Фармаванне структур грамадзянскай супольнасці ў Беларусі ў 1917 г.

08 ноября 2017

Перыяд паміж двума рэвалюцыямі – Лютаўскай і Кастрычніцкай – складаны і патэнцыйны час. Беларускі гісторык Аляксандр Гужалоўскі даследуе, што адбывалася ў гэты час на Беларусі, якія рухі і энергіі віравалі на нашых землях, якія формы грамадскай актыўнасці з’яўляліся, набіралі моц і спаборнічалі адзін з адным. 

Утаймаванне Левіяфана: фармаванне структур грамадзянскай супольнасці ў Беларусі ў 1917 г.

Аляксандр Гужалоўскі

Грамадзянская супольнасць сёння разумеецца як грамадства з развітымі эканамічнымі, палітычнымі, прававымі і культурнымі адносінамі паміж людзьмі, незалежнае ад дзяржавы, але ўзаемадзеючае з ім. З пункту гледжання сучаснай паліталогіі, грамадзянская супольнасць – гэта адкрытае грамадства, у якім грамадскае пераважае над дзяржаўным, а дэмакратыя папярэднічае ўладзе. Грамадзянская супольнасць забяспечвае прастору свабоды сваіх членаў і стварае тэрыторыю дабраахвотных асабістых, сацыяльных і эканамічных адносінаў і структур. Дзейнасць гэтых структур рэгулюецца законам, але не падпарадкавана дзяржаве. Асноўнымі элементамі грамадзянскай супольнасці з’яўляюцца органы самакіравання, палітычныя партыі, прафсаюзы, царква, грамадскія рухі, а таксама разнастайныя няўрадавыя арганізацыі – саюзы прадпрымальнікаў, асацыяцыі спажыўцоў, дабрачынныя фонды, навуковыя, культурныя і жаночыя арганізацыі, спартовыя таварыствы.

Найважнейшай умовай існавання грамадзянскай супольнасці з’яўляецца наяўнасць у соцыюме грамадзянскай культуры. Апошнюю мы ўслед за Габрыэлем Алмондам і Сіднэем Вярбой разумеем як дынамічную з’яву, якая ў сваім развіцці праходзіць тры этапы. Першы этап зараджэння грамадзянскай культуры можна вызначыць як патрыярхальны, калі насельніцтва ставіцца індыферэнтна да грамадска-палітычных праблем, не ведае і не жадае ведаць пра дзяржаву, замыкаючыся ў праблемах сваёй вёскі ці мясцовасці. Другі этап станаўлення грамадзянскай культуры нараджае культуру падпарадкаванасці, якая вызначаецца татальнай залежнасцю людзей ад дзяржавы, калі апошняя ўспрымаецца крыніцай даброт альбо пакарання. Нарэшце трэці этап фармавання грамадзянскай культуры мае назву культуры ўдзелу, калі нормы, альбо “рэгламент”, які спускаецца зверху, ад цэнтральнай улады, карэлюецца грамадскай ініцыятывай знізу. У кожным канкрэтным грамадстве можна сустрэць сацыяльныя групы, якія знаходзяцца на розных (а часам – на ўсіх трох) этапах развіцця грамадзянскай культуры[1]. Беларускае грамадства ў 1917-м годзе не з’яўлялася выключэннем. Лютаўская рэвалюцыя надала новыя імпульсы працэсу стварэння ў Беларусі грамадзянскай супольнасці, які запаволіўся з пачаткам Першай сусветнай вайны. Прававыя акты Часовага ўраду, прынятыя вясной – летам 1917-га года, значна пашырылі дэмакратычныя правы і свабоды грамадзян, паспрыялі іх сацыяльнай актыўнасці.

Адразу ж пасля прыходу да ўлады, стваральнікі новай ліберальна-дэмакратычный Расійскай рэспублікі дэлігімітызавалі старую імперскую ўладу і яе мясцовыя структуры. У першыя дні рэвалюцыі пад кіраўніцтвам партыі кадэтаў пачалося правядзенне адміністрацыйна-упраўленчай рэформы. Часоваму ўраду патрабавалася падтрымка на месцах, таму замест губернатараў кіруючым апаратам быў уведзены інстытут камісараў, якія ў сваёй дзейнасці абапіраліся на грамадскія выканаўчыя камітэты. Падобная дзяржаўна-грамадская канструкцыя стала інструментам дзяржаўнага кіравання на месцах урада Г.Я. Львова. У кадравым забеспячэнні новых уладных структур, урад абапіраўся пераважна на грамадскіх актывістаў, прайшоўшых школу парламенцкай барацьбы, працы ў земствах і гарадскіх думах, а таксама розных неўрадавых арганізацыях. Так, паводле цыркулярнага распараджэння Часовага ўраду ад 5 сакавіка 1917 г., абавязкі камісараў усіх узроўняў “часова” ускладаліся на старшынь губернскіх і павятовых земскіх упраў, альбо на гарадскіх галоў. Новыя пасады не пазбаўлялі іх ад выканання сваіх ранейшых абавязкаў. На працягу сакавіка ў большасці населеных пунктаў Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай і часткова Віленскай губерній з’явіліся губернскія, гарадскія і павятовыя камісары з уласным выканаўчым апаратам.

Загады і распараджэні, якія ішлі зверху, дапаўняліся народжанымі на месцах нізавымі грамадскімі ініцыятывамі. Ужо ў першыя дні Лютаўскай рэвалюцыі гарадская і вясковая інтэлігенцыя, ліберальнае чынавенства і памешчыкі пачалі ствараць часовыя камітэты з мэтай мірнай перадачы ўлады. Напрыклад, у Мінску падобны камітэт меў назву “камітэт грамадскай бяспецы”. У іх склад уваходзілі гласныя гарадскіх дум, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, настаўнікі, святары, але найперш – земскія дзеячы. Гэтыя камітэты абвяшчалі сябе органамі ўлады на месцах, абіралі кандыдатуры камісараў, якія зацьвярджаліся ў Петраградзе, арганізоўвалі атрады міліцыі і інш.

Уладзімір Друцкой-Сакалінскі

У Мінску цыркулярнае распараджэнне ўрада аб наданні яму вышэйшых уладных паўнамоцтваў у губерніі атрымаў старшыня губернскай земскай управы, адстаўны гвардыі ротмістр драгунскага палка, член партыі кадэтаў Б.М. Самойленка. Працэс перадачы ўлады ў горадзе адбыўся хутка, мірна і будзённа. Вось як яго апісвае апошні мінскі губернатар У.А. Друцкой-Сакалінскі: “7 сакавіка да мяне з’явіўся Самойленка для прыёмкі губерніі… Прыёмка абмежавалася тым, што я перадаў паводле распіскі чэкавую кніжку палявога казначэйства на 50 000 рублёў. Больш здаваць не было чаго, да і размаўляць не было пра што”[2].

Падобным чынам напачатку сакавіка адбылася перадача ўлады ад віцебскага губернатара Б.М. Хітраво старшыні губернскай земскай управы М.Л. Карташову. У адрозненні ад Мінска, мірны працэс перадачы ўлады тут быў сапсаваны віцебскім саветам, паводле патрабавання якога 19 сакавіка “рэакцыянера Карташова” змясцілі пад хатні арышт. Неўзабаве, замест яго, пасаду віцебскага губернскага камісара заняў вядомы грамадскі і палітычны дзеяч, былы член Дзяржаўнай думы і віцебскі гарадскі галава, член партыі кадэтаў А.А. Валковіч[3].

6 сакавіка ўлада у Магілёўскай губерні мірна перайшла ад губернатара Д.Г. Яўленскага старшыні губернскай земскай управы В.А. Судзілоўскаму. Праз 10 дзён, па згодзе бакоў, замест яго губернскім камісарам стаў былы правадыр губернскага дваранства, міравы суддзя, член папячыцяльскіх саветаў шэрагу мясцовых таварыстваў Ф.Я. Хамянтоўскі. У жніўні выконваючым абавязкі магілёўскага губернскага ўрадавага камісара Часовы ўрад прызначыў члена партыі эсэраў Г.І. Пеўзнера[4].

20 красавіка па выніках выбараў, у якіх удзельнічалі прадстаўнікі незанятых немцамі паветаў Віленскай губерні, віленскім губернскім камісарам стаў ураджэнец в. Пятровічы Дзісненскага павета, член савета сялянскіх дэпутатаў, эсэр В.С. Балай[5].  

Адначасова са зменай губернскіх уладаў, на змену меўшым неабмежаваную ўладу ў паветах спраўнікам прыходзілі абраныя на больш ці менш прадстаўнічых сходах мясцовай грамадскасці павятовыя камісары. Трэба агаварыцца, што на гэтых сходах прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці не заўсёды пераважалі над кансерватарамі, якія стрымана ставіліся да рэвалюцыйных пераўтварэнняў. Напрыклад, створаны гомельскай гарадской думай “Камітэт грамадскай бяспекі” узначаліў гарадскі галава, былы паліцмейстэр Ф.М. Фен-Раеўскі. Рэвалюцыйныя падзеі не змянілі паважлівага стаўлення да яго большасці гараджан, бо ў іх вачах арганізацыйныя здольнасці і маральныя якасці Фен-Раеўскага пераважалі над яго паліцэйскім мінулым[6]. Неўзабаве Часовы ўрад зацьвердзіў яго кандыдатуру на пасадзе гарадскога камісара.

Паралельна з афіцыйнымі органамі новай улады, якія на вышэйшым узроўні ўвасабляла Дзяржаўная дума і Часовы ўрад, пачалося стыхійнае ўзнікненне саветаў – альтэрнатыўных органаў улады салдат, рабочых і бяднейшага сялянства, большасць якіх у Беларусі знаходзіліся пад кантролем эсэраў і меншавікоў. Саветы дзейнічале паводле прынцыпу прамой дэмакратыі, іх вытокі караніліся ў народным вечавым ладзе. Выбары ў саветы салдацкіх, рабочых, сялянскіх і іншых дэпутатаў адбываліся не паводле тэрытарыяльнага прынцыпу, але паводле вытворчага. Таму прадстаўнікі так званых “непрацоўных класаў” (буржуазія, служачыя, студэнты) мелі шанец быць абраныя ў іх кіраўніцтва ў выпадку, калі з’яўляліся членамі левых палітычных партый.

Саветы ствараліся рэвалюцыйным шляхам, па-за законамі і нормамі, як прадукт народнай творчасці, на сходах рабочых прадпрыемстваў, а таксама прадстаўнікоў левых партый і арганізацый. 4 сакавіка быў створаны мінскі савет, які 8 сакавіка аб’яднаўся з саветам салдацкіх дэпутатаў. Тады ж быў абраны выканкам з 9 чалавек на чале з сацыял-дэмакратам–“міжраёнцам” Б.П. Позернам[7]. На другім паседжанні мінскага савета 68 дэлегатаў прадстаўлялі 9183 працоўных ад 23 прадпрыемстваў і ўстаноў горада[8]. 3–4 сакавіка ўтварыўся савет салдацкіх і рабочых дэпутатаў у Гомелі. 8 сакавіка быў створаны  савет рабочых дэпутатаў у Віцебску. У той жа дзень у памяшканні гарадской думы адбыўся ўстаноўчы сход аршанскага савета рабочых дэпутатаў.

Удзельнік рэвалюцыйных падзей 1917 г. бальшавік І.А. Хургін так апісвае працэс стварэння савецкай, пакуль што альтэрнатыўнай, улады ў Оршы: “Савет рабочых дэпутатаў быў заснаваны адразу пасля Лютаўскага перавароту ў сакавіку. Адначасова ўзніклі саветы салдацкіх і афіцэрскіх дэпутатаў. Яны пэўны час існавалі асобна, прычым Савет рабочых дэпутатаў знаходзіўся выключна ў руках меншавікоў, бундаўцаў і эсэраў. Савет салдацкіх дэпутатаў знаходзіўся часткова ў руках эсэраў, а часткова ім кіравалі беспартыйныя афіцэры старой закалкі. Я ў Оршу трапіў 15 сакавіка, як раз на адно з пасяджэнняў Савета салдацкіх дэпутатаў, на якім была прынята рэзалюцыя не толькі працягваць вайну да поўнага пераможнага канца, але да звяржэння нямецкага мілітарызму… Прыблізна да канца сакавіка адбылося зліццё рабочага і салдацкага савета пад назвай Савет салдацкіх і рабочых дэпутатаў. У той час у Оршы з’явіліся новыя асобы – эсэры больш левага ўхілу, якія патрабавалі забраць усю зямлю у абшарнікаў, не чакаючы рашэння Ўстаноўчага сходу… У пачатку красавіка быў заснаваны Савет сялянскіх дэпутатаў, на чале якога з самога пачатку стаялі таксама эсэры”[9].

Салдаты, гарадскія сацыяльныя нізы, а таксама бяднейшыя сяляне, практычна выключаныя з працэса стварэння структур Часовага ўраду на месцах, падтрымалі новую альтэрнатыўную ўладу. Усяго на працягу сакавіка ў гарадах і мястэчках Беларусі было створана 28 саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў, буйнейшыя з якіх знаходзіліся ў Мінску і Віцебску. У ліпені іх колькасць павялічылася да 150. Па матэрыялах з’езда саветаў Заходняй вобласці, які праходзіў 23–25 мая, мінскі савет аб’ядноўваў 53 тыс. салдат, рабочых, рамеснікаў, а таксама служачых, Барысаўскі – 36 тыс., Гомельскі – 35 тыс., Бабруйскі – 28 тыс., Мазырскі – 5 тыс., Рэчыцкі – 3 тыс., Дзісненскі – 500 чалавек. Віцебскі савет аб’ядноўваў каля 12 тыс. рабочых і столькі ж салдат мясцовага гарнізона[10]. На Заходнім фронце функцыі саветаў выконвалі палкавыя, дывізіённыя, карпусныя, армейскія салдацкія камітэты, агульная колькасць якіх на 1 верасня 1917 г. склала 7284[11].

Адразу пасля стварэння саветы распачалі барацьбу з прадстаўнікамі старой улады ў выглядзе арыштаў і высяленняў яе прадстаўнікоў, перш за ўсё паліцэйскіх. У структуры гомельскага савета з гэтай мэтай была нават створана спецыяльная адзінка – “камісія для пазасудовых арыштаў”[12]. Адзін з найбольш рэзанансных арыштаў здзейсніў полацкі савет, які адправіў у вязніцу былога правадыра дваранства Віцебскай губерні, аднаго з лідараў рускіх манархістаў А.А. Рымскага-Корсакава. Адначасова саветы павялі барацьбу, першапачаткова ў межах існаваўшага заканадаўчага поля, з класава чужымі прадстаўнікамі новай улады. Так, па выніках разгляды скаргі рэчыцкага савета салдацкіх, рабочых і сялянскіх дэпутатаў міністру ўнутраных спраў Г.Я. Львову, пазбавіўся ўласнай пасады рэчыцкі павятовы камісар[13]. Рабоча-сялянскія саветы не заўсёды знаходзіліся ў стане канфрантацыі з прадстаўнікамі афіцыйнай ўлады. Напрыклад, у канцы чэрвеня 1917 г. старшыня віцебскага савета рабочых дэпутатаў М.С. Цэтлін стаў прадстаўніком міністэрства земляробства па Віцебскай губерні[14]. Многія прадстаўнікі іншых саветаў з’яўляліся членамі розных камісій, што дзейнічалі пры органах мясцовай улады і гарадскога самакіравання. А старшыня бабруйскага савета рабочых и салдацкіх дэпутатаў доктар В.В. Дамагараў быў абраны гарадскім галавой[15].

Саветы спрыялі ўзмацненню палітычнай актыўнасці насельніцтва перш за ўсё праз ідэялагічныя механізмы, і толькі ў другую чаргу выкарыстоўваючы элементы грамадзянскага выхавання. На першым месцы ў дзейнасці саветаў стаяла агітацыя і прапаганда, мабілізацыя рэвалюцыйных сіл на барацьбу з класавым ворагам. Потым ішла барцьба за паляпшэнне ўмоў працы, арганізацыя рабочага кантролю. І толькі ў трэцюю чаргу саветы займаліся пытаннямі надзённага жыцця – барацьбой са злачыннасцю, паляпшэннем харчавання, адукацыі, медыцынскай дапамогі. Падобная іерархія задач адбілася на арганізацыйнай структуры саветаў. Напрыклад, выканкам полацкага савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў складаўся з рэдакцыйна-выдавецкай, прапагандысцка-агітацыйнай, фінанасава-гаспадарчай, судова-следчай і рабочай камісій[16]. Буйнейшыя саветы мелі ўласныя друкаваныя органы – “Известия”, праз якія праводзілі агітацыю і прапаганду.

Арганізацыйна саветы ўяўлялі хутка рэагуючую сілу для вырашэння надзённых задач грамадска-палітычнага характару з дапамогай мітынгаў, маніфестацый, палітызаваных святаў і інш. Руцінным, штодзённым кіраваннем “другая ўлада” ўсур’ёз не займалася, бо не мела ні механізмаў уздзеяння на ўладу, ні падрыхтаваных кадраў, ні фінансаў. Праблемы штодзённага жыцця цікавілі саветы пераважна з пункту гледжання прыцягнення працоўных на ўласны бок. У маі 1917 г. у Мінску дэпутаты стварылі пры савеце дэмакратычны клуб, у члены якога адразу ж запісалася каля 200 чалавек[17]. Праз месяц у гомельскім палацы Паскевічаў адкрылася бібліятэка-чытальня агітацыйна-прапагандысцкай камісіі мясцовага савета, дзе ў шырокім асарціменце прапаноўваліся сацыялістычныя газеты і літаратура[18]. Лунінецкі савет арганізаваў у мясцовай адрыне “народны дом”, дзе лектары вялі прапаганду сацыялістычных ідэй[19]. У складзе віцебскага савета салдацкіх дэпутатаў мелася камісія па ахове парадку, члены якой патрулявалі горад, дзяжурылі на вакзале і рынку, мелі права затрымліваць падазроных[20]. У сярэдзіне чэрвеня гомельскі савет урэгуляваў працоўны канфлікт у Рагачоўскім павеце паміж уладальнікам гуты “Наспа” і рабочымі гэтага прадпрыемства[21].

Некаторыя саветы не здолелі разгарнуць ніякай дзейнасці і значыліся толькі на паперы. Адзін з падобны “папяровых” саветаў напачатку чэрвеня 1917 г. наведаў карэспандэнт газеты “Фронт”. Ён, у прыватнасці, пісаў: “Горад Мазыр, куды мы былі камандыраваныя з адным таварышам – павятовы, прыгожа размешчаны пры рацэ куток. Усё у ім ціха і спакойна, нібыта нічога ў Расіі не адбылося ў апошні час. Маецца Савет, які абсалютна бяздзейнічае. Атрымліваецца рабочая літаратура, якую, не распакоўваючы, складаюць у пыльныя стосы. Сумная карціна. Непралазная цемра. Маецца чарнасоценная арганізацыя”[22].

Cаветы фінансаваліся за кошт дабраахвотных ахвяраванняў працоўных, перш за ўсё фабрычных і заводскіх камітэтаў. Напрыклад, толькі з сярэдзіны сакавіка да канца красавіка 1917 г. на патрэбы Віцебскага савета салдацкіх дэпутатаў было сабрана 12 350 рублёў[23]. У чэрвені на агульным сходзе Гомельскага савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў была прынята рэзалюцыю аб адлічэнні з заробкаў усіх рабочых, служачых і салдат горада 1% на патрэбы яго “творчай рэвалюцыйнай працы”[24]. Але народная, дэмакратычная сістэма фінансавання саветаў не заўсёды спалучалася з падобным жа характарам выкарыстання грошаў, сабраных іх выканкамамі. Ужо на пачатковым этапе існавання савецкай сістэмы ўлады, у яе нетрах пачала фармавацца ўласная палітычная эліта, якая адразу ж заявіла пра свае асобыя правы, у тым ліку на матэрыяльны дабрабыт. Пра гэта сведчыць наступны фрагмент з дзённіка мінскага рабочага-чыгуначніка, бальшавіка І.П. Голубева: “7 верасня 1917 г. Сёння ў 7 гадзін вечара [у Мінскім савеце рабочых і салдацкіх дэпутатаў, старшынёй якога ў той час з’яўляўся бальшавік К.І. Ландэр  А.Г.] быў сход усіх мясцовых гарадскіх камітэтаў. Прысутнічала шмат дэлегатаў, у тым ліку і я… Прыйшоў дамоў зусім стомлены, з хвораю галавой і недаверам да гэтай рэвалюцыі. Бо ад Саветаў не чакаю паляпшэння для рабочых па адной простай прычыне. Сёння я выпадкова зайшоў у сталоўку Савета, як раз яны абедалі. І што ж вы думаеце, яны так жа сціпла харчуюцца як рабочыя? Зусім не, яны ядуць як сапраўдныя буржуі. Я на Вялікдзень не ем таго, што ў іх прыгатавана для штодзёнага стала. А рабочыя па тры, па чатыры дні не маюць хлеба, гэта нашы Саветы мала хвалюе. Ёсць прымаўка: сыты галоднага не разумее. Усё гэта на мяне паўздзейнічала прыгнятаюча і я прыйшоў дамоў зусім сумны”[25]

Саветы пачалі губляць адкрыты, дэмакратычны характар ў канцы лета – увосень 1917 г. падчас іх бальшавізацыі, якая праводзілася з дапамогай перавыбараў кіраўніцтва. Член Палескага камітэта бальшавікоў Гіндзін узгадваў: “Жнівень-вераснь праходзіў пад сцягам падрыхтоўкі перавыбараў савета, у выніку ў верасні мы мелі ў ім большасць”[26]. У атмасферы сацыяльнай апатыі, якая ахапіла беларускае грамадства да канца лета, перавыбары ў саветы праходзілі вельмі павольна. Напрыклад, з 300 дэлегатаў, якія меркавалася абараць да 1 кастрычніка ў мінскі савет, на 28 верасня было абрана толькі 50[27]. Гэта спрасціла задачу выцяснення з яго ўмеранных сацыялістаў, перш за ўсё эсэраў і бундаўцаў, а таксама ўсталявання манаполіі ўлады бальшавікоў.

Часовы ўрад разумеў правядзенне рэформы мясцовага гарадскога і земскага самакіравання ў якасці адной з найважнейшых і першачарговых задач. Ідэёлагі новай улады разглядалі лакальныя супольнасці як важнае звяно, якое звязвае дзяржаву і грамадства. Мясцовае самакіраванне валодала вялікімі магчымасцямі гарманізацыі ўзаемаадносінаў паміж асобай, групамі інтарэсаў, палітычнымі партыямі і дзяржавай, умацавання разнастайных сацыяльных сувязяў паміж імі. На ўзроўні мясцовага самакіравання прасочваўся ўвесь комплекс сацыяльных, палітычных і эканамічных праблем тагачаснага грамадства, тут сутыкаліся інтарэсы мясцовых эліт. У той жа час органы мясцовага самакіравання давалі магчымасць далучыцца да палітычнага працэсу, паўсядзённай дэмакратычнай практыцы шараговым грамадзянам у якасці актыўных яго ўдзельнікаў.

3 сакавіка 1917 г. урад ухваліў Дэкларацыю, дзе рэформа мясцовага самакіравання на падмурку ўсеагульнага выбарчага права разглядалася ў якасці асновы будучых пераўтварэнняў. Была склікана Асобая нарада па рэформе мясцовага самакіравання пад старшынствам расійскага палітычнага і земскага дзеяча С.М. Лявонцьева. На працягу 6 месяцаў яна выпрацавала пакет дакументаў па рэфармаванні гарадскога і пасялковага самакіравання, а таксама губернскіх, павятовых і валасных земстваў. Сутнасць рэформ зводзілася да: 1. Умацавання юрыдычнага і фінансавага падмурку дзейнасці органаў мясцовага самакіравання; 2. Пашырэння кола пытанняў, якія ўваходзілі ў іх кампетэнцыю; 3. Забеспячэння роўнасці правоў грамадзян, канкурэнтнасці, свабоды выказвання і грамадскага кантролю.

Ужо ў першыя паслярэвалюцыйныя тыдні пачалася стыхійная дэмакратызацыя гарадскіх дум, а таксама органаў земскага самакіравання. Ініцыятыва іх дэмакратызацыі сыходзіла ад рэвалюцыйна настроеных дэпутатаў і гараджан, якія ставілі пад сумнеў легітымнасць дум і земстваў, створаных на падмурку цэнзавага выбарчага права. Ім супрацьстаялі дэпутаты – “цэнзавікі”, якія займалі ў органах самакіравання вядучыя пазіцыі і не жадалі іх каму-небудзь саступаць.

15 красавіка Часовы ўрад прыняў пастанову, паводле якой гарадское выбарчае права распаўсюджвалася на ўсіх жыхароў незалежна ад маёмасці, полу і нацыянальнасці, уключаючы вайскоўцаў. Гэтай пастановай адразу ж скарысталіся ў Мінску, дзе 27 красавіка пад кіраўніцтвам гарадскога галавы С.Б. Хржанстоўскага адбылося першае пасяджанне (пашыранай на 14 месцаў за кошт прадстаўнікоў яўрэйскай грамады) гарадской думы[28]. Думы іншых гарадоў звярталіся да ўраду з заявамі, у якіх абяцалі скласці паўнамоцтвы пасля таго, як пройдуць паўнацэнныя выбары паводле новага заканадаўства. Падобны зварот старой віцебскай гарадской думы, нягледзячы на пратэсты А.А. Валковіча, у красавіку 1917 г. падтрымаў міністр унутраных спраў Г.Я. Львоў[29]. Але большасць думскіх дэпутатаў разумела, што ад дэмакратызацыі складу, а таксама ўсёй дзейнасці дум залежыць іх уласнае становішча, аўтарытэт і ўмовы далейшай дзейнасці.

Грамадская вага гарадскіх дум значна падвысілася пасля прыняцця закона 17-га красавіка “Аб міліцыі”, які скасоўваў паліцыю, надаваў міліцыянерам статус муніцыпальных альбо земскіх служачых, а начальнікаў гарадской і павятовай міліцыі падпарадкаваў гарадскім думам і павятовым управам. Такім чынам, новыя органы аховы правапарадку, у адрозненні ад паліцыі, падпарадкаванай уладнай вертыкалі ў асобе губернатара, сталі структурнай часткай органаў мясцовага самакіравання. Ключавыя пасады ў міліцыі, пасля іх зацьвярджэння ў Петраградзе, занялі грамадскія актывісты розных палітычных поглядаў і сацыяльнага паходжання, якіх аб’ядноўвала вера ў стваральную моц інінцыятывы, што ішла знізу.

9 чэрвеня 1917 г. Часовы ўрад прыняў яшчэ адну пастанову, якая ўводзіла прынцып самастойнасці органаў гарадскога самакіравання, пашырала правы і рэгламентавала абавязкі думскіх гласных. Фармулёўка “кантроль за мэтазгодгасцю” дзейнасці гарадскіх дум адмянялася. Замест яе ўводзіўся “адміністрацыйны нагляд” за законнасцю думскіх пастаноў, які ажыццяўляў губернскі камісар. Гэтая пастанова дала новы штуршок для развіцця муніцыпальных структур[30].

30 ліпеня адбыліся выбары ў новую мінскую гарадскую думу, у якіх удзельнічалі 105 тыс. цывільных гараджан і 24 тыс. вайскоўцаў. Выбарам папярэднічала актыўная перадвыбарчая кампанія – усе афішныя тумбы і сцены дамоў былі заклеены агітацыйнымі матэрыяламі, на імправізаных мітынгах прамаўлялі шматлікія аратары, якія прадстаўлялі ўвесь гарадскі палітычны і нацыянальны спектр, па вуліцах ездзілі аўтамабілі з агітацыйнымі матэрыяламі. У дзень выбараў мінчане праявілі ўзорную дысцыпліну і высокую грамадскую свядомасць. Ужо з 7 гадзін раніцы выбарцы пацягнуліся да ўчасткаў, а да 9 гадзіны ля іх утварыліся чэргі, у якіх людзі цярпліва стаялі па 3–4 гадзіны. У выніку ў мінскую гарадскую думу па партыйных і нацыянальных спісах было абрана 102 гласных. Найбольш шматлікую фракцыю ў ёй утварылі эсэры (32 чал.), на другім месцы ішлі аб’яднаныя сацыял-дэмакраты (22 чал.), за імі – яўрэйскі нацыянальны блок (16 чал.), кааліцыйны польскі камітэт (11 чал.), польскае сацыялістычнае аб’яднанне (8 чал). і іншыя. Вядомы беларускі публіцыст Ул.І. Самойла стаў адным з трох абраных у думу прадстаўнікоў кадэтаў. Будучы міністр адукацыі БНР А.А. Смоліч прадстаўляў у ёй блок нацыянальных сацыялістычных арганізацый. Старшынёй думы быў абраны прадстаўнік Бунда А.І. Вайнштэйн, гарадскім галавой – эсэр П.П. Кашчанка[31].

Падчас выбараў у полацкую думу горад таксама стаў непазнавальны. Сведка наступным чынам перадае атмасферу грамадскага ўздыму, што панавала ў Полацку напрыканцы ліпеня 1917 г.: “Вуліцы, па якіх раней цягнуліся аднастайныя сялянскія вазы нагадвалі Гайд-парк: паўсюль мітынгі, узбуджаны натоўп, групы спрачаючыхся. Абуджаны, разбураны мурашнік. У сацыялістаў – поспех. З 36 кандыдатаў сацыялістычнага спісу прайшло ў галосныя думы 28 чалавек”[32]. 15 жніўня ў выбарах нясвіжскай гарадской думы ўзялі ўдзел 92% жыхароў горада[33].

Меншы энтузіязм да муніцыпальных выбараў, якія адбыліся 29 жніўня 1917 г. праявілі жыхары Віцебска. З 55 тыс. зарэгістраваных выбаршчыкаў да ўчасткаў у той дзень з’явілася крыху менш за палову. Тым не менш, выбары, на якіх перамог блок эсэраў, сацыял-дэмакратаў і бундаўцаў (“беларускі хаўрус” атрымаў 7 месцаў), былі прызнаны сапраўднымі. Неўзабаве пад кіраўніцтвам новага старшыні – меншавіка А.Д. Тарле віцебская гарадская дума распачала сваю працу. На пасадзе гарадскога галавы дума зацвердзіла кандыдатуру аднаго з кіраўнікоў віцебскага савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў бундаўца Р.Я. Арансона[34]. 7 верасня на першае пасяджэнне сабраліся гласныя новай, таксама пераважна сацыялістычнай, магілёўскай гарадской думы. Адпаведна раскладу палітычных сіл, яе старшынёй быў абраны прадстаўнік аб’яднанай РСДРП М.А. Калецкі. Гарадскім галавой стаў загадчык гарадской электрастанцыі, прадстаўнік польскага выбарчага спісу Б.Ю. Гецын[35].

Адной з найбольш левых, паводле складу гласных, была новая гарадская дума ў Воршы, якая складалася з трох фракцый – эсэраў, меншавікоў і прагрэсістаў. Яе склад яшчэ больш палявеў пасля запрашэння на пасаду гарадскога галавы прафесійнага рэвалюцыянера, бальшавіка П.М. Лепяшынскага[36]. Іншы расклад палітычных сіл быў у веліжскай гарадской думе, якая толькі на траціну складалася з сацыялістаў. Гэта ў значнай ступені тлумачылася адсутнасцю ў горадзе ваеннага гарнізону[37]. Яшчэ меншы працэнт месцаў дастаўся сацыялістычнаму блоку ў нясвіжскай гарадской думе, дзе большасць жыхароў аддалі галасы яўрэйскаму і польскаму нацыянальным блокам[38]. Падобную колькасць галасоў выбарцаў атрымалі кандыдаты-сацыялісты ў Чэрыкаве.

Розныя думкі выказвалі гласныя на пасяджэннях бабруйскай гарадской думы. Член Беларускай сацыялістычнай грамады Ф.Г. Шантыр адстойваў права беларусаў на ўласнае нацыянальна-культурнае развіццё, лідар гарадскога саюза жанчын В.А. Мядзведкава прапанавала праграму змагання з прастытуцыяй і венерычнымі захворваннямі, будучы акадэмік Беларускай Акадэміі навук, а тады меншавік С.Я. Вальфсон распрацаваў праект перайменавння цэнтральных вуліц Бабруйска, прычым вуліцу Мураўёўскую ён прапанаваў перайменаваць у вуліцу А.Ф. Керанскага[39].

Такім чынам, на працягу 1917 г. у гарадах Беларусі паўсталі новыя думы, якія адрозніваліся ад папярэдніх перш за ўсё сваім больш шырокім сацыяльным і нацыянальным складам. Новыя гласныя, большасць якіх не мела вопыту кіраўніцтва муніцыпальнай гаспадаркай, лічылі сябе перш за ўсё членамі ўласных партый альбо нацыянальных арганізацый і падчас прыняцця рашэнняў кіравалася пераважна партыйнай дысцыплінай альбо нацыянальнымі інтарэсамі, а не рэальнымі патрэбамі гораду. Да таго ж дзейнасць муніцыпальных органаў палітызаваў сам рэвалюцыйны час. Тым не менш, рэформа гарадскога самакіравання 1917 г. увасобіла чаканні дарэвалюцыйнага грамадства, а менавіта, усеагульнае выбарчае права, шырокую кампетэнцыю дум, а таксама максімальнае скарачэнне адміністратыўнага кантролю.

Адначасова з правядзеннем рэформы гарадскога самакіравання, Часовы ўрад, многія міністры якога пачыналі сваю кар’еру ў земствах, распрацаваў земскую рэформу. 21 мая быў прыняты закон, паводле якога завяршалася будаўніцтва сістэмы самакіравання на вёсцы. У дадатак да ўжо існаваўшых губернскіх і павятовых земстваў, уводзіліся  валасныя земствы. Галосных на валасныя земскія сходы, адпаведна новаму закону, абіралі ўсе дасягнуўшыя 20-гадовага ўзросту грамадзяне, якія жылі ў воласці. Такім чынам, абраныя прамым тайным галасаваннем, валасныя земствы былі задуманы як усесаслоўныя дэмакратычныя арганізацыі[40]. Акрамя гэтага, рэформа значна пашырала паўнамоцтвы і аўтаномію земстваў усіх узроўняў. Да старых, дарэвалюцыйных сфераў заняткаў органаў мясцовага кіравання, такіх як адукацыя, ахова здароўя, статыстыка, дарожнае будаўніцтва, аграномія, кааперацыя, дадаліся новыя. Да кампетэнцый земстваў аднеслі таксама аказанне юрыдычнай дапамогі насельніцтву, ахову працы, кіраўніцтва міліцыяй. Земскія служачыя больш не зацьвярджаліся на сваіх пасадах адміністрацыйным апаратам і мелі права на прафсаюзную дзейнасць. Губернскі ці павятовы камісар мог апратэставаць рашэнні земстваў толькі праз суд. Неўзабаве з мэтай паляпшэння фінансавага становішча органаў самакіравання паўстаў Дзяржаўны банк земскага і гарадскога крэдыту.

Асаблівая ўвага падчас правядзення рэформы самакіравання была нададзена калектыўнай дзейнасці земскіх і гарадскіх устаноў, бо дарэвалюцыйныя спробы земстваў аб’яднаць свае намаганні ў выглядзе саюзаў і таварыстваў тармазіліся ўладай паводле палітычных меркаванняў. Закон, прыняты Часовым урадам 9 чэрвеня 1917 г., даваў неабмежаванае права на стварэнне таварыстваў, саюзаў, а таксама правядзенне з’ездаў земскіх і муніцыпальных устаноў самім органам самакіравання.

Грамадскія дзеячы Беларусі, дзе выбарныя земствы з пэўнымі абмежаваннямі былі ўведзены ў трох усходніх губернях толькі ў 1911 г., актыўна падтрымалі рэформу. Аднак, нягледзячы на энтузіязм земцаў, яе найважнейшы кампанент у выглядзе арганізацыі самакіравання на валасным узроўні быў праведзены ў жыццё толькі часткова. Тлумачылася гэта не толькі сацыяльна-эканамічным становішчам у Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губернях, якое значна пагоршылася да верасня, калі пачаліся выбары ў валасныя земствы. Нармальнаму галасаванню перашкаджаў нізкі адукацыйны і культурны ўзровень сялян, а таксама іх катэгарычнае жаданне, каб органы валасных земстваў складаліся выключна са “сваіх” вяскоўцаў, без удзелу мясцовых жыхароў іншай этнічнай і сацыяльнай прыналежнасці.

Так, сяляне Мінскага павету, якія баяліся, што паны і ксяндзы, у выпаду абрання ў валасныя земствы адымуць у іх зямлю, збілі агітатараў за польскія спісы ў вёсках Самахвалавічы, Грычына і Кацяны. У вёсцы Беларучы сяляне арыштавалі выбарчую камісію на чале са старшынёй панам Вульфэртам і перадалі яе губернскім уладам у Мінск. Тое самае зрабілі выбаршчыкі ў мястэчку Пяршай, якія даставілі арыштаванага старшыню камісіі ксёндза Урублеўскага ў штаб армейскага корпуса ў Валожын[41]. У Клецку больш 300 сялян, якія сабраліся каля выбарчага ўчастку, прад’явілі старшыні камісіі, “старому культурнаму дзеючу С. В-ку” ультыматум: наладзіць галасаванне асобна ад яўрэяў. Атрымаўшы адмову, сяляне пачалі жорстка збіваць старога, жыццё якому выратавалі салдаты мясцовага гарнізона. Тады ж падчас канфлікта на выбарчым участку ў вёсцы Лань Слуцкага павета былі забіты бацька і сын Корбуты за тое, што займалі невялікія адміністрацыйныя пасады ў гаспадарцы Радзівілаў. “Калі так будзе далей, то ні водзін сумленны чалавек не захоча працаваць для вёскі. І так ужо ўсе уцекаюць – застаецца адзін, сам сабою, народ, як у лесі” – пісаў у роспачы карэспандэнт газеты “Вольная Беларусь”[42].

“Бязглузда”, пры малой актыўнасці выбаршчыкаў, асабліва жанчын, прайшлі выбары ў валасное земства ў в. Любавічы Мсціслаўскга павета Магілёўскай губерні[43]. Выбары галосных у Жыткавіцкае, Ленінскае і Дзякавіцкае валасныя земствы Мазырскага павета былі скасаваны. Шмат у якіх воласцях іншых паветаў Мінскай губерні выбары таксама правялі з парушэннем заканадаўства або яны зусім не адбыліся[44]. Так, былі абскарджаны і перададзены на разгляд у суд вынікі выбараў у дванаццаці валасцях Бабруйскага павета. З чатырох валасцей неакупаванай часткі Наваградскага павета, у дзвюх выбары былі сарваны сялянамі, а ў адным – абскарджаны ў судзе[45]. У валасцях Веліжскага павета Віцебскай губерні галасавала да 15% ад агульнай колькасці выбарцаў[46].

Нягледзячы на цяжкасці правядзення земскай рэформы на нізавым узроўні, з валасцей усё ж прыходзілі навіны, якія давалі земцам надзею на яе паспяховае завяршэнне ў будучым. Напрыклад, у выніку ўзорна арганізаваных выбараў у вёсцы Палуж Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерні гласнымі сталі маладыя адукаваныя людзі, у тым ліку тры настаўнікі[47]. “Свядомае стаўленне” да выбараў у валасныя земствы прадэманстравала насельніцтва многіх вёсак Мінскай губерні, якое напачатку верасня з’яўлялася да выбарчых урнаў “у вялікай колькасці”. Насельніцтва шэрагу мястэчак  губерні галасавала “амаль у поўным складзе”[48]. На першым пасяджэнні абранай у верасні ўправы Насовічскага валаснога земства Магілёўскай губерні абмяркоўвалася арганізацыя новых школ і бібліятэк[49]. Адразу ж пасля заканчэння выбараў усе губернскія земствы адкрылі дзвюхтыднёвыя курсы для бухгалтараў, сакратароў і іншых працаўнікоў, неабходных у валасных земствах[50].

Мадэрнізацыя палітычнай сістэмы былой Расійскай імперыі была адной з найважнейшых умоваў фармавання грамадзянскай супольнасці. Рэальным паказчыкам гэтага працэсу было павелічэнне колькасці палітычных партый і арганізацый, якія выконвалі ролю пасярэдніка паміж грамадствам і дзяржаўнымі органамі. Выконваючы гэтую ролю, партыі ўплывалі на дзейнасць Дзяржаўнай думы і Часовага ўраду, мясцовых прадстаўнічых і выканаўчых органаў улады, нярэдка выступалі ў якасці каталізатараў сацыяльных працэсаў, карэктавалі дзейнасць уладных палітычных структур.

У 1917 г. на тэрыторыі Беларусі дзейнічала больш 20 палітычных партый, у тым ліку: Беларуская сацыялістычная грамада, Беларуская партыя народных сацыялістаў, Хрысціянская дэмакратычная злучнасць, Беларуская партыя аўтанамістаў, Віцебскі саюз беларускага народу, Магілёўскі беларускі нацыянальны камітэт, Гомельскі саюз беларускай дэмакратыі, Беларускі народны камітэт у Воршы, Паалей-Цыён, Аб’яднаная яўрэйская сацыялістычная партыя, Бунд, Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя, Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Расійская сацыял-дэмакратычная партыя (бальшавікоў і меншавікоў) і інш.[51] Найбольш актыўна стварэнне партыйных арганізацый ішло ў губернскіх гарадах. Разам з тым, партыйныя арганізацыйныя структуры з’яўляліся таксама ў павятовых гарадах. Напрыклад, жадаючыя далучыцца да палітычнага жыцця жыхары Горак вясной 1917 г. маглі абіраць паміж мясцовымі арганізацыямі партыі кадэтаў, эсэраў, сіяністаў, Бунда, а таксама меншавікоў, падзеленымі на правых і інтэрнацыялістаў[52].

Дзейнасць палітычных партый спрыяла ўцягненню насельніцтва ў сацыяльна-палітычныя працэсы, інстытуцыялізацыі стыхійных грамадскіх рухаў. Канкрэтныя тагачасныя практыкі партыйных арганізацый, накіраваныя на стымуляванне актыўнасці людзей, іх далучэнне да сваёй дзейнасці можна ўмоўна падзяліць на два віды: з відавочна вызначанай ідэалагічнай накіраванасцю і адукацыйна-забаўляльныя.

Ідэалагічна накіраваным партыйным мерапрыемствам быў віцебскі губернскі з’езд Канстытуцыйна-дэмакратычнай партыі, які 28 чэрвеня адкрыў старшыня ЦК партыі П.М. Мілюкоў[53]. 18 сакавіка ўсіх жадаючых удзельнічаць у агульнагарадскім мітынгу Бунда не змагла змясціць глядзельная зала мінскага гарадскога тэатра[54]. Відавочна ідэалагічныя мэты ставілі члены магілёўскага аддзялення забароненага Саюза русскага народа, калі распаўсюджвалі ўлёткі манархісцка-антысеміцкага зместу[55].

Да партыйнай дзейнасці адукацыйна-забаўляльнага характару адносіліся “беларускія дні” – купальскія вечарыны, спектаклі, лекцыі па гісторыі Беларусі, экспазіцыі нацыянальнага мастацтва, якія наладзіла Беларуская народная партыя сацыялістаў з мэтай збору грошаў на культурна-асветніцкія патрэбы беларускага народа[56]. Падобным чынам актуалізаваць сваю дзейнасць спрабавалі эсэры, наладзіўшы “трохдзённыя гулянні” на мінскім трэку падчас свята Троіцы[57]. 20 жніўня быў абвешчаны днём РСДРП (меншавікоў) у Віцебску, на працягу якога прайшлі народныя гулянні, лятучыя мітынгі, продаж сацыялістычнай літаратуры і збор сродкаў на патрэбы партыі[58]. 19 чэрвеня ў гомельскім гарадскім тэатры лекцыю “Партыя і яўрэйства” прачытаў старшыня ЦК Бунда А.І. Вайнштэйн[59].

Праграмныя задачы і дзейнасць бальшавікоў, асабліва пасля абвяшчэння на VІ з’ездзе РСДРП(б) курса на ўзброенае паўстанне, не знаходзілі падтрымкі ў большасці насельніцтва Беларусі. Таму, нягледзячы на тое, што РСДРП(б) у той час уяўляла пакуль што даволі адкрытую, дэмакратычную і дэцэнтралізаваную арганізацыю, казаць пра яе ўплыў на фармаванне структур грамадзянскай супольнасці ў Беларусі не даводзіцца. Слабыя пазіцыі сярод цывільнага насельніцтва большавікі імкнуліся кампенсаваць пошукам сваіх прыхільнікаў у частках Заходняга фронту. Першы сакратар ЦК КП(б)Б А.І. Крыніцкі так апісваў становішча партыі бальшавікоў у Беларусі ўвосень 1917 г.: “Партыя ў гэтым краі складалася ў большасці не з мясцовых работнікаў, але з прышлых элементаў. Тут была невялікая група старых таварышаў бальшавікоў. Але ўся арганізацыя, якая налічвала 26 тыс. членаў партыі і прыблізна столькі ж спачуваючых, уключала пераважна франтавікоў, салдат сялянскага паходжання з цэнтральных губерній, якія былі за мір як салдаты і за зямлю як сяляне. Пагэтаму яны сталі бальшавікамі. Мясцовая бальшавіцкая арганізацыя была вельмі слаба звязана з мясцовымі рабочымі і мела на іх невялікі ўплыў. У вёсцы яна таксама не мела глыбокіх каранёў. У прафсаюзах бязмежна гаспадарылі меншавікі і Бунд”[60].

Развіццё беларускага грамадска-палітычнага руху ў 1917 г. адбывалася ва ўмовах нізкай нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, а таксама адмоўнага стаўлення да спробаў нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва як з боку Часовага ўраду, так і леварадыкальнай апазіцыі. Тым не менш, у гэты час назіралася не толькі павелічэнне колькасці беларускіх палітычных партый, але пашырэнне сацыяльнай базы беларускага палітычнага руху за кошт інтэлігенцыі, вайскоўцаў, сялян, рабочых і нават буйных землеўласнікаў. Беларускія палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі артыкулявалі аб’ектыўныя інтарэсы большасці беларусаў, праводзілі кандыдатаў у органы ўлады і самакіравання, фармавалі грамадскую думку, выхоўвалі грамадзянскую культуру насельніцтва.

Раман Скірмунт

Значны ўнёсак у працэс фармавання грамадзянскай супольнасці ў разглядаемы час зрабіў Беларускі нацыянальны камітэт на чале з Р.А. Скірмунтам, чыя дзейнасць аб’ектыўна спрыяла пераўтварэнню беларускага этнасу ў суб’ект сацыяльнага развіцця. З яго ініцыятывы альбо з дапамогай паўсталі Таварыства беларускай культуры, Таварыства дапамогі ахвярам вайны, Беларуская вайсковая арганізацыя ў Мінску і іншыя грамадскія арганізацыі. Адбыліся з’езды сацыяльна-прафесійных груп, якія, на думку кіраўнікоў камітэта, з’яўляліся ключавымі ў справе нацыянальнага адраджэння, а менавіта – сялян, настаўнікаў, святароў. 5 жніўня 1917 г., неўзабаве пасля скасавання Беларускага нацыянальнага камітэта, на першай сэсіі Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый прысутнічалі прадстаўнікі ад 23 неўрадавых структур[61]. Акрамя нацыянальных грамадскіх арганізацый, якія паўсталі на беларускіх этнічных тэрыторыях, існавалі аб’яднанні беларусаў у іншых гарадах Расійскай дэмакратычнай рэспублікі. Так, толькі у Маскве меліся арганізацыі, якія аб’ядноўвалі беларускіх вайскоўцаў, студэнтаў, міліцыянераў, тэлеграфістаў. Моцная беларуская арганізацыя існавала на Балтыйскім флоце[62]. Вынікі развіцця беларускага грамадскага сектара на працягу 1917 г. прадэманстраваў скліканы Вялікай беларускай радай, Цэнтральнай беларускай вайсковай радай, а таксама беларускім Выканкамам Заходняга фронту Першы Ўсебеларускі з’езд. Яго 1872 дэлегата прадстаўлялі практычна ўсе структуры грамадзянскай супольнасці – беспартыйныя рэгіянальныя зямляцтвы, палітычныя партыі, саветы, органы мясцовага самакіравання, прафсаюзы, грамадскія арганізацыі, СМІ.

Лютаўская рэвалюцыя карэнным чынам змяніла становішча яўрэйскага насельніцтва Беларусі. Яго прадстаўнікі ўпершыню занялі высокія пасады ў саветах, прафсаюзах, органах мясцовага самакіравання. Напрыклад, у сакавіку віцебская гарадская міліцыя на 90% складалася з яўрэяў.[63] Актывізавалася дзейнасць яўрэйскіх палітычных партый і грамадскіх арганізацый. Толькі на працягу аднаго дня 8 мая 1917 г. у Гомелі адбыліся сходы мясцовых камітэтаў і аддзяленняў Аб’яднанай яўрэйскай сацыялістычнай рабочай партыі, партыі “Паалей-Цыён”, Таварыства распаўсюджвання асветы паміж яўрэямі Расіі, а таксама Таварыства аматараў старажытнаяўрэйскай мовы “Агудас Хавэвэй Сфас Эйвер”[64]. Сучаснік так перадае атмасферу, што панавала ў мястэчку Падабранка Гомелькага павета падчас выбараў савета мясцовай яўрэйскай абшчыны: “Мястэчка наша яшчэ ніколі не перажывала такіх палітычных дзён, як 27, 28 і 29 ліпеня, калі кандыдаты ўсіх чатырох выбарчых спісаў разгарнулі шырокую агітацыю. Вулічныя мітынгі, абыходы дамоў, адозвы, плакаты – усё як у вялікіх гарадах. З 700 маючых права голасу жыхароў абодзвюх палоў прагаласавала 685”[65]. Буйнейшай у 1917 г., паводле колькасці сябраў, грамадскай арганізацыяй Віцебска быў пазапартыйны саюз “Ахдус Исроэль”[66].

У сакавіку 1917 г. у Мінску адбыўся арганізацыйны сход новай палітычнай партыі пад назвай “Польскі дэмакратычны саюз”, неўзабаве тут жа паўсталі Польскі палітычны клуб, Саюз польскіх працоўных, а таксама Польскае сацыялістычнае аб’яднанне[67]. Акрамя польскіх нацыянальных арганізацый, у Мінску дзейнічалі нацыянальныя аб’яднанні украінцаў, літоўцаў, а таксама латышскі дэмакратычны клуб. 1 жніўня ў памяшканні магілёўскай гарадской думы адбыўся ўстаноўчы сход мясцовага Саюза рускай інтэлігенцыі[68]. У Віцебску, акрамя латышскай “радыкальна-дэмакратычнай групы”, мелася эстонскае нацыянальнае аб’яднанне[69].

Ва ўмовах сацыяльна-эканамічнай і ваенна-палітычнай нестабільнасці, рэзкага падзення ўзроўню і якасці жыцця насельніцтва Беларусі, у 1917 г. значна ўзмацнілася роля прафсаюзаў як аднаго з найбольш масавых і прадстаўнічых інстытутаў грамадзянскай супольнасці. У гэтых умовах у якасці галоўнай задачы прафсаюзаў іх лідары бачылі абарону наёмнага работніка ў працэсе працоўных адносін з наймальнікам. Разам з тым, сфера дзейнасці прафсаюзаў як незалежнага ад дзяржавы і працадаўцы інстытута грамадзянскай супольнасці не абмяжоўвалася вырашэннем канкрэтных праблем чалавека працы. Прафсаюзы выяўлялі і фармулявалі сацыяльныя інтарэсы і каштоўнасці розных груп насельніцтва, спрабавалі забяспечыць паміж імі дыялог, а часам – сацыяльнае партнёрства. Рэалізацыя гэтай важнай сацыяльнай функцыі прафесійных саюзаў стрымлівалася іх паступовай палітызацыяй у выніку дзейнасці прадстаўнікоў леварадыкальных палітычных поглядаў, колькасць якіх на працягу 1917 г. у кіраўніцтве прафсаюзаў павялічвалася.

Разгортванне прафсаюзнага руху падштурхнулі заканадаўчыя ініцыятывы Часовага ўраду ў галіне працоўных адносін. У красавіку 1917 г. з’явілася пастанова ўраду “Аб рабочых камітэтах”, якая легалізоўвала дзейнасць фабрычна-заводскіх камітэтаў па рэгуляванні заработнай платы, працягласці працоўнага дню, паляпшэнні бытавых умоў на прадпрыемствах усіх форм уласнасці[70]. Разам з фабрычна-заводскімі камітэтамі, паводле задумы Часовага ўраду, выхоўваць адказны перад грамадствам працоўны клас былі павінны прафесійныя саюзы. Пошукамі кампрамісаў паміж працай і капіталам займалася спецыяльнае міністэрства працы ў Петраградзе, а таксам яго камісары ў губернях.

Даволі актыўна працэс утварэння прафесійных арганізацый ішоў у беларускіх губернскіх гарадах, дзе да пачатку Лютаўскай рэвалюцыі ўжо меўся больш чым дваццацігадовы вопыт арганізаванай прафсаюзнай дзейнасці. На прафсаюзнае будаўніцтва значна паўплываў сацыяльны склад насельніцтва гэтых гарадоў, дзе жылі дзяржаўныя і ваенныя чыноўнікі, служачыя гандлёвых прадпрыемстваў, педагагічныя, медыцынскія і культурныя работнікі, рабочыя, тэхнікі, рамеснікі, абслугоўваючы персанал. Ва ўмовах адсутнасці буйных прамысловых прадпрыемстваў, беларускі прафсаюзны рух, арганізаваны ў той час пераважна па цэхаваму прынцыпу, выглядаў вельмі страката. Многія з паўстаўшых у 1917 г. прафсаюзаў (ювеліраў, зубных тэхнікаў, служачых гасцініц, дворнікаў, аркестрантаў, хатняй прыслугі, кур’ераў) былі нешматлікія, існавалі кароткі час і далучыліся да буйных саюзаў, альбо зусім спынілі сваю дзейнасць. Разам з тым, да лета 1917 г. паўсталі моцныя галіновыя аб’яднанні чыгуначнікаў, металістаў, дрэваапрацоўшчыкаў і інш.

Ужо ў сакавіку 1917 г. новыя прафсаюзы Беларусі пачалі настойліва высоўваць патрабаванні да прадпрымальнікаў у галіне аховы працы, павышэння заробкаў і ўсталявання 8-гадзіннага працоўнага дня. Да лета нармаваны працоўны дзень явачным парадкам увялі не толькі буйныя прафсаюзы, але таксама сярэднія і малыя. Напрыклад, 8-гадзінны працоўны дзень у той час ужо мелі рабочыя мінскіх друкарняў[71], а таксама віцебскія краўцы[72].  Спецыфіка настаўніцкай і журналістскай працы, якая прадугледжвала ненармаваны працоўны дзень, вызначала іншыя эканамічныя патрабаванні да працадаўцаў. Так, магілёўскі “саюз педагогаў з дзвюма самастойнымі аддзяленнямі – ніжэйшых і сярэдніх навучальных устаноў”, а таксама гомельскі “саюз дзеячоў перыядычнага друку” засяродзіліся на патрабаванні павышэння заработнай платы[73]. У сітуацыях, калі кампраміс паміж працоўнымі і працадаўцамі не мог быць дасягнуты ў “прымірэнчых камерах”, прафсаюзы абвяшчалі страйкі. Падобным шляхам адстойвалі ўласныя правы служачыя віцебскага трамвая і гомельскіх гасцініц, рабочыя мінскіх гарбарняў, і, нават, члены яўрэйскага пахавальнага брацтва[74].

Акрамя патрабаванняў эканамічнага характару, у шэрагу выпадкаў прафсаюзы Беларусі высоўвалі сацыяльныя патрабаванні. Напрыклад, у адзін з апошніх дзён мая на сваім агульным сходзе мінскія цырульнікі патрабавалі ад гаспадароў прадастаўлення выходнага дня – для хрысціян у нядзелю, для іўдэяў у суботу[75]. Тады ж кіраўніцтва саюза на земскай папіроснай фабрыкі ў Мінску патрабавала, каб гаспадар (яўрэй па нацыянальнасці) размаўляў з непісьменнымі яўрэйскімі работніцамі на ідыш[76]. Мінскі прафсаюз дворнікаў і хатняй прыслугі, разам са шматлікімі эканамічнымі патрабаваннямі кшталту фіксаваных часоў працы, рэгламентацыі службовых абавязкаў, прыстойных жыллёвых умоў, патрабаваў ад гаспадароў звароту да сваіх членаў на “Вы”[77].

Актыўны рост прафсаюзных арганізацый вымагаў іх новых, буйных арганізацыйных форм. Так, напачатку чэрвеня 1917 г. было створана Цэнтральнае бюро прафесійных саюзаў Мінска, куды ўвайшлі кіраўнікі 29 саюзаў горада. Разам гэтыя саюзы аб’ядноўвалі каля 6 тыс. працоўных. Найбольш шматлікі ў Мінску быў прафсаюз служачых, які налічваў 1,5 тыс. членаў. За ім ішоў прафсаюз “Ігла”, аб’яднаўшы 800 краўцоў. У складзе Цэнтральнага бюро таксама знаходзіліся кіраўнікі саюзаў рабочых тытунёвых фабрык, у якім налічвалася 600 членаў, гарбароў (400 членаў), будаўнікоў (300), пераплётчыкаў (300), ваенных краўцоў (300), пекараў (300), друкароў (150), рабочых заводаў сельцерскіх вод (150), цырульнікаў (125), музыкаў (100), шчотачнікаў (60), а таксама служачых кінематографа (60)[78]. У той жа час Цэнтральнае бюро прафесійных саюзаў Віцебска аб’ядноўвала 18 саюзаў з 20 існаваўшых у горадзе[79]. Да канца года ўсе віцебскія прафсаюзныя арганізацыі аб’ядноўвалі каля 11 тыс. чалавек[80].

Разам з прафсаюзамі, важным структурным элементам фармуючайся гарамадзянскай супольнасці быў кааператыўны рух. Адначасова ён уяўляў фенамен народнага жыцця, які арганічна спалучаў элементы традыцый і наватарства. Многія бачылі ў кааператывах мадэль новага светаўладкавання на прынцыпах супрацоўніцтва і партнёрства. 20 сакавіка 1917 г. Часовы ўрад прыняў палажэнне “Аб кааператыўных таварыствах і іх саюзах” – закон, які стымуляваў развіццё гэтай важнай формы самаарганізацыі грамадства. Палажэнне адмяняла абавязковасць атрымання дазволу адпаведных дзяржаўных органаў на стварэнне кааператыўных таварыстваў і саюзаў. Цяпер яны ствараліся “у мэтах духоўнага и матэрыяльнага дабрабыту грамадзян” явачным парадкам[81]. У выніку ў 1917 г. кааперацыя набыла масавы характар і аб’ядноўвала розныя сацыяльныя групы насельніцтва, у т.л. сельскае. Да сярэдзіны кастрычніка 1917 г. у Расійскай рэспубліцы дзейнічала звыш 50 тыс. розных кааператываў. Каля тысячы з іх знаходзілася ў Віцебскай губерні[82]. Асобую ролю сярод іншых формаў кааператыўнага руху ва ўмовах харчовага крызісу набывала спажывецкая кааперацыя. Колькасць спажывецкіх кааператываў на працягу 1917 г. увесь час павялічвалася. Толькі ў адным Мінску ў канцы верасня налічвалася 16 падобных кааператываў. Буйнешым з іх з’яўляўся польскі кааператыў “Сіла”, які налічваў 2, 5 тыс. членаў і меў гадавы зварот у мільён рублёў[83].

Важную складаючую грамадзяскай супольнасці, што фармавалася ў Беларусі ў 1917 г. утваралі друкаваныя СМІ, якія знаходзіліся ў недзяржаўнай уланасці. Яны з’яўляліся інструментам галоснасці, дазвалялі наладзіць адкрыты дыялог у публічнай сферы, аператыўна інфармавалі грамадзян аб працэсах і падзеях, што адбываліся ў грамадстве. Газеты як важнейшыя сродкі камунікацыі дапамагалі вырашаць розныя сацыяльныя праблемы “…шляхам іх агучвання, прыцягнення да іх увагі грамадскасці, тым самым перамяшчаючы праблемы са сферы прыватнай у сферу грамадска-палітычную”[84].

27 красавiка 1917 г. Часовы ўрад прыняў закон “Аб друку”, адпаведна якому скасоўвалася палітычная цэнзура, легалізоўвалася выдавецкая дзейнасць усіх палітычнах сіл[85]. Наступную цэнзуру друкаваных выданняў маглі ажыццяўляць на працягу сутак толькі губернскія камісары. Пры гэтым галоўнай умовай поспеху тых ці іншых выданняў сталі не адносіны з уладай, але здольнасць быць максімальна карыснымі для ўдзельнікаў рынка.

«Вольная Беларусь» за 20 «іюня» 1917 г.

У гэтых умовах рэзка павялічылася колькасць газет, якія прадстаўлялі ўвесь спектр грамадска-палітычных сіл Беларусі. Толькі ў адным Мінску ў жніўні 1917 г. іх выходзіла 18: “Вольная Беларусь”, “Звезда”, “Минский курьер”, “Варшавское утро”, “Дэр Векер”, “Дас Ідышэ Ворт”, “Школьное дело”, “Минский голос”, “Минская газета”, “Товарищ”, “Новая заря”, “Известия Минского губернского комиссара”, “Известия Минского совета рабочих и солдатских депутатов”, “Известия совета крестьянских депутатов Минской и Виленской губерний”, “Известия комитета Западного фронта Всероссийского земского союза”, “Известия комитета Западного фронта Красного креста”, “Вісті Украінзапкомітету”, “Dziennik Miński”[86]. Акрамя амаль 200-тысячнага насельніцтва Мінска, магчымасць выбару мела таксама чытаючая публіка невялікіх беларускіх гарадоў і мястэчкаў. Напрыклад, у Горках выдавалася сацыялістычнае “Свободное слово” і кансерватыўны “Горецкий вестник”[87].

Адначасова адбывалася ўмацаванне прафесійнай салідарнасці працаўнікоў друку. Гэтаму спрыялі такія мерапрыемствы, як абласная канферэнцыя працаўнікоў друку Паўночна-Заходняга краю, якая праходзіла ў Гомелі 1–2 верасня. Удзельнікі канферэнцыі, на якой бальшавіцкі друк прадстаўлялі 3 чалавекі (у т.л. Л.М. Кагановіч) абмяркоўвалі не толькі прафесійныя, але таксама палітычныя пытанні[88]. За некалькі дзён да адкрыцця гомельскай канферэнцыі, у Мінску адбылася падзея, якая азмрочыла кароткі перыяд свабоды слова ў Беларусі. Па настойлівай просьбе камандавання Заходнім фронтам, мінскія губернскія ўлады зачынілі рэдакцыю бальшавіцкай газеты “Звязда”, якая рэгулярна змяшчала антываенныя матэрыялы, а таксама заклікала салдат да дэзерцірства[89].

У падобным выглядзе перыядычны друк Беларусі праіснаваў да 25 кастрычніка 1917 г., калі загадам № 1 Мінскі савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў увёў цэнзураванне ўсіх газет, якія выдаваліся ў горадзе і прыходзілі па пошце з мэтай «папярэджвання распаўсюджвання чутак, якія хвалююць насельніцтва»[90]. Гэты захад выклікаў сапраўдны шок у прадстаўнікоў усіх без выключэння палітычных сіл, якія неўзабаве пасля з’яўлення загаду № 1 спрабавалі аб’яднаць намаганні ў барацьбе за свабоду слова. Так, 26 снежня з ініцыятывы абласнога камітэта партыі эсэраў, у Мінску адбыўся сход сацыялістычных і дэмакратычных арганізацый, у якім удзельнічалі прадстаўнікі Бунда, меншавікоў, эсэраў, Паалей-Цыёна, паштова-тэлеграфнага саюзу, прафсаюзу друкароў, а таксама Савета сялянскіх дэпутатаў. Па выніках абмеркавання, удзельнікі сходу абралі міжпартыйную камісію па абароне свабоды друку, а таксама вырашылі правесці шэраг мітынгаў і выдаць адпаведны бюлетэнь[91]

Неўзабаве пасля Лютаўскай рэвалюцыі, Часовы ўрад узяў курс на пабудову пазаканфесійнай дзяржавы. 14 ліпеня было прынята пастанова “Аб свабодзе сумлення”[92], якая абвясціла права грамадзян на вольнае абранне веры, пераход з адной веры ў другую, альбо прызнання сябе не належачым ні да адной з іх. Адмяняліся ўсе абмежаванні паводле канфесійнай прыкметы. Часовы ўрад рыхтаваў глебу для аддзялення праваслаўнай царквы ад дзяржавы, яна паступова пазбаўлялася прывілеяў і адначасова вызвалялася ад дзяржаўнай апекі. Большая частка праваслаўнага духавенства стрымана падтрымлівала палітыку Часовага ўраду, прэтэндуючы на палажэнне першых сярод роўных. Разам з тым унутры Рускай праваслаўнай царквы ўзнік раскольнічы абнаўленчы рух, кіраўнікі якога, дэкларуючы поўную падтрымку новай улады, пачалі дэмакратызацыю царкоўнага кіравання, а таксама мадэрнізацыю набажэнства. Адначасова актывізаваліся члены праваслаўных прыходаў, якія заяўлялі свае правы на ўдзел у справах царквы. Яны пачалі адкрыта крытыкаваць клір, самастойны здымаць з пасадаў нежаданых святароў, захопліваць царкоўныя землі.

У красавіку прыхаджане мінскага кафедральнага сабора праз зварот да пракурора Св. Сінода дабіліся адмены рашэння аб пераводзе ў другое месца службы настаяцеля сабора айца Д. Паўскага[93]. Праз месяц на епархіяльным з’ездзе абмяркоўваўся выпадак, калі жыхары вёсцы Марачы Мінскай губерні выказалі недавер прыхадскому святару, высялілі яго з прычтавага дому і падзялілі ўсю царкоўную зямлю. У гэтым абмеркаванні ўдзельнічала першыя жанчына – дэлегат з’езда маці А.І. Радзялоўская[94]. Неўзабаве Віцебскі савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў атрымаў скаргу вернікаў Малахоўскага прыхода на іх святара Ціхамірава, які ў знак пратэста супраць рэвалюцыйных пераўтварэнняў замкнуў царкву на замок[95].

У жніўні 1917 г. мінскі губернскі камісар Б.М. Самойленка атрымаў ад прыхаджан Саламарэцкай царквы Сёмкава-Гарадзецкай воласці калектыўную заяву (“прыгавор”) наступнага зместу: “Мы, парахвіяны саломарэцкай цэркві выказваем зьневагу і ніздаваленьне свяшч. Самойловічу і просім пана камісара зрабіць усё патрэбнае, каб выгналі ад нас яго, сьвяшч. Самойловіча, а заміж яго ніхай прызначаць у нашу парахвію больш паважанага і дастойнага пастыра”. Незадавальненне сялян, у прыватнасці, выклікала актыўная падтрымка Самайловічам Мікалая ІІ, якога, паводле словаў святара, “згубілі міністры” і катэгарычнае непрыманне новых рэвалюцыйных уладаў, якія ён публічна называў “хуліганамі”[96]. Тады ж, пасля скаргі мясцовых жыхароў быў арыштаваны за пагромную агітацыю і высланы з Беларусі член Саюза рускага народа архімандрыт слуцкі Афанасій[97]. Трэба адзначыць, што разам з павелічэннем колькасці вострых канфліктных сітуацый паміж святарамі і вернікамі, агульным зніжэннем рэлігійнасці, скарачэнні колькасці наведванняў праваслаўных цэркваў, у 1917 г. у гарадах і вёсках прайшлі сотні праваслаўных прыхадскіх сходаў, на якіх у дэмакратычнай форме абмяркоўваліся актуальныя пытанні жыцця вернікаў – пачынаючы ад вяртання каталікам забраных касцёлаў і сканчаючы адкрыццём хораў і пашырэннем могілак.

Больш аптымістычна, чым праваслаўны клір, сустрэлі рэвалюцыю прадстаўнікі іншых канфесій – іудэі, каталікі, уніяты, мусульмане, пратэстанты, стараабрадцы, небеспадастаўна спадзяючыся на паляпшэнне свайго становішча. Спецыяльным палажэннем урад дазволіў каталікам ствараць епархіі (што было адразу ж зроблена ў Мінску), кляштары, а таксама будаваць касцёлы, толькі інфармуючы аб гэтым цывільныя ўлады. Дзеянне гэтага палажэння распаўсюджвалася таксама на ўніятаў. Міністэрства ўнутраных спраў пайшло насустрач мусульманам, якія жадалі мець выбарнае вышэйшае духавенства, зацьвердзіўшы на пасадах муфціяў асобаў, абраных на мусульманскіх з’ездах. Абмяркоўвалася наданне шырокіх правоў стараабрадцам. Адмена сацыяльных абмежаванняў для асобаў іўдэйскага веравызнання надала новы імпульс рэлігійнаму жыццю шматліких яўрэйскіх абшчын Беларусі (толькі ў Віцебску ў 1917 г. 63 сінагогі і малельных дома рэгулярна наведвалі 10,5 тыс. вернікаў)[98]. На абмеркаванні, што адбываліся на сходах абшчын віцебскіх стараабрадцаў, мінскіх мусульман, магілёўскіх каталікоў выносіўся шырокі спектр пытанняў сацыяльнага характару, прычым у апошнім выпадку, дзякуючы ксёндзу С. Лазінскаму – на беларускай мове[99].

Адну з найважнейшых структур грамадзянскай супольнасці, якая паўставала на Беларусі ў 1917 г., утваралі недзяржаўныя арганізацыі і асацыяцыі грамадзян, якія дазвалялі людзям канструктыўна ўзаемадзейнічаць, вырашаць праблемы сацыяльнага і прафесійнага характару, адказваць на выклікі вайны і рэвалюцыі. Закон “Аб сходах і саюзах” ад 12 красавіка дазваляў ствараць неўрадавыя арганізацыі, у тым ліку палітычныя партыі і прафесійныя саюзы без ніякага дазволу, рэгістрацыі альбо заяўкі[100]. 21 чэрвеня выйшла ўрадавая пастанова “Аб рэгістрацыі таварыстваў, грамадстваў і саюзаў”, якая патрабавала спрошчанай, у параўнанні з дарэвалюцыйным часам, рэгістрацыі неўрадавых арганізацый у акруговых судах[101]. Сферы і напрамкі дзейнасці недзяржаўных арганізацый былі вельмі разнастайныя – эканамічны, палітычны, сацыяльны, духоўны і інш.

Пасля прыходу да ўлады Часовы ўрад распачаў рэфармаванне народнай адукацыі, адмяніўшы саслоўныя, нацыянальныя, рэлігійныя абмежаванні, а таксама састарэлыя парадкі ў адукацыйных установах. Рэфарматарская дзейнасць Міністэрства народнай асветы дапаўнялася праектамі перабудовы сістэмы адукацыі на падмурку дэмакратызацыі і дэцэнтралізацыі, якія прапаноўвалі Дзяржаўны камітэт па народнай адукацыі і Ўсерасійскі настаўніцкі саюз. Падобныя ідэі, якія ішлі ў рамках канцэпцыі грамадзянскай супольнасці, знайшлі ўвасабленне ў шэрагу грамадскіх адуацыйных ініцыятыў у Беларусі. Яны мелі на мэце пашырэнне доступу да існаваўшай фармальнай сістэмы адукацыі, а таксама стварэнне новых нефармальных адукацыйных структур.

У разглядаемы час актыўна ствараліся новыя недзяржаўныя пачатковыя і сярэднія навучальныя ўстановы. Так, у сярэдзіне сакавіка 1917 г. вядомы беларускі грамадскі і палітычны дзеяч Р.А. Скірмунт атрымаў тэлеграму наступнага зместу: “Шчыра вітаю беларускі камітэт, жадаючы плённай працу на агульную карысць нашага роднага краю. Спадзяюся быць карысным. У памяць свабоды ствараю ў Століне пачатковую рамесніцка-агранамічную школу, якуя будзе перададзена беларускаму асветніцтву. Станіслаў Радзівіл”[102]. Толькі ў Мінску на 1917/18 навучальны год для дзяцей яўрэйскай нацыянальнасці абвясцілі набор новыя прыватныя мужчынская гімназія, рэальнае вучылішча, а таксам дзве жаночыя гімназіі. Для мінскіх бацькоў, жадаўшых даць дзецям адукацыю на рускай мове, дадатковую магчымасць давала адкрытая ўвосень 1917 г. “народная 8-класная мужчынская гімназія імя Л.М. Таўстога”. На адным з паседжанняў мінскай украінскай суполцы было пастаўлена пытанне аб адкрыцці ў горадзе ўкраінскай школы. У пачатку лістапада аб адкрыцці ў Мінску беларускай школы перад губернскім камісарам хадайнічала Вялікая беларуская рада[103].

Пра запатрабаванасць устаноў дашкольнай адукацыі ў беларускіх гарадах сведчыць наступная лічба. Толькі на працягу дня 1 чэрвеня 1917 г., калі віцебскі клуб сацыялістаў правёў урачыстае адкрыццё дзіцячай пляцоўцы, бацькі падалі яе арганізатарам больш за 800 заяў з просьбай аб залічэнні туды сваіх дзяцей[104]. У маі яўрэйскае дабрачыннае таварыства “Лінас-Гацэдэк” адкрыла дзве пляцоўкі для дзяцей дашкольнага ўзросту ў Мінску, а таксама дзіцячую калонію ў маёнтку Марусіна ў Навінках. Заняткі з выхаванцамі там праводзіліся на мове ідыш[105].  Іншае стаўленне да дашкольнага выхавання было ў беларускай вёсцы. Так, у верасні няўдачай скончыўся эксперымент Рагачоўскай земскай управы па адкрыцці адных з першых у Беларусі ясляў для вясковых хлопчыкаў і дзяўчынак. Сялянкі баяліся аддаваць туды дзяцей і нават “палохалі іх яслямі”[106].

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі ў беларускіх гарадах атрымаў развіццё ужо апрабіраваны да таго часу ў Петраградзе і Маскве від нефармальных адукацыйных устаноў, а менавіта – народны ўніверсітэт. Гэта была агульнадаступная асветніцкая ўстанова, якая спрыяла павышэнню культуры і прафесійнага майстэрства незалежна ад адукацыйнага ўзроўню і ўзросту. Так, у пачатку мая ў Мінску было распачата збіранне сродкаў на заснаваны ў горадзе польскі народны ўніверсітэт[107]. 7 жніўня ў будынку мінскага настаўніцкага інстытута правёў першыя вячэрнія заняткі народны ўніверсітэт, дзе слухачам прапаноўваліся праграмы пачатковай, сярэдняй і вышэйшай школы[108]. 26 верасня ў Горках на сходзе прадстаўнікоў усіх мясцовых палітычных, прафесійных і грамадскіх арганізацый было заснавана таварыства па стварэнні народнага ўніверсітэта для “узняцця культурнага ўзроўню народных мас”[109]. 15 кастрычніка адбылося ўрачыстае адкрыццё народнага ўніверсітэта пры клубе сацыялістаў у Віцебску[110]. 21 лістапада Мінскі камітэт Бунда адкрыў яўрэйскі народны ўніверсітэт імя Браніслава Гроссера[111].

Адначасова, паводле ініцыятыў, якія сыходзілі ад прадстаўнікоў розных грамадскіх структур, паўставалі курсы ліквідацыі непісьменнасці сярод салдат, рабочых, хатняй прыслугі і іншых нізкакваліфікаваных работнікаў. Падобныя курсы дзейнічалі пры віцебскім камітэце Бунда, гомельскім настаўніцкім саюзе, мінскім прафсаюзе шаўцоў, бабруйскай сіяністскай арганізацыі і інш. Актыўную пазашкольную асветніцкую дзейнасць разгарнулі земствы, напрыклад, у аршанскім павеце[112].

Сведчаннем павелічэння прафесійнай і сацыяльнай актыўнасці педагагічных работнікаў было з’яўленне ў 1917 г. губернскіх саюзаў настаўнікаў у Віцебску і Мінску, павятовага настаўніцкага саюзу ў Дрысе, а таксама педагагічнага таварыства з уласным “домам падлетка” у Гомелі. Сапраўднымі школамі грамадзянскай супольнасці з’яўляліся студэнцкія і вучнёўскія грамадскія арганізацыі. У снежні 1917 г. у Мінску, у памяшканні Вялікай беларускай рады (у былым доме губернатара на плошчы Свабоды), акрамя курсаў беларускай мовы, пісьменства, гісторыі і геаграфіі “для агуловай люднасьці”, дзейнічала “Беларуская вучнёўская грамада”[113]. 30 сакавіка старшыня выканкаму Петраградскага савета рабочых дэпутатаў М.С. Чхеідзэ атрымаў прывітальную тэлеграму ад толькі ўтворанай віцебскай студэнцкай арганізацыі[114]. Напачатку мая паўсталі студэнцкае бюро працы ў Мінску[115], а таксама студэнцкі клуб у Гомелі[116]. Адна з першых імпрэзаў, што адбыліся ў гэтым клубе, мела назву “Палітычны момант і моладзь” і была наладжана гомельскай вучнёўскай сацыялістычнай арганізацыяй. Бабруйскі саюз вучнёўскай моладзі “Малады Ізраіль” ладзіў у горадзе буйныя культурныя мерапрыемствы з удзелам хора і сімфанічнага аркестра[117]. Навучэнцы вучэбных устаноў у Горках арганізавалі ўласны спажывецкі кааператыў[118]. У Віцебску выдавалася “Агульнавучнёўская газета”.

Важную складаючую сілу ў працэсе фармавання грамадзянскай супольнасці ўтвараў жаночы рух. Да 1917 г. жанчыны, якія на ўласных плячах, у атсутнасці мабілізаваных на вайну мужчын, выносілі ўсе цяжкасці паўсядзённага жыцця, амаль ніяк не маглі ўздзейнічаць на грамадска-палітычны працэс. Яны не былі прадстаўлены ў структурах дзяржаўнай улады, мясцовага самакіравання, адзінкі асобаў жаночага полу працавалі ў грамадскіх арганізацыях. Назіралася выразнае эканамічнае неравенства паміж мужчынамі і жанчынамі. Пераважна сямейную, а не грамадскую ролю вызначала жыццё жанчыны ў тагачаснай беларускай вёсцы.

Петраград, 8 сакавіка 2017 г.

Лютаўская рэвалюцыя была важным этапам на шляху грамадска-палітычнага самавызначэння жанчын, што перш за ўсё праявілася ў наданні ім выбарчага права. Спачатку Часовы ўрад і саветы палічылі патрабаванне жанчынамі надання ім выбарчага права заўчасным і не падтрымалі яго. Але пад ціскам вулічнай палітычнай актыўнасці, у прыватнасці 40-тысячнай жаночай дэманстрацыі ў Петраградзе, якая адбылася 19 сакавіка, Часовы ўрад надаў жанчынам выбарчае права. Увесну 1917 г. у шэрагу беларускіх гарадоў прайшлі выбары ў гарадскія думы, у якіх узялі ўдзел жанчыны. Так, на першым паседжанні новага, пашыранага за кошт прадстаўнікоў яўрэйскай абшчыны складу мінскай гарадской думы, гарадскі галава С.Б. Хржанстоўскі вітаў першую жанчыну – гласную, ветэрана сацыялістычнага руху, члена “Зямлі і волі”, перакладчыцу “Капітала” К. Маркса А.А. Гурвіч, якая прадстаўляла Бунд[119]. У новай Вяліжскай гарадской думе сярод 30 абраных у ліпені гласных было тры жанчыны[120]. Тады ж некалькі жанчын былі абраны гласнымі бабруйскай гарадской думы[121].

Неўзабаве ў беларускіх гарадах пачалі стварацца жаночыя арганізацыі, у тым ліку “Саюз жанчын г. Віцебска”, “Таварыства жанчын Бабруйска” і інш. Акрамя пытанняў барацьбы за сацыяльна-палітычную роўнасць, важнае месца ў праграмах іх дзейнасці займала адукацыйная і дабрачынна дзейнасць. Цікавая жаночая ініцыятыва прагучала ў ліпені 1917 г. у мястэчку Лёзна Аршанскага павету. У сувязі з пашырэннем такой небяспечнай з’явы як пажары, на шматлюдным сходзе было вырашана стварыць жаночае пажарнае таварыства, якое б аб’яднала “жанчын усіх класаў мясцовага насельніцтва”[122].

Стыхійны рух жонак ваенаслужачых шараговага і малодшага каманднага складу (т.зв. “салдатак”) за свае эканамічныя правы падтрымлівалі саветы. Дзякуючы гэтаму рух “салдатак” набываў арганізаваныя формы. Напрыклад, калі 18 красавіка натоўп раз’юшаных мінчанак, якія сабраліся каля гарадскога тэатра, супакойвалі з дапамогай міліцыі[123], то 24 красавіка міліцыя ўжо ахоўвала сход “салдатак” – адно з першых публічных мерапрыемстваў, праведзеных мінскім саветам у сваім будынку на плошчы Свабоды[124]. Акрамя Мінска, саюзы салдатак, пры падтрымцы мясцовых саветаў, паўсталі таксама ў Віцебску і Гомелі.

Паводле ўспамінаў бальшавічкі В. Голубевай, летам 1917 г. у Мінску дзейнічалі жаночыя прафсаюзы прачак, а таксама хатняй прыслугі. Вось як яна апісвае жаночую калону на мінскай першамайскай дэманстрацыі, якая ішла пад сцягам, на якой былі намаляваныя паціскаючыя адна адну мужчынская і жаночая рукі: “Нарэшце, пасля доўгіх тлумачэнняў і ўгаворванняў мы здолелі сабраць даволі значную колькасць жанчын і калі мы нарэшце зрушылі з імі да савету, да нас пачалі далучацца новыя і новыя групы. У дэманстрацыю мы ўліліся ўжо доўгімі шэрагамі, за жанчынамі ішлі дзеці, якіх маці ўзялі разам з сабою”[125].

Летам 1917 г. у Беларусі паўстала некалькі грамадскіх арганізацый, якія рэгулявалі адносіны грамадзян ў сферах уласнасці і арэнды нерухомасці. Уладальнікі буйной зямельнай уласнасці імкнуліся абараніць яе падчас правядзення меркаванай аграрнай рэформы з дапамогай губернскіх саюзаў землеўласнікаў. Са свайго боку, арандатары зямельных участкаў імкнуліся абараніцца ад свавольства землеўласнікаў праз стварэнне ўласных саюзаў. У Мінску падобныя грамадскія арганізацыі паўсталі ў ліпені 1917 г.[126] Ва ўмовах вострага жыллёвага крызіса ў гарадах павялічылася колькасць канфліктаў паміж домаўласнікамі (уладальнікамі даходных дамоў) і кватэранаймальнікамі. Гэтыя канфлікты разглядаліся ў жыллёвых прымірэнчых камерах, створаных пры гарадскіх думах з удзелам саюзаў домаўласнікаў і кватэранаймальнікаў. Адзін з найбольш актыўных саюзаў, які адстойваў правы наймальнікаў жылля, з мая 1917 г. дзейнічаў у Гомелі[127]. У значнай ступені дзякуючы дзейнасці падобных саюзаў, 5 жніўня 1917 г. з’явілася пастанова Часовага ўраду, якая ўводзіла дзяржаўнае рэгуляванне ў сферу найма жытла. У прыватнасці, яна абмяжоўвала кватэрную плату памерамі, існаваўшымі да 19 ліпеня 1914 г., забараняла домаўласніку ў аднабаковым парадку спыняць дагавор аб найманні жылля нават пасля заканчэнні тэрміну яго дзеяння, а таксама дазваляла высяляць наймальніка толькі ў выпадку парушэння ім дамовы, альбо даказанай у судзе неабходнасці ўладальніку здадзеных памяшканняў[128].

Гарадская міліцыя, 2017 г.

Ва ўмовах павелічэння колькасці злачынстваў, якія да лета 1917 г. ужо набылі характар крымінальнага тэрору, а таксама невялікай эфектыўнасці міліцэйскіх падраздзяленняў, жыхары Беларусі спрабавалі аб’яднаць высілкі па барацьбе са злачыннасцю і гвалтам, ствараючы дамовыя камітэты самааховы. У сярэдзіне мая ў Мінску ў “таварыства самааховы ад злачынных элементаў” аб’ядналіся жыхары вуліц Нова-Маскоўскай, Трубнай, Мацьвееўскай, Нова-Раманаўскай. З гэтага часу каля 200 узброеных сякерамі, доўбнямі і рэвальверамі мужчын па чарзе штоноч патрулявалі вызначаную тэрыторыю. Неўзабаве падобныя таварыствы самааховы паўсталі на іншых вуліцах горада. Да канца месяца ў Мінску дзейнічала агульнагарадская камісія па ахове горада на чале з яго камендантам палкоўнікам Кузьмінскім[129]. Падобны “цэнтральны камітэт па ахове горада ад падпалаў і рабаўніцтваў” існаваў у Віцебску і некаторых іншых гарадах.

У 1917 г. у беларускіх гарадах з’явілася некалькі грамадскіх арганізацый, якія ставілі на мэце сацыяльнае аздараўленне насельніцтва праз яго ўцягненне ў заняткі фізічнай культурай і спортам. У чэрвені ўзнавіла сваю працу мінскае аддзяленне міжнароднага спартыўнага таварыства “Санітас”. Неўзабаве аддзяленне пад кіраўніцтвам П.А. Шышкова правяло гарадскія спаборніцтвы па барацьбе, а таксама лёгкай і цяжкай атлетыцы[130]. 3 верасня ў горадзе адбылося ўрачыстае святкаванне 10-годдзя гімнастычнага таварыства “Сокал”[131]. У ім бралі ўдзел члены (мужчыны і жанчыны) мінскага і гомельскаг яўрэйскіх гімнастычных клубаў “Макабі”[132]. Віцебскія аматары футбола ў сезоне 1917 г. маглі абіраць паміж дзвюма гарадскімі камандамі – “Юніон” і “Елагі”[133].

Уласныя мэты і задачы пераследвалі віцебскае медыцынскае таварыства, гомельскі юрыдычны саюз, мінскі саюз інвалідаў вайны, мінскі патранат над былымі палітзняволенымі і віцебскі саюз птушкаводаў.

Шпаркі колькасны рост неўрадавых арганізацыі паставіў на павестку дня пытанне пра іх улік, інфармацыйнае забеспячэнне, а таксама каардынацыю дзейнасці ў маштабах губерній. У чэрвені 1917 г. пачаў дзейнічаць “Віцебскі часовы грамадскі гарадскі камітэт”, куды ўваходзілі прадстаўнікі 240 неўрадавых палітычных, нацыянальных, культурніцкіх арганізацый[134]. 10 жніўня ў Магілёве паўстаў “губернскі камітэт аб’яднаных грамадскіх арганізацый” на чале з земскім дзеячом, членам партыі кадэтаў, доктарам медыцыны Г.В. Быкоўскім, куда ўвайшлі прадстаўнікі 17 агульнагубернскіх грамадскіх арганізацый – палітычных, нацыянальных, кааператыўных і прафесійных[135].

Такім чынам, 1917 год быў часам актыўнага фармавання на тэрыторыі цэнтральнай і ўсходняй Беларусі структур грамадзянскай супольнасці. Многія яе элементы, такія як дабраахвотныя аб’яднанні грамадзян, крытычна мыслячая эліта, грамадская думка, з якой лічылася дзяржава, органы самакіравання, вольныя СМІ, а таксама палітычныя партыі, існавалі ў пачатковым стане яшчэ да 1917 г. Аднак, імперская спецыфіка развіцця зрабіла працэс фармавання структур грамадзянскай супольнасці складаным, павольным і супярэчлівым. Моцны штуршок яму надалі Лютаўская рэвалюцыя і ліберальна-дэмакратычныя рэформы Часовага ўраду.

Дзяржава ў 1917 г. не брала непасрэднага ўдзелу ў канструяванні грамадзянскай супольнасці, але і не перашкаджала гэтаму працэсу. Апошні меў стыхійны характар і з’яўляўся вынікам мадэрнізацыйных намаганнняў, якія ішлі знізу, падвяргаючыся пры гэтым вонкавым ўплывам. Слабасць дзяржавы кампенсавалася шматлікімі грамадскімі ініцыятывамі знізу ў выглядзе новых ідэй, каштоўнасцяў, форм дзейнасці. Пачалося фармаванне прасторы барацьбы грамадзян за ўласныя правы ў рамках закона. Быў зроблены важны крок на шляху стварэння грамадзянскай нацыі як сукупнасці людзей, што ідэнтыфікуюць сябе з усім грамадствам і асэнсоўваюць свае адзінства.

Кажучы пра выбух сацыяльнай актыўнасці вясной–летам 1917 г., неабходна адзначыць, што дасягненню грамадзянскага адзінства на Беларускі перашкаджала этнічна-канфесійная разнастайнасць яе гарадскога і местачковага насельніцтва. Вельмі павярхоўна працэсы грамадзянскага будаўніцтва закранулі сялян. Іх уключэнню ў гэтыя працэсы перашкаджала, акрамя нізкага адукацыйна-культурнага ўзроўню, невырашанасць пытанняў аб зямлі і міры. Увосень 1917 г. з’явілася агульная стомленасць ад шматлікіх выбараў у органы самакіравання, саветы, камітэты, кіраўніцтва грамадскіх арганізацый. Пашырылася пэўнае расчараванне ў грамадскіх структурах, якія не спрыялі вырашэнню надзённых праблем – харчовага забеспячэння, барацьбе са злачыннасцю і інш. У грамадстве з’явіўся запыт на моцную дзяржаўную ўладу, здольную навесці парадак ва ўсіх сферах жыцця. На гэты запыт адразу ж адгукнуліся левыя радыкалы, якія пасля звяржэння Часовага ўраду і скасавання мясцовых органаў дзяржаўнага кіравання разгарнулі наступ на структуры грамадзянскай супольнасці.

_________________________________________________________________

Аляксандр Аляксандравіч Гужалоўскі (нар. у 1960 г.[1]) — беларускі гісторык, музеёлаг, педагог, доктар гістарычных навук(2002), прафесар (2016), прафесар кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтваў БДУ.

З’яўляецца аўтарам больш за 150 навуковых і навукова-метадычных прац, вучэбных дапаможнікаў і манаграфій. Сярод іх: «Чырвоны аловак: нарысы па гісторыі цэнзуры ў БССР» (Мн.: Рэдакцыя газеты «Звязда» , 2012. — 304 с.) і «Сэксуальная рэвалюцыя ў Савецкай Беларусі. 1917—1929 гг.»(Мн.: А.М. Янушкевіч, 2017. — 258 с.).

_________________________________________________________________

[1] Almond G.A., Verba S. The Civic Culture: Political Attitudes and Democracy in Five Nations. Princeton, N.J., 1963. P. 5–20.  

[2] Друцкой-Соколинский В.А. На службе Отечеству. Орел, 1994. С. 277.

[3] Великая Октябрьская Социалистическая революция в Белоруссии. Документы и материалы. Т. 1. Мн., 1957. С. 126, 156.

[4] Могилевская жизнь. 1917. 16 сент. № 53. С. 3.

[5] Белоусов П. В Віленской губ. // Варшавское утро. 1917. 28 июля. № 418. С. 4.

[6] Гомельская копейка. 1917. 6 марта. № 1239. С. 2.  

[7] В борьбе за Октябрь в Белоруссии и на Западном фронте. Воспоминания активных участников Октябрьской революции. Мн., 1957. С. 6.

[8] Башко П.К. Советы рабочих, солдатских и крестьянских депутатов Белоруссии (март – октябрь 1917 г. Мн., 1987. С. 16.

[9]  Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ). Ф. 60п. Воп. 4. Спр. 183. Арк 1–2.

[10] Башко П.К. Советы рабочих, солдатских и крестьянских депутатов Белоруссии…С. 43. 

[11] Игнатенко И.М. Февральская буржуазно-демократическая революция в Белоруссии. Мн., 1986. С. 141. 

[12] Великая Октябрьская Социалистическая революция в Белоруссии…С. 611.

[13] Там жа. С. 438, 615.  

[14] Известия Витебского совета солдатских и рабочих депутатов. 1917. 27 июня. № 34. С. 4.

[15] Бобруйская вечерняя газета “Голос народа”. 1917. 3 авг. № 58. С. 4.

[16] Игнатенко И.М. Февральская буржуазно-демократическая революция в Белоруссии…С. 98, 99.

[17] Минский голос. 1917. 10 мая. № 2424. С. 3.

[18] Гомельская копейка. 1917. 14 июня. № 1316. С. 3.

[19] Н.Р. Лунинец, Минской губернии (Народный дом) // Крестьянская газета. Орган Исполнительного комитета Совета крестьянских депутатов Минской и Виленской губ. 1917. 9 июля. № 9. С. 3.

[20] Известия Витебского совета крестьянских, солдатских и рабочих депутатов. 1917. 7 окт. № 115. С. 4.  

[21] Гомельская копейка. 1917. 15 июня. № 1317. С. 3.

[22] Фронт. 1917. 6 июня. № 14. С. 1.

[23] Башко П.К. Советы рабочих, солдатских и крестьянских депутатов Белоруссии…С. 42.

[24] Гомельская копейка. 1917. 17 июня. № 1319. С. 3.

[25] “Счастье мое…” Дневники Иосифа Голубева. 1916–1923. Мн., 2002. С. 82.    

[26] НАРБ. Ф. 60п. Воп. 4. Спр. 186. Арк 34.

[27] Варшавское утро. 28 сентября. 1917. № 465. С. 3.

[28] Минский голос. 1917. 28 апреля. № 2414. С. 3.

[29] Великая Октябрьская Социалистическая революция в Белоруссии…. С. 156.

[30] Законы и постановления. Сборник указов и постановлений Временного правительства.  Вып. 2. Пг., 1918. С. 444.  

[31] Варшавское утро. 1 августа. 1917. № 421. С. 3         

[32] Избиратель. Выборы в Полоцкую Думу // Известия Витебского совета крестьянских, солдатских и рабочих депутатов. 1917. 28 июля. № 15. С. 4.

[33] Вольная Беларусь. 1917. 11 верасня. № 19. С. 3.

[34] Вольная Беларусь. 1917. 11 верасня. № 19. с. 3.

[35] Могилевская жизнь. 1917. 10 сент. № 49. с. 3.

[36] НАРБ. Ф. 60п. Воп. 4. Спр. 183. Арк 13.

[37] Обыватель. Выборы в Велиже // Известия Витебского совета крестьянских, солдатских и рабочих депутатов. 1917. 18 июля. № 6. С. 4.

[38] Вольная Беларусь. 1917. 11 верасня. № 19. С. 3.

[39] Бобруйская вечерняя газета “Голос народа”. 1917. 2 авг. № 57. С. 4; 3 авг. № 58. С. 4; Варшавское утро. 1917. 8 августа. № 427. С. 3.  

[40] Законы и постановления. Сборник указов и постановлений Временного правительства. Вып. 2…. С. 215.

[41] Вольная Беларусь. 1917. 9 кастр. № 23. С. 3.

[42] А.У. М-ко Клецк, Мінск гб. Людзі-зверы // Вольная Беларусь. 1917. 23 лістапада. № 31. С. 3.    

[43] Вольная Беларусь. 1917. 30 жніўня. № 17. С. 3.

[44] Там жа. 9 кастр. № 23. С. 3.

[45] Варшавское утро. 1917. 28 сентября. № 465. С. 3.

[46] Известия Витебского совета крестьянских, солдатских и рабочих депутатов. 1917. 3 окт. № 111. С. 4.

[47] Могилевская жизнь. 1917. 6 сент. № 46. С. 3.

[48] Варшавское утро. 1917. 7 сентября. № 449. С. 3.

[49] Гомельская копейка. 1917. 2 окт. № 1400. С. 4.

[50] Могилевская жизнь. 1917. 16 сент. № 53. С. 3.  

[51] Сяменчык М.Я. Грамадска-палітычнае жыццё на Беларусі ў перыяд Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый (сакавік 1917 – сакавік 1918 гг.). Ч. 1. Мн., БДПУ, 2001. С. 59–74. 

[52] НАРБ. Ф. 60п. Воп. 4. Спр. 49. Арк. 2.

[53] Витебский листок. 1917. 28 июня. № 517. С. 3.

[54] Минский голос. 1917. 19 марта. № 2382. С. 3.

[55] Варшавское утро. 1917. 29 июля. № 419. С. 3.

[56] Варшавское утро. 1917. 16 июня. № 386. С. 3.

[57] Минский голос. 1917. 16 мая. № 2428. С. 3.

[58] Известия Витебского совета крестьянских, солдатских и рабочих депутатов. 1917. 19 авг. № 33. С. 2.

[59] Гомельская копейка. 1917. 15 июня. № 1317. С. 2.

[60] НАРБ. Ф. 60п. Воп. 4. Спр. 147. Арк. 50–51.

[61] Варшавское утро. 1917. 9 августа. № 428. С. 2.

[62] Вольная Беларусь. 1917. 8 снежня. № 33. С. 3.

[63] Сяменчык М.Я. Грамадска-палітычнае жыццё на Беларусі…С. 42.

[64] Гомельская копейка. 1917. 8 мая. № 1287. С. 2.

[65] Нусин. Подобрянка // Голос народа. 1917. 8 августа. № 103. С. 4.

[66] Витебский листок. 1917. 21 июня. № 510. С. 3.  

[67] Tarasiuk D. Między nadzieją a niepokojem. Działalność społeczno-kulturalna i polityczna Polaków na wschodniej Białorusi w latach 1905–1918, Lublin. 2007. S. 125–130.

 

[68] Могилевская жизнь. 1917. 1 авг. № 18. С. 3.

[69] Известия Витебского совета крестьянских, солдатских и рабочих депутатов. 1917. 12 августа. № 28. С. 1–2.      

[70] Законы и постановления. Сборник указов и постановлений Временного правительства.  Вып. 1. Пг., 1917. С. 215.

[71] Минский голос. 1917. 25 апреля. № 2411. С. 3.

[72] Известия Витебского совета солдатских и рабочих депутатов. 1917. 4 июля. № 39. С. 4.

[73] Могилевский вестник. 1917. 8 марта. № 56. С. 3.

[74] Варшавское утро. 1917. 30 августа. № 442. С. 3.   

[75] Минский голос. 1917. 31 мая. № 2440. С. 3.

[76] Варшавское утро. 1917. 1 июня. № 347. С. 3.

[77] Там жа. 17 сентября. № 456. С. 3.

[78] Там жа. 17 июня. № 385. С. 3.

[79] Витебский листок. 1917. 21 июня. № 510. С. 3.

[80] Борьба. 1917. 27 дек. № 34. С. 3.

[81] Сборник постановлений Временного Правительства по кооперации. М., 1917. С. ІІІ.

[82] Демидов М. Очередные задачи кооперации // Витебское слово. 1917. 15 окт. № 9. С. 2.

[83] Варшавское утро. 1917. 28 сентября. № 465. С. 3.

[84] Habermas J. Between norms and norms: Contributions to a discourse theory of law and democracy. Cambridge, 1996. P. 369.  

[85] Законы и постановления. Сборник указов и постановлений Временного правительства.  Вып. 1…С. 212.  

[86] Вольная Беларусь. 1917. 8 жніўня. № 12. С. 4.

[87] Свободное слово. Известия Горецкого совета крестьянских и рабочих депутатов. 1917.1 окт. № 19. С. 2.

[88] НАРБ. Ф. 60п. Воп. 4. Спр. 136. Арк. 9.

[89] Вольная Беларусь. 1917. 30 жніўня. № 17. С. 3.

[90] Буревестник. Орган Северо-Западного областного бюро Р.С.-Д.Р.П. 1917. 27 окт. № 17 (52). С. 1.

[91] Гомельская жизнь. 1917. 30 дек. № 1478. С. 2. 

[92] Журнал заседаний Временного правительства, март–октябрь 1917 г. Т. 3. М., 2001. С. 94–95. 

[93] Минский голос. 1917. 6 апреля. № 2396. С. 3.

[94] Там жа. 18 мая. № 2429. С. 3.

[95] Витебский листок. 1917. 18 июня. № 507. С. 3.  

[96] Парахвіянін. С.-Горадок, Мінск. Павету //  Вольная Беларусь. 1917. 28 жніўня. № 16. С. 3.

[97] Варшавское утро. 1917. 2 августа. № 422. С. 3.

[98] Витебский листок. 1917. 20 июня. № 509. С. 3.

[99] Варшавское утро. 1917. 24 сентября. № 462. С. 3.

[100] Законы и постановления. Сборник указов и постановлений Временного правительства.  Вып. 1…С. 160.  

[101] Положение о регистрации товариществ, обществ и союзов от 21 июня 1917 г. // Сборник постановлений Временного правительства о кооперации. М., 1917. С. 16–29.

[102] Минский голос. 1917. 18 марта. № 2381. С. 2.

[103] Рабочая мысль. 1917. 5 ноября. № 114. С. 4.

[104] Известия Витебского совета солдатских и рабочих депутатов. 1917. 2 июня. № 13. С. 6.

[105] Минский голос. 1917. 28 мая. № 2438. С. 3.

[106] Могилевская жизнь. 1917. 26 сент. № 61. С. 4.

[107] Минский голос. 1917. 10 мая. № 2424. С. 3.

[108] Варшавское утро. 8 августа. 1917. № 427. С. 3.

[109] Свободное слово…

[110] Витебское слово. 1917. 14 окт. № 8. С. 3.

[111] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 24. Воп. 1. Спр. 3658. Арк 46.

[112] Из путевых впечатлений // Новая жизнь. Еженедельный беспартийный прогрессивно-демократический журнал земства, кооперации и союза учителей. 1917. 15 июня. № 1. С. 8–9.

[113] Вольная Беларусь. 1917. 15 снежня. № 34. С. 4.

[114] Витебский вестник. 1917. 6 апр. № 73. С. 3.

[115] Минский голос. 1917. 10 мая. № 2424. С. 3.

[116] Гомельская копейка. 1917. 2 мая. № 1282. С. 1.

[117] Бобруйский курьер. 1917. 6 авг. № 900. С. 1.

[118] Свободное слово. Известия Горецкого совета крестьянских и рабочих депутатов. 1917. 8 октября. № 21. С. 2.

[119] Минский голос. 1917. 28 апреля. № 2414. С. 3.

[120] Обыватель. Выборы в Велиже // Известия Витебского совета крестьянских, солдатских и рабочих депутатов. 1917. 18 июля. № 6. С. 4.

[121] Бобруйская вечерняя газета “Голос народа”. 1917. 3 августа. № 58. С. 4.  

[122] Из путевых впечатлений // Новая жизнь… 

[123] Минский голос. 1917. 21 апреля. № 2408. С. 2.

[124] Там жа. 25 апреля. № 2411. С. 3.

[125] НАРБ. Ф. 60п. Воп. 4. Спр. 52. Арк. 7.

[126] Варшавское утро. 1917. 5 июля. № 389. С. 3.; 22 июля.  № 413. С. 3.

[127] Гомельская копейка. 1917. 9 мая. № 1288. С. 3–4.

[128] Журнал заседаний Временного правительства, март–октябрь 1917 г. Т. 3. М., 2001. С. 240–249.       

[129] Минский голос. 21 мая. № 2433. С. 3.

[130] Варшавское утро. 1917. 18 июня. № 386. С. 3.

[131] Варшавское утро. 1917. 23 августа. № 436. С. 3.

[132] Минский голос. 1917. 10 мая. № 2424. С. 3; Гомельская копейка. 1917. 30 сентября. № 1399. С. 3.

[133] Витебский листок. 1917. 5 июня. № 494. С. 3. 

[134] Витебский листок. 1917. 21 июня. № 510. С. 3.

[135] Могилевская жизнь. 1917. 16 сентября. № 53. С. 3.

Тэмы:
ЛЯТУЧЫ ЎНІВЕРСІТЭТ — гэта некамерцыйная ініцыятыва, дзе любы жадаючы можа навучацца бясплатна.
Але гэтага ўсяго не было б без падтрымкі неабыякавых.
Напішыце каментар