Сяргей Дубавец. “Ігнат Абдзіраловіч. Мастацтва містыфікацыі”

28 сакавіка 2016

Цыкл лекцый Лятучага ўніверсітэта пра спадчыну Ігната Абдзіраловіча
Бабруйск, 28 лютага 2016 г.

Для мяне асабіста гэтая гісторыя датуецца пачаткам 1980-х, часамі позьняга Брэжнева і глыбокай БССР – выхалашчанай, дашчэнту русіфікаванай, калі мова жыла толькі ў вёсцы ды ў асяродках пісьменьнікаў і мастакоў, а палова культурнай спадчыны пылілася ў спэцхранах. 
Акурат у тыя часы мы зь сябрамі стварылі першую «нефармальную», як назавуць яе пазьней, нацыянальную арганізацыю – Беларускую Майстроўню, пра якую нядаўна я напісаў кнігу «Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду» (2012).
У гэтай арганізацыі мы займаліся папулярызацыяй беларушчыны і самі дакапваліся да той праўды пра нашу гісторыю і культуру, што была афіцыйна схаваная ад публікі. Гэта быў узьнёслы пошук маладымі людзьмі саміх сябе на сваёй зямлі.
Рознымі шляхамі мы даставалі літаратуру – забытую на паддашках старых хат, з закрытых фондаў бібліятэк, у старэйшых беларускіх людзей. Кнігу «Адвечным шляхам» перадаў нам мастак Аляксей Марачкін, ён апекаваўся Майстроўняй.
Мы разгарнулі і зь першых радкоў пачалі чытаць словы, напісаныя быццам пра нас, дакладней, быццам мы самі недзе ў душы прамаўляем гэтыя словы. Так бывае, калі чытаеш паэзію.
«Нашы часы – часы агульнай заблутанасьці, часы паўстаньня праменных, быццам, ідэалаў й іх канечнага зьніканьня праз нядаўгі час… Тое, што раней здавалася чыстым і сьветлым, штодзённа аплятаецца жыцьцёвым брудам і пылам. Так зьнікаюць праменныя ідэалы, пакідаючы роспач і безнадзейнасьць. Ў такія часы адзінокая чалавечая душа шукае, пераглядаючы ўсё тое, што здавалася каштоўным, сьвятым і жаданым».
Трэба ўлічыць, што зьнешне мы былі савецкай моладзьдзю, выхаванай на савецкай прапагандзе з малых гадоў і да юнацтва. І Абдзіраловіч патрапіў да нас акурат тады, калі ў душы ўжо адбылося разьвітаньне з камунізмам і зьнявераньне ў ягоных ідэалах і самой сыстэме, акурат калі мы шукалі іншага, што і ўвасобілася ў беларускай ідэі.
Мы чыталі кнігу далей, дзе ў такім самым узьнёслым стылі гаварылася пра Беларусь, усю яе мінуўшчыну, ваганьне паміж Захадам і Ўсходам і немагчымасьць прыняць ні тое, ні тое.
«Ваганьне паміж Захадам і Ўсходам і шчырая непрыхільнасьць ні да аднаго, ні да другога зьяўляецца асноўнаю адзнакаю гісторыі беларускага народу. Прыклад Скарыны, аб якім да гэтай пары няведама, хто ён быў такі, ці каталік, ці праваслаўны, і пэўна, што і той і другі разам, адбівае гэтае зьявішча беларускага духу ў індывідуальнасьці, у душы нашага першага інтэлігэнта. Гэтую рысу беларуская народная інтэлігэнцыя захавала і да нашай пары».
Гучала надзвычай праўдападобна. Аўтар пісаў пра нас. Ён расказваў, як мэйнстрымныя ідэі на Ўсходзе – ці то аб’яднаньне славян, ці то аб’яднаньне пралетарыяту – запанаваўшы, зьнішчаюць усё, што было да іх і вакол іх, і як мэйнстрымныя ідэі на Захадзе з часам маргіналізуюцца і суіснуюць міжсобку далей. Але для нас, беларусаў, казаў Абдзіраловіч, вынік той самы што з усходняга боку, што з заходняга – «гвалт, прымус, зьдзек, вырываньне душы беларуса».
Заўважце, аўтар піша ня столькі пра беларускую краіну і народ, колькі пра беларускую душу.
«За даўгія вякі гнёту і зьдзеку над нашай душой мы ўцямілі, што якую скуру сілком не накінь чалавеку, ён застанецца незадаволеным, бо заўсёды ён захоча перш-наперш быць самім сабой, чалавекам, а не замарожаным каталіком або праваслаўным, выгаленым на адзін капыл расейцам, ці паляком, прававерным буржуём, ці камуністым. У гэтыя цесныя мізэрныя рамкі не ўсадзіць вялікай душы чалавека. Векавое дасьвядчэньне кажа нам, што вольнага разьвіцьця нашага духу не запяўняе ні заходняя ні ўсходняя культура, бо яны абяртаюцца ў формах гвалтоўнага, людаежнага мэсыянізму і розьніца між імі толькі ў назовах, лёзунгах, а іх аціскаючыя ланцугі – аднолькавы для нашага духу.
Трэба шукаць на другіх шляхох…»
Трактат пра душу для нас, выхаваных у савецкіх парадках і ўжо расчараваных у іх, трапляў у самую кропку. Маладыя душы патрабавалі эвалюцыі і мы ўжо ведалі, што хочам свайго – беларушчыны, а тут кожная нота складаецца ў новую музыку і мы разумеем – так, гэта тое, чаго мы хочам. Да гэтага мы імкнёмся, гэта нашы перажываньні і пік нашых жаданьняў. Вось яно!
І далей – пра немагчымасьць застылых формаў жыцьця – для душы, натуральна – і пра творчасьць, як альтэрнатыву гэтай застыласьці. Урэшце ўсё сканчаецца ня вельмі пераканаўчай каапэрацыяй – саюзам роўных – і ня вельмі зразумелым для позьніх брэжнеўскіх часоў Богам – у тым месцы, дзе юная душа чакае нейкага пэўнага пляну дзеяньняў.
«І як вызваленьне яшчэ на зары чалавецтва, загучэлі чароўныя вечна-прыгожыя, вечна-жывыя словы Бога аднаўленьня, Бога ўваскрасеньня:
«Прыходзьце да Мяне ўсе струджаныя і пакрыўджаныя і я супакою вас. Бярыце ярмо маё на сябе і навучэцеся ад мяне; бо я – сьціплы і сьмірны сэрцам, і знойдзеце спакой душам вашым. Бо ярмо маё – добрае, і цяжар мой лёгкі».
Так у глыбіні вякоў знайшло свой выраз імкненьне заравой чалавечай душы ісьці ўласным шляхам да боскае творчасьці, скінуўшы ланцугі тугі і пакуты. І цяпер прабуджаныя да творчасьці народныя масы, чуючы ў сабе прысутнасьць творчай Міравой душы, з пеўнасьцю кажуць: «творачы – зруйнуем».
Ну, але ў канцы паэмы і мусіць быць пэўная загадка. Аўтар быццам падказвае – я разьвярэдзіў табе душу, а далей ужо сам.
Кніжка «Адвечным шляхам» адразу стала для нас нумарам адзін у сьпісе літаратуры, які мы ў Майстроўні давалі чытаць нэафітам беларушчыны. Наша захапленьне перадавалася іншым. 
Я і сёньня даю чытаць гэтае эсэ кожнаму, хто ў душэўных блуканьнях ня ведае, да чаго яму скіравацца. Ты – беларус у Беларусі. Чаму ты не такі, як літовец у Літве ці там француз у Францыі? Будзь сабой у сябе дома і тады зажывеш нармальна, як цывілізаваны чалавек. Гэта спрацоўвала ў 1980-я, спрацоўвае сёньня і, думаю, будзе спрацоўваць заўсёды – як унівэрсальная паэзія, што «бярэ» ня столькі сэнсамі, колькі настроем, інтанацыяй, бо прамаўляе ня столькі да розуму, колькі да сэрца.
Крыху бянтэжыла імя аўтара – Ігнат Абдзіраловіч. Мы яшчэ ня ведалі, што захапляемся творам не рэальнага чалавека, а літаратурнага героя.
***
Бянтэжыла і бянтэжыць таксама тое, што выдадзеная ў Вільні ў 1921-м годзе брашура – абсалютна незвычайная, найвышэйшага ўзроўню, неверагодна «завадная» – наступныя 50 гадоў нідзе ня згадваецца – ні ў віленскай пэрыёдыцы, ні ў мэмуарах, ні ў савецкай літаратуры, ні ў часы акупацыі, ні ў эмігранцкіх выданьнях. На паўвека яна выпала з поля зроку так, быццам і не было яе ніколі. А можа і не было? Можа, мы маем справу з таленавітай містыфікацыяй? 
Калі крыху пазьней нам удалося выцягнуць зь бібліятэк забароненую аповесьць Максіма Гарэцкага «Дзьве душы», сытуацыя яшчэ больш заблыталася. Кніга Гарэцкага выйшла за два гады да Ігната Абдзіраловіча, у 1919-м, а галоўны герой там – Ігнат Абдзіраловіч.
Сюжэт такі. У пана Абдзіраловіча жонка нарадзіла сына Ігната. Неўзабаве злосныя мужыкі забіваюць жонку. Да немаўляці пан наймае сялянку з такім самым дзіцёнкам, раўналеткам. І тая корміць двух дзетак разам. Ну і аднойчы карміліца мяняе немаўлят месцамі, каб свайму кроўнаму даць шанец пражыць панскае жыцьцё… Такое індыйскае кіно на беларускі лад. Але кіно нечакана абрываецца. Рэвалюцыя, бальшавікі, камбеды, паўстаньні, забойствы і расстрэлы. Якое тут табе «панскае жыцьцё». Ты думала, матка, што сынок выйграў, а насамрэч ён прайграў. Дваранскае паходжаньне, што дасталася сялянскаму сыну, робіцца чорнай меткай, яго трэба хаваць, тады як сялянскае паходжаньне паніча, наадварот, дае яму шанец на пасьпяховы лёс.
Калі б у мяне спыталіся, што пачытаць зь беларускай літаратуры, каб адразу атрымаць уяўленьне пра ўсё – пра нас, пра краіну, пра гісторыю, мэнталітэт, а галоўнае – пра беларускую душу і чаму яна такая, я б параіў аповесьць Гарэцкага. Тут сказана ўсё. У гэтым самым Абдзіраловічу – панскім мужыку, чыё прозьвішча чытаецца падвойна – і той, хто абдзірае (як ліпку), гэта значыць, пан, і той, каго абдзіраюць (як ліпку), гэта значыць мужык. У рэвалюцыю яны мяняюцца ролямі.
Як на сёньняшні розум, дык усё тады складалася ў адзін пазл – праз увесь сюжэт «Дзьвюх душ» адбываецца эвалюцыя душы галоўнага героя Ігната Абдзіраловіча і, як вяршыня гэтай эвалюцыі, ягонае эсэ «Адвечным шляхам». Ні мова, ні інтанацыя, ні тэмп думкі героя аповесьці Гарэцкага не пярэчаць таму, каб сьледам за «Дзьвюма душамі» прачытаць эсэ і пераканацца ў гэтым. Той самы ўздым, тое самае натхнёнае і ўзьнёслае слова, сказанае з дапамогай складаных сказаў. Эсэ – лягічны працяг аповесьці, але ў іншым жанры. Пяро Максіма Гарэцкага.
У літаратуры ёсьць шмат прыкладаў, калі твор героя ўстаўляецца ў тэкст аўтара. Згадаць хоць бы «Легенду пра Вялікага інквізітара» аўтарства Івана Карамазава, героя рамана «Браты Карамазавы» Дастаеўскага. Праўда, там раман – вялізнае палатно – і невялічкая «Легенда», а ў нас дзьве кніжкі – сувымернага фармату, таму і ідуць адна за адной. Хапае і прыкладаў вытлумачэньня празаічнага твора эсэістычным. Пра тое самае, але ў іншым жанры. Бліскучы прыклад – эсэ Жана Поля Сартра «Вытлумачэньне “Чужаніцы”» Альбэра Камю. Як бы ўсё лягічна і з Абдзіраловічам. 
Але ў нашай беларускай літаратурнай нішчымніцы пачатку 20-га стагодзьдзя, калі пісалі ня тысячы, а толькі дзясяткі аўтараў, і ўсё толькі пачыналася, гэтая відавочная лёгіка не выклікала асаблівага даверу. Бо гэта лёгіка сталай, разьвітай літаратуры, дзе жанр містыфікацыі ўспрымаецца як акт творчасьці, а не як жаданьне ўвесьці кагосьці ў зман. Тое, што Рамэн Гары другі раз атрымаў Ганкураўскую прэмію пад псэўданімам Эміль Ажар, было падманам, бо супярэчыла правілам – аднаму чалавеку гэтая прэмія можа быць дадзеная толькі адзін раз. Зь іншага боку, гэта быў сумленны выйгрыш і таму сёньня ўспрымаецца хутчэй як літаратурны подзьвіг, а не падман.
Містыфікацыя пашырае поле літаратуры і ўсёй культуры, а таксама – межы рэальнасьці. Сіла ўзьдзеяньня праўдападабенства шматкроць большая, чым сіла праўды, факта. Між іншым, гэтым спрэс карыстаюцца палітыкі-папулісты. Тое самае з гісторыяй, калі чэскі падроблены «Караледворскі летапіс» ці расейскае «Слова пра паход Ігара» мелі непараўнальна большы ўплыў на нацыянальнае станаўленьне чэхаў і расейцаў, чым дзясяткі і сотні самых дасканалых гістарычных дасьледаваньняў. Праўдападабенства – і ёсьць тая, словамі Абдзіраловіча, «ліючаяся форма», якая зараз жа запаўняе абшары і душы, і жыцьця. 
Словам, прычына нашага недаверу да Абдзіраловіча была ў нас саміх, у нашай негатовасьці ў сваёй літаратуры ды яшчэ пачатку стагодзьдзя бачыць такога ўзроўню містыфікацыю.
І тут у рукі нам патрапілася кніга Ўладзімера Калесьніка «Ветразі Адысея» 1977-га году выданьня. Усё канчаткова заблыталася.
***
Як вялікі дока тагачаснага літаратуразнаўства і чалавек старэйшага пакаленьня, Калесьнік у яшчэ большай ступені быў не гатовы да разбору містыфікацыі і зрабіў спробу выпрастаць нелінейныя формы гэтага жанру.
Цэлы разьдзел Калесьнік прысьвяціў нейкаму Ігнату Канчэўскаму, інструктару каапэрацыі, які нібыта і напісаў «Адвечным шляхам», узяўшы сабе псэўданім «Ігнат Абдзіраловіч». 
Там цэлая гісторыя непрыкметнага чалавека і аналіз эсэ з гледзішча марксізму-ленінізму і шмат усяго іншага, але міжволі фантазійнага, калі не сказаць, прыцягнутага за вушы. Насамрэч, нішто ў біяграфіі гэтага Канчэўскага толкам не дасьледавана аж да такой ступені, што і ён сам можа выглядаць пэрсанажам выдуманым, прынамсі ніяк не прэтэндэнтам на аўтарства знакамітага эсэ і званьне першага беларускага філёзафа 20-га стагодзьдзя.
Як аўтар, ён нібыта пісаў артыкулы па каапэрацыі, але «школьным стылем» і школьнай жа глыбіні думкі, і вершы пад псэўданімам Ганна Галубянка, але чамусьці ў тагачаснай Вільні была рэальная пэрсона з такім імем і прозьвішчам, якая пісала вершы… 
Сьледам за Калесьнікам ідэю пра Абдзіраловіча-Канчэўскага падхапілі ўсе, хто пісаў пра яго пасьля. Сытуацыя як бы спрасьцілася, але як бы вымушана, адно каб упісаць усю гэтую гісторыю ў прынятыя лінейныя правілы энцыкляпэдычных дэфініцый і навучальных дапаможнікаў. Недагаворанасьць засталася.
Так стала пасьля Калесьніка. А што ж было да яго?
Калі казаць толькі пра факты, дык усё, што мы маем на карысьць Канчэўскага і адзінае, чым кіраваўся Калесьнік – гэта нэкралёг пра каапэратара, які напісаў Антон Луцкевіч пасьля сьмерці Канчэўскага ў 1923-м годзе.
«Гэтыя радкі Ігнат Канчэўскі зьмясьціў наперадзе свайго, здаецца, адзінага публіцыстычнага твору, што выйшаў у асобнай кніжцы: «Адвечным шляхам» (Вільня, 1921) пад псэўданімам Ігната Абдзіраловіча… Нездарма ўжыў Ён за псэўданім імя героя «Дзьвюх душ»: бо ж і Ён перажываў унутраную барацьбу, ломку духовую, падобна Абдзіраловічу, але толькі з гэнае барацьбы выйшаў пабедна, як сьвядомы сваей мэты грамадзкі працаўнік-ідэаліст».
Вось і ўсё, іншых сьведчаньняў няма.
Але давайце ўважліва перачытаем Луцкевіча. Літаратурны крытык, фактычны рэдактар «Нашай Нівы», пасьля «Гомана» і шэрагу наступных віленскіх выданьняў, выдатны знаўца ўсёй на той час беларускай літаратуры і ўсіх беларускіх пэрыёдыкаў раптам робіцца «неабазнаным» у справе, пра якую піша. Маю на ўвазе слова «здаецца», пастаўленае пасьля слова «свайго», а не пасьля слова «адзінага», што магло б указваць на беглае знаёмства Луцкевіча з даробкам Канчэўскага. Мы то ведаем, што Луцкевіч ведаў усе даробкі ўсіх на той час аўтараў, асабліва віленскіх, і ніяк ня бегла. Вось жа Луцкевіч, літаратар найвышэйшага ўзроўню, і пакінуў нашчадкам гэты схаваны знак – «здаецца».
Цяпер узновім кантэкст. Тагачасная тусоўка віленскай беларускай інтэлігенцыі была невялікай і кожны ведаў кожнага. Толькі што адкрылі Віленскую беларускую гімназію і Віленскі беларускі музэй. Луцкевіч і Гарэцкі тут былі на першых ролях, рабілі адну справу і ў друку, і ў гімназіі, дзе абодва выкладалі, і ў мясцовай палітыцы. 
Можна з пэўнасьцю сказаць, што Канчэўскі як Абдзіраловіч – гэта іх супольны плён.
Хутчэй за ўсё, Ігнат Канчэўскі быў рэальнай асобай, якой апекаваўся Гарэцкі, цягнуў каапэратара ў беларушчыну. Верагодна, і для свайго Абдзіраловіча ён выбраў Канчэўскага як «натуршчыка», апісваючы зь ягоных словаў эпізоды біяграфіі ў «Дзьвюх душах». Як і Абдзіраловіч, Канчэўскі быў прапаршчыкам, папраўляўся пасьля раненьня на Каўкаскіх курортах, тут жа згадваюцца эпізоды з украінскім самасьційнікам, якім пасьпеў пабываць Канчэўскі. Антону Луцкевічу, які апекаваўся ўсім беларускім адраджэньнем, надта карцела, каб талентаў і аўтараў беларушчыны было болей. Вось і прыпісаў ён Канчэўскаму (са згоды аўтара, Гарэцкага) «Адвечным шляхам». Нябожчык не пакрыўдзіцца, хоць хто ведае, надта сьціплы быў чалавек. А калі й пакрыўдзіцца, мы пра гэта не даведаемся ніколі. Затое адраджэньню карысьць – болей выдатных постацяў. Магчыма, ідэя ўпісаць Абдзіраловіча ў нэкралёг Канчэўскага належала Гарэцкаму – з тымі самымі мэтамі. Магчыма, Гарэцкі нават настаяў на сваім, а Луцкевіч супраціўляўся, таму і ўпісаў гэтае слова «здаецца».
Ёсьць і наўпроставыя знакі – пасажы з «Дзьвюх душ», якія перакажуцца пасьля ў «Адвечным шляхам»:
«Іншыя натуры, каб жыць далей і мець нейкі спакой, чуюць пільную патрэбу ў яснасьці і добрай цямнасьці ўва ўсім, што ёсьць навакол, і таксама ў сваім жыцьці за астатні, пасьля такога ж уразуменьня, час. Гэтакіх натур найболей сярод славянаў і народаў Усходу».
У «Адвечным шляхам» славяне і народы Ўсходу таксама заўсёды апісваюцца падкрэсьлена разам.
Гэта што да характару думкі. А вось і сэнсавае адзінства. Кажа гераіня «Дзьвюх душ»:
«Праўда, мне і з тым і з тым матывам (інтэрнацыяналу. – С.Д.) аднолькава ўяўляецца тое трагічнае і нялепае для нас, адраджоных беларусаў, што чужыя для нас людзі, не заўважаючы на сабе яшчэ ня скінутай імі сваёй нацыянальнай прапітанасьці, прыйшлі да нас з інтэрнацыяналам толькі на вуснах, з яго толькі фікцыяй у сваіх мазгох, і з фанатычнай безьміласэрнасьцю ўзяліся рабіць з беларускай нацыі толькі гной на градкі для ўзрашчываньня сваёй фікцыі інтэрнацыянала. О, будзь яны прокляты!.. Яны хочуць зрабіць адзнакі сваёй нацыянальнасьці інтэрнацыяналам для нас, – дык дзякуй за ласку… Можа, трапім увайсьці ў інтэрнацыянал як роўныя з усімі, без гэтай дадатковай формы разьвіцьця!»
А вось што кажа ў трактаце Абдзіраловіч:
«Яны ня ўцямілі, што разам з беларушчынай мы трацім і лепшую частку чалавечнасьці».
Ці мог інструктар каапэрацыі, інсайдэр у прафэсіі, так мімаходзь і лубочна, а разам з тым хвостка-таленавіта пісаць пра каапэрыцыю: «Некаторым такое цьверджаньне можа здацца сьмешным, калі глянуць на сучасную, тым болей краёвую, каапэрацыю, якая ўся ўпэцкалася ў селядцовым сосе і, здаецца, болей пасьвяціла свае сілы нячыстай спэкуляцыі, чымся ідэі стварэньня вольнай адзінкі ў вольным хаўрусе»?
Урэшце і псэўданім для аўтара адзінага, пры тым прыгожага – найперш прыгожага – філязофскага эсэ – для аўтара-эстэта, які пры тым ведае, што сьмяротна хворы – наўрад ці можа быць Абдзіраловіч, які ўспрымаецца хіба як сьцёб пад пяром чалавека, поўнага жыцьця і пэўнага ў будучыні.
Згадваючы сваё самае першае ўражаньне з твора, скажу, што як раз грубае і сатырычнае імя аўтара тады насьцярожвала і нават палохала крыху. І ніяк не вязалася з узьнёслым стылем і вытанчанай думкай у зьмесьце.
***
Ігната Абдзіраловіча называюць адзіным беларускім філёзафам пачатку 20-га ст. Пры тым абавязкова дадаюць, што якога-кольвек дасьледаваньня філязофіі Абдзіраловіча не існуе ў прыродзе. Чаму?
Бо мы «павяліся» на літаратурную гульню і дасьледуем думкі героя, а ня аўтара, праўдападабенства, а ня праўду фактаў. Мы маем справу з творам «іншай рэальнасьці», і ніякі прыпісаны сюды Канчэўскі не ратуе сытуацыі. Гэта ўсё адно, што за філязофскі трактат прыняць музыку.
Містыфікацыя ці ананімны твор стакроць больш прыцягальны, дзякуючы свайму загадкаваму (іншапрыроднаму) паходжаньню, чым твор аўтарскі. Што здарылася з нашымі ананімнымі паэмамі 19-га ст., калі быў названы, адкапаны зь нябыту іх аўтар? Яны страцілі сваю інакшасьць, іх чытаеш цяпер не як нешта само сабой «вечнае», а як антыкварыят, хоць і забаўны. Падобнае адбылося і з «Лысай гарой», калі аб’явіліся яе аўтары. 
Можна расказваць пра мноства малых і вялікіх містыфікацыяў, якія мы практыкавалі ў адноўленай «Нашай Ніве» (ад 1991-га году) – гэта была праўдзівая творчасьць, якая дазваляла ўспрымаць і падаваць беларушчыну як творчасьць, а не як руціну. Беларушчына мусіла быць цікавай, захапляльнай, натхняльнай і мы часьцяком ішлі гэтым шляхам мастацтва, шляхам чыстай красы, шляхам фантазіі. Толькі такое асьветніцтва ў нацыянальнай справе магло даць плён.
Народ успрымае гісторыю і нацыянальную ідэю на ўзроўні міту, а ня факту і дэфініцыі. Таму кожная нацыя паўстае хутчэй на грунце сваіх казак, а не энцыкляпэдый – энцыкляпэдыі патрэбныя ўжо ў наступнай фазе, калі нацыя паўстала.
Я згадаў пра адноўленую «НН», а ў каго мы вучыліся? У клясычнай «НН» і яе асяродку. Жывое Адраджэньне і можа ў нашым часе праяўляцца ў постмадэрнай кампіляцыі мастацтваў і навук, герояў і аўтараў, дакумэнту і фантазіі. І менавіта праз гэта мы добра разумелі натхненьне нашых папярэднікаў і прасякаліся ім. А хто там, напачатку 20-га стагодзьдзя быў найбольш прывабным адраджэнцам, як не нашаніўцы, як не Гарэцкі, Луцкевіч і іншыя з гэтай кампаніі. 
Нарэшце, калі ўспрымаць «Адвечным шляхам» як маніфэст, варта адказаць сабе на пытаньне – чый маніфэст? Сялянства, арыстакратыі? Каапэрацыі? Беларускага нацыяналізму? Не. Насамрэч гэта ў кожным слове літаратурны маніфэст пісьменьніка. 
Віленскі дуэт Луцкевіча і Гарэцкага нашмат апярэдзіў свой час, дзякуючы ў тым ліку і здольнасьці да містыфікацыі, да якой тагачаснае грамадзтва было не гатовае. Яны апярэдзілі свой час у літаральным сэнсе. Разам яны пашырылі межы рэальнасьці. 
Аўтар «Адвечным шляхам» Абдзіраловіч разам са сваім шэдэўрам узьнік як абэртон у сьпевах – калі пяюць двое, а мы чуем трэці голас. Двух з гэтай тройцы – Луцкевіча і Гарэцкага – расстралялі ў сталінскай турме. Трэці працягвае жыць і гучаць, натхняць і захапляць – цяпер ужо назаўжды.

Па тэхнічных прычынах запіс лекцыі ідзе не зусім адпачатку, але напрыканцы вы можэце паглядзець абмеркаванне

ЗАПІС ЛЕКЦЫі

Падзеі:
УЛАДЗІМІР МАЦКЕВІЧ — #ФІЛОСАФ_У_ТУРМЕ
Свабодную думку немагчыма пасадзіць у турму!
Напішыце каментар