У чым розніца паміж Лятучым універсітэтам і традыцыйным і як Гульня ўплывае на нас і наша існаванне ў гэтым свеце?

04 жніўня 2016

Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі” падводзіць своеасаблівыя вынікі мінулага года Лятучага ўніверсітэта.

Падчас існавання Лятучага стасункі яго з Гульнёй значна змяніліся. Напачатку, гадоў 6 – 7 таму, калі Універсітэт толькі ствараўся, месца Гульні было вызначана.

– Мы тады размаўлялі пра арганізацыйна-дзейнасныя гульні, якія практыкавала метадалагічная супольнасць, і казалі, што гэта пэўны інструмент, тэхналогія арганізацыі калектыўнага мыслення, і можа быць пэўнай тэхналогіяй і для Універсітэту (бо Універсітэт – месца для мыслення), – зазначае каардынатарка Лятучага ўніверсітэту Таццяна Вадалажская.

Пазней метадолагі сталі абмяркоўваць Гульню як новую базавую анталагічную катэгорыю (пасля Дзейнасці і Мыследзейнасці). І гэта прывяло да пошуку (і знаходжання) новых сэнсаў.

– Наш універсітэт (як павінны рабіць і ўсе ўніверсітэты) адказвае не толькі на пытанне “чым становіцца гэты новы свет?”, але і “хто я ў ім?”, “якім чынам я спрычыняюся да гэтага пераўтварэння?”

Вырашэнне гэтых пытанняў падштурхоўвае нас не быць “цярпіламі” пераўтварэнняў, а быць іх суўдзельнікамі, мяркуе Таццяна Вадалажская. Аднак нам у пэўным сэнсе бракуе інструментаў мыслення і выбудовы адказаў на гэтыя пытанні. Мы можам разважаць пра ранейшыя часы і пераломныя моманты, так бы мовіць, гістарычна. Але сённяшняя наша веда пра канструктыўнасць (то бок, штучнасць, рукатворнасць) сацыяльнага свету, стасункаў, культуры дае нам магчымасць разумення таго, як адбываліся змены. І сёння мы ўжо можам крытычна прааналізаваць гэта. Але ва ўсім гэтым мы не знаходзім сябе, сучаснае веданне не дае нам разумення свайго месца тут.

– Гульня з’яўляецца ў Лятучым універсітэце як спроба схапіць пэўны тып жыцця, дзеяння, арганізацыі сябе і свайго існавання ў гэтым. І яна ўжо не канкрэтная арганізацыйна-дзейнасная гульня, не ларп, а, хутчэй, метафара. І менавіта ў гэтай якасці ў апошні год з’яўляецца Гульня ў абмеркаваннях Лятучага ўніверсітэту, – тлумачыць Таццяна Вадалажская.  

У сувязі з гэтым можна вылучыць наступныя характарыстыкі гульнёвага бачання свету.

Па-першае, гэта творчая інтэнцыя на стварэнне складанай сістэмы з найбольшай колькасцю разнастайных элементаў і працэсаў. Бо мы не толькі гуляем, але адначасова і ствараем Гульню (арганізацыя прасторы, стасункаў і г.д.). Другая характарыстыка – сутворчасць, бо Гульню мы ніколі не ствараем у адзіноце. Гульня існуе, пакуль яе ўтрымліваюць. Па-трэцяе, у Гульні мы прызнаем штучнасць створанага свету, але ўнутры ставімся да яго сур’ёзна.

– На сёння для мяне Гульня выбудоўвае іншыя стасункі з ідэяй Універсітэту, і цяпер у гэтым выглядзе апошні мы можам разглядаць, хутчэй, як інструмент, праз які мы можам згуляць у восевы час. Гульня – як рамка, якая задае сэнс працы Універсітэту. І гэта дзве розныя рэчы. У такім кантэксце школы Магістраў Гульні – гэта канцэнтраваная група людзей, якія прымаюць гэтую задачу працы з гульнёй і вырашаюць яе рознымі тыпамі мыслення. Для іх Гульня – мэта, а не сродак ці інструмент арганізацыі адукацыйных працэсаў ва Універсітэце.

ЛЯТУЧЫ ЎНІВЕРСІТЭТ — гэта некамерцыйная ініцыятыва, дзе любы жадаючы можа навучацца бясплатна.
Але гэтага ўсяго не было б без падтрымкі неабыякавых.
Напішыце каментар