Што ж такое таталітарызм?

30 лістапада 2017

Аляксандр Грыцанаў

Крыніца: «Код прысутнасці: анталогія беларускага мыслення 2000-2015» (Логвінаў, 2016), с. 95-102.

Кожны таталітарны рэжым ўяўляе сабой экстрэмальна цэнтралізаваную іерархічную сістэму дыктатуры пэўнай грамадскай групы (клана, партыі), ажыццяўляемай праз дзяржаўную машыну палітычнага, ідэалагічнага і эканамічнага прымусу мас. Гэтая машына ўключае ў сябе сістэму масавых грамадска-палітычных арганізацый, сістэму масавага тэрору і разгалінаваны апарат ідэалагічнага ўздзеяння. Пры гэтым сацыялістычныя лозунгі і формы арганізацыі мас шырока выкарыстоўваюцца для маскіроўкі татальнага кантролю над імі.

Ідэалагічны прымус

Таталітарныя рэжымы навязваюць масавай свядомасці свае ідэалагічныя стэрэатыпы (інтэрнацыяналізм альбо расізм і шавінізм, мілітарызм і інш.).

Таталітарызм рэзка размяжоўвае (не толькі ў прапагандзе, але і на практыцы) сістэму “карысных” (для дзяржавы, нацыі) ведаў і “разбэшчвальны аб’ектывізм” навуковага мыслення, прыдатнага толькі для службовых мэтаў.

Яшчэ ідэолагі італьянскага фашызму Дж. Джэнтыле і А. Рокка гаварылі, што “інтэлектуалізм” шкодны для фашызму, які абапіраецца на “дзеянне і пачуццё”. Гітлер аналагічна абгрунтоўваў свой недавер да “інтэлігентаў і інтэлігентнасці”: “Чалавек можа паміраць толькі за тую ідэю, якую ён не разумее”. Паўтараючы іх, Гебельс сцвярджаў:

Светапогляд не мае нічога агульнага з ведамi. Чым больш пра ўсё ведаў, тым – як гэта часта бывае – меншая рашучасць выступіць на карысць пэўнага светапогляду. Светапогляд – гэта спецыфічны погляд на свет, перадумовай яго з’яўляецца падыход да падзей з аднаго і таго жа ракурсу”.

Так, адзін з базавых тэзісаў тэарэтыкаў фашызму заключаўся ў тым, што фашызм “не мае патрэбы ў доказах, паколькі ён пацвярджаецца толькі ўласнай практыкай і тым супрацьстаіць ліберальным альбо сацыялістычным вучэнням, шукаючым свайго абгрунтавання ў тэарэтычных падыходах да грамадства”.

Прэтэндуючы на гістарычнае абгрунтаванне сваіх поглядаў, ідэолагі італьянскага фашызму спасылаліся на тэорыю моцнай улады Н. Макіявелі, канцэпцыю грамадства-дзяржавы Т. Гобса, сакралізацыю дзяржаўнай ідэі ў Г. Гегеля. Для ідэолагаў германскага нацызму больш характэрныя спасылкі на арганічную школу ў сацыялогіі XIX стагоддзя (П. Ліліенфельд, А. Шэфле, А. Фулье, А. Эспінас, Р. Вормс), разглядаўшую нацыю і дзяржаву як “біялагічны арганізм”; на філасофію чалавека ў Ніцшэ, псеўдагістарызмам Г. Трэйчке, “сацыялізм” паводле Шпэнглера і да т.п. 

З тэарэтычнай спадчыны мінулага ідэолагі фашызму і камунізму адбіралі толькі тое, што было прыдатна для ўздзеяння на масавую свядомасць у адпаведных грамадска-палітычных умовах. Так, арыстакратычны міф Ніцшэ пра “бялявую бестыю”, “Звышчалавека”, накіраваны супраць “натоўпу”, ператварыўся ў ідэалогіі фашызму ў апраўданне татальнага падпарадкавання асобы – “масе”, а на справе – партыйна-дзяржаўнай машыне. Камуністычныя ідэолагі складалі казкі пра “класавую барацьбу” – пачынаючы са старажытнага Егіпта і старажытнага Рыма, старанна вышуквалі найменшыя згадкі пра “паўстанні рабочых супраць эксплуататараў”, уздымалі на шчыт выдумкі фантастаў тыпу Мора або Фур’е.

Міфалогія

Таталітарызм шырока выкарыстоўвае гістарычную міфалогію. Яна ператварае досвед мінулага ў абгрунтаванне права на панаванне “выбраных” (нацыі, сацыяльнага слою або класа, напрыклад пралетарыяту). Адкрыта сфармуляваная мэта партыйнай гістарыяграфіі заключалася ў тым, каб “нанова перагледзець гісторыю чалавецтва”. Гэты перагляд зводзіўся да таго, каб абранай нацыі (класу, слою) прыпісаць “вядучую ролю” ў дзяржаўным будаўніцтве, ваеннай справе, культуры, навуцы, эканоміцы і іншым.

Іншы момант “перапісвання” гісторыі зводзіўся да выяўлення таталітарнага рэжыму (фашысцкага або камуністычнага) “найвышэйшай і завяршальнай стадыяй сацыяльнага развіцця” (“тысячагадовы рэйх”, “камуністычнае грамадства як заканамерны вынік грамадскага развіцця”).

Выступаючы душыцелем ліберальна-буржуазнай дэмакратыі, таталітарызм адначасова шырока рэкламаваў сваю ідэалогію як “рэвалюцыйную” і “сацыялістычную”. Абвяшчаючы сябе “рэвалюцыйным”, таталітарызм імкнуўся выкарыстоўваць лозунгі, тактычныя прыёмы і арганізацыйныя формы, звязаныя з сацыялістычным і рабочым рухам. Найбліжэйшая мэта такой палітыкі заключалася ў тым, каб скарыстацца антыкапіталістычнымі настроямі мас, створанымі абставінамі эканамічнага крызісу, для ліквідацыі парламентарызму, канстытуцыйных правоў і свабод асобы ў імя ўзвышэння таталітарнай дзяржавы.

Таталітарны “сацыялізм” (камуністычны, фашысцкі, нацысцкі) заўсёды супрацьпастаўляў юрыдычнай сістэме буржуазнай дзяржавы які-небудзь нефармальны механізм, які абапіраецца не на закон, а на “волю мас” (нібыта “народны” суд, рашэнні партыйных органаў, рэферэндумы і інш.).

Таталітарная дзяржава

Яна паказваецца ў таталітарнай ідэалогіі як найвышэйшая і ўніверсальная форма грамадскага жыцця. Падпарадкоўваючы сабе або ўключаючы ў сябе ўсе іншыя формы сацыяльнай арганізацыі, таталітарная дзяржава атаясамлівае сябе з усім “грамадствам”, “народам” або “нацыяй”. Любыя сацыяльныя інстытуты і групы, а таксама асобныя індывіды маюць права існаваць толькі як органы і элементы гэтага ўніверсальнага цэлага.

А. Рокка заяўляў:

“Для фашызму грамадства – мэта, індывіды – сродак, і ўсё жыццё заключаецца ў выкарыстанні індывідаў для грамадскіх мэтаў”.

Б. Мусаліні казаў:

“Для фашыста ўсё ў дзяржаве, і нішто чалавечае і духоўнае не мае каштоўнасці па-за дзяржавай. У гэтым сэнсе фашызм таталітарны, і фашысцкая дзяржава, сінтэзуючы і аб’ядноўваючы ўсе каштоўнасці, інтэрпрэтуе іх, развівае і надае сілы ўсяму жыццю народа”.

Лідары нацыстаў асабліва падкрэслівалі “прыярытэт” нацыі ці народа ў адносінах да дзяржавы. А. Розенберг пісаў:

“Нацыя ёсць першае і апошняе, якому падпарадкаванае ўсё астатняе”.

На справе ад імя “народа” або “нацыі” выступаў таталітарны рэжым, для якога спасылкі на адзінства народа служылі апраўданнем татальнай дзяржаўнай сістэмы, дзе найвышэйшай крыніцай улады выступаў правадыр, які нібыта ўвасабляў волю і дух народа.

Дактрына таталітарнай дзяржавы выключае аўтаномнасць якіх-небудзь сфер або каштоўнасцей грамадскага жыцця – рэлігіі, маралі, мастацтва, сям’і і да т.п. Усё падлягала дзяржаўнаму кантролю і рэгуляванню. Нагадаем у гэтай сувязі некаторыя лозунгі камуністаў: “Рэлігія – опіум для народа”; “Маральнае толькі тое, што служыць справе камунізму”; “Мастацтва можа быць толькі партыйным”; “Сям’я – першасная ячэйка грамадства”…

У дактрынах таталітарызму няма месца для асобы па-за дзяржаўнай арганізацыяй. Усялякі чалавечы індывід можа існаваць толькі ў выглядзе “элемента” тых ці іншых структур дзяржавы – як член вытворчага, вучэбнага, воінскага, спартыўнага калектыву; як член палітычнай арганізацыі (партыі, саюза); як грамадзянін, які няўхільна жыве паводле нормы дзейнага заканадаўства і які выконвае любыя распараджэнні органаў улады.

Свабоду слова, барацьбу меркаванняў таталітарызм адмаўляе ў прынцыпе. Гебельс пісаў:

“У дзяржаве не існуе больш вольнага стану думак. Проста ёсць думкі правільныя, думкі няправільныя і думкі, якія падлягаюць выкараненню”.

Параўнайце гэты тэзіс з практыкай пераследу іншадумцаў (дысідэнтаў) у СССР.

Устаноўка фашызму – гэта “карысць” для народа, годнага кіраваць (арыйцаў). Менавіта яна з’яўляецца адзінай крыніцай маральных ацэнак і правапарадку. Устаноўка камунізму – такая ж, толькі замест народа тут гаворыцца пра клас, годны кіраваць (пралетарыят). У тым і іншым выпадках рэальна пераследуецца “карысць” не народа і не класа, а партыйных вярхоў.

Свабода і нават існаванне не толькі адной асобы, але і сацыяльных або этнічных груп самі сабой не ўяўляюць ніякай каштоўнасці. У таталітарным грамадстве іх ацэньваюць выключна ў плане “карысці” для “народа” (або для “пралетарыяту”), то-бок фактычна для партыйных вярхоў.

Правадырызм

Вянцом усёй сістэмы ідэалагічных і палітычных адносін, характэрных для таталітарызму, з’яўляецца культ “правадыра”, носьбіта абсалютнай вярхоўнай улады, надзеленага бязмежнымі паўнамоцтвамі, які стаіць па-над грамадствам, над звычайнай свядомасцю, над правам і ўвасабляе ў сваёй персоне “дух нацыі” (“волю народа”, “гістарычны лёс”). Адзін з запаветаў італьянскага салдата, распрацаваных фашысцкай прапагандай, абвяшчаў: “Мусаліні заўсёды мае рацыю” (параўнайце савецкае: “Ёсць два пункты гледжання; адзін – таварыша Сталіна, другі – няправільны”).

Міф аб правадыру персаніфікаваў дактрыну татальнай ідэалогіі, давёў яе да масавай свядомасці, у якой імкненне ўскласці адказнасць за свае лёсы на высокі асабісты аўтарытэт правадыра стала заканамерным вынікам разбурэння існай раней сістэмы ідэалагічных адносін і рэлігійных каштоўнасцей. Гэтыя запыты таталітарных рэжымаў абумовілі адбор і вылучэнне на вядучыя ролі дзеячаў пэўнага тыпу (паранаічны склад псіхікі, упэўненасць ва ўласнай бясхібнасці, манія пераследу, аўтарытарны характар і інш.).

Непазбежныя прадукты такой сітуацыі – асабістае самавольства “правадыра”, якое кіруючая кліка трывае і лічыць карысным да таго часу, пакуль правадыр адпавядае надзеям падпарадкаваных яму мас. Трэба адзначыць, што гэтае асабістае самавольства накладвае глыбокі адбітак на ўсе (ці амаль на ўсе) бакі дзейнасці таталітарнай дзяржавы і надае ёй выгляд асабістай дыктатуры (у пэўным сэнсе дыктатар выступае як адзіная “асоба” ва ўсёй сістэме).

Аднак таталітарызм не зводзіцца да асабістай тыраніі “правадыра”. Сутнасць у тым, што складаная іерархічная сістэма арганізаванага масавага гвалту атрымлівае ў кульце “правадыра” сваё арганізацыйнае і ідэалагічнае завяршэнне. У гэтым заключаецца адзін з важных фактараў нестабільнасці таталітарнай дзяржавы, паколькі знішчэнне (або дыскрэдытацыя) правадыра можа весці да дыскрэдытацыі ўсёй сістэмы таталітарызму.

Па сваёй структуры і спосабах уздзеяння на масавую свядомасць ідэалогію таталітарызму можна аднесці да пэўнай сістэмы псеўдарэлігійных (культавых) адносін. Культавы характар ідэалагічнай сістэмы таталітарызму вызначаецца не заявамі (або імкненнямі) яго прапаведнікаў, а такімі яго рысамі, як універсальны міфалагізм дактрыны, каналізацыя эмоцый (шырэй – падсвядомасці мас) праз разгалінаваны механізм рытуальных дзеянняў (сімвалічныя шэсці і эмблемы, з’езды, гімны, уніформа), праз харызматычны тып лідарства.

Асаблівасцю таталітарызму з’яўляюцца яркія рысы палітычнага культу, уласцівыя традыцыйным рэлігіям: фактычнае абагаўленне асобы і ўлады правадыра, а таксама партыі (“партыя – розум, гонар і сумленне нашай эпохі”), супрацьпастаўленыя персаналізму і касмапалітызму хрысціянства. Адсюль вынікаюць непазбежныя супярэчнасці паміж таталітарнымі рэжымамі і хрысціянскай царквой у дыяпазоне ад перманентных канфліктаў да поўнага адрынання (атэізм як дзяржаўная палітыка).

Палітычная структура

У абсалютна цэнтралізаванай машыне кіравання таталітарнай дзяржавы кожны орган адказвае толькі перад вышэйстаячым. Традыцыйны для буржуазна-ліберальнага грамадства падзел уладаў (на заканадаўчую, выканаўчую і судовую) адсутнічаў. І заканадаўства, і выкананне “законаў”, і судовыя рашэнні, і пазасудовы тэрор, і адміністрацыйны прымус, і ідэалагічны ўплыў – усё сканцэнтравана ў адных руках.

Найважнейшымі элементамі структуры таталітарызму выступаюць, па-першае, партыя (адзіная палітычная арганізацыя рэжыму, жорстка падпарадкаваная свайму кантролю або наўпрост паглынаючая заканадаўчыя, выканаўчыя і судовыя органы) і, па-другое, шырокія па сваім складзе масавыя арганізацыі (прафсаюзныя, моладзевыя, жаночыя, спартыўныя і іншыя).

У Германіі нацысцкая партыя (НСДАП) налічвала ў сярэдзіне 30-х гадоў каля 5 млн членаў. Усе рабочыя і служачыя краіны ўваходзілі ў так званы “працоўны фронт” (каля 30 млн.). Уся моладзь з 10 гадоў была ахопленая нацысцкімі саюзамі (хлопчыкі 10-14 гадоў – “дойчэс юнгфольк”; 14-18 гадоў – “Гітлерюгенд”; дзяўчынкі 10-14 гадоў – “саюз дзяўчынак”; 14-18 гадоў – “саюз нямецкіх дзяўчат”) – да 10 млн чальцоў. Акрамя таго, існавала сістэма жаночых, спартыўных, дабрачынных, навуковых і іншых саюзаў, закліканых праводзіць нацысцкі ўплыў ва ўсе сферы грамадскага жыцця.

У Італіі меліся падобныя структуры: фашысцкая партыя (больш 4,7 млн членаў); рабочыя саюзы – “допалавора” (4,5 млн членаў), жаночыя, моладзевыя і спартыўныя арганізацыі.

У СССР існавалі кампартыя (УКП(б)/КПСС), моладзевая палітычная арганізацыя (УЛКСМ), дзіцячая арганізацыя (піянеры), прафесійныя саюзы, аб’яднанні інтэлігентаў (саюзы пісьменнікаў, мастакоў, кампазітараў, кінематаграфістаў, журналістаў, архітэктараў), спартыўныя таварыствы. Зразумела, у партыі выключалася дзяленне на фракцыі. Адзначым мімаходам, што спартыўныя таварыствы – далёка не клубы, і што творчыя саюзы катэгарычна выключалі дзяленне на групы па эстэтычных кірунках.

У УКП(б) да сакавіка 1939 года было 2 млн 477 тыс. чалавек. Да студзеня 1965 года яе колькасць вырасла да 11 млн 758 тыс., то-бок у 4,75 разы, тады як насельніцтва краіны павялічылася ўсяго ў 1,2 разы.

Пры гэтым рабочыя і сяляне склалі 53,8% ад агульнай колькасці партыйцаў, а асобы з пачатковай і няпоўнай сярэдняй адукацыяй (у асноўным тыя ж рабочыя і сяляне) – 52,3%. З гэтай нагоды Дж. Оруэл пісаў у сваёй “Ферме”, што большасць насельнікаў фермы складалі коні, якія не разумелі нічога з таго, пра што ішла размова на сходах і мітынгах, арганізаваных кіраўнікамі-свіннямі (“усё жывёлы – роўныя; некаторыя свінні – больш роўныя…”). Затое коні вельмі любілі грукаць капытамі на сходах.

Другую апору таталітарных рэжымаў складала сістэма спецыялізаваных органаў масавага тэрору: палітычная паліцыя (ДПУ/НКУС/КДБ, гестапа), велізарная сетка сакрэтных інфарматараў, органы цэнзуры, сістэма канцэнтрацыйных лагераў, штурмавыя атрады (у СССР у 20-я і 30-я гады іх ролю з поспехам выконвалі камсамольскія арганізацыі).

Партыя, з’яўляючыся цэнтральным звяном, прынцыпова адрозніваецца ад буржуазных парламенцкіх партый – і сваёй арыентацыяй, і структурай дзейнасці. Падпарадкоўваючы строга цэнтралізаванаму ідэйна-палітычнаму кантролю мільёны сваіх чальцоў, кіруючая партыя (часцей за ўсё адзіная ў краіне) робіць іх практычнымі і маральнымі саўдзельнікамі злачынстваў кіруючай клікі на чале з дыктатарам-правадыром. Пры гэтым які-небудзь уплыў партыйнай масы на вышэйшае кіраўніцтва выключаны. Грамадствам кіруе ў такой сістэме не партыя, а вузкая кліка, згуртаваная фанатызмам, славалюбствам, страхам страціць давер дыктатара (“унутраная партыя”, “партыйная эліта”).

Названыя асаблівасці тлумачаць сацыяльны склад партыі. Напрыклад, у НСДАП у 1935 годзе 32% членаў складалі рабочыя, 21% – службоўцы, 20% – самастойныя гаспадары, 13% – чыноўнікі, 11% – сяляне, 3% – іншыя. У КПСС у 1965 годзе службоўцаў (уключна з партыйна-савецкімі работнікамі, ваеннымі і супрацоўнікамі органаў дзяржбяспекі) было 46,2%, рабочых – 37,3%, сялян – 16,5%. Гэтая статыстыка ніякім чынам не гаворыць аб ступені ўдзелу названых сацыяльных груп у кіраванні дзяржавай. Тут відаць толькі тое, на каго ўплывалі і праз каго праводзілі сваю палітыку кіраўнікі германскіх нацыстаў і савецкіх камуністаў.

Дзяржаўны механізм таталітарызму ў сваіх вышэйшых інстанцыях і фактычна, і фармальна зліваецца з вярхамі партыйнай іерархіі. Парламенцкія (рэйхстаг у Нямеччыне) або манархічныя (у Італіі) інстытуты ператвараюцца ў простае прыкрыццё рэжыму.

Таталітарызм ліквідуе не толькі сістэму прадстаўніцтва інтарэсаў розных сацыяльных, рэлігійных і этнічных груп праз выбарных дэпутатаў (усе кандыдаты ў дэпутаты прызначаюцца “зверху”), але і фактычна знішчае выбарчую сістэму як такую (вядомы прынцып “адзін кандыдат, ухвалены партыяй, на адно вакантнае месца”). Адпаведна, знікае адкрытая палітычная барацьба: адзінай яе ўнутранай формай з’яўляюцца бясконцыя інтрыгі ўнутры кіруючай клікі.

Сацыяльная палітыка

Сацыяльная палітыка таталітарных рэжымаў прадугледжвае не столькі эканамічнае, колькі ідэалагічнае і палітычнае рэгуляванне эканамічных адносін.

З гэтай мэтай, з аднаго боку, праводзілася прымусовае вырашэнне працоўных спрэчак, рассмоктванне беспрацоўя пры дапамозе мабілізацыі працоўнай сілы на будаўніцтва аб’ектаў ваенна-стратэгічнага значэння, шырокае выкарыстанне прымусовай працы зняволеных і да т.п.

З іншага боку, паўсюдна ўкаранялася ўяўленне аб непасрэднай адказнасці кожнага работніка перад дзяржаўнай машынай, пра “абавязак” працоўных перад “партыяй і народам” (г.зн. перад кіруючым рэжымам). Пры гэтым сялянская маса звязваецца сістэмай дзяржаўных павіннасцей, а прадстаўнікі інтэлігентных прафесій ператвараюцца ў платных і кантраляваных прыслужнікаў дзяржавы.Таталітарныя рэжымы выкарыстоўваюць інтэлектуальныя сілы грамадства выключна цынічна. Адмаўляючы прэтэнзіі навукі і навукоўцаў на вядучую ролю, яны ўсё ж маюць патрэбу ў высокакваліфікаваных спецыялістах для ваеннай справы, прамысловасці, медыцыны, транспарту, прапаганды і іншых сфер. З мэтай прыцягнення такіх спецыялістаў ужываўся комплекс захадаў: непасрэдны прымус (напрыклад, даследчыя і праектныя бюро ў канцлагерах і турмах), матэрыяльныя падачкі (забеспячэнне жыллём, дэфіцытнымі прадуктамі харчавання і інш.), ідэалагічная прапаганда.

Мастацтва

З моманту ўзнікнення таталітарная дзяржава пачынае ствараць сваю мастацкую культуру на ўласны вобраз і падабенства, г.зн. па прынцыпе “мегамашыны”, усе часткі якой павінны строга адпавядаць яе функцыі. Перад гэтай машынай ставіцца ўніверсальная мэта, у яе закладваецца жорсткая праграма, а ўсё, што перашкаджае яе працы, бязлітасна адсякаецца.

Але спачатку такую машыну трэба стварыць. Такім чынам, падмурак таталітарнага мастацтва закладваецца там і тады, дзе і калі партыйнае дзяржава:

а) аб’яўляе мастацтва (як і сферу культуры ў цэлым) прыладай сваёй ідэалогіі і сродкам палітычнай барацьбы (згадаем савецкія тэзісы пра “партыйнасць мастацтва” і пра тое, што “дзеячы культуры і мастацтва не могуць знаходзіцца па-за палітыкай”);

б) манапалізуе ўсе формы і сродкі мастацкага жыцця краіны (напрыклад, шляхам увядзення сістэмы дзяржаўных заказаў, цесна спаянай з сістэмай ідэалагічнага кантролю);

в) стварае ўсёахопны апарат кантролю і кіравання мастацтвам (праз так званыя “творчыя саюзы” і адміністрацыйныя органы тыпу “аддзелаў культуры”, з адначасовай забаронай любых неафіцыйных і нефармальных аб’яднанняў і ўсталяваннем практыкі афіцыйнага ўсхвалення або асуджэння “правільных” і “няправільных” твораў );

г) з разнастайных тэндэнцый, якія існуюць у мастацтве, выбірае адну, найбольш адпаведную яго мэтам (як правіла, найбольш кансерватыўную), і аб’яўляе яе афіцыйнай, абавязковай, а нярэдка і адзіна дазволенай;

д) вядзе барацьбу з усімі стылямі, плынямі, школамі ў мастацтве, адрознымі ад афіцыйнага курсу, абвяшчаючы іх варожымі партыі (або класу, народу, дзяржаве, прагрэсу) альбо як мінімум “рэакцыйнымі”.

Расцягненасць у часе працэсу стварэння мегамашыны культуры вызначае паслядоўнасць і этапы фарміравання таталітарнага мастацтва, ступень яго крышталізацыі. Але калі такая машына пачынае працаваць, то ў розных краінах, з рознымі традыцыямі ўзнікае дзіўна падобны інтэрнацыянальны стыль таталітарнай культуры. Класічныя ўзоры – так званы “сацыялістычны рэалізм” у мастацтве і культуры СССР (з пачатку 30-х гадоў) і “татальны рэалізм” у мастацтве і культуры Германіі (у перыяд 1934–1945 гадоў).

З пазіцый таталітарнай культуры выдатная ў сваёй аснове рэчаіснасць (сталінская або гітлераўская), адлюстраваная ў мастацтве, не была аднароднай, яна складалася з нераўназначных пластоў.

Яе фарміравала мудрая і непахісная воля правадыроў – і гэта лічылася самым выдатным у ёй. Таму на першым месцы (як у плане “каштоўнасці”, так і ў сэнсе колькасці) стаялі выявы правадыроў – у жывапісе і графіцы, скульптуры і плакаце, літаратуры і тэатры, кіно і радыё.

Гэтая новая рэчаіснасць нараджалася ў гераічных сутычках рэвалюцыйнай барацьбы народа супраць ворагаў – таму пасля культу правадыроў самым святым лічылася памяць аб сваёй рэвалюцыйнай гісторыі.

Выдатная рэчаіснасць развівалася і мацнела дзякуючы самаадданай працы шырокіх народных мас – таму ўслед за правадырамі і пакутнікамі рэвалюцыі заўсёды ішлі безыменныя рупліўцы ў выглядзе абагульненых вобразаў “салдат”, “шахцёраў”, “сталявараў”, “трактарыстаў”, “лесарубаў”, “санітарак” і іншых.

Нарэшце, штодзённае жыццё, асветленае полымем рэвалюцыйных пераўтварэнняў, таксама ў абавязковым парадку набывала новыя фарбы. Адпаведна, прадметы і сцэны побыту, міжполавыя адносiны, узаемаадносіны бацькоў і дзяцей, карціны прыроды, нават нацюрморты – усё павінна адлюстроўваць у сабе прыкметы новага жыцця.

Убачаная такімі вачыма рэальнасць паўстае перад зрокам (і іншымі пачуццямі) спажыўца не дынамічным буянствам фарбаў, формаў, гукаў, вобразаў, якія бесперапынна змяняюць свае абрысы, а стройнай каштоўнаснай сістэмай, імкнучай застыць іерархічнай пірамідай на вечныя часы.

Мілітарызм

Таталітарызму патрэбныя абставіны напружанасці, і ён сам іх стварае, паколькі яны спрыяюць падтрыманню казарменнай дысцыпліны і ваенна-камандных метадаў кіравання, апраўдвае татальную мабілізацыю, патрабуе адмовы ад групавых і індывідуальных інтарэсаў (то-бок ахвярнасці, самаадрачэння).

Устаноўка на пастаянную барацьбу, прытым барацьбу з “бачным” (відавочным для абывацеля) унутраным і вонкавым ворагам – іншароднай этнічнай групай, сацыяльнай групай, чужой дзяржавай, – гэта лад жыцця пры любым таталітарным рэжыме. Напрыклад, у Савецкім Саюзе афіцыйна абвяшчалася, што “СССР – абложаная крэпасць”, што яго з усіх бакоў атачаюць варожыя буржуазныя дзяржавы, што “вайна з імперыялізмам непазбежная”…

Рэзюмэ

Такім чынам, таталітарызм – гэта палітычная (дзяржаўная) сістэма, ажыццяўляючая або імкнучая ажыццяўляць дзеля тых ці іншых мэтаў абсалютны кантроль над усімі сферамі грамадскага жыцця і над жыццём кожнага чалавека паасобку.

Вызначальныя характарыстыкі таталітарызму наступныя:

1) наяўнасць адмысловага роду квазірэлігійнай утапічнай ідэалогіі, ахопліваючай ўсе сферы жыцця людзей прыгнятаючай культурную традыцыю і абгрунтоўваючай (ва ўмовах манапалізацыі сродкаў масавай інфармацыі) неабходнасць наяўнага рэжыму для перабудовы грамадства ў мэтах стварэння “новага свету”, “новага парадку”, “пераадолення крызісных з’яў у палітыцы і эканоміцы” і г.д .;

2) мэтанакіраванае стварэнне і ўзнаўленне структур сацыяльнай міфалогіі для ўздзеяння на народныя масы ў інтарэсах пануючых клік;

3) манапалізацыя ўлады адной палітычнай партыяй, а ў ёй – адным лідарам, аб’ектам культу (“правадыром”, “дучэ”, “фюрэрам” і г.д.) або харызматычна арыентаваным палітычным кланам;

4) захоп палітычнымі вярхамі дыскрэцыйных (не абмежаваных законам) уладных  (эканамічных і палітычных) паўнамоцтваў;

5) апора рэжыму на гіпертрафаваны апарат тайнай паліцыі, гвалт і тэрор як універсальныя сродкі ўнутранай і (па магчымасці) знешняй палітыкі;

6) апора рэжыму на люмпенізаваныя пласты ўсіх класаў і сацыяльных груп (люмпен-пралетарыят, люмпен-сялянства, люмпен-інтэлігенцыя і да т.п.);

7) адзяржаўленне і бюракратызацыя грамадства;

8) мілітарызацыя грамадскага жыцця.

Удзельнікі міжнароднага паліталагічнага сімпозіуму (ЗША, 1952) прапанавалі вызначаць таталітарызм як “закрытую і нерухомую сацыякультурную і палітычную структуру, у якой усякае дзеянне – ад выхавання дзяцей да вытворчасці і размеркавання тавараў – кіруецца і кантралюецца адзіным цэнтрам”.

_____________________________________________________________

Раздзел з кнігі: Грицанов А. А., Тарас А. Е. Научный антикоммунизм и антифашизм: популярный компендиум. — Минск: ФУАинформ, 2010. Пераклад на беларускую мову Алены Лянкевіч.

Публікуецца паводле: «Код прысутнасці: анталогія беларускага мыслення 2000-2015» (Логвінаў, 2016), с. 95-102.

Кнігу  ««Код прысутнасці». Анталогія беларускага мыслення 2000-2015″ можна набыць у Акадэмкнізе і Кнігарні Логвінаў.

______________________________________________________________

Аляксандр Грыцанаў – філосаф, сацыёлаг, гісторык, культуролаг, рэлігіязнаўца і публіцыст. Нарадзіўся ў 1958 годзе ў Мінску, памёр у сакавіку 2011 года. У 1980 годзе скончыў гістарычны факультэт БДУ. Падчас навучання ў аспірантуры кафедры філасофіі БДУ падрыхтаваў дысертацыю па філасофіі на тэму «Критический анализ буржуазных концепций “среднего класса”». Праца была паспяхова абаронена ў Маскве ў 1984 годзе.

Цягам жыцця цікавіўся шырокім спектрам гістарычных, псіхалагічных і псіхааналітычных, сацыялагічных, філасофскіх, рэлігіязнаўчых і эзатэрычных пытанняў. Падчас перабудовы ў 1987–1989 гадах вёў першы ў Беларусі палітычны дыскусійны клуб «Філасофскія чацвяргі». З канца 1990-х займаўся выдавецкімі праектамі, быў кіраўніком (галоўным рэдактарам і ўкладальнікам) найбуйнейшага ў СНД міжнароднага праекта «Гуманітарная энцыклапедыя» Мінскага філасофскага кола, а таксама кніжных серый: «Мыслители ХХ столетия», «Религии мира» і «Тайны посвященных». З’яўляўся ўкладальнікам і рэдактарам 13 энцыклапедый і слоўнікаў, аўтарам і сааўтарам больш як 20 кніг і манаграфій, аўтарам больш як 2000 навуковых артыкулаў на рускай, беларускай, англійскай і польскай мовах. Быў карэспандэнтам газеты «Белорусы и рынок», пастаянным калумністам «БелГазеты» і аўтарам сайта экспертнай супольнасці Беларусі «Наше мнение».

________________________________________________________________

«Лятучы» рэкамендуе таксама іншыя тэксты «Анталогіі беларускага мыслення 2000-2015»:

Код прысутнасці. Праклён і выратаванне беларускіх інтэлектуалаў

Міхаіл Баярын. Самабыцьцё

Уладзімір Мацкевіч. Тэхніка

Мікалай Сямёнаў. Дэсаветызацыя: сэнс, стратэгіі, поле дастасавання

Пётра Рудкоўскі. Адкрытае грамадзтва і спосабы яго замыкання

Андрэй Казакевіч. Пра калонію

Сяргей Дубавец. Праект Беларусь

Віталь Сіліцкі. Беларусь: анатомія прэвэнтыўнага аўтарытарызму

Павел Баркоўскі. Постпалітыка па-беларуску: да ўсталявання сэнсу ў палітыцы

 

Падзеі: