Уладзімір Мацкевіч. Самавызначэнне беларускага інтэлектуала

01 чэрвеня 2018

На мінулым тыдні ў межах фестываля “Прадмова” адбылася дыскусія, прысвечаная інтэлектуальнай літаратуры. Адное з асноўных пытанняў, якое паўстала на самым пачатку размовы, і так і засталося дыскусійным, тычылася не літаратуры, а постаці інтэлектуала. Хто такі інтэлектуал, як вызначыць інтэлектуальную дзейнасць, ці захоўваецца роля інтэлектуалаў сёння – удзельнікі дыскусіі зноў і зноў вярталіся да гэтай тэмы. 

З гэтай нагоды мы прапануем узгадаць тэкст беларускага філосафа, метадолага Уладзіміра Мацкевіча, напісаны яшчэ ў 2006 годзе, прысвечаны аналізу катэгорыі і самавызначэнню інтэлектуала ў беларускай прасторы.

Уладзімір Мацкевіч. Самавызначэньне беларускага інтэлектуала

Тэкст напісаны спецыяльна для журнала ARHE, апублікаваны ў №9 за 2006 год. Захавана арфаграфія і стылістыка выдання.

Грамадзкае разьвіцьцё немажлівае без удзелу ведаў, ідэяў, ідэалаў, праектаў, утопіяў і ўсяго таго, да вытворчасьці, захаваньня і трансьляцыі чаго мае непасрэднае дачыненьне нейкая спэцыфічная супольнасьць людзей, якіх у апошні час усё часьцей называюць інтэлектуаламі. Кажучы «ў апошні час», я меў на ўвазе той час, калі на постсавецкай прасторы старая савецкая інтэлігенцыя стала здаваць свае пазыцыі. Здаваць свае пазыцыі ў тым сэнсе, што інтэлігенцыя перастала вырабляць, захоўваць і трансьляваць ідэі, ідэалы, веды і г. д. Прычым захоўваць і трансьляваць нававырабленыя ідэі і веды. Акцэнт тут варта ставіць на вытворчасьці ідэяў, ідэалаў і ведаў.

Бо інтэлігенцыя: настаўнікі, чынавенства, у першую чаргу, – працягвалі зьберагаць тую частку культуры, што была перададзеная ім на захаваньне яшчэ ў савецкі час. Фэномэн старой савецкай інтэлігенцыі заслугоўвае спэцыяльнага разгляду. Я ж тут зьбіраюся разгледзець новую зьяву – інтэлектуалаў, якія ў той ці іншай форме супрацьпастаўляюцца старой савецкай інтэлігенцыі. Нават калі зьява, якую мы называем інтэлектуаламі, існавала і раней, то быў час, калі інтэлектуалы не вылучалі сябе з масы інтэлігенцыі і не супрацьпастаўлялі сябе ёй.

Магчыма, што сёньняшнія інтэлектуалы ўжо маглі забыць пра той час, калі яны складалі з інтэлігенцыяй адно цэлае. Мне ж выразна помніцца той пэрыяд перабудовы, калі развагі А. Салжаніцына аб «абразаваншчыне», пад якой разумелася тая частка інтэлігенцыі, якая і ўсьведамляла сябе інтэлігенцыяй, успрымаліся як эпатаж і адкрыцьцё. Пэрыяд, калі будучыя інтэлектуалы пакутліва рвалі з інтэлігенцыяй, якая спарадзіла іх, варты адмысловага дасьледаваньня. Магчыма, яшчэ знойдуцца гісторыкі-інтэлектуалы, якія здолеюць прапанаваць мэтад такога дасьледаваньня і зьдзейсьняць яго. Я ж пакуль наўрад ці змагу акрэсьліць той пэрыяд і ахарактарызаваць яго. Я ў той час жыў. Усё гэта адбывалася са мной, я сьведка. Таму я ахвотна апавяду пра тое, што я яшчэ памятаю з таго часу, усім, хто здолее задаць асэнсаваныя пытаньні. Магчыма, што інтэлектуаламі ў канцы 1980-х сталі ўсьведамляць сябе тыя, хто перастаў чытаць савецкія газэты. М. Булгакаў вуснамі свайго героя раіў гэта яшчэ ў 1920-я гады, але хто тады мог скарыстацца з такой парады? А ў канцы 1980-х і наагул. Кожны ранак інтэлігенты сустракаліся ля газэтных кіёскаў і выстройваліся ў чэргі па «Правду», «Известия», «Комсомольскую правду», а ў Латвіі, дзе я тады жыў, яшчэ па «Советскую молодежь», а потым і па «Атмоду». У чэргах стаялі акурат тыя інтэлігенты, якім датуль не прыходзіла да галавы падпісацца на гэтыя газэты. Яны падпісваліся на «Аргументы и факты», «Литературную газету» альбо «Московские новости». Гэта былі тыднёвікі, як і «Огонек». Але па «Огонек» часу рэдактарства Віталія Кароціча таксама даводзілася зранку займаць чаргу, таму што ў папярэдні год аніводнаму інтэлігенту не магло прыйсьці да галавы падпісацца на вульгарны «Огонек». Дык вось, інтэлігенцыя – гэта тыя, хто стаялі ў чэргах па газэты ў гады перабудовы і чыталі «тоўстыя часопісы». І ўсе будучыя інтэлектуалы бавілі багата часу ў гэтых чэргах. За выняткам тых, ведама, хто тады быў яшчэ дзецьмі. Чым інтэлектуалы займаліся яшчэ, я ня ведаю. Хто чым. Пра кожнага асобнага інтэлектуала гэта няцяжка высьветліць. І трэба высьветліць! Прычым у рэзкай і катэгарычнай форме: «А чым вы, спадары інтэлектуалы, займаліся да 1991 году?»
Я ведаю іншае: інтэлектуалы першымі перасталі стаяць у тых чэргах. Яны першымі перасталі чытаць савецкія газэты. Пасьля газэтаў настала чарга «Огонька», «Литературки», а потым і ўсіх «тоўстых часопісаў». Інтэлектуалы пачалі думаць самі і чытаць толькі тое, што самі сабе вызначалі.

Ці былі інтэлектуаламі тыя, хто пісаў у той час у «Огонек», «Литературную газету», «Московские новости» і ў «тоўстыя часопісы»? Ці думалі яны самі? Гэта вельмі складанае пытаньне. Ці быў інтэлектуалам Фёдар Бурлацкі альбо, напрыклад, Рой Мядзьведзеў, альбо Сімон Салавейчык (ледзь не забыўся на «Учительскую газету» – адзін з флягманаў перабудовы)? Кароціч, Чарнічэнка, Нуйкін, Аганбегян, Заслаўская, Адамовіч і іншыя?

Потым, праўда, чытаць перасталі і інтэлігенты. Калісьці самая вялікая паводле колькасьці чытачоў краіна ў сьвеце пераключылася на мыльныя опэры па ТБ і на разгадваньне крыжаванак. Чытаць перасталі ўсе. Ці амаль усе, паколькі інтэлектуалы перасталі чытаць толькі тое, што выраблялася савецкай інтэлігенцыяй. А тое, што сталі пісаць самі інтэлектуалы, савецкая інтэлігенцыя не магла адужаць.

Складаныя дачыненьні паміж інтэлектуаламі і інтэлігенцыяй мы разгледзім у спэцыяльным разьдзеле. Тут жа нам важна, што інтэлектуалы ўзьніклі ў нетрах інтэлігенцыі, паходзілі ад яе альбо зь яе, але адасобіліся і перасталі быць ёю. Мы нічога не зразумеем пра інтэлектуалаў, калі будзем блытаць іх з інтэлігенцыяй. Перш чым фармуляваць нейкія дадатныя меркаваньні аб інтэлектуалах, варта абазначыць, чым альбо кім інтэлектуалы ня ёсьць, г. зн. задаць колькі катэгарыяльных апазыцыяў. На адным з палюсоў кожнай з апазыцыяў будзем разьмяшчаць інтэлектуалаў, а на другім тую катэгорыю, якая супрацьпастаўляецца інтэлектуалам, г. зн. чым альбо кім інтэлектуалы не зьяўляюцца.

На малюнку пазначаны шэсьць сацыяльна-дзейнасных катэгорыяў, зь якімі ў інтэлектуалаў шмат супольнага, але існуюць і прынцыповыя адрозьненьні. Інтэлектуалы гэта ня творцы. Не абываталі, не спэцыялісты і г. д. Ведама, інтэлектуалы не зьяўляюцца яшчэ шмат кім: ні жывёлагадоўцамі, ні прадпрымальнікамі, ні паліцыянтамі. Магчыма, што нейкія істотныя адрозьненьні я прапусьціў, але мне цяпер важнейшая дэманстрацыя падыходу, спосабу разважаньня і аналізу, а не вычарпальнае дасьледаваньне. Калі тэма калі-небудзь стане актуальная, то ўсё астатняе можна будзе дадаць. Я спыніўся на шасьці пералічаных катэгорыях таму, што акурат зь імі часьцей за ўсё блытаюць інтэлектуалаў. Блытаюць ня проста ў сэнсе распазнаваньня. А ў сацыяльна-дзейнасных экспэктацыях. Ад інтэлектуалаў чакаюць і вымагаюць таго, чаго нельга ці бессэнсоўна чакаць і вымагаць ад інтэлектуалаў, але што можна атрымаць ад некага іншага, напрыклад, ад спэцыяліста, інтэлігента, творцы. Зь іншага боку, часам ужо сустракаюцца і адваротныя чаканьні, калі ад тых, хто інтэлектуаламі не зьяўляецца, чакаюць і вымагаюць таго, што маглі б даць толькі інтэлектуалы.

Такім чынам, першая катэгарыяльная апазыцыя: ІНТЭЛЕКТУАЛЫ – ІНТЭЛІГЕНЦЫЯ. ІНТЭЛЕКТУАЛЫ не інтэлігенцыя, хаця родніць іх ня толькі паходжаньне, але і супольныя функцыі адносна культуры. Пры тым, што з інтэлігенцыі ў постсавецкіх краінах паходзяць ня толькі ІНТЭЛЕКТУАЛЫ, але таксама ўладная і творчая эліта. Інтэлігенцыя і ІНТЭЛЕКТУАЛЫ – гэта асноўныя спажыўцы культурных каштоўнасьцяў. Гэта яны чытаюць сучасныя кнігі і перачытваюць клясычныя. Уласна, тое, што яны перачытваюць, і становіцца клясыкай. Яны слухаюць сур’ёзную музыку, ходзяць у мастацкія галерэі, тэатры. Для іх усё гэта і існуе. Яны ж трансьлююць культурныя каштоўнасьці новым пакаленьням, перадаюць неабходнасьць спажываньня культурных каштоўнасьцяў.
Самае істотнае адрозьненьне паміж інтэлігенцыяй і інтэлектуаламі палягае ў тым, што інтэлігенцыя – гэта катэгорыя з сацыяльна-клясавага дыскурсу, а ІНТЭЛЕКТУАЛЫ – з культурна-нацыянальнага. Для тлумачэньня гэтай тэзы неабходна прааналізаваць гістарычны фэномэн інтэлігенцыі.

Інтэлігенцыя – гістарычнае новаўтварэньне, якое існуе з другой паловы XIX ст. Інтэлігенцыя ўзьнікае ў спэцыфічных гістарычных умовах, калі разбураецца клясавая структура традыцыйна-фэадальнага грамадзтва, з аднаго боку, а з другога – у краіне стымулюецца паскораная мадэрнізацыя, і паміж гэтымі працэсамі ўзьнікае дысбалянс: грамадзкая дынаміка не пасьпявае за працэсамі мадэрнізацыі. Зьяўляецца дастаткова шматлікая колькасьць няздольных самавызначыцца людзей, выхадцаў з розных станаў, якія ня маюць ні ўласнасьці, ні ўспадкаванай справы альбо прафэсіі. У Расеі гэтых людзей так і называлі – разначынцамі. Пры ўсіх адрозьненьнях у паходжаньні, разначынцаў яднала добрая адукацыя, якая давала ім ня толькі сродкі для існаваньня, але і вызначала лад жыцьця. Лад жыцьця разначынцаў у гэты час ня проста быў зьвязаны з інтэлектуальнай працай, што дала магчымасьць пісьменьніку Бабарыкіну назваць іх усіх інтэлігенцыяй, але і пошукамі свайго месца ў соцыюме. Страціўшы клясавую і сацыяльную пэўнасьць, разначынцы-інтэлігенцыя не маглі знайсьці сябе ні ў этнасе, ні ў нацыі. Этнічна разначынцы былі таксама разнастайныя, як і станава. Гэтыя людзі ў Расейскай імпэрыі паходзілі з самых розных этнасаў. Гэта аселыя ў Расеі немцы, палякі, беларусы, украінцы, габрэі. Акрамя таго, папоўскія дзеці фіна-вугорскіх і цюрскіх народаў, выхадцы з Каўказу. Усе яны, разам з самімі расейцамі, мелі квазіэўрапейскую адукацыю, якая адасабляла іх ад этнасаў, зь якіх яны паходзілі.

Варта падкрэсьліць, што гэта была не зусім эўрапейская адукацыя, а менавіта квазіэўрапейская. У масе сваёй разначынцы-інтэлігенцыя атрымлівалі адукацыю на расейскай мове, пры слабым валоданьні замежнымі і клясычнымі мовамі. Адукаваныя дваране ў Расеі ведалі мовы, але ня мелі сыстэматычнай адукацыі, а разначынцы ўжо ня ведалі моваў, таму атрымлівалі адукацыю ў адрыве ад першакрыніцаў, паводле перакладаў на расейскую мову і пераказаў. Матэматычная, прыродазнаўчая, тэхнічная адукацыя ад гэтага шмат ня страчвалі, але гуманітарная, філязофская і тэалягічная гублялі безьліч. Гэтыя страты ня зводзяцца толькі да гуманітарнай (і праўнай) неадукаванасьці. У адукацыі расейскай інтэлігенцыі ўтварыўся сур’ёзны маральна-этычны прабел, які меў глыбокія наступствы. Гэты недахоп адчуваўся вельмі востра, таму расейскія разначынцы-інтэлігенцыя літаральна былі зацыкленыя на маральна-этычных праблемах. Гэтыя праблемы іх даймалі, але яны не маглі знайсьці ім адэкватнага вырашэньня. Слабая і зародкавая расейская філязофія адкідвала доўгую эўрапейскую схалястычную традыцыю і не разумела эўрапейскай філязофскай клясыкі. Пэўны час маральна-этычныя пошукі разначынцаў-інтэлігенцыі ішлі ў мастацкай літаратуры. Толькі для інтэлігенцыі пісьменьнікі былі «інжынэрамі чалавечых душаў». Гіпэртрафаваная роля мастацкай раманістыкі і літаратурнай крытыкі ў сьветаўспрыманьні разначынцаў-інтэлігенцыі прывяла да яшчэ аднаго разрыву. Разначынцы, адарваныя ад сацыяльных і этнічных каранёў, адарваліся яшчэ і ад рэчаіснасьці. Раманнае жыцьцё стала для іх больш рэальным за звычайнае. Асабліва яскрава гэта адлюстравалася ў ідэалёгіі народніцтва (хаця гэтая ідэалёгія атрымала сваю назву ад маленькай арганізацыі «Народная воля» і ад захапленьня разначынцаў «хаджэньнем у народ», распаўсюджана яна была настолькі шырака, што стала практычна супольным сьветаглядам). Народнікі хадзілі ў народ, жылі сярод народу, але меркавалі пра яго згодна з сэнтымэнтальным і пастаральным раманам, а не фармавалі ўяўленьне на аснове ўласнага досьведу. Разначынцы-інтэлігенцыя, у прыватнасьці народнікі, аддзялялі сябе ад народу, супрацьпастаўлялі сябе яму, таму панятак нацыі – супольнасьці ўсіх станаў, клясаў, сацыяльных слаёў і групаў – заўсёды заставаўся для расейскіх разначынцаў-інтэлігенцыі абстрактным паняткам. Разначынцы-інтэлігенцыя разглядалі народ і нацыю як аб’екты сваіх адносінаў, напрыклад, любові і клопату, а не як рамку для самавызначэньня і самаідэнтыфікацыі. Самавызначаліся ж яны па першым часе як касмапаліты, потым на зьмену гэтаму касмапалітызму прыйшла імпэрская ідэнтычнасьць. Імпэрскія сымпатыі і касмапалітызм для разначынцаў-інтэлігентаў радніла тое, што і адно, і другое дазваляла зьняць зь сябе этнічную прывязанасьць і сацыяльна-станавую прыналежнасьць, пазбавіцца ад абавязаньняў, зь імі зьвязаных. Пры гэтым сьветаглядны імпэрыялізм быў больш даспадобы, таму што ён дазваляў і любіць, і ненавідзець, г. зн. быў паўнейшы. Прычым увесь сьветагляд разначынцаў-інтэлігентаў сатканы з супярэчнасьцяў і нестыковак. Так, расейская інтэлігенцыя лічыла сябе эўрапейцамі ў азіяцкай краіне, пры гэтым баялася і ненавідзела Эўропу куды больш, чым той азіяцкі народ, якому яны сябе супрацьпастаўлялі.

Калі ў Расеі пачаў распаўсюджвацца марксізм, ён сустрэў спрыяльную глебу – вялізную колькасьць адукаваных, але дэклясаваных, дэнацыяналізаваных, дэмаралізаваных разначынцаў-інтэлігенцыі. Марксізм як сыстэма поглядаў і сацыял-дэмакратыя як ідэалёгія давалі інтэлігенцыі ўсё, чаго ёй не ставала ў культуры народу, зь якога яна паходзіць, і тое, што яна не магла ўзяць з агульнаэўрапейскай традыцыі: сьветагляд, падставы для самаідэнтыфікацыі, мараль, мэты, рамкі і прынцыпы дзейнасьці. Далей інтэлігенцыя стала ўзнаўляць саму сябе як самастойны сацыяльны фэномэн, трансьлюючы прыстасаваны для сваіх патрэбаў марксізм як свой уласны інтэлігенцкі мэнталітэт.

Я так падрабязна расьпісваў узьнікненьне расейскай інтэлігенцыі ня толькі таму, што адукаваныя беларусы, палякі, габрэі Паўночна-Заходняга краю Расейскай імпэрыі складалі значную частку разначынцаў-інтэлігенцыі, расьселенай далёка па-за межамі былога Вялікага Княства, у першую чаргу ў абедзьвюх сталіцах імпэрыі. Справа ў тым, што фармаваньне расейскай інтэлігенцыі – гэта самы яскравы прыклад гэтай зьявы, якая сустракаецца ва ўсіх краінах, што трапляюць у сытуацыі мадэрнізацыі, спрабуюць дагнаць разьвітую Эўропу. Інтэлігенцыя ў любой краіне – гэта шмат адукаваных па-эўрапейску людзей, якія зь цяжкасьцю ўпісваюцца ў кантэкст традыцыйнай нацыянальнай, у нечым адрознай ад эўрапейскай, культуры (у гэтым выпадку цалкам дарэчы выраз «адукаваныя паводле эўрапейскага ўзору», ён робіць гэты фэномэн больш зразумелым). Калі такое ўяўленьне можа падацца некаторым спрашчэньнем, то можна ўскладніць яго такім чынам: інтэлігенцыя – гэта ар’ергард эпохі Асьветніцтва ў тых краінах, якія не пасьпелі вырашыць задачы і скончыць працэсы, што пачаліся ў эпоху Асьветніцтва, альбо наагул не перажывалі гэтую эпоху. То бок інтэлігенцыя існуе толькі ў эўрапейскай пэрыфэрыі, у краінах і культурах, якія разьвіваюцца згодна з эўрапейскім узорам, але затрымліваюцца ў сваім разьвіцьці. У краінах і культурах, якія абіраюць прынцыпова неэўрапейскі шлях разьвіцьця, інтэлігенцыі няма, напрыклад, у краінах з дамінаваньнем ісламскага фундамэнталізму. Іншае пытаньне, ці магчымы ў пару глябалізацыі прынцыпова неэўрапейскі шлях разьвіцьця? У гістарычнай эмпірыцы гэта адкрытае пытаньне. Пакуль мы маем справу з ваганьнямі і шараханьнем асобных краінаў паміж мадэрнізацыяй і фундамэнталізмам. Як правіла, фундамэнталізм перамагае ў тых краінах, якія перажылі інтэнсіўны кароткі, але ня вельмі ўдалы пэрыяд мадэрнізацыі. Зьмена кірункаў на мадэрнізацыю альбо на фундамэнталізм адбываецца з-за частай зьмены палітычных рэжымаў, а тэрміну дзеяньня рэжыму відавочна недастаткова для праяўленьня такой зьявы, як інтэлігенцыя, ці для яе поўнага зьнішчэньня. Нават калі зьнішчэньне інтэлігенцыі адбываецца ў такіх маштабах, як у Камбоджы пры рэжыме Пол Пота альбо ў час «культурнай рэвалюцыі» ў Кітаі. Таму, у пэўным сэнсе гэтага слова, пра інтэлігенцыю можна гаварыць толькі ў краінах, якія знаходзяцца ў сфэры моцнага ўплыву заходнеэўрапейскай культуры і цывілізацыі, а гэта, акрамя Сярэдняй, Усходняй Эўропы і Расеі, толькі Сярэдняя Азія, Закаўказьзе, Турцыя і, часткова, Міжземнамор’е.

Варта зьвярнуць увагу на тое, што ў Заходняй Эўропе інтэлігенцыі няма. Там расклад фэадалізму і складваньне сучасных нацыяў ішлі сынхронна і ўзгоднена. А пара Асьветніцтва, хаця і пакінула шэраг неразьвязаных праблемаў у спадчыну сучасным нацыям Заходняй Эўропы, была скончаная пазытыўна.

По теме: 

Юрген Хабермас. Первым почуять важное

 

Прыгадаем некалькі гістарычных задачаў, якія вырашаліся ў спрэчках, канфліктах і войнах пары Асьветніцтва, без таго, каб паглыбляцца ў іх аналіз, а толькі для таго, каб выявіць тыя фактары, што вядуць да фармаваньня альбо пласту інтэлектуалаў, альбо да зьяўленьня інтэлігенцыі:

– У пару Асьветніцтва пераадольваўся разрыў паміж арыстакратычнай высокай і плебэйскай нізкай культурай, здымаліся супярэчнасьці паміж імі. Калі гэты разрыў ліквідоўвалі, то ўзьнікалі нацыянальныя культуры, у якіх у адзінстве разнастайнасьці існавалі, узбагачаючы адзін аднаго, і вясковы фальклёр, і гарадзкія субкультуры, і тое, што захавалася ад касмапалітычнай высокай культуры. Прычым формы захаваньня, трансьляцыі і творчасьці ў культуры станавіліся аўтарскімі для ўсіх узроўняў і жанраў. Выканаўцы народных песенек і опэрных арыяў не адрозьніваліся сацыяльным статусам і прэстыжам, але толькі памерам ганарараў. А ганарары, у сваю чаргу, залежалі не ад абранага жанру, а ад папулярнасьці і запатрабаванасьці. У тых народаў, якія не пераадолелі гэтага разрыву, нацыянальнай культуры так і ня склалася. Існавала народная культура і эўрапеізаваная культура адукаваных людзей. На базе апошніх і складвалася інтэлігенцыя. Калі культуру народу і культуру інтэлігенцыі зьвязвала адна мова, то, хаця і зь цяжкасьцямі, такія народы сфармавалі сучасную нацыю. Калі, як у беларусаў, народная культура і культура інтэлігенцыі на працягу некалькіх пакаленьняў існуюць на розных мовах, то фармаваньне нацыі істотна ўскладняецца, калі наагул магчымае.
– У пару Асьветніцтва розум становіцца фактарам кіраваньня грамадзкімі працэсамі. Да XIX ст. права прыняцьця найважнейшых рашэньняў у дзяржаўных і грамадзкіх справах было станавай прывілеяй, а культываваньне розуму і мысьленьня лічылася прэрагатывай некаторых цэхаў альбо гільдыяў, фактычна прыроўненых да рамесных (напрыклад, сярэднявечныя ўнівэрсытэты, пазьней да іх дадаліся аб’яднаньні навукоўцаў: акадэміі, гільдыі юрыстаў і г. д.). У XVIII ст. ад манархаў і кіраўнікоў-арыстакратаў, якія прымалі рашэньні, сталі патрабаваць разумнага абгрунтаваньня. Рэалізацыя гэтага патрабаваньня прывяла, з аднаго боку, да скасаваньня арыстакратычных прывілеяў, з другога – да публічнага культываваньня розуму і мысьленьня, у адрозьненьне ад карпаратыўна-гільдыйнага. Там, дзе гэтая задача была вырашаная, інтэлектуальная дзейнасьць стала неабходная ў грамадзкім жыцьці, а заняткі інтэлектуальнай дзейнасьцю не лічыліся нечым унікальным. Захоўваліся традыцыйныя інстутыцыянальныя формы для выкарыстаньня розуму і мысьленьня, яны лёгка дабудоўваліся новымі інстытутамі. Адукаваныя людзі, якія займаліся інтэлектуальнай працай, ідэнтыфікавалі сябе, у першую чаргу, з гэтымі інстытутамі (напрыклад, інстытут прафэсіі), і не разглядалі сябе ўдзельнікамі нейкай супольнасьці людзей, аб’яднаных толькі наяўнасьцю адукацыі. У краінах, дзе прыняцьце найважнейшых рашэньняў застаецца прывілеяй арыстакратыі альбо, пазьней, пад канец XIX ст., узурпуецца бюракратыяй, а інтэлектуальная дзейнасьць ня мае інстытуцыянальных формаў, наяўнасьць у чалавека адукацыі становіцца дастатковай для грамадзкай самаідэнтыфікацыі. Адукаваная публіка, незалежна ад паходжаньня (тыя ж самыя разначынцы), пачынае адчуваць сябе асаблівай сацыяльнай групай – інтэлігенцыяй.

– У пару Асьветніцтва легітымізуецца прыватная ўласнасьць і прыватнае жыцьцё, аўтанамізуецца асоба. У краінах, якія пасьпяхова выканалі гэтую задачу, выразна адрозьніваецца грамадзкае і прыватнае. Нішто, улучаючы і дзяржаву, ня можа замахвацца на прыватную ўласнасьць, але дакладна так ніхто ня можа ўмешвацца ў прыватнае жыцьцё і спрабаваць уплываць на прыватнае меркаваньне чалавека. Розум і мысьленьне належаць да прыватнага жыцьця, да сфэры аўтаномнай асобы, таксама як і вераваньні, ідэалы, густы і прыхільнасьці. Але прадукты і вынікі інтэлектуальнай дзейнасьці могуць выстаўляцца публічна. Складваецца публічная сфэра выкарыстаньня розуму і мысьленьня. У краінах, дзе аўтаномія асобы, прыватнае жыцьцё і ўласнасьць зь цяжкасьцю вылучаюцца з публічнай сфэры, даволі распаўсюджаныя спробы навязваньня іншым сваіх поглядаў, прыхільнасьцяў, ідэалаў. Больш за тое, узьнікае асаблівы пласт людзей – інтэлігенцыя – якая лічаць сваёй грамадзкай задачай і жыцьцёвай місіяй «сеяць разумнае, добрае, вечнае», прасьвятляць іншых. Не прасьвятляць сфэру грамадзкага, супольнага, палітычнага – ад чаго гэтая група ізаляваная, а прасьвятляць асобных людзей альбо цэлыя супольнасьці, не беручы пад увагу аўтаномію асобы.

Гэтых трох фактараў больш чым дастаткова, каб паказаць кардынальныя адрозьненьні паміж інтэлектуаламі і інтэлігенцыяй.

Такім чынам, інтэлектуал адрозьніваецца ад інтэлігента не сваімі якасьцямі і вартасьцямі, а ўмовамі свайго жыцьця і дзейнасьці.

Інтэлектуал упісаны ў сацыяльную структуру, інтэграваны зь іншымі сацыяльнымі пазыцыямі і ролямі, добра адаптаваны да разнастайнага сацыяльнага атачэньня. Інтэлігент добра пачуваецца толькі ў асяродзьдзі сабе падобных, пошукамі гэтага асяродзьдзя ён і займаецца ўсё жыцьцё. Інтэлектуал не вылучае сябе з народу, нацыі, грамадзтва. У яго не існуе праблемаў з самавызначэньнем і ідэнтычнасьцю. Інтэлігента ж гэтыя праблемы суправаджаюць усё жыцьцё, паколькі ягонае жыцьцё ідзе ў праблемным грамадзтве, несфармаваных нацыях.

Заходнеэўрапейскія нацыі абыходзяцца без інтэлігенцыі. Чаму акурат гэтыя краіны пасьпяхова вырашылі праблемы і парадоксы Асьветніцтва, можна разьбірацца адмыслова. Таксама, як і спэцыяльна высьвятляць, якія менавіта нацыі належаць да Заходняй Эўропы, а якія – не. З гэтымі пытаньнямі разьбіраліся тыя ж самыя заходнеэўрапейскія ІНТЭЛЕКТУАЛЫ. Хтосьці лякалізуе Заходнюю Эўропу паводле тэрыторыі, на якую распаўсюджвалася ў канцы Асьветніцтва дзеяньне Кодэксу Напалеона – праўнай сыстэмы, што ўвабрала ў сябе ідэі Асьветніцтва. Хтосьці праводзіць мяжу згодна з пашырэньнем прынцыпу маярату, бо дзякуючы дзеяньню гэтага прынцыпу праблемы, ад якіх мучаюцца дарослыя інтэлігенты, вырашаюцца на ўзроўні сямейнага выхаваньня дзяцей. Для абмеркаваньня ўсіх гэтых пытаньняў фармат артыкулу відавочна малы. Мне гэты экскурс у гісторыю фармаваньня інтэлігенцыі патрэбны для таго, каб сфармуляваць простую тэзу-гіпотэзу. У меру інтэграцыі краінаў Сярэдняй і Цэнтральнай Эўропы ў аб’яднаную Эўропу колькасьць інтэлігенцыі будзе скарачацца. І ў грамадзкім жыцьці ўсё большае значэньне будуць набываць ІНТЭЛЕКТУАЛЫ – людзі, якія апэруюць розумам і мысьленьнем у публічнай сфэры, робяць у публічнай прасторы інтэлектуальную працу нацыі, але ня ўмешваюцца ў прыватнае жыцьцё людзей.

У Беларусі ж пакуль інтэлігенцыя дамінуе ў грамадзкім жыцьці. Гэтае дамінаваньне выяўляецца ня толькі ў кантролі інтэлігенцыяй усёй сфэры ідэалёгіі, СМІ і адукацыі. Гэта выяўляецца ў забароне на публічную інтэлектуальную дзейнасьць. ІНТЭЛЕКТУАЛЫ ў Беларусі ўжо ёсьць. Яны не адукоўваюць народ, не навязваюць грамадзтву свайго меркаваньня. Яны займаюцца сваёй прафэсійнай дзейнасьцю, але прадукты гэтай дзейнасьці, сваёй інтэлектуальнай работы, яны імкнуцца зрабіць публічным здабыткам, спрабуючы паўплываць такім чынам на прыняцьце найважнейшых рашэньняў у краіне. Акурат тут праяўляецца найвастрэйшае супрацьстаяньне інтэлігенцыі і інтэлектуалаў. Інтэлігенцыя прапаноўвае ўсяму грамадзтву сваё меркаваньне як самае адукаванае, а ІНТЭЛЕКТУАЛЫ ўсяго толькі жадаюць, каб іх меркаваньне ўлічвалася пры прыняцьці грамадзка значных рашэньняў. Асабліва яскрава гэта відаць падчас рэфэрэндумаў, якія ў апошні час сталі частай зьявай у нашай краіне. Пакуль інтэлігенцыя навязвае сваё меркаваньне шырокім пластам грамадзтва, ІНТЭЛЕКТУАЛЫ лічаць неразумным і рашэньні рэфэрэндумаў, і самі рэфэрэндумы як спосаб прыняцьця рашэньняў.

Пакуль беларускае грамадзтва ўхіляецца ад эўрапейскай інтэграцыі, у беларускіх інтэлектуалаў няма шанцаў стаць уплывовай сілай у грамадзтве. Бяда яшчэ і ў тым, што ў інтэлектуалаў практычна няма і ня можа быць адзінай пазыцыі, нават што да эўрапейскай інтэграцыя. Многія ІНТЭЛЕКТУАЛЫ добра бачаць недахопы і заганы аб’яднанай Эўропы. Але эўраскептыцызм беларускіх інтэлектуалаў мае зусім іншую прыроду, чым эўрафобія беларускай інтэлігенцыі.

Адрозьненьню інтэлектуалаў ад інтэлігенцыі давялося надаць так багата ўвагі, таму што на сучасным этапе разьвіцьця нашага грамадзтва ІНТЭЛЕКТУАЛЫ і інтэлігенцыя ня проста маюць шмат падобнага паміж сабой, яны цяпер канкуруюць за ўплыў у культурным працэсе, і гэтая канкурэнцыя можа мець вельмі важныя наступствы для лёсу краіны і нацыі. Далейшыя катэгарыяльныя апазыцыі разабраць і сфармуляваць значна прасьцей.

ІНТЭЛЕКТУАЛ – ТВОРЦА. Часам ІНТЭЛЕКТУАЛЫ нешта ствараюць. Але гэта ня ёсьць сутнасьцю іхнага існаваньня. Сутнасьць інтэлектуалаў акурат у спажываньні. Яны ня творцы, а спажыўцы. У тым ліку і інтэлектуальных прадуктаў. ІНТЭЛЕКТУАЛЫ роўна настолькі ІНТЭЛЕКТУАЛЫ, наколькі яны спажываюць інтэлектуальную прадукцыю. Яны чытаюць філёзафаў і мысьляроў мінулага. Чытаюць для таго, каб выносіць меркаваньні ў сучаснасьці. Калі ІНТЭЛЕКТУАЛЫ спажываюць сучасную інфармацыю, то яны аддаюць перавагу аргумэнтам перад фактамі. Іх цікавяць ня столькі падзеі, колькі прычыны і тлумачэньні іх, ня столькі рашэньні, колькі абгрунтаваньні рашэньняў. Ад інтэлектуалаў часта чакаюць і патрабуюць дзеяньняў, учынкаў альбо артэфактаў. Часам ІНТЭЛЕКТУАЛЫ нават дзейнічаюць, зьдзяйсьняюць учынкі і ствараюць (твораць) артэфакты: пішуць кнігі, здымаюць фільмы, ствараюць новыя навучальныя курсы, распрацоўваюць стратэгіі, канцэпцыі і праграмы. Але гэта іх факультатыўная, а не галоўная функцыя. Іх галоўная місія – выносіць меркаваньні. Ня проста выказваць свае прыватныя меркаваньні. А публічна дэманстраваць разважаньне, каб публічна ж выяўляць вынікі інтэлектуальнай работы – меркаваньні, што прэтэндуюць на ўсеагульнасьць. Ноэм Хомскі (Чомскі) ня можа сам спыніць вайну на Балканах, але ягонае меркаваньне аб гэтай вайне даводзіцца да шырокай публікі і ўплывае на прыняцьце дзяржаўных рашэньняў. Не істотна, мае ён рацыю ці не ў сваім меркаваньні. Істотна, што гэтае меркаваньне разумнае, а не эмацыйнае, свабоднае, а не ангажаванае. І гэтаму меркаваньню павінна быць супрацьпастаўленае такое і разумнае, і свабоднае меркаваньне. Інтэлектуал здольны на такія меркаваньні не таму, што ён іх стварае сам, а таму, што ён іх выносіць на падставе папярэдняга спажываньня інтэлектуальнай прадукцыі, а не бульварнай прэсы, не ідэалягічных агітак.

Антыінтэлектуалізм беларускай эліты і інтэлігенцыі выяўляецца ня ў тым, што яны чагосьці ня твораць, а ў тым, што яны не чытаюць, не спажываюць інтэлектуальнай прадукцыі. Таму і меркаваньні іхныя інтэлектуальна не падмацаваныя. Думку аб тым, што адбываецца ў краіне, можна сфармаваць і на падставе тэлеперадачаў БТ. Але паўнавартаснага меркаваньня не сфармаваць бязь веданьня Арыстотэля, Канта, бяз крытыкі сьветагляду Алеся Адамовіча, без аспрэчваньня меркаваньняў Валянціна Акудовіча.

ІНТЭЛЕКТУАЛ – АБЫВАТАЛЬ. У гэтай катэгарыяльнай пары складанасьць ня ў тым, каб указаць на адрозьненьне, але каб зразумець падабенства. Справа ў тым, што вядомае супрацьпастаўленьне інтэлігенцыі і абыватальства (філістэрства), запазычанае беларусамі ад расейскай інтэлігенцыі, часьцяком пераносіцца і на інтэлектуалаў. Але інтэлектуал не супрацьпастаўляецца абываталю, як не супрацьпастаўляецца народу, іншым сацыяльным ролям і функцыям. Інтэлектуал падзяляе абыватальскія ідэалы і каштоўнасьці, ідэнтыфікуе сябе з народам. Інтэлектуал жыве так сама, як жывуць ягоныя суседзі. У яго такая ж сям’я, такі ж дом (кватэра), машына, мэбля, тэлевізар, нават дыплём аб вышэйшай адукацыі. Нязначныя адрозьненьні можна знайсьці ў тым, якія каналы ўключаюць людзі ў тэлевізійным прыёмніку, якія кнігі стаяць на паліцы ў аднолькавых кніжных шафах, якія кнігі валяюцца зранку ля ўзгалоўя. Але гэтыя адрозьненьні ўкладваюцца проста ў дыяпазон індывідуальных адрозьненьняў. То бок у прыватным жыцьці інтэлектуал можа нічым не адрозьнівацца ад любога іншага абываталя. Яны адрозьніваюцца публічным жыцьцём. У большасьці людзей публічнага жыцьця амаль няма або яно зьведзенае да мінімуму, тады як інтэлектуал абавязаны весьці публічнае жыцьцё. Безь яго ён наагул не адрозьніваецца ад абываталя альбо ператвараецца ў маргінальнага шызафрэніка.

ІНТЭЛЕКТУАЛ – СПЭЦЫЯЛІСТ. Публічная прэзэнтацыя розуму і мысьленьня часта закранае вельмі спэцыфічныя галіны ведаў. Меркаваньні ў спэцыфічных сфэрах спрабуюць манапалізаваць спэцыялісты. Эканамісты разважаюць аб эканоміцы, эколягі аб экалёгіі, малочнікі аб малацэ, газэтчыкі аб газэтах, вайскоўцы аб вайне. Інтэлектуалам варта б было меркаваць аб інтэлекце. Але акурат гэта вельмі мала цікавіць інтэлектуалаў. Меркаваньні інтэлектуалаў часта спрабуюць дэзавуяваць акурат на падставе таго, што гэта не меркаваньні спэцыялістаў. Але для таго інтэлектуал і зьяўляецца спажыўцом складанай інтэлектуальнай літаратуры, каб разьвіваць у сабе здольнасьць разьбірацца ў самых складаных пытаньнях ня горш за спэцыялістаў. Ня горш, хаця і іначай, чым спэцыялісты. Як правіла, інтэлектуал можа быць спэцыялістам у адной альбо некалькіх сфэрах. Але ня гэта робіць яго інтэлектуалам. Зрабіўшы кар’еру ў пэўнай прафэсіі, інтэлектуал займае спэцыфічнае месца ў структуры прафэсіі. Часьцей за ўсё гэта месца з функцыяй рэфлексіі і асэнсаваньня самой прафэсіі, то бок гэта мэтапазыцыя, а не пазыцыя спэцыяліста. Гэта дазваляе яму працаваць з распрадмечанымі ведамі, у распрадмечаных формах. І ня толькі працаваць, але і весьці камунікацыю зь іншымі прафэсіяналамі, якія займаюць аналягічныя пазыцыі ў іншых прафэсіях альбо сыстэмах дзейнасьці. Пераадольваючы спэцыялізацыю, выходзячы за рамкі спэцыяліста, прафэсіянал не пакідае прафэсіі, не становіцца філёзафам альбо мэтадолягам. Ён проста становіцца дастаткова свабодным і экіпаваным для заняткаў іншымі, самымі разнастайнымі справамі. Будучы экіпаваным і свабодным для міжпрафэсійнай камунікацыі, ён гатовы для публічнага выкарыстаньня свайго інтэлекту. Выходзячы ў публічную прастору, ён становіцца інтэлектуалам. Выхад у публічную прастору патрабуе пэўнай ступені вядомасьці, папулярнасьці, рэпутацыі, бяз гэтага інтэлектуалаў не бывае. Калі ж у публічнай сытуацыі патрабуецца меркаваньне спэцыяліста, то гэта можа быць і нікому не вядомы спэцыяліст.

Згаданае вышэй меркаваньне Хомскага аб вайне на Балканах ня ёсьць меркаваньнем вядомага лінгвіста (спэцыяліста вышэйшай кваліфікацыі), але меркаваньнем інтэлектуала. Пры гэтым Хомскі не спэцыяліст у вайсковых справах альбо міжнародных дачыненьнях. Ён не спэцыяліст у пытаньнях, аб якіх разважае, але і тое, у чым ён спэцыяліст, у гэтым выпадку ніяк не запатрабаванае. Ня варта патрабаваць ад інтэлектуалаў таго, што варта патрабаваць ад спэцыялістаў, і наадварот.

ІНТЭЛЕКТУАЛ – МАСТАК, АРТЫСТ, ДЗЕЯЧ МАСТАЦТВА. Інтэлігенцыя сфармавала шэраг архетыпаў грамадзкай сьвядомасьці, якія застаюцца жывучымі. У прыватнасьці, да такіх архетыпаў належыць гіпэртрафаваная роля мастацтва ў асэнсаваньні грамадзкіх і палітычных працэсаў і зьяваў. У абагуленым выглядзе гэты архетып не вытрымлівае крытыкі, але ёсьць у сьвеце мастацтва адна пазыцыя, пра якую я ўжо згадваў вышэй пры разглядзе генэзісу расейскай інтэлігенцыі, якая доўгі час прэтэндавала на найвышэйшы аўтарытэт ува ўсіх пытаньнях. Гэта пісьменьнікі. Добра б толькі пісьменьнікі, якія прэпаруюць грамадзтва з-за недахопу навуковых зьвестак аб гэтым грамадзтве, чым займаліся раманісты XIX і XX стст., але для інтэлігенцыі і «паэт у Расеі большы, чым паэт». Ніяк не прыніжаючы ролі, месца і значэньня мастацкай творчасьці, і паэзіі ў прыватнасьці, у духоўным жыцьці чалавецтва, хочацца проста нагадаць, што ня варта зьмешваць і блытаць адно з адным. Публічная прэзэнтацыя розуму ня можа будавацца на паэтычных мэтафарах і гіпэрбалах. Але доўгі час, калі ІНТЭЛЕКТУАЛЫ не маглі зьявіцца ў Беларусі, іх функцыю выконвалі пісьменьнікі. Гэта не раўнацэнная замена. Але звычка засталася. Да гэтага часу замест асэнсаваньня і рацыянальнай аргумэнтацыі не-не ды і выскокваюць паэтычныя вобразы. І ня толькі ў адных паэтаў, але і ў людзей, якія прэтэндуюць на ролю інтэлектуалаў.

ІНТЭЛЕКТУАЛ – КЛЕРК, НАЙМІТ, ЛЁКАЙ. Гэта самая простая катэгарыяльная апазыцыя, але і самая небясьпечная. Публічная прэзэнтацыя розуму можа быць толькі свабоднай і неангажаванай. Магчыма, што гэтая тэза нават і не патрабуе якой бы ні было аргумэнтацыі – так шмат на гэтую тэму сказана і напісана. Аднак тэндэнцыя выкарыстаньня інтэлекту ў сэрвільнай функцыі не зьнікае. Магчыма, яна будзе існаваць вечна, прынамсі, пакуль людзі будуць імкнуцца да ўлады, грошай. Інтэлектуальнае абгрунтаваньне і апраўданьне дзеяньняў палітыкаў, вайскоўцаў, чынавенства заўсёды і паўсюль карыстаецца вялікім попытам. Беларусь не выключэньне. У краіне шмат разумных, адукаваных, крэатыўных людзей. Дзяржава і бізнэс заўсёды будуць прыцягваць такіх людзей на службу і працу. Гэта цудоўна і добра, гэта неабходна, каб дзяржава і бізнэс разьвіваліся. Але паступаючы на службу, чалавек губляе сваю аўтаномнасьць, ён становіцца часткай нейкага надасабовага суб’екту, зьверхчалавечага ўтварэньня.

Але ж акурат у кантролі над такім суб’ектам і палягае функцыя публічнага выкарыстаньня розуму!

По теме:

Рассел Якоби. Интеллектуалы и их неудовлетворенность

 

Я далёкі ад таго, каб прапаноўваць інтэлектуалам ніколі не наймацца на службу, не станавіцца чыноўнікамі альбо функцыянэрамі ў бізнэсе. Наадварот, я б толькі вітаў такую дзяржаву і такі бізнэс, якія б прываблівалі інтэлектуалаў. Але любы дзяржаўны чыноўнік і сацыяльна адказны бізнэс абавязаны публічна выстаўляць абгрунтаваньні сваіх дзеяньняў і рашэньняў. Публічна, г. зн. у СМІ, у публічных выступах, у дыскусіях. Яны павінны ўступаць у камунікацыю са свабоднымі інтэлектуаламі. Зусім ня факт, што ў такой камунікацыі, у сур’ёзных дыскусіях свабодныя ІНТЭЛЕКТУАЛЫ будуць разумнейшыя і мацнейшыя за талковых і разумных чыноўнікаў. Але ня ў тым жа справа, каб высьветліць, хто разумнейшы, чыноўнік альбо інтэлектуал! Справа ў тым, каб розум і інтэлект выкарыстоўваліся пры прыняцьці найважнейшых для нацыі і для краіны рашэньняў.

Сёньня ў Беларусі ІНТЭЛЕКТУАЛЫ аддадзеныя самім сабе. Значыцца, задачы Асьветніцтва мы ў нашай краіне яшчэ ня вырашылі.

І бяда нават ня ў тым, што дыктатура і аўтарытарны рэжым не даюць інтэлектуалам слова, не даюць магчымасьці паўдзельнічаць у прыняцьці рашэньняў на нацыянальным узроўні. Бяда ў тым, што ІНТЭЛЕКТУАЛЫ гэтага пазьбягаюць. Яны пазьбягаюць сваёй сацыяльнай функцыі і місіі. Хтосьці ўцякае ў мастацкую творчасьць. Хтосьці ў вузкую спэцыялізацыю, хтосьці прымае сэрвільную функцыю і інтэлектуальна абслугоўвае чужыя рашэньні і дзеяньні. Большасьць жа знаходзіцца ў забабонах савецкай інтэлігенцыі, бясьсільнай, бязвольнай, сэнтымэнтальнай і рэзанэрскай.

Аднак важна, што ІНТЭЛЕКТУАЛЫ ў Беларусі ўжо ёсьць. Ня проста разумнікі й разумніцы, а публічныя постаці. Варта б пачаць і дзейнічаць публічна.

__________________________________________________

Уладзімір Мацкевіч – беларускі філосаф і метадолаг, кіраўнік Агенцтва гуманітарных тэхналогій, заснавальнік Лятучага ўніверсітэта.

ЛЯТУЧЫ ЎНІВЕРСІТЭТ — гэта некамерцыйная ініцыятыва, дзе любы жадаючы можа навучацца бясплатна.
Але гэтага ўсяго не было б без падтрымкі неабыякавых.
Напішыце каментар