Універсітэты ў закрытых грамадствах

13 верасня 2017

Артыкул «Ідэя ўніверсітэта і грамадзянская супольнасць» быў напісаны Таццянай Вадалажскай і Ўладзімірам Мацкевічам ў 2015 годзе для аднаго з беларускіх незалежных выданняў, але па пэўных прычынах так і не быў апублікаваны.  У першай частцы тэкста высвятляліся сувязі паміж практыкамі і этасам, якія традыцыйна існавалі ва ўніверсітэтах, з асноўнымі ідэямі і нормамі паўставання грамадзянскай супольнасці. У другой частцы аўтары звяртаюцца да аналізу існавання ўніверсітэтаў у закрытых грамадствах і разглядаюць палітыку дзеючых беларускіх уладаў у дачыненні да ўніверсітэтаў і, перш за ўсё, да існавання ў іх межах норм акадэмічнай свабоды і аўтаноміі. 

Ідэя ўніверсітэта і грамадзянская супольнасць

Таццяна Вадалажская, Уладзімір Мацкевіч

II. Універсітэты ў закрытых грамадствах: прэвентыўная палітыка працы з універсітэтамі ў Беларусі

Краіны і нацыі патрапляюць у працэс мадэрнізацыі вымушана, то бок не абавязкова свядома абраўшы гэты шлях. І палітычныя эліты кожнай краіны, патрапіўшы ў сітуацыю мадэрнізацыі, вельмі па-рознаму ўяўляюць сабе ўзор таго, да чаго яны імкнуцца, што з досведу іншых краін трэба ўзяць да рэалізацыі. Таму ўсе праграмы мадэрнізацыі можна ўмоўна падзяліць на два тыпы. Адныя імкнуцца да тэхналагічных і эканамічных зменаў у звязку з грамадскімі пераўтварэннямі. Гэта краіны, свядома абраўшыя дэмакратычны шлях. Другія адрываюць тэхналагічнае і гаспадарчае развіццё ад палітычнага і грамадскага. Гэта, у прыватнасці, краіны т.зв. “сацыялістычнай” арыентацыі. Стымулюючы тэхналагічнае развіццё, яны адначасова замаруджваюць і кансервуюць сацыяльныя адносіны. У мадэрнізацыйных праграмах сацыялістычнага кшталту ўніверсітэты ўяўляюць сабой вялікую небяспеку, і таму палітычныя рэжымы, якія абралі такі шлях мадэрнізацыі, выкарыстоўваюць розныя хады і тактыкі, каб мінімізаваць трансфармацыйны патэнцыял універсітэтаў.

Напачатку 1990-х гадоў, пакуль шлях мадэрнізацыі Беларусі не быў абраны адназначна, было зроблена некалькі крокаў у накірунку выбудовы сувязей універсітэтаў і грамадзянскай супольнасці. У прыватнасці, у новым Законе “Аб адукацыі” 1991 года, падрыхтаваным парламенцкай камісіяй па адукацыі на чале з Нілам Гілевічам і Алегам Трусавым, прадугледжваўся дзяржаўна-грамадскі прынцып кіравання. Гэты варыянт закона замацоўваў удзел грамадства ў вызначэнні адукацыйных працэсаў і ў працэсе стварэння і кіравання ўніверсітэтамі. Гэты прынцып мог стаць падмуркам для ўвасаблення такіх аспектаў ідэі ўніверсітэта, як аўтаномія, роўнасць чальцоў супольнасці і г.д. Але гэты прынцып, сфармуляваны ў арт. 44 Закона “Аб адукацыі”, быў фактычна перакрэслены забаронай дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў у навучальных установах. Змены ў Законе ад 1995-га, 1996-га і 1999-га гадоў не развівалі гэты прынцып, а абмяжоўвалі яго.

Пасля нядоўгага перыяду “адкрытых магчымасцей” іх пачалі сістэматычна “закрываць”. Адной з галоўных тактык у гэтым рэчышчы да сёння з’яўляецца пашыранае стварэнне прафесійных навучальных устаноў і пераўтварэнне раней створаных універсітэтаў з інстытутаў мыслення ва ўстановы падрыхтоўкі кадраў — праз ліквідацыю рэшткаў іх акадэмічнай аўтаноміі і акадэмічных свабод. Беларускі рэжым дасягнуў у гэтым накірунку вялікіх поспехаў. Яшчэ ў 1995 годзе ва ўсе вышэйшыя навучальныя ўстановы, у тым ліку і тыя, якія называліся ўніверсітэтамі, былі прызначаныя новыя кіраўнікі, і перад імі была пастаўлена задача на скасаванне акадэмічных свабод як у дачыненні да выкладчыкаў і прафесуры, так і ў дачыненні да студэнтаў. Вельмі выразна гэта можна ўбачыць на прыкладзе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (БДУ) у часы, калі яго рэктарам быў Аляксандр Казулін (1996—2003). Можна прасачыць некаторыя крокі, якія з’яўляюцца прыкладам паступовага ўсталявання месца ўніверсітэта ў беларускім грамадстве. Па-першае, наданне БДУ асобага статуса вядучай установы адукацыі сярод іншых навучальных устаноў[1]. Па-другое, павышэнне заробку прафесуры і выкладчыкам на падставе гэтага асобага статуса ў 1,5 разы. Па-трэцяе, прымус прафесараў агітаваць за рэферэндум 1996 года і выбары пад пагрозай скасавання асобага статуса ўніверсітэта. Чацвёртым крокам сталася забарона дзейнасці ўсіх няўрадавых студэнцкіх арганізацый (не толькі палітычных) і студэнцкага самакіравання адначасова з наданнем прэферэнцый БРСМ (на той час — Беларускаму патрыятычнаму саюзу моладзі, БПСМ). Усе гэтыя крокі не заміналі асабістай палітычнай ці грамадзянскай актыўнасці студэнтаў, але і не давалі магчымасці гуртавацца ў межах універсітэтаў і рабіць іх асяродкам трансфармацый. Можна ўзгадаць выступ на беларускім тэлебачанні прафесара філасофіі Таццяны Румянцавай напярэдадні чарговай палітычнай кампаніі з падтрымкай пазіцыі прэзідэнта. Пры гэтым, па прыватных заявах, яна сама галасавала супраць прапаноў прэзідэнта, але не магла выступіць інакш на тэлебачанні, бо тады б “падвяла” ўвесь калектыў універсітэта, які быў бы пазбаўлены асобага статуса і падвышаных заробкаў. І падобныя выпадкі, калі статус і прывілеі былі выкарыстаны для шантажу, з’яўляліся не адзінкавымі.

Акция протеста студентов Европейского гуманитарного университета после закрытия ЕГУ в Минске, 5 августа 2004 г. Фото: bymedia.net

У межах тактыкі скасавання парасткаў свабоды і ўзораў грамадзянскай супольнасці ва ўніверсітэтах істотнай часткай сталася праца з прыватнымі ВНУ, якія ў той час ужо існавалі. З імі было не так проста справіцца, паколькі кожны з праектаў збіраў вакол сябе людей з новымі ідэямі і праектамі трансфармацый у беларускай сістэме адукацыі. Не варта разглядаць кожны з выпадкаў, але можна спаслацца на найбольш вядомы прыклад Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ). У сакавіку 2003 года адбылася вядомая нарада па ідэалогіі[2]. Галоўным пытаннем гэтай нарады сталася распрацоўка дзяржаўнай ідэалогіі, а адным з наступстваў — рашэнне Міністэрства адукацыі аб распаўсюджванні практыкі прызначэння рэктараў і на прыватныя ВНУ. Пад пагрозай закрыцця амаль усе прыватныя ўстановы адукацыі вымушаныя былі з гэтым пагадзіцца. Не падпарадкавалася гэтаму рашэнню толькі ўніверсітэцкая супольнасць ЕГУ. Рэагуючы на пратэсты студэнтаў і выкладчыкаў, Міністэрства адукацыі прапанавала кампраміснае рашэнне прызначыць рэктарам ЕГУ таго ж самага чалавека, якога раней універсітэцкая супольнасць сама абрала. Але супольнасці аказаўся каштоўным сам прынцып абрання (прынцып універсітэцкай аўтаноміі), а не толькі асоба рэктара. Гэтае супрацьстаянне на падставе прынцыпаў скончылася закрыццём ЕГУ ў Беларусі і аднаўленнем яго як “універсітэта ў выгнанні” ў Літве.

Пасля выгнання з краіны ЕГУ, беларускія ўніверсітэты фактычна страцілі сябе як частку грамадзянскай супольнасці і перасталі быць удзельнікамі грамадскага і палітычнага жыцця. Асобныя студэнты і выкладчыкі працягвалі і працягваюць удзельнічаць у аб’яднаннях і рухах, асобных акцыях і дзеяннях (напрыклад, у “Плошчах” 2006-га і 2010-га годоў). Але гэты асабісты ўдзел адбываўся не дзякуючы атмасферы і духу ўніверсітэтаў, а насуперак таму асяродку і нормам, якія пануюць у беларускіх установах вышэйшай адукацыі.

Спыніць і скасаваць патэнцыйную магчымасць аднаўлення парасткаў грамадзянскай актыўнасці ва ўніверсітэтах аднаразовымі дзеяннямі было немагчыма. Тым больш, што стасункі з універсітэтамі іншых краін, удзел беларускіх універсітэтаў у міжнародных праграмах патрабуюць, хай сабе і ўмоўных, але праяў і студэнцкага самакіравання, і ўдзелу студэнтаў у дзейнасці міжнародных арганізацый. Таму паставіць усё гэта пад кантроль БРСМ і адміністрацыі на 100% — немагчыма. Час ад часу адбываюцца выпадкі несанкцыянаванай актыўнасці, з аднаго боку, і прэвентыўных рэпрэсій, з другога. У свой час атрымаў вядомасць выпадак з Таццянай Хомай[3], якая была выключана з БДЭУ за яе абранне ў кіруючыя структуры міжнароднай студэнцкай арганізацыі без дазволу адміністрацыі. Аналагічныя выпадкі былі і пазней, але не настолькі гучныя.

Спецыяльнага разгляду патрабуе з’ява, якую сталі называць “забаронай на прафесію”. Гэта “мяккі” рэпрэсіўны механізм барацьбы з іншадумствам і нелаяльнасцю праз стварэнне рознага кшталту перашкод у прафесійнай дзейнасці (ад ціску і арганізацыі мобінгу (калектыўнага цкавання на працы) да звальненняў). Гэтыя выпадкі не звязаныя з рэальным парушэннем працоўнага заканадаўства ці недастатковай кваліфікацыяй, а з’яўляюцца пераследам па ідэалагічных і палітычных матывах, а таксама супрацьдзеяннем грамадскай актыўнасці. Гэтая з’ява закранае ўсе сферы: вытворчасць, культуру, вайсковую справу, СМІ, а таксама навуку і адукацыю. Аналіз выпадкаў забароны на прафесію[4] ва ўніверсітэтах і іншых ВНУ паказвае, што пад яе дзеянне патрапляюць не толькі за палітычныя погляды і грамадскую актыўнасць, але і за несанкцыянаваную прафесійную актыўнасць, удзел у несанкцыянаваных прафесійных выданнях, залішнюю самастойнасць у вызначэнні зместу тых дысцыплін, якія выкладаюцца. Пад звальненні ў розныя часы патраплялі такія навукоўцы і выкладчыкі, як: Андрэй Кіштымаў, Таццяна Процька, Генадзь Сагановіч, Алесь Краўцэвіч, Язэп Янушкевіч, Алесь Смалянчук, Іна Соркіна, Алег Манаеў, Святлана Мацкевіч, Ігар Кузняцоў, Юрый Грыбоўскі, Аляксандр Грыцанаў, Юрый Бандажэўскі ды шмат іншых. Прычым гэтыя рэпрэсіі тычыліся не толькі дзяржаўных ВНУ, але і камерцыйных, тут можна ўзгадаць выпадкі Віталя Сіліцкага, Андрэя Завадскага, Наталлі Васілевіч.

Сродкам рэалізацыі рэпрэсій з’ўляецца перш за ўсё звальненне з працы ці страх перад звальненнем. З 2004 года ўсе працоўныя адносіны сталі афармляцца праз тэрміновыя кантракты, што дало магчымасць пазбаўляцца ад нелаяльных, палітычна актыўных і вольна мыслячых без асаблівых праблем. “Сканчэнне кантракта” стала найбольш распаўсюджаннай фармулёўкай для выціскання “праблемных” выкладчыкаў з універсітэтаў.

Гэты механізм мае не толькі наўпроставы способ уздзеяння — непасрэдна на нелаяльных і актыўных выкладчыкаў. Ён стварае атмасферу запалоханасці і напружання ў акадэмічным асяродку, нават да сітуацый мобінгу, калі чальцы супольнасці самі ціснуць на калег, каб тыя не стваралі залішніх праблем. Такім чынам улада, не здольная пракантраляваць усё, што адбываецца ў сценах ВНУ, “перакладае” кантроль на саміх выкладчыкаў, якія, запалоханыя і прыгнечаныя кропкавымі рэпрэсіямі супраць сваіх калег, усведамляюць межы дазволенага і недазволенага і ўціскаюць сваю акадэмічную працу ў патрабаваныя рамкі. Але, нягледзячы на ўсё гэта, сама прырода і сутнасць навуковай і акадэмічнай дзейнасці вымушае да творчасці і выхаду за дазволеныя рамкі, таму адміністрацыі адукацыйных устаноў па ўласнай ініцыятыве, ці пад ціскам зверху, раз-пораз узнаўляюць хвалі рэпрэсій. У гэтым сэнсе адзначыўся Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт (ГрДУ), дзе прайшло тры шырокамаштабных хвалі рэпрэсій, якія тычыліся ў першую чаргу выкладчыкаў гуманітарных дысцыплін[5].

Грамадзянская і палітычная актыўнасць прафесараў і выкладчыкаў не залежыць ад дысцыпліны, якую яны выкладаюць, таму той факт, што большасць выпадкаў рэпрэсій прыходзіцца на гуманітарыяў, сведчыць пра тое, што ціск і кантроль накіраваныя не на асабістую грамадзянскую ці палітычную актыўнасць як такія, а менавіта на думку і мысленне, то бок на тое крытычнае мысленне, якое з’яўляецца абавязковым сістэмным складнікам грамадзянскай супольнасці, і якое, калі і можа захоўвацца ў грамадстве, то ў першую чаргу менавіта ў вышэйшых навучальных установах. У Беларусі яны хоць і не з’яўляюцца ўніверсітэтамі ў поўным сэнсе гэтага слова, але ж заўсёды разглядаюцца тымі, хто да іх сур’ёзна ставіцца, па норме і прататыпу таго ўніверсітэта “мадэрнага часу”, пра які мы пісалі вышэй.

Апроч уздзеяння на выкладчыкаў і акадэмічную супольнасць, адмысловыя меры прымаюцца і ў адносінах да студэнтаў. Грамадская і палітычная актыўнасць (удзел у пікетах, мітынгах, а таксама публікацыі ці інтэрв’ю ў незалежных медыя) рэгулярна становіцца падставай для вымоў, адсялення з інтэрнатаў ці адлічэння[6].

У дадатак да пазначаных практык прадухілення парасткаў грамадскага жыцця і крытычнага мыслення ў беларускіх універсітэтах, трэба адзначыць шэраг сістэмных элементаў, якія зараз убудаваныя ў дзейнасць вышэйшых адукацыйных установаў і выступаюць прышчэпкай ад такога развіцця.

Па-першае, гэта поўная інстытуцыйная залежнасць (адсутнасць інстытуцыйнай, акадэмічнай і фінансавай аўтаноміі)[7], якая фіксуе ўніверсітэты як частку дзяржаўнай сістэмы з зададзенымі функцыямі. Паводле дзеючага Кодэкса аб адукацыі (арт. 208 “Кіраванне ўстановай вышэйшай адукацыі”), кіраўнік дзяржаўнай установы вышэйшай адукацыі прызначаецца на пасаду і вызваляецца з яе ў парадку, які ўстаноўлены прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Для недзяржаўных ВНУ гэтая працэдура выконваецца Міністэрствам адукацыі па прапановах заснавальнікаў устаноў. Пры гэтым у дакументах, рэгулюючых дзейнасць ВНУ, не пазначаныя кваліфікацыйныя крытэрыі ці нейкі рэгламент вызначэння кандыдатаў на пасады рэктараў, то бок адсутнічаюць любыя публічныя інструкцыі, да якіх грамадства і акадэмічная супольнасць маглі б апеляваць. У сваю чаргу, ні рэктар, ні савет ВНУ, ні нейкае іншае ўніверсітэцкае аб’яднанне не мае паўнамоцтваў прымаць рашэнні адносна акадэмічнай структуры, то бок комплексу пасад, якія ствараюць кіруючыя органы. Акадэмічную структуру вызначае заснавальнік: дзяржава або ўласнік, які звычайна таксама моцна залежны ад дзяржавы.

Інстытуцыйная залежнасць фіксуецца таксама праз тое, што ўніверсітэты (як і іншыя ВНУ) не маюць права самастойна прымаць рашэнні пра адкрыццё адукацыйных праграм. У 1999 годзе былі распрацаваныя стандарты якасці кіравання ўніверсітэцкімі праграмамі, і яны распаўсюджваліся на працягу некалькі гадоў. Тады гэты працэс выклікаў напружанне і частковае супрацьстаянне ў ВНУ. Але, пасля ўзгаданай нарады па ідэалогіі ў 2003 годзе, ён адышоў на другі план у параўнанні з “новымі задачамі”. Трэба адзначыць, што гэты працэс стандартызацыі вонкава быў вельмі блізкім да Балонскага працэсу, які ў гэты час пачаўся ў Еўропе. Але еўрапейскі працэс быў накіраваны на іншыя мэты, а менавіта — развіццё мабільнасці студэнтаў і выкладчыкаў. У Беларусі стандартызацыя стала сродкам кантролю над акадэмічнай свабодай. Зараз падрыхтоўка ва ўніверсітэтах можа ажыццяўляцца толькі па спецыяльнасцях, якія ёсць у Агульным дзяржаўным класіфікатары “Спецыяльнасці і кваліфікацыя”[8]. Рашэнні па зменах у Агульным класіфікатары прымае Міністэрства адукацыі (арт. 18 Кодэкса аб адукацыі). Нават калі пажаданая спецыяльнасць ужо ёсць у класіфікатары, то рашэнне пра пачатак падрыхтоўкі па ёй прымае не сам універсітэт, а Міністэрства адукацыі[9] па ўзгадненні з зацікаўленымі дзяржаўнымі ўстановамі і арганізацыямі.

У сваю чаргу, у адпаведнасці з Кодэксам аб адукацыі (арт. 217), навучальны план па той ці іншай спецыяльнасці распрацоўваецца на падставе тыповага навучальнага плана, які вызначае пералік, паслядоўнасць і аб’ём абавязковых дысцыплін, паслядоўнасць і тэрміны вывучэння дысцыплін, тэрміны практыкі, максімальную навучальную нагрузку, тэрміны атэстацыі і г.д. Гэтыя тыповыя праграмы распрацоўваюцца за межамі ўніверсітэтаў у адмысловых установах, якія здзяйсняюць навукова-метадычнае забеспячэнне. Яны ўзгадняюць свае распрацоўкі з шырокім колам “зацікаўленых” дзяржаўных устаноў, якія падпарадкаваныя прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Другім сістэмным кампанентам прадухілення развіцця ва ўніверсітэтах парасткаў грамадзянскай супольнасці з’яўляецца кантроль над студэнцкім жыццём. Апроч згаданай ліквідацыі магчымасцей дзейнасці грамадскіх і палітычных арганізацый у межах ВНУ, трэба адзначыць кантроль над паездкамі студэнтаў за мяжу. Згодна з арт. 17 Закона Рэспублікі Беларусь № 350-З “Аб супрацьдзеянні гандлю людзьмі” (2011), накіраванне за межы краіны грамадзян, якія навучаюцца ва ўстановах сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь, на навучанне і (або) для ўдзелу цягам навучальнага года ў спартовых, культурных і іншых масавых мерапрыемствах ажыццяўляецца з пісьмовага дазволу кіраўнікоў арганізацый, дзе гэтыя грамадзяне навучаюцца. Гэтае правіла тычыцца і студэнтаў, і магістрантаў, і аспірантаў. Па сканчэнні паездкі студэнты павінны зрабіць змястоўную справаздачу[10].

Акцыя «Студэнты супраць», снежань 2015

Трэці сістэмны аспект арганізацыі ўніверсітэцкага жыцця — гэта існаванне структур студэнцкага самакіравання, што таксама істотна кантралюецца ўладамі. Такія аб’яднанні з’явіліся ў беларускіх ВНУ яшчэ напрыканцы 1980-х гадоў, калі пачыналася шырокая хваля дэмакратызацыі. З тых часоў фармальна студэнцкае самакіраванне сталася нормай, сёння такія арганізацыі ёсць у большасці беларускіх ВНУ. Але па выніках аналізу, які выканаў Грамадскі Балонскі камітэт у межах т.зв. “Белай кнігі”[11], было вызначана, што на заканадаўчым узроўні сам панятак “студэнцкае самакіраванне” адсутнічае. Калі Закон “Аб вышэйшай адукацыі” ад 2007 года змяшчаў гэты панятак, то ў Кодэксе аб адукацыі, прынятым у 2011 годзе, ён быў выдалены. Гэта азначае, што адсутнічаюць прававыя падставы, каб развіваць гэты інстытут, і ўся існуючая практыка мае выпадковы характар і ў любы момант можа быць закрыта.

Як зазначаюць аўтары “Белай кнігі”, сёння студэнцкія аб’яднанні ў межах універсітэтаў пастаўленыя ў вельмі няпэўныя рамкі, прыярытэт у дзейнасці маюць арганізацыі, падпарадкаваныя дзяржаве (кшталту БРСМ) і наўпрост не звязаныя з рэалізацыяй акадэмічнай свабоды ў межах універсітэтаў. Дзякуючы спецыфічнасці не толькі арганізацыі ўніверсітэтаў, але і сітуацыі ў краіне са свабодай асацыяцый і ўвогуле палітычным жыццем, стварэнне студэнцкіх арганізацый “знізу” з’яўляецца вельмі складанай справай. Так, ГА “Задзіночанне беларускіх студэнтаў” (ЗБС) было ліквідавана ў 2001 годзе праз скасаванне дзяржаўнай рэгістрацыі[12]. Пры гэтым ЗБС, якое зараз дзейнічае нелегальна, дасюль з’яўляецца сябрам Еўрапейскага студэнцкага саюза. Іншыя прыклады незалежных студэнцкіх аб’яднанняў (у прыватнасці, МПГ “Студэнцкая Рада” ці Цэнтр развіцця студэнцкіх ініцыятыў) не ставяць сабе задачы шырокай кансалідацыі студэнцкай супольнасці, засяроджваючыся на вырашэнні больш лакальных і больш рэалістычных задач. Трэба адзначыць заснаваную ў 2012 годзе ініцыятыву, якая ставіць сабе за мэту менавіта развіццё студэнцкага самакіравання — Братэрства арганізатараў студэнцкага самакіравання (БАСС). Яна аб’ядноўвае тых, хто ўжо ўключаны ў тыя ці іншыя формы самакіравання ў беларускіх ВНУ. Аднак іх дзейнасць вельмі моцна абмежавана тымі ўмовамі самакіравання, якія існуюць у беларускіх універсітэтах.

Вяртаючыся да агульных рамак аналізу, можна сказаць, што мадэрнізацыя беларускага грамадства ажыццяўляецца па схеме, дзе асноўны акцэнт робіцца на тэхналагічным і эканамічным развіцці, дзе ўніверсітэты выконваюць толькі функцыю падрыхтоўкі кадраў.

Пры гэтым мэтанакіравана адбываецца знішчэнне і прэвентыўная праца па прадухіленні з’яўлення ў беларускіх універсітэтах той іх сутнаснай часткі, якая наўпрост звязана з фармаваннем грамадзянскай супольнасці. Але, нягледзячы на гэтую палітыку і практыку, нельга сказаць, што ўся беларуская прастора становіцца стэрыльнай у гэтым сэнсе. Дзякуючы хоць і часоваму, але вельмі энергічнаму і інтэнсіўнаму перыяду свабоднага развіцця краіны і грамадства напачатку 1990-х гадоў, а таксама дзякуючы адкрытым межам і магчымасці камунікацыі і ўзаемадзеяння з еўрапейскімі практыкамі і акадэмічнай супольнасцю, мы можам фіксаваць развіццё ідэі ўніверсітэта і акадэмічнай супольнасці па-за межамі афіцыйных устаноў, у альтэрнатыўнай прасторы.

У 2015 годзе Беларусь была прынята ў Балонскі працэс з умовай выканання Дарожнай мапы. Дарожная мапа ўтрымлівае шырокі спектр патрабаванняў да рэформы сістэмы вышэйшай адукацыі[13]. Сярод гэтых патрабаванняў ёсць як структурныя патрабаванні, так і патрабаванні, звязаныя з мабільнасцю і рэалізацыяй фундаментальных каштоўнасцяў еўрапейскай адукацыйнай прасторы (замацаваных у Вялікай хартыі ўніверсітэтаў). Тады ж, у 2015 годзе, Міністэрства адукацыі апублікавала праект закона аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон “Аб навуковай дзейнасці” і Кодэкс аб адукацыі. Эксперты Грамадскага Балонскага камітэта зрабілі аналіз прапанаваных змен адносна патрабаванняў Дарожнай мапы, а значыць, і крытэрыяў, па якіх можна было б ацэньваць зрухі ў бок універсітэцкай аўтаноміі і свабоды. На жаль, высновы экспертаў сведчаць пра адсутнасць якіх-небудзь сутнасных змен. Яны адзначаюць, што, як і раней, “шэраг артыкулаў утрымлівае абмежаванні акадэмічнай свабоды ці не стварае перашкоды для адвольнага парушэння акадэмічнай свабоды”. Таксама: “У праекце Кодэкса захоўваюцца без змены дэкларатыўныя нормы аб праве навучэнцаў і выкладчыкаў на ўдзел ці стварэнне арганізацый, а змяненняў у плане пашырэння кадравай або фінансавай аўтаноміі ў праекце Кодэкса няма”[14]. Такім чынам, нават прынятая адказнаць за змены ў бок ўніверсітэцкіх прынцыпаў не становіцца нагодай для змен заканадаўчых падстаў і рамак дзейнасці ўніверсітэтаў Беларусі.

___________________________________________________________

Пачатак тэкста «Ідэя ўніверсітэта і грамадзянская супольнасць»:

I. Практыкі, нормы і этас грамадзянскай супольнасці ва ўніверсітэцкіх сценах

___________________________________________________________

[1] Указ президента Республики Беларусь от 29 августа 1996 года № 342 “О Белорусском государственном университете”.

[2] Лукашенко А.Г. Сильная и процветающая Беларусь должна иметь прочный идеологический фундамент. Доклад президента А.Г. Лукашенко на постоянно действующем семинаре руководящих работников республиканских и местных государственных органов по вопросам совершенствования идеологической работы // “Советская Белоруссия”. — 28 марта 2003 года.

[3] ПЦ “Вясна” правёў прэс-канфэрэнцыю, тэмай якой сталі прынятые 25 лістапада ў першым чытанні у Палаце прадстаўнікоў папраўкі ў Крымінальны кодэкс, а таксама сітуацыя вакол выключэння студэнткі Таццяны Хома з Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэту // ПЦ “Вясна”. — 29.11.2005: http://spring96.org/be/news/3226.

[4] Водолажская Т., Шутов А. Запрет на профессию в Беларуси: разнообразие форм, задач и способов. Отчет по результатам мониторинга (1998—2011) // Центр европейской трансформации. — 12.09.2012: https://cet.eurobelarus.info/files/File/Berufsverbot-Belarus(1).pdf.

[5] З гарадзенскага ўніверсітэту звальняюць яшчэ двух гісторыкаў // “Твой стыль”. — 17.01.2014: http://www.t-styl.info/by/117/politics/13517/.

[6] Отчет по результатам мониторинга нарушений академических свобод студентов в учреждениях высшего образования Беларуси за период сентябрьоктябрь 2014 года // Общественный Болонский комитет. — 12.11.2014: http://bolognaby.org/index.php/issledovanija-analitika/157-belaruskaya-otchyot-po-rezultatam-monitoringa-narushenij-akademicheskix-svobod-studentov-v-uchrezhdeniyax-vysshego-obrazovaniya-belarusi-za-period-sentyabr-oktyabr-2014-g.

[7] “Белая книга. Реформирование высшей школы Беларуси в соответствии с целями, ценностями и основными направлениями политики Европейского пространства высшего образования // Общественный Болонский комитет. — 16.06.2013: http://bolognaby.org/issledovanija-analitika/150-belaya-kniga.

[8] Инструкция о порядке ведения и применения Общегосударственного классификатора “Специальности и квалификации”, утвержденного Министерством образования Республики Беларусь 1 июля 2009 года № 42.

[9] Положение о порядке открытия подготовки по профилям образования, направлениям образования, специальностям, направлениям специальностей, специализациям, утвержденное Советом министров Республики Беларусь 27 июня 2011 года № 849.

[10] Отчет по результатам мониторинга нарушений академических свобод студентов в учреждениях высшего образования Беларуси за период сентябрьоктябрь 2014 года // Общественный Болонский комитет. — 12.11.2014: http://bolognaby.org/index.php/issledovanija-analitika/157-belaruskaya-otchyot-po-rezultatam-monitoringa-narushenij-akademicheskix-svobod-studentov-v-uchrezhdeniyax-vysshego-obrazovaniya-belarusi-za-period-sentyabr-oktyabr-2014-g.

[11] “Белая книга. Реформирование высшей школы Беларуси в соответствии с целями, ценностями и основными направлениями политики Европейского пространства высшего образования // Общественный Болонский комитет. — 16.06.2013: http://bolognaby.org/issledovanija-analitika/150-belaya-kniga.

[12] Задзіночанне беларускіх студэнтаў // “Альтэрнатыўная моладзевая платформа” http://ampby.org/studenckija/zadzinoczannie-bielaruskix-studentaw/.

[13] Дорожная карта по проведению Беларусью реформы системы высшего образования // Общественный Болонский комитет. — Май, 2015: http://bolognaby.org/images/uploads/2015/12/Roadmap-Belarus-ru.pdf.

[14] Имплементация требований Дорожной карты в проекте Кодекса об образовании // Общественный Болонский комитет. — 11.03.2017: http://bolognaby.org/images/uploads/2017/03/BIBC_Roadmap_Code_of_Education_2017.pdf.

Лятучы універсітэт — гэта некамерцыйная ініцыятыва, дзе любы жадаючы можа навучацца бясплатна.
Але гэтага ўсяго не было без падтрымкі неабыякавых.
Напішыце каментар