Універсітэт у грамадскай прасторы

18 верасня 2017

Артыкул «Ідэя ўніверсітэта і грамадзянская супольнасць» напісаны Таццянай Вадалажскай і Ўладзімірам Мацкевічам ў 2015 годзе.  У першай частцы тэкста высвятляліся сувязі паміж практыкамі і этасам, якія традыцыйна існавалі ва ўніверсітэтах, з асноўнымі ідэямі і нормамі паўставання грамадзянскай супольнасці. У другой частцы аўтары звярнуліся да аналізу існавання ўніверсітэтаў у закрытых грамадствах і палітыцы дзеючых беларускіх уладаў у дачыненні да ўніверсітэтаў. Трэцяя частка прысвечана аналізу практыкі “засваення” ідэі ўніверсітэта ў беларускім грамадстве праз дыскусіі і праблематызацыю з боку інтэлектуальнай супольнасці Беларусі. У апошняй частцы аўтары звяртаюцца да аналізу альтэрнатыўных практык акадэмічна-адукацыйнай працы і існавання “акадэмічнай супольнасці” ў беларускім грамадстве.

Ідэя ўніверсітэта і грамадзянская супольнасць

Таццяна ВадалажскаяУладзімір Мацкевіч

IV. Універсітэт у грамадскай прасторы: альтэрнатыўныя практыкі акадэмічна-адукацыйнай працы і існавання акадэмічнай супольнасці

Калі мы паглядзім на склад актыўных удзельнікаў пераўтварэнняў пачатку 90-х, то ўбачым сярод іх значную колькасць прафесараў і выхадцаў з акадэмічнага асяродку. Гэта паказчык таго, што патэнцыйна акадэмічная супольнасць утрымоўвае ў сабе вялікі рэсурс як для грамадскага развіцця, так і для грамадзянскай актыўнасці. Але менавіта гэты чыннік вельмі палохае тых, хто павёў краіну ў іншым накірунку, замарудзіўшы развіццё і закансерваваўшы старыя савецкія грамадскія стасункі і нормы жыцця. Як не дзіўна, але для рэваншысцкага павароту і захавання савецкіх практык улада таксама шукала і рэкрутавала экспертаў, адмыслоўцаў і нават чыноўнікаў з акадэмічных асяродкоў, з навуковымі ступенямі і званнямі. Але выкарыстоўвала іх у сервільнай функцыі — не як ініцыятараў і рухавікоў перамен, а як тых, хто можа надаць навуковы выгляд палітычным і ідэалагічным рашэнням і легітымізаваць іх сваім аўтарытэтам.

Вынікам гэтага з’яўляецца спрашчэнне і прафанацыя гаспадарчых, палітычных і сацыяльных працэсаў і палітычныя хістанні краіны з боку ў бок. У лепшым выпадку, прадстаўнікі акадэмічнай супольнасці, якія застаюцца ў межах афіцыйных навучальных ці навуковых устаноў, выкарыстоўваюцца ў якасці індывідуальных экспертаў і дарадчыкаў.

У сваю чаргу, тыя акадэмікі, прафесары, навукоўцы, якія ініцыявалі нейкія дзеянні і працэсы самастойна ці ўдзельнічалі ў грамадскіх і палітычных ініцыятывах, падпадаюць пад забарону на прафесію ці іншыя формы рэпрэсій. З-за гэтага шмат прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці былі або выціснутыя з універсітэтаў і навуковых устаноў, або эмігравалі, або маргіналізаваліся. Такім чынам, акадэмічная супольнасць (хай сабе і патэнцыйная) сталася падзеленай (як і ўсё грамадства) па прынцыпе палітычных і ідэалагічных поглядаў, а таксама лаяльнасці да ўлады і адміністрацый ВНУ. Гэтая падзеленасць і несфармаванасць агульнага моцнага акадэмічнага і інтэлектуальнага этасу стварае прыдатныя ўмовы для разгортвання тэндэнцый экспертызацыі навукоўцаў і выкладчыкаў не толькі ў межах дзяржаўных інстытуцый, але і ў незалежным полі. Яны найбольш “запатрабаваныя” грамадствам і рознымі палітычнымі і сацыяльнымі суб’ектамі ў якасці дарадчыкаў, кансультантаў, носьбітаў веды, як крыніцы сведчанняў ці ацэнак. Як ужо адзначалася вышэй, роля інтэлектуала як таго, хто падымае праблемы нацыянальнага ўзроўню, ставіць падставовыя пытанні і нейкім чынам вызначае “парадак дня” грамадства, не прынята ані грамадствам, ані самімі прадстаўнікамі акадэмічнай супольнасці. Такім чынам, пакуль дзяржаўная палітыка ў стаўленні да ўніверсітэтаў застаецца без зменаў, а самастойныя высілкі ў незалежнай прасторы не здольныя стварыць моцныя падставы для змены свайго месца ў грамадстве, дэградацыя акадэмічнай супольнасці працягваецца, а яе ўплыў на тое, што адбываецца ў краіне, змяншаецца.

Пры гэтым, частка інтэлектуальнай супольнасці, якая складаецца з тых, хто быў выціснуты або сам сышоў з афіцыйных устаноў, распачынае незалежныя ініцыятывы, стварае адмысловыя пазасістэмныя арганізацыі і структуры. Фактычна сёння гэтыя ініцыятывы і структуры амаль цалкам ахопліваюць увесь комплекс дзеянняў, функцый і працэсаў, уласцівых для акадэмічнай супольнасці, якія традыцыйна існуюць ва ўніверсітэтах. Існуюць больш ці меньш моцныя адукацыйныя праграмы (Беларускі калегіум, Лятучы ўніверсітэт, ECLAB, PhD-праграма для Беларусі), ствараліся і ствараюцца незалежныя часопісы як у традыцыйным папяровым выглядзе, так і ў інтэрнэт-прасторы (у ліку якіх можна прыгадаць наступныя: “Беларускі гістарычны агляд”, “Фрагмэнты”, “Грамадзянская альтэрнатыва”, “Палітычная сфера”, “Arche”, “Новая Эўропа”, “Наше мнение”, “Прайдзісвет”, “DRUVIS”, “Перекрестки”, “pARTisan” ды інш.), робяцца незалежныя даследаванні (шэрагам “фабрык думкі” (thinktanks) і інстытутаў, а таксама асобнымі часовымі групамі даследчыкаў), збіраліся і збіраюцца супольнасці, семінары і клубы (у розныя часы дзейнічалі і працягваюць дзейнічаць: семінар “Беларускае мысленне: канон, кантэкст, генезіс, перспектывы”, супольнасць Belintellectuals.com, “Беларуская філасофская прастора”, Агенцтва гуманітарных тэхналогій ды інш.), збіраюцца канферэнцыі і нават буйныя кангрэсы (напрыклад, Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі і Міжнародны кангрэс беларусістаў), распачынаецца шмат розных выдавецкіх праектаў, якія ўводзяць (перакладаюць і прасоўваюць) у беларускую інтэлектуальную прастору сучасных і класічных еўрапейскіх мысляроў, а таксама даюць магчымасць для распаўсюду і трансляцыі напрацовак беларускіх філосафаў, навукоўцаў і інтэлектуалаў.

Не маючы магчымасці і намеру ў дадзеным артыкуле падрабязна спыняцца на дэталёвым аналізе гэтага разнастайнага і рознапрыроднага поля, пазначым некалькі характэрных рыс, якія вызначаюць развіццё незалежнай прасторы і з’яўляюцца істотнымі ў рамках нашай тэмы.

Перш за ўсё трэба адзначыць нетрывалы і тэрміновы характар большасці з ініцыятыў. Справа тут не толькі ў “праектным” падыходзе, калі тыя ці іншыя дзеянні адпачатку фармулююцца як часовая дзейнасць з фіксаваным вынікам і тэрмінам дзеяння. Больш за тое, найбольш уплывовыя ініцыятывы і падзеі якраз задумваліся як доўгатэрміновыя, падставовыя кампаненты інтэлектуальнага жыцця (у прыватнасці, дыскусійныя пляцоўкі, часопісы, супольнасці). Але большасць з іх нараджаецца і існуе перадусім на энтузіязме і асабістых рэсурсах ініцыятараў — часавых, інтэлектуальных і маёмасных. Паколькі дадзеныя праекты не ўбудаваныя ў сістэмную працу, то і забеспячэнне іхняга існавання цалкам залежыць ад высілкаў і магчымасцей арганізатараў, а таксама ад вонкавых чыннікаў, сярод якіх на роўных паўстаюць і донарская палітыка (праз якую можна знайсці дапамогу), і палітыка беларускай улады (якая задае ўмовы большага ці меншага ціску і праблем).

Уладзімір Абушэнка, беларускі сацыёлаг, 1957-2015

Найбольш выразна гэта можна назіраць у спробах стварэння супольнасцей ці шырокіх дыскусійных пляцовак, якія імкнуліся не проста да працягу тэматычнай ці дысцыплінарнай працы ў вольных умовах, а да аб’яднання і стварэння новых форм камунікацыі паміж прадстаўнікамі розных дысцыплін, падыходаў і школ. Напрыклад, адной з унікальных падзей у альтэрнатыўнай прасторы стаўся семінар пад кіраўніцтвам Ігара Бабкова і Уладзіміра Абушэнкі “Беларускае мысленне: канон, кантэкст, генезіс, перспектывы” (2000—2003). Семінар збіраў, бадай, найбольш шырокае і разнастайнае кола навукоўцаў, даследчыкаў, мысляроў, і прапаноўваў ім агульную тэму і працу, якая, па сутнасці, павінна была вызначыць для іх змястоўныя падставы суіснавання як інтэлектуальнай супольнасці, супольнасці беларускага мыслення. Істотным будзе адзначыць, што гэтая падзея праходзіла “на тэрыторыі” дзяржаўных інстытуцый: Інстытута філасофіі НАН Беларусі, а затым — акадэмічнага Інстытута сацыялогіі. Пры гэтым яна была прасторай вольнага мыслення і наўпрост адпавядала ўстаноўкам ідэі ўніверсітэта. Пасля сканчэння гэтага семінара ініцыятыў падобнага кшталту, якія б працягвалі фармаванне агульных падстаў і традыцыі мыслення, больш ужо не было.

Іншым прыкладам яскравай, але таксама не доўгай ініцыятывы стаўся інтэрнэт-праект супольнасці Belintellectuals.com, які некалькі гадоў (2004—2006) быў галоўнай прасторай не толькі для абмеркавання шырокага кола пытанняў нацыянальнага маштабу, але і месцам самавызначэння і самаразумення інтэлектуальнай супольнасці. Але яго “зорны час” таксама праз некалькі гадоў скончыўся, хоць яшчэ амаль да 2013 года ўжо на новым сайце з’яўляліся артыкулы і іншыя матэрыялы.

Стварэнне ў 2009 годзе “Беларускай філасофскай прасторы” было трохі іншай па форме і змесце з’явай, але яе гісторыя таксама ўкладаецца ў гэтую тэндэнцыю. Спроба “сабраць” супольнасць філосафаў на падставе “выйсця” па-за межы “афіцыйнай працы” ў прастору вольнага мыслення і самостойнай дзейнасці[1] пазначалася стваральнікамі як інтэлектуальны і грамадзянскі адказ на “Плошчу”. Пасля некалькіх гадоў вельмі яркіх і выразных ініцыятыў яна таксама страціла сваю энергію і значнасць у незалежнай інтэлектуальнай прасторы.

Пры іншых умовах, калі б устойліва існавалі сістэмныя структуры і інстытуцыі акадэмічнай працы і камунікацыі інтэлектуальнай супольнасці ва ўніверсітэцкай прасторы, такі часовы і “зоркавы” характер нефармальных ініцыятыў выглядаў бы не толькі абсалютна натуральным, але і сутнасна правільным. У той сітуацыі, якая існуе ў Беларусі, мы можам гэтае становішча разглядаць як тое, што дэманструе перарыўнасць і нестабільнасць ў працэсах самавызначэння і пазіцыянавання інтэлектуалаў як сталай часткі грамадства са сваімі задачамі і функцыямі.

Куратар аддзялення “Філасофія і літаратура” Беларускага калегіюма Валянцін Акудовіч

Другой выразнай рысай альтэрнатыўнай прасторы з’яўляецца дынаміка разгортвання буйных і доўгатэрміновых праектаў, якая часцей за ўсё збочвае ад амбіцыйных і шырокіх фарматаў да больш традыцыйных ці дысцыплінарных. З найбольш лёсавызначальных і доўгатэрміновых незалежных праектаў трэба адзначыць Беларускі калегіум, які быў створаны ў 1997 годзе (пад кіраўніцтвам Алеся Анціпенкі) і існуе да гэтага часу. Галоўнай ідэяй гэтага праекта была пабудова прасторы альтэрнатыўнай беларускай адукацыі, якая б базавалася на нацыянальным грунце. Апроч навучальнага працэсу, у межах Калегіума было запачаткавана шмат інтэлектуальных праектаў, якія з цягам часу сталі самастойнымі: напрыклад, часопісы “Паміж” і “HISTORICA”, інтэрнэт-часопіс перакладной літаратуры і суполка перакладчыкаў “Прайдзісвет”, шмат кніжных праектаў (сярод апошніх — серыя кніг “Бібліятэка “Беларускі калегіюм”). Асобна трэба адзначыць выхад у 2001 годзе “Анталогіі сучаснага беларускага мыслення”[2], у якой укладальнікі прапанавалі стос найбольш істотных тэкстаў для фармавання сучаснай беларускай інтэлектуальнай прасторы і думкі[3]. Беларускі калегіум фактычна мог стаць (і, напэўна, у нейкім сэнсе разглядаўся такім чынам яго заснавальнікамі[4]) асновай нацыянальнага ўніверсітэта, бо закладаў адпачатку самы шырокі спектр інтэлектуальнай працы і новых форм камунікацыі, якіх дагэтуль у краіне не было.

Але паступова ад часоў росквіту і статуса “галоўнай” адукацыйнай і творчай прасторы пачаўся пераход да этапа зніжэння інтэнсіўнасці і амбіцыйнасці ўнутраных праектаў, можна было назіраць адсутнасць зменаў і пераасэнсавання адукацыйных прапаноў і, увогуле, паступовае зніжэнне значнасці Беларускага калегіума ў публічнай інтэлектуальнай прасторы. Пры гэтым нават павярхоўны аналіз паказвае, што пераважная большасць публічных інтэлектуалаў, незалежных навукоўцаў і літаратараў сённяшняга часу — гэта былыя вольныя слухачы, студэнты ці ўдзельнікі праектаў Беларускага калегіума. За амаль 20 гадоў існавання, сфармаваўшы фактычна новае пакаленне інтэлектуальнай эліты, гэтая ініцыятыва паступова адыходзіць у цень у выніку згортвання амбіцый і, у нейкім сэнсэ, адмовы ад пошуку новых падыходаў.

А між тым, сучасная сітуацыя ў незалежнай адукацыйнай прасторы стварае новыя выклікі, паколькі побач з Беларускім калегіумам узнікаюць не толькі асобныя адукацыйныя праграмы, але і праекты кшталту Лятучага ўніверсітэта і Еўрапейскага каледжа Liberal Arts (ECLAB), якія прапануюць свае сістэмныя погляды на сучасную адукацыю, патрэбную для сучаснага беларускага мыслення. Тым не менш, выпадак Беларускага калегіума вельмі выразна характарызуе даволі распаўсюджаную стратэгію “захавання” на доўгія часы за кошт збочвання да “традыцыйных форм”. Як і ў выпадку з папярэдняй тэндэнцыяй, гэтая стратэгія была б цалкам натуральная ў іншых умовах, бо стварала б устойлівыя формы, без якіх немагчыма ўявіць інтэлектуальную прастору краіны. Але беларускія ўмовы патрабуюць “хутка бегчы, каб заставацца на месцы”, а тым больш, каб рухацца наперад. У іншым выпадку альтэрнатыўная незалежная прастора становіцца маргінальным месцам, дзе магчыма захавацца, але немагчыма спарадзіць новыя з’явы і змены ў грамадстве.

Прыкладам іншай тэндэнцыі з’яўляецца дынаміка развіцця дзейнасці супольнасці палітолагаў, якія ў 2001 годзе заснавалі часопіс “Палітычная сфера”. Ён пазіцыянаваўся як спецыялізаванае навуковае выданне па палітычных і сацыяльных навуках. Але заснавальнікі адразу бачылі часопіс як сістэмны, інстытуцыйны элемент развіцця “новай паліталогіі” ў Беларусі. Верагодна, дзякуючы гэтаму стратэгічнаму стаўленню, у верасні 2009 года супольнаць часопіса заснавала Інстытут палітычных даследаванняў “Палітычная сфера”. А праз год разам з партнёрамі ініцыявала першы Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі, які прайшоў ў Коўне (Літва), і з таго часу адбываецца штогадова. У ходзе сістэматычнай працы выбудовы акадэмічнай інстытуцыйнай прасторы “Палітычная сфера” ў складзе Кансорцыума акадэмічных і экспертных інстытуцый заснавала Міжнародную PhD-праграму для Беларусі, а таксама ў супрацы з беларускімі грамадскімі ініцыятывамі “Ліберальны клуб” і “Еўрапейскі клуб” і з удзелам такіх літоўскіх акадэмічных інстытуцый, як Універсітэт Вітаўта Вялікага і Інстытут ВКЛ, была запачаткавана адукацыйная праграма “Еўрапейскі Саюз: палітыка, эканоміка, культура” ў межах Беларускага калегіума.

Гэткую ж стратэгію выбудовы цэласнай прасторы, якая ўключае ўсе неабходныя кампаненты для інстытуцыйнага развіцця і пастаяннага аднаўлення супольнасці (разам з прынцыпамі і нормамі дзейнасці і ладу жыцця), рэалізуе Лятучы ўніверсітэт. Ён пазіцыянуецца менавіта не як адукацыйная праграма, але як праграма стварэння ўніверсітэта, якая уключае ўвесь комплекс неабходнай дзейнасці: семінары, курсы і школы, канферэнцыі, даследаванні, адмысловыя формы самакіравання і г.д. У 2015—2016 гадах Лятучы ўніверсітэт стаўся ініцыятарам шэрагу падзей у інтэлектуальнай прасторы Беларусі, якія былі аб’яднаныя ў межах “Года беларускага мыслення”. Гэтая ініцыятыва засяродзілася на некалькіх накірунках: зрабіць бачнай і прысутнай у сучаснасці інтэлектуальную гісторыю Беларусі; пазначыць актуальныя выклікі, якія сёння натхняюць на мысленне, патрабуюць адказаў і ствараюць уяўленні пра сучасны свет, культуру і сябе; пашырыць простору існавання беларускага мыслення: ад адмысловых суполак і інстытуцый да шырокага культурнага асяродку, паўсядзённага жыцця і адчування сваёй ідэнтычнасці. Цягам года адбыліся дзве серыі публічных лекцыі, якія знітавалі беларускую інтэлектуальную традыцыю: “Спадчына Ігната Абдзіраловіча” і “Уяўляючы Беларусь”. Таксама дзеля пашырэння веды пра інтэлектуальную спадчыну быў сабраны і “талакой” выдадзены зборнік “Цытуй сваё”. І найбольш значнай падзеяй года стаў “Тыдзень беларускага мыслення”, які аб’яднаў больш за 50 мерапрыемстваў самага рознага кшталту і тэматыкі, якія ўсе звярталіся да актуальных пытанняў мыслення і яго гісторыі ў Беларусі.

Трэцяй характэрнай рысай, якая тычыцца перш за ўсё даследчай працы, з’яўляецца пераход з акадэмічных пазіцый і норм існавання на экспертна-аналітычныя. Вышэй мы трохі закранулі тэндэнцыю экспертызацыі акадэмічнай супольнасці. Найбольш выразна яна фіксуецца ў незалежных даследчых інстытуцыях. Найбольш буйныя з іх — Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследванняў (НІСЭПД), Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (BISS), Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі, BEROC, Даследчы цэнтр ІПМ ды інш. — фактычна не арыентуюцца на акадэмічную працу. Выключэннем з’яўляецца згаданы Інстытут палітычных даследаванняў “Палітычная сфера” і часткова Даследчы цэнтр ІПМ, якія сістэматычна працуюць на захаванне і развіццё акадэмічных норм. Астатнія вымушана ці дабраахвотна рэалізуюць перш за ўсё аналітычныя і экспертныя распрацоўкі, а таксама камерцыйныя маркетынгавыя праекты.

Апошняй, але, напэўна, найбольш істотнай рысай незалежнай інтэлектуальнай супольнасці з’яўляецца яе фрагментаванасць. У сваёй рэфлексіі інтэлектуальнай сітуацыі сучаснай Беларусі Валянцін Акудовіч адзначае, што розныя каштоўныя часткі, неабходныя для фармавання беларускай філасофіі і існуючыя ў нашай інтэлектуальнай прасторы, не здолелі стварыць сталы інстытут мыслення[5]. У адносінах да рэалізацыі ідэі ўніверсітэта па-за межамі фармальных структур мы маем амаль усё, што патрэбна акадэмічнай супольнасці і ўніверсітэцкай прасторы. Пры гэтым незалежныя ініцыятывы і арганізацыі існуюць паасобку, не маюць сінэргетычнага эфекту. Часта асобныя накірункі дзейнасці мала звязаны змястоўна, нават калі рэалізуюцца праз адных і тых жа людзей. Хоць існаванне незалежных структур і груп не з’яўляецца цалкам падпольным, але варожае стаўленне афіцыйных структур пакідае іх у маргіналізаваным стане. Па-ранейшаму, за невялікімі выключэннямі, альтэрнатыўная прастора застаецца месцам, куды ідуць, каб захавацца паасобку ці невялікімі хаўрусамі, але не месцам стварэння новых мадэлей і форм існавання акадэмічнай супольнасці. Таму тое, што ёсць на сёння, можна разглядаць як патэнцыял для стварэння паўнавартаснага ўніверсітэта ў Беларусі, як наяўнасць перадумоў, але актуалізацыі гэтых патэнцый у бліжэйшы перыяд чакаць, напэўна, не варта. Верагодна, што само існаванне незалежных ініцыятыў з’яўляецца магчымым, дзякуючы гэтай частковасці. Тым не менш, як паказвае аналіз, сярод шырокага кола ініцыятыў з’яўляюцца тэндэнцыі, якія накіраваны на пашырэнне і сістэматызацыю працы, якая б забяспечвала комплексы працэсаў, неабходных для ўзнаўлення акадэмічнай супольнасці, а разам з ёй і тых норм, практык і этаса, якія могуць стаць прататыпамі для фарміравання і развіцця грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.

Такім чынам, калі перад беларускім грамадствам стаіць задача выхаду са стану закрытасці і мадэрнізацыі, пабудаванай на эканамічным і тэхналагічным росце, то ёй непазбежна патрэбны ўніверсітэт, які фундуецца не на працэсах прафесійнай падрыхтоўкі, а ў якім у першую чаргу культывуецца акадэмічная аўтаномія, крытычнае мысленне і самакіраванне, то бок супольнае вызначэнне і ўтрыманне місіі і накірунку развіцця. Паколькі дзяржаўная ўлада працягвае рэалізоўваць палітыку, якая накіравана на прадухіленне парасткаў у гэтых напрамках, то асноўным полем вырашэння гэтых задач становіцца альтэрнатыўная незалежная прастора. У гэтай прасторы існуюць усе неабходныя кампаненты і ёсць патэнцыял, але яго выкарыстанне і рэалізацыя немагчымы праз просты працяг тых форм, якія ўжо існуюць. Патрэбна пастаноўка адпаведных задач і адмысловыя намаганні ў сістэматызацыі і фармаванні сінергетычнага эфекту ад узаемасувязей розных элементаў і функцый у жыцці і дзейнасці незалежнай інтэлектуальнай і акадэмічнай супольнасці.

____________________________________________________________

Усе главы тэкста «Ідэя ўніверсітэта і грамадзянская супольнасць»:

  1. Практыкі, нормы і этас грамадзянскай супольнасці ва ўніверсітэцкіх сценах
  2. Універсітэты ў закрытых грамадствах: прэвентыўная палітыка працы з універсітэтамі ў Беларусі
  3. Ідэя ўніверсітэта як праблема і тэма дыскусій інтэлектуальнай супольнасці Беларусі
  4. Універсітэт у грамадскай прасторы: альтэрнатыўныя практыкі акадэмічна-адукацыйнай працы і існавання акадэмічнай супольнасці

СПАМПАВАЦЬ УВЕСЬ ТЭКСТ АДНЫМ ФАЙЛАМ (PDF)

____________________________________________________________

[1] Маніфэст адкрытай Беларускай Філасофскай Прасторы: http://www.prastora.org/pra-nas.html.

[2] Анталёгiя сучаснага беларускага мыслення. — СПб.: Невский простор, 2003.

[3] У 2016 годзе выйшла наступная кніга “Код прысутнасці. Анталогія беларускага мыслення, 2000—2015”, якая працягнула выданне анталогіі беларускага сучаснага мыслення. Гэтая кніга стала плёнам супрацы Лятучага ўніверсітэта і Беларускага калегіума, сцвярджаючы сучасную інтэлектуальную традыцыю.

[4] Прынамсі, у 2009—2010 гадах Алесь Анціпенка абвяшчаў праект стварэння на базе Беларускага калегіума “Беларуска-амерыканскага ўніверсітэта”.

[5] Акудовіч В. Дыскурс сучаснага беларускага мыслення // “Палітычная сфера”. — 2013. — № 2(21). — С. 78—80.

Персоны:
Тэмы: