Меў намер пісаць на тэму дэфініцый у навуковым дыскурсе, але тут трапіла ў вока справаздача з лекцыі спадара Дзмітрыя Майбарады пра смерць і бяссмерце філасофіі, якая (лекцыя) спарадзіла ўва мне масу сустрэчных рэфлексій, некаторыя з якіх рвуцца навонкі.
Пытанне актуальнасці/неактуальнасці філасофіі, як тое было заўважана дакладчыкам, не новае. Фармулюецца яно як мінімум з часоў Арыстотэля. Тады грэцкі філосаф абгрунтаваў важнасць філасофіі вельмі канкрэтна. Быў такі філосаф Фалес – кажа Арыстотэль. Усе пасмейваліся з яго, маўляў, от чалавечына ўвесь час пагружаны ў сваіх думках настолькі, што не мае часу (або не ўмее) падбаць пра сваю гаспадарку. І вось, гэты філосаф, абапіраючыся на сваіх астралагічных прагнозах, прадбачыў, што ў гэтым годзе будзе вялікі ўраджай маслін, загадзя скупіў усе маслабойні, а калі прыйшоў час ураджаю, арандаваў іх па вялікай цане. Выснова тут такая – паясняе Арыстотэль – што філосаф – гэта той, хто здольны, пры жаданні, вельмі хутка разбагацець, але хто знаходзіць сэнс у нечым іншым, больш высакародным.
У ХХ і ХХІ стагоддзі філосафы крыху па-іншаму сцвярджаюць важнасць філасофіі. Адны спрабуюць павязаць філасофію з нейкай харызматычна-прароцкай місіяй. Філосаф – гэта сучасны Майсей, які выводзіць народ з дому рабства (напрыклад, з «дзікага капіталізму» або «рэлігійнага цемрашальства»). Або, калі не атрымалася стаць Майсеем, то тады філосаф – гэта сучасны Ерамія, які ездзіць па свеце і з дапамогай розных рытарычных фігур і ў рознай танальнасці абвяшчае «Гора» гэтаму свету.
Карл Маркс – гэта Майсей, Славой Жыжак – гэта Ерамія. У секулярна-атэістычнай версіі.
Першы – вялікі, бо яго ідэйныя нашчадкі прымусілі свет задрыжаць, другі – бо прымушае дрыжаць сучасныя сэрцы. І тут не так істотна, якой была інтэлектуальная вартасць Марксавай філасофіі і наколькі дабрадзейным быў ягоны ўплыў на грамадска-палітычныя змены. Неістотна таксама, што Жыжак аперыруе досыць цьмянай мовай, а часам дазваляе сабе і плагіят (маю тут на ўвазе нядаўні скандал вакол яго артыкула ў «Newsweek» з 2006 году). Маркс і Жыжак (а да іх трэба б дадаць яшчэ Гайдэгера, Лакана, Дэрыду і іншых майстроў цьмянага стылю) – вялікія, бо выходзяць насустрач тузе сучасных людзей па прароцкай філасофіі, такой, якая не праймаецца такімі дробязямі, як яснасць аргументацыі і звязнасць дыскурсу, а «змяняе свет».
Ёсць іншы спосаб сцвярджэння важнасці філасофіі. Гэта – кажучы проста і коратка – праца над павелічэннем нашых ведаў аб свеце. А паколькі сёння ўжо немагчыма культываваць дысцыпліну, якая б ахапіла сабой усе аспекты рэчаіснасці, неабходна спецыялізацыя, у тым ліку і ў абшары філасофіі. У такіх галінах філасофіі, як эпістэмалогія, філасофія навукі, тэорыя камунікацыі, тэорыя аргументацыі, дыскурсны аналіз ці згаданая спадаром Майбарадой філасофія свядомасці працуе шмат выдатных філосафаў-прафесіяналаў 40-ых, 50-ых і нават 70-ых гадоў нараджэння і няма ніякіх падстаў прагназаваць «смерць» гэтага тыпу філасофіі. Яна паспяхова развіваецца, а і грамадскае значэнне гэтай філасофіі немалое. Філосафы-прафесіяналы не робяць так шмат шуму вакол сябе, як тое робяць філосафы-прарокі, таму і паўстае ў некаторых уражанне, што «няшумна, значыць, мёртва». Але гэта не дужа трапнае ўражанне.
Што тычыцца прароцка-харызматычнай філасофіі, то і тут я б не быў такім песімістычным. Не думаю, што попыт на такіх філосафаў хутка звядзецца, а будзе попыт – будуць і кандыдаты. І не трэба шукаць такіх філосафаў у далёкай Славеніі. Вось, зусім блізенька жыве і прапаведуе Аляксандар Дугін (1952 году нараджэння). А не паспее ён пастарэць, глядзіш і Мікалай Старыкоў (1970 г. нар.) прыйдзе на змену. На радзімай глебе мантыю філосафа-прарока ўжо доўгі час прымярае Часлаў Кірвель. Можа быць, пры больш спрыяльных акалічнасцях і трошкі большай эрудыцыі і наш Кірвель мог бы праслынуць рэгіянальным Жыжакам.
Пры ўсёй маёй павазе да прапаведніцкай місіі (хоць асабіста аддаю перавагу аўтэнтычным рэлігійным прапаведнікам), я не дужа бедаваў бы, калі б эра Вялікіх Філосафаў адыйшла ў гісторыю і калі б Жыжак стаў сапраўды «апошнім». Вялікія Філосафы, як паказвае жыццё, не здолелі вызваліць свет ад няшчасцяў і несправядлівасці. Затое, цьмянасцю аргументацыі і прэтэнцыёзнасцю стылю, яны паспяхова «вызваляюць» публічнасць ад крытычнага мыслення. Вялікі Гегель увёў моду змешваць абшар паняццяў і абшар рэчаў і аж да сённяшняга дня многія гэта змешваюць, хоць адрозніванне аднаго і другога – фундаментальная перадумова крытычнага мыслення. Вялікі Маркс навучыў ігнараваць здаровасэнсавы парадак: спачатку – пазнаць, потым – ацаніць, затым – дзейнічаць. І да сённяшняга дня многія яго спадкаемцы ганарацца тым, што пазнанне, ацэньванне і дзеянне ўмеюць «канцэптуалізаваць» як адно і тое ж. Найбольш абуральна ў гэтым тое, што такая фузія – якая чыніць немагчымай крытычную дыскусію – фігуруе часцяком пад назвай «крытычнай тэорыі» або «сацыяльнай крытыкі» (хоць правільней было б назваць яе «бескрытычнай тэорыяй» альбо «тэорыяй, якая-паралізуе-крытыку»).
Філосафам і філасофіі (асабліва беларускай) хочацца пажадаць, каб урэшце перасталі «змяняць свет» і ўзяліся за яго вывучэнне. Бо тут – у дамене вывучэння – сапраўды ёсць што рабіць.