Convent Ludenia

Convent Ludenia – універсітэцкая карпапацыя, заснаваная ў Лятучым універсітэце дзеля працягу традыцый універсітэцкага сяброўства і развіцця супольнасці, пабудаванай на агульных каштоўнасцях.

 

Устаўная грамата Convent Ludenia 

14 траўня 2016 года Мінск, Беларусь

Мы ў гэты дзень і ў гэтым месцы абвяшчаем аб утварэнні ўніверсітэцкай карпарацыі Лятучага ўніверсітэта. Мы агалошваем, што карпарацыя ствараецца дзеля супольнага клопату за працяг інтэлектуальнай беларускай традыцыі, дзеля захавання і прасоўвання каштоўнасцей мыслення, прынцыпаў сяброўства і братэрства, любові да Радзімы.

Сябры карпарацыі ахоўваюць і бароняць яе каштоўнасці і гонар, а таксама гонар адзін аднаго.
Мы вызначаем, што карпарацыя мае: 

 Назву: Convent Ludenia.

Праз гэтую назву мы вызначаем, што нашыя ўніверсітэцкая супольнасць і ўніверсітэцкая прастора ёсць месцам жыцця, дзейнасці і развіцця
чалавека гуляючага (Homo ludens, людэніта), у якім мы бачым перспектыву новага мыслення і практыкі.

Дэвіз — “Думаць Беларусь”, праз які мы вызначаем два галоўных аб’екта клопату і дзейнасці сябраў карпарацыі: “мысленне” і “Беларусь”.

 Фарбы: белы, шэры і чорны колеры.

Фарба белага колеру сімвалізуе імкненне людэнітаў да ідэала. Такім ідэалам ёсць чалавек свабодны, годны, здольны эфектыўна і творча мысліць, марыць, планаваць і дзейнічаць на карысць Бацькаўшчыны.

Фарба чорнага колеру азначае пачатак, грунт, карэнні, гісторыю і традыцыю, бо мысленне немагчымае па-за культурным і гістарычным кантэкстам, а будучыня — без мінуўшыны.

Фарба шэрага колеру сімвалізуе асабістую сціпласць і дэмакратычнасць людэніта ў адносінах з сябрамі і калегамі, знак паклікання і паспалітасці, непадуладнасць модзе і крытычнасць мыслення. Шэры колер — гэта паўсядзёная руплівая праца на шляху да ідэала.

Цыркель — знак карпарацыі, які складаецца з пяці першых літар слоў: Vivat, Crescat, Floreat (“жыві”, “расці”, “квітней”) і назвы нашай карпарацыі: Convent Ludenia, а таксама клічніка, які сімвалізуе гатоўнасць бараніць прынцыпы, каштоўнасці і гонар карпарацыі.

Мы прызнаем, што сяброўства ў карпарацыі грунтуецца на прызнанні адзін аднаго калегамі і паплечнікамі. Мы вызначаем, грунтуючыся на старадаўніх універсітэцкіх традыцыях, што паўнапраўныя сябры карпарацыі маюць тытул уфарбаванага, у іх ліку выбітныя сябры — тытул філістра. Кандыдаты, каб стаць паўнапраўнымі сябрамі карпарацыі, маюць тытул фукса. Правы і абавязкі фуксаў, уфарбаваных і філістраў выкладзеныя ў асобных устаўных палажэннях аб карпаратыўных тытулах гэтай граматы.

Мы вызначаем, што сяброўства ў карпарацыі: для жывых — пажыццёвае, для памерлых — вечнае.

Мы прызнаем, што вышэйшай інстанцыяй заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады ў карпарацыі з’яўляецца Канвент (агульны сход паўнапраўных сябраў карпарацыі), які збіраецца не менш як раз на год.

Мы пастанаўляем прыняць Уладзіміра Мацкевіча першым паўнапраўным сябрам карпарацыі праз выкананне трох цырымоній прысвячэння ў фуксы, уфарбаваныя і філістры.

Пасля прыняцця Уладзіміра Мацкевіча ў паўнапраўныя сябры карпарацыі, мы даручаем яму вызначыцца з кандыдатамі на сяброўства ў карпарацыі, склікаць наступны Устаноўчы канвент для прыняцця ў карпарацыю новых сябраў і стварэння органаў кіравання карпарацыяй.