Кароткая гісторыя

2009—2011: Ідэя Універсітэта: ад гульні да практыкі

Лятучы ўніверсітэт пачынаўся з мары. Шлях ад мары да практыкі ляжыць праз «прастору ідэальнага» — канцэпты, ідэі, вобразы, якія былі пераасэнсаваныя і разгорнутыя ў пошуках сучаснага беларускага адказу на выклік ідэі Універсітэта. У траўні 2010 года пад Гётынгенам (Нямеччына) былі сабраныя прадстаўнікі розных колаў, зацікаўленых у стварэнні беларускага ўніверсітэта: дзеячы навукі і культуры, грамадзянскія актывісты, акадэмікі і менеджэры адукацыі. У супольнай гульні (адмыслова арганізаваным калектыўным мысленні) ідэі і вобразы напоўніліся практычным сэнсам, распачаўся рух да ўвасаблення ідэі Універсітэта. Праз гульню вызначылася група людзей, для якіх мара аформілася як ідэя і стала пераўтварацца ў спосаб дзеяння і лад жыцця. З восені 2010 года пачаліся першыя пілотныя курсы, пошук форм працы, партнёраў і паплечнікаў.

2011—2012: «Urbi et Orbi» («Гораду і Свету»)

Увосень 2011 года мы адчулі сябе гатовымі абвесціць Гораду і Свету першую гадавую праграму Лятучага ўніверсітэта. Праграма не проста засведчыла ўніверсітэцкае існаванне, але прапанавала шырокай публіцы нашае ўяўленне пра тое, чым ёсць і павінен быць Універсітэт у Беларусі. Мы імкнуліся не столькі перадаваць веды, колькі разам са слухачамі і публікай шукаць змест і формы сучаснай адукацыі, самавызначацца ў месцы і ролях выкладчыкаў і студэнтаў, намацоўваць шляхі і траекторыі свайго супольнага развіцця, адказваць на пакліканне і разам мысліць Беларусь, сябе і Універсітэт у ёй. Ствараемы намі ўніверсітэт адразу стаў Лятучым не толькі метафарычна, але і практычна, бо месца для розных падзей (школ, семінараў, дыскусій і публічных лекцый) увесь час змяняецца, красамоўна сцвяржаючы, што Універсітэт— гэта з’ява, як мінімум, гарадскога памеру і, найперш, лад жыцця і спосаб мыслення.

2012—2013: Калегіум

Першасны скепсіс да амбітнай ідэі стварыць нефармальны, але сапраўдны Універсітэт змяніўся цікаўнасцю з боку мысляроў, выкладчыкаў і адмыслоўцаў. Праграма пашырылася: з’явіліся новыя майстры і выкладчыкі, распачаліся даследаванні, пашырылася кола слухачоў, якія сталі ствараць свае суполкі. Новыя людзі і практыкі звярнулі нас да развіцця першаснай ідэі, рэфлексіі і чарговага этапу канструявання агульнай прасторы. З таго часу ўсталяваліся спецыяльныя формы развіцця ўніверсітэцкай ідэі і супольнасці: праектныя сесіі, якія працягнулі практыку гульняў, летнікі і ўніверсітэцкі семінар.

2013—2014: «Экспансія»: Магілёў, Віцебск, Гародня, …

Калі мы ўжо назваліся Лятучым, то не маглі заставацца толькі ў межах Мінска. Мы сталі праводзіць курсы і публічныя лекцыі ў розных гарадах Беларусі, шукаючы кропкі «прызямлення»: людзей, якія натхняюцца ідэяй стварэння Універсітэта; месцы, дзе жыве мысленне; публіку, якая «шукае надзвычайнага і непамыснага». Спроба шырокага ахопу дала, апроч новых паплечнікаў і калег, шмат матэрыялаў для рэфлексіі і разумення стану беларускага грамадства, саспелаці яго да інавацый і прасоўвання ідэі Універсітэта.

2014—2015: «Свой час»

«Кожны народ і кожны чалавек мае свой час, сваё рэчыва часу і свой вобраз часу. Каб мець свой час, трэба не мерыць сябе чужым часам», — прамовіў Міхаіл Баярын на зімовай канферэнцыі Лятучага ўніверсітэта. Так «свой час» стаў дывізам і арыенцірам у асэнсаванні ўніверсітэцкай супольнасцю свайго месца і ролі ў сучаснасці, якая вызначаецца як эпоха радыкальнага сумневу. Прадэклараваць сябе сучасным універсітэтам недасткова, патрэбна яшчэ асэнсаваць свой час і саміх сябе ў ім. Разуменне «свайго часу» натхніла на новую змястоўную працу па ўдасканальванні прасторы і дзейнасці Лятучага ўніверсітэта, па яго стасунках з грамадскасцю і жыццём Беларусі.

2015—2016: «Год беларускага мыслення»

Наш клопат — беларускае мысленне, а яно не ўзрастае на пустым месцы, яно перадаеца ад чалавека да чалавека, ад пакалення да пакалення. Таму мы звярнуліся да аднаўлення беларускай інтэлектуальнай традыцыі. Яна з’яўляецца падмуркамі і крыніцай разумення саміх сябе, магчымасцю ўгледзіцца ў сваё мінулае і будучыню, складнікам самастойнага еўрапейскага мыслення. У 2015 годзе стартавала кампанія «Цытуй сваё», што мела за мэту актуалізацыю найлепшых узораў беларускай думкі. Разам з Беларусім калегіюмам была выдадзена Анталогія сучаснага беларускага мыслення “Код прысутнасці”, якая рэпрэзентуе жывую беларускую думку пачатку ХХІ стагодзя. 2016 год завяршыўся значнай інтэлектуальнай падзеяй “Тыдзень беларускага мыслення”, якая сабрала больш за 50 розных інтэлектуальных імпрэзаў па ўсёй краіне.

У гэты год мы шчыльна супрацоўнічалі з шырокім колам партнёраў: «Будзьма беларусамі!», «ЕўраБеларусь», Беларускі калегіюм, Беларускі саюз дызайнераў і «Мова Нанова», “Беларусский журнал” ды іншыя.