Марыя Кліменцьева
Мне здаецца чалавеку важна мець свае асабістае меркаванне наконт любой рэчы ці сітуацыі. Важна асэнсоўваць яго, (умець) фармуляваць яго. Я зусім не кажу, што яго трэба заўжды выказваць. І абсалютна зразумела, што чалавек можа мець слушнае, узважанае меркаванне толькі адносна тэмаў і сфераў, у якіх ён разбіраецца: маючы адпаведныя веды – і
рэфлексуючы.
Меркаванне, пра якое я вяду, можа ўтрымліваць пазіцыі кшталту: “я ўсведамляю, што не ведаю дакладна наконт гэтага і гэтага”, “я не маю канкрэтнай інфармацыю наконт гэтага і гэтага”, “мае маральныя прынцыпы не дазваляюць мне прыняць вось гэты момант у артыкуле ці заяве”, “хаця я не ведаю статыстычных дадзеных агулам, мой досвед не дае мне пагадзіцца з аўтарам па гэтаму пытанню” і інш.
Напэўна, тое, што я маю на ўвазе, слушна назваць пазіцыяй, а не меркаваннем. Варта мець уласную пазіцыю датычна ўсяго. Калі чалавек адэкватна, шчыра і сумленна вызначае, што ён думае і мае наконт нейкай рэчы альбо сітуацыі, пры гэтым адказваючы за кожнае свае слова (у
ідэале).
Такая пазіцыя як бы выконвае задачы: з аднаго боку чалавек асэнсоўвае, што ён рэальна ведае наконт той ці іншай тэмы, пытання (узгадвае і канцэнтруе свае веды). З іншага, – што больш важна – усведамляе, што ён не ведае наконт гэтай тэмы. За што ён не можа, не бярэцца адказваць.
Менавіта другі пункт мусіць спрыяць пазбаўленню чалавека ад стэрэатыпаў, аксіяматычных пазіцый і дагматычных усталёвак. І кажучы аб беларускім грамадстве, беларускай сітуацыі, менавіта гэты пункт можа спрыяць выхаду людзей з-пад уплыву прапаганды: прапаганды і ідэалогіі рэжыму ўжо незалежнай Беларусі, і прапаганды савецкай, якая ўсё яшчэ
жыве ў свядомасці заўважнай колькасці людзей, бо не раскрытая, не прызнаная, не ўсвядомленая.
Яшчэ адзін вынік: спрыянне “дазволу” людзям чагосьці не ведаць, і прызнаваць гэта, не баючыся асуджэння. Бо ў беларускім грамадстве я дагэтуль адчуваю наяўнасць страху “памыліцца”, “не ведаць”, “зрабіць нешта не так”, “зрабіць не так, як усе…” Прычыны гэтага страху – асобная, важная і вялікая тэма. Але тут толькі заўважу, што гэты страх акрамя іншага прыводзіць да вымушанай хлусні, звычцы “трымаць твар”, думаць пра форму замест зместу і пазбяганню адказнасці. Агулам, задаванне ў грамадстве каштоўнасці “мець на ўсё сваю пазіцыю і адказваць за яе” можа спрыяць яго якаснай змене. Але я ўсведамляю, што, магчыма, мае разважанне аб усеагульным развіцці ў грамадстве такой каштоўнасці – ідэалістычнае, а сама такая здольнасць грамадства – ненатуральная, і, магчыма, нават непатрэбная. Бо як найменш гэтая
здольнасць патрабуе ад кожнага бесперапыннага думання і рэфлексіі, а гэта справа мысляроў і інтэлектуалаў.
Таксама гэта звязана з такімі якасцямі чалавека як шчырасць і гатоўнасць выяўляць праўду і прызнаваць яе. Гэта звязана з праяўленнем смеласці, мужнасці і адважнасці. А гэтыя рысы не выхоўваюцца хутка (Я задаюся пытаннем, ці ўвогуле можа быць так, што адныя людзі іх маюць ад
прыроды, ад бацькоў, і ім прасцей іх умацаваць у сябе, развіваць і праяўляць, а іншыя людзі нейкім чынам не схільныя да развіцця гэтых якасцяў. Спадзяюся і мяркую, што ўсё ж не).
Аднак, усведамленне праблемы і ўяўленне ідэала ды імкненне да яго – карысна. І можа якасна змяняць і ўскладняць грамадства.
Як можна выхоўваць такую каштоўнасць – другое, цікавае і важнае пытанне.
Выпускное эссе курса «Гражданское общество: вопреки очевидности» (Летучий университет)