Канферэнцыя ці канферанс?

Справядлівасці дзеля не магу пагадзіцца з той вельмі рэзкай ацэнкай, што надаў канферэнцыі “Нацыянальны універсітэт у 21-ым стагоддзі: місія і выклікі” Уладзімір Мацкевіч. Хаця шмат якія выказаныя ім думкі падзяляю і большасць з іх неаднойчы намі абмяркоўвалася ў Лятучым у розных фарматах. Але вернемся да канферэнцыі. Я б не сказаў, што яна была беззмястоўнай ці штучнай. Нягледзячы на пэўныя дзівоты з яе сутарговай арганізацыяй, склад удзельнікаў выйшаў досыць разнастайным і набор тэм досыць разгалінаваным. Калі паслухаць Уладзіміра, то ўсё мерапрыемства выглядае як арганізацыйны з’езд ТБМ, а такога там дакладна не было.

Было шмат удзельнікаў незалежных ці канцэптуальна зараджаных, толькі ад Лятучага стрэліла цэлая абойма ў чатыры выступы амаль запар, аб’яднаныя агульнасцю падыхода і зместам. Тым, пра які так патасна напісаў Уладзімір. І ў мяне зусім не склалася ўражанне, што нас не хацелі слухаць ці не чулі. Слухалі і чулі, і нават рукі ў кулуарах паціскалі, іншая справа, якія рабілі высновы з таго арганізатары.

Я, на жаль, прысутнічаў толькі на частцы мерапрыемстваў у першы дзень, але і там чуў выступы людзей, якія фактычна паўтаралі ці пагаджаліся з нашымі тэзісамі, што не толькі мова робіць універсітэт нацыянальным. Што трэба перадусім мець дакладна вызначаную місію і канцэпцыю, каб стаць паспяховымі. Натуральна для многіх і канцэпцыя “даследчага ўніверсітэта” выглядае прарывам на фоне беларускага правалу, але, пагадзіцеся, даследчы ўніверсітэт сёння найблізкі да ідэалу ўніверсітэта з рэальна ўвасобленых канцэпцый, не раўнуючы як тымакратыя паводле Платона да яго ідэальнай дзяржавы.

Дарэчы яшчэ наконт мовы, Уладзімір трохі сказіў факты: у аналітыцы Вардамацкага пытанне мовы для ідэнтычнасці беларусаў мела значэнне для 60% апытаных у большай ці меншай ступені (14% толькі ў наймоцнай ступені), таму мова мо і не топавае, але досыць істотнае пытанне для беларусаў. Нездарма ў перапісах яны ўстойліва пазначаюць беларускую як родную мову, нягледзячы на фактычнае яе невыкарыстанне. Карацей паводле зместу і тэмаў выступаў я б не сказаў, што канферэнцыя звялася да адпрацаванага нумару і пацёмкінскага сходу. 
Усе тыя папрокі, што кідае Уладзімір, збольшага можна было пераадрасаваць перадусім арганізатарам, якія сапраўды ў сваіх выступах былі летуценна-прагматычны, скажамо так. Але і гэта не ўся праўда. Бо і сярод арганізатараў не было там адзінства. Відаць і не будзе. Там быў Трусаў, які марыў пра Нацыянальны ўніверсітэт на нацыянальнай мове ўжо 30 ці 40 агулам год і для якога гэта ўжо ідэя-фікс. У астатнім ён прадукт савецкай сістэмы адукацыі, нездарма ўсе ягоныя прыклады былі – параўнанне існай сёння сітуацыі з савецкімі часамі на карысць апошніх.

Аляксандр Мілінкевіч мае свае амбіцыі і хоча зрабіць вялікі апгрэйд праграмы Каліноўскага, ператварыўшы яе дэ-факта ў анлайн-універсітэт з пераважным дыстантам і штаб-кватэрай у Варшаве.

Церашковіч кан’юнктурна схіляецца рабіць разам з Трусавым і Анісім універсітэт Альбарутэнія, мяркуючы, што можна зарганізавацца ў ізаляваную структуру са сваім статутам, куды ўлада вельмі часта хадзіць не будзе, ён жа зможа рабіць тое, што жадае. Пры гэтым нават яны разумеюць, што ні мовай адзінай і што прынамсі трэба адраджаць хаця стары прынцып – кафедра як цэнтр навуковых даследванняў вакол прафесара, главы навуковай школы. Мы дык разумеем, што і гэтага замала, але ж у нас свая прагматыка, у іх свая.

Не трэба аднак забывацца, што ў аргкамітэт уваходзяць і іншыя, больш блізкія нам па духу людзі – тая ж Ірына Дубянецкая ці Уладзімір Дунаеў. Уладзімір Колас хутчэй выглядае ў групе тых, хто хістаецца і прыцягнуты дзеля аўтарытэта. Таму пры такіх раскладах сярод арганізатараў ідэя сеткавага ці кластэрнага ўніверсітэта, што прасоўвала Ірына, усё адно будзе выглядаць як найбольш рэалістычная. Гэта ўсё да таго, што давайце ўсё ж такі адрозніваць: асобнае мерапрыемства ад працэсу наогул. Канферэнцыя была нештучная і не замоўная, хаця ніякага гарантаванага ўплыву на арганізатараў натуральна не здзейсніць. Таму ўся крытыка Мацкевіча выглядае слушна ў дачыненні да агулам праграмы пабудовы нацыянальнага ўніверсітэта на тых не да канца высветленых пачатках, на якіх настойваюць найбольш актыўныя арганізатары, што нават ужо шыльду для гэтай установы зрабілі.

І яшчэ была адна думка, якую ўжо не агучваў пад час канферэнцыі, бо і так шмат чым эпатаваў прысутных. Калі сёння мы дбаем пра тое, каб у нас быў хаця б адзін універсітэт з вядучай беларускай мовай навучання, дык крок гэты канешне цалкам прагматычна апраўданы, але па вялікім рахунку – гэта глабальная сімвалічная параза для ўсіх нас, і ТБМ у прыватнасці. Зразумела, каб тое рабілі скажамо ў выпадку заснавання Яўрэйскага нацыянальнага ўніверсітэту ў Мінску, бо іншай магчымасці сцвердзіць сваю саматоеснасць для прадстаўнікоў гэтага этнасу тут бадай і няма. Але, калі беларусы мараць зрабіць асобны ўніверсітэт з беларускай мовай навучання, гэта аналагічна прызнанню – што мы цалкам прайгралі бойку за розумы і цяпер імкнемся захавацца хаця ў нейкім гета. І ў гэтым сэнсе гарадзенскі прафесар-медык з яго талакоўскім імпэтам сцвярджаў адзіную слушную рэч: нам трэба змагацца не за гета, а за тое, каб беларуская адукацыя магла весціся па-беларуску паўсюдна. І гэта адгалосак унутраных спрэчак ТБМ. Асобнае ж гета праблемы не вырашае! Як не ўдаецца беларускамоўным сем’ям выхаваць дзяцей у цалкам штучным беларускамоўным асяроддзі.