2003 г.) і “Сон вёскі Дзінг” (2006 г.) таго ж Яна Лянкэ, распаўсюджанне менталітэту, на які ўплывае паступовае ўзбагачэнне капіталістычнага Кітая, ўспрымаецца як дэградацыя традыцыйнага грамадства, што выражаецца праз забруджванне прадуктаў харчавання і распаўсюджванне хвароб. Гаворка  ідзе пра пісьменнікаў і інтэлектуалаў, якія асабліва ўважліва ставяцца да ўмоў жыцця людзей і чый унёсак сёння можа адыгрываць важную ролю ў пачатку міжкультурнага дыялогу. У гэтым сэнсе, цікава прачытаць нядаўнія выказванні Яна Лянкэ пра важнасць свабоды меркаванняў для абмежавання эпідэміі, пра гістарычную памяць для будучага ўраўнаважвання праўды і маны ў апісанні сённяшніх падзей, і яго суворы прысуд пісьменнікам, якія, з бяспечнай адлегласці, бачаць у пандэміі момант вызвалення: “абсурдныя і недарэчныя тыя, хто выразна бачыць смерць і чуе грымоты стрэлаў, але пры гэтым апісваюць удары і выстралы як выбухі радасці, прадвеснікі неадкладнага трыумфу”.

Яшчэ больш дакладнай стала іншая пісьменніца, Фан Фанг; яе дзённік з Ухані, першай датай у якім стала 25 студзеня і які быў апублікаваны ў Інтэрнэце, распавядае пра штодзённае жыццё людзей, праслаўляе цяжкую працу дактароў, прыбіральшчыкаў і звычайных грамадзян, але абвінавачвае ўрад у адсутнасці аператыўнага рэагавання і распаўсюджванні інфекцыі. Дзённік набраў мільёны праглядаў, аднак быў рэзка раскрытыкаваны за падачу негатыўнага вобразу Кітая, што прывяло да часовай дэактывацыі ўліковага запісу Фан Фанг. Гэта чытанне, якое дазваляе падрыхтавацца да пачатку міжкультурнага абмену досведам, які мы неўзабаве атрымалі і ў Італіі, а палітычны сэнс яго – як гэта звычайна адбываецца ў Кітаі, таксама з-за цэнзуры – патанае ў індывідуальных сведчаннях асобных людзей.

У больш строгім палітычным сэнсе, Кітай зарэкамендаваў сябе як арыенцір для ўжывання сродкаў кантролю над асобай, якія нібыта прымяняюцца як мера спынення заражэння. Страта прыватнасці, напрамую звязаная з падпарадкаваннем гэтым механізмам маніторынгу сацыяльных рухаў і ўзаемадзеянняў, якія існавалі ў Кітаі раней за надзвычайную сітуацыю, непазбежна стала тэмай рэфлексіі і для нас. Цяпер пытанне ставіцца ў дачыненні да ацэнкі розных мадэляў абмену асабістай інфармацыяй, якія на розны лад гуляюцца з відамі правоў чалавека, нанава ўкараняючы ідэю ценявога маніторынгу, што дзесяцігоддзямі разглядалася як антыўтопія.

У той жа час кантроль за сацыяльнымі рухамі ставіць перад сабою больш шырокае пытанне межаў. Прыгадаем, што падчас першай фазы эпідэміі кітайскія рэстараны ў Італіі спусцелі, і многія кітайцы падвяргаліся гвалту, бо іх разглядалі як патэнцыйных распаўсюднікаў заразы. Ужо праз некалькі тыдняў усе апынуліся чужымі для ўсіх, а італьянцам аказаўся забаронены ўезд у многія краіны. Незразумела, калі і пры якіх умовах зноў стане магчымым свабоднае перамяшчэнне людзей – прынамсі для нас, еўрапейцаў, – якое, за рэдкім выключэннем, з’яўлялася нормай на працягу дзесяцігоддзяў і на якой грунтуецца індустрыя турызму, што ў апошняе дзесяцігоддзе ўключала ў сябе каля мільярда чалавек штогод. Як італьянцы, мы перажываем сёння выключны досвед, які некалькі месяцаў таму быў нормай для вялізнай часткі насельніцтва сусвету, а менавіта: забарона на свабодны ўезд у іншую краіну, і нават запыт візы. Менавіта гэты від забароны падштурхоўваў многіх жыхароў Афрыкі да нелегальнай эміграцыі (а эміграцыя па эканамічных прычынах, верагодна, стане ўсё больш распаўсюджанай прычынай сярод італьянцаў).

Паўтарымся, немагчыма прагназаваць: разважанні, патэнцыяльна выкліканыя гэтай сітуацыяй, могуць справакаваць рост глабальнай свядомасці і спрыяць культуры большай адкрытасці і справядлівасці, але яны таксама могуць адкрыць поле магчымасцяў для большай закрытасці і знікнення самой ідэі міжнароднай салідарнасці. Застаецца быць уважлівымі да зменлівага кантэксту, не зачыняючыся ў памылкова ізаляванай і абстрактнай дыскусіі. У сувязі з гэтым, вяртанне ў агульныя прасторы суіснавання і сустрэч паміж людзьмі, у першую чаргу, у дзяржаўныя школы, будзе вельмі важным: гэтыя прасторы робяць магчымым набыццё непадменнага калектыўнага досведу, а менавіта, сустрэчу паміж людзьмі розных класаў і культур, якія, жывучы ізаляванымі ў сваіх дамах, застаюцца аддаленымі сутнасцямі ўяўнай супольнасці.

Эпідэмія і словы

Думаць пра эпідэмію азначае вывучаць розныя крыніцы і статыстычныя дадзеныя, але таксама звяртаць увагу на выкарыстанне слоў. У гэтыя дні, калі я чытаў Дыяніса гісторыка рэлігіі Караля Керэні, мне прыйшла ў галаву думка пра тое, што “эпідэмія” першапачаткова азначала “прыбыццё ў краіну” чагосьці, здольнага перамагчы: гэта магла быць хвароба, але і бог, як Дыяніс – бог жыцця і смерці, калі ён вызваліў эга чалавека ад сувязяў, якія ўтрымлівалі яго ў звычайным існаванні. Фактычна, эпідэмія была з’явай, якая абарочвала ўвагу на нястрымную сілу біялагічнага жыцця і смерці (жыцця як zoé), што пераварочвала жыццё індывіда, і якую грэкі назвалі б bíos. Такім чынам, “пандэмія” – гэта досвед, які пераварочвае жыццё кожнага чалавека.

Я таксама думаў пра шамана і прэс-сакратара бразільскіх індзейцаў Даві Капенава Янамамі, які ў сваёй размове спалучае хваробы са словамі, якія “уваходзяць у думкі”, прадстаўляючы абодва з іх як “патагенныя” фактары, пры дапамозе якіх белыя людзі захапілі карэнны народ Бразіліі. Калі вы адказваеце на хваробу прымяненнем медыкаментаў, то на словы, якія распаўсюджваюць акупанты, – працягвае Капенава, – вы рэагуеце іншымі словамі. Пандэмія, якую мы перажываем, гэта перш за ўсё справа здароўя, калі важна ведаць біялагічныя характарыстыкі віруса і нашу здольнасць рэагаваць. Гэта таксама сацыяльна-палітычная справа, у якой закранаюцца навыкі і правілы рэарганізацыі супольнасці. Але гэта таксама і з’ява, якая суправаджаецца пастаянным абарачэннем слоў, такіх як “выключэнне”, “нармальнасць”, “крызіс”, “паляпшэнне”, “перазагрузка”, “Кітай”, і каб змагацца з ёй, важна звяртаць увагу на значэнне гэтых слоў і на культурныя антыцелы, якія ненаўмысна прымушаюць нас вызваляць свае думкі.

Пераклад Яўгеніі Кіслай

Паола Печара займаецца філасофіяй і літаратурай. Сярод яго нарысаў – “Філасофія прыроды ў Канта” (2009 г.) і “З боку Алісы. Свядомасць і ўяўленне” (2015 г.). Яго апавяданні з’яўляліся на старонках сайта “Індыйская нацыя” і часопіса “Новыя тэмы”. Ён апублікаваў два раманы – “Далёкае жыццё” (2018 г.) і “Уваскрэсенне” (2019 г.), а таксама дапаможнік “Філасофія. Пошук ведаў” (2018 г., сумесна з Р.Кьярадона).