ЭГУ МУСІЦЬ БЫЦЬ РАЗБУРАНЫ!

Сябры, давайце пачнём з таго, што згадаем, якой выбітнай установай недзяржаўнай адукацыі доўгі час быў Эўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт! Насамрэч, цягам 90-х і 2000-х гг. ён без перабольшання заставаўся найбольш прарыўным, інтэлектуальна паспяховым і амбіцыйным праектам у сваёй галіне за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Пачынаючы прыблізна з 1995 і ажын да 2004 (года выгнання з Беларусі), ЭГУ заставаўся месцам бурлівага інтэлектуальнага жыцця, сапраўдным “акенцам у акадэмічную Эўропу” ў тады злёгку правінцыйным Менску. Гэта было месца, дзе можна было сустрэць бадай найлепшых, разумных, апантаных сваёй дзейнасцю выкладчыкаў, прафесараў, якія няспынна эксперыментавалі са зместам і формай вышэйшай адукацыі; тут выкладаліся надзвычай цікавыя і эксклюзіўныя курсы, якія насамрэч набліжалі нашае мясцовае мысленне да эўрапейскага роўню, адсюль пайшло шмат таленавітых студэнтаў-выпускнікоў, якія маглі б зрабіць гонар амаль кожнай навучальнай установе. Тут цягам навучальнага году можна было зусім вольна прымаць удзел у міжнародных акадэмічных мерапрыемствах, канферэнцыях, летніх школах, нароўні пагутарыць з вучонымі з сусветным імём. ЭГУ тае пары мог без перабольшання разглядацца як узор таго, якім павінен быць адукацыйны праект новага пакалення.
І не ў апошнюю чаргу гэта было заслугай тагачаснага кіраўніцтва ўніверсітэта – рэктара, акадэміка Анатоля Міхайлава і прарэктара Уладзіміра Дунаева, якія здолелі сабраць бліскучую каманду і доўгі час трымаць установу на высокім узроўні. І нават апошні істотны закід, які рабілі ў гарод тагачаснага ўніверсітэта прадстаўнікі беларускай грамадскасці – ягоная прынцыповая апалітычнасць і нежаданне ўпісвацца ў нацыянальны беларускі кантэкст – як падалося, быў цалкам адменены пасля сітуацыі грамадскага супрацьстаяння і зыхода ўніверсітэта з краіны. Пасля, пэўны час, універсітэт, што мясціўся цяпер у Вільні, падаваўся галоўнай надзеяй беларускай незалежнай адукацыі: там распачаліся шматлікія праграмы – па паліталогіі, гісторыі, сацыяльна-палітычнай філасофіі і інш., якія акумулявалі найлепшыя інтэлектуальныя чалавечыя рэсурсы і якія ўпэўнена павярталі напачатку касмапалітычна арыентаваны ўніверсітэцкі праект у нацыянальны беларускі бок.
Але ж, праекты друзнеюць, а людзі – драбнеюць!.. Фактычны заснавальнік універсітэта – акадэмік Міхайлаў, стаўся ягоным нявольным магільшчыкам. Стварыўшы сітуацыю манаполіі рэктарскай улады, адціснуўшы на перыферыю акадэмічную супольнасць і паступова выціскаючы ўсіх нязгодных, якія, на жаль, былі менавіта сярод лепшых, зачыняючы цэлыя праграмы з прычыны іхняй нізкай прыбытковасці, Міхайлаў фактычна завёў універсітэт у сённяшні глыбока крызісны стан. Спачуваючы па чалавечы людзям, якіх шмат што злучае з універсітэтам асабіста і якія маюць там месца працы ці вучобы, мушу адзначыць, што на сёння, калі разважаць стратэгічна, праект ЭГУ, па-першае, для Беларусі некарысны, а па-другое, і зусім нават шкодны!
Для Беларусі было б карысна мець незалежную ўстанову, дзе б навучаліся сучасным гатункам дзейнасці і мыслення найлепшыя яе прадстаўнікі, месца, дзе б у найбольш прарыўных галінах веды выгартоўваліся нацыянальныя эліты. Такі ўніверсітэт без перабольшання мог бы лічыцца нацыянальным. Але стаўшыся ахвярай “менэджэральнай рэвалюцыі”, ЭГУ фактычна скараціў фонды ўсіх больш-менш цікавых бакалаўрскіх ды магістарскіх праграмаў, акадэмічных праектаў і застаецца на сёння, водле народнай прыказкі, “універсітэтам дызайну і турызму”. Пры ўсёй павазе да згаданых спецыяльнасцяў, ці можам мы сцвярджаць на чысціню, што будучыня Беларусі звязаная менавіта з развіццём сферы турыстычных паслуг і продажам дызайнерскіх праектаў? Пытанне рытарычнае, таму за праектам універсітэта больш не адчуваецца карысці. Праект сябе дыскрэдытаваў настолькі моцна, у тым ліку інтэлектуальна, што нават высілкі тых творчых жывых сілаў, што яшчэ засталіся ва ўніверсітэце і ладзяць імпрэзы падобныя фестывалю Artes Liberales, ужо не ратуюць сітуацыю цалкам.
А вось чаму ён яшчэ і шкодны?! – таму што фактычна дыскрэдытуе на сёння ідэю незалежнай вышэйшай адукацыі для беларусаў, спараджае пачуццё спустошанасці і расчаравання ў тых, хто раней звязваў з універсітэтам свае вялікія спадзяванні на беларускую нацыянальную адукацыю (не з міністэрствам жа яе звязваць, не – напраўду!), перацягвае на сябе фінансавыя рэсурсы замежных партнёраў, якія маюць дасюль ахвоту падтрымліваць цікавыя і значныя акадэмічныя праекты для Беларусі. Магчыма ЭГУ яшчэ ўдасца калі-небудзь адрадзіць нейкай новай камандзе, можа ў ЭГУ і зараз ёсць невялікі шанец, што да ягонага кіравання нейкім цудам прыйдзе каманда маладых рэфарматараў, якая верне ўніверсітэту былую славу. Але пакуль, нягледзячы на ўсе ранейшыя сантыменты і сімпатыі, мы мусім сказаць шчыра: ЭГУ МУСІЦЬ БЫЦЬ РАЗБУРАНЫ!
Гэта не заклік да фізічнага знішчэння праекта, нават не закід у бок спонсараў цалкам пакінуць праект без дадатковага фінансавання, гэта простая і цвярозая развага, якая грунтуецца на простым сцвярджэнні: беларусам трэба спыніць звязваць свае надзеі і расчараванні з праектам ЭГУ, варта даць яму спакойна сканаць, а самім углядацца ў іншую будучыню! Некаторыя вядомыя палітыкі і дзеячы культуры сёння, карыстаючы з гэтай нагоды татальнай дыскрэдытацыі ЭГУ як парушальніка акадэмічных правоў і свабодаў і бадай што цалкам здэбеларусаванай інстытуцыі, заклікаюць да стварэння новага нацыянальнага ўніверсітэта за мяжой. Калі нават не прымаць да ўвагі іншыя акалічнасці, на мой сціплы розум, нацыянальны ўніверсітэт немагчыма рабіць за мяжой, бо там ён ніколі не здолее стаць тым фактарам развіцця беларускай культуры, як на тое шмат хто спадзяюцца, але затое мае вялікі шанец застацца на культурным маргінэзе і сваёй, і чужой краіны.
Нам варта звярнуць увагу на тое, што мы маем у краіне ўжо! Гэта цэлая сетка незалежных акадэмічных праграмаў, якія безумоўна не маюць афіцыйнага статуса і інстытуцыялізацыі, але знаходзяцца на пярэднім краі барацьбы за новыя гатункі нацыянальнай беларускай вышэйшай адукацыі: гэта і Беларускі калегіюм, і Лятучы ўніверсітэт, і новы праект выхадцаў з ЭГУ – каледж Liberal arts. Менавіта на базе падобных рэсурсаў варта было б разгортваць структуры нацыянальнага ўніверсітэта, каб пасля пры першай спрыяльнай магчымасці ён бы здолеў разгарнуцца ў паўнавартасную і дынамічную інстытуцыю, што магла б прасунуць беларускую вышэйшую адукацыю на ролю рэгіянальнага, а магчыма і аднаго з сусветных лідараў. Але гэта пакуль добрыя пажаданні, якія не адмяняюць, аднак, раней прамоўленага. Каб ісці далей і сягаць новых акадэмічных даляглядаў, мы мусім для сябе канчаткова вырашыць: ЭГУ МУСІЦЬ БЫЦЬ РАЗБУРАНЫ! Сказаць яму: Дзякуй і, нарэшце, Бывай!..