25 верасня адбудзецца ўрачыстае закрыццё “Тыдня беларускага мыслення”

22 верасня 2016

Цэлы тыдзень з 19 па 25 верасня ў вас ёсць магчымасць не проста хадзіць на лекцыі, дыскусіі ды іншыя імпрэзы, якія складаюцца ў агульную праграму “Тыдня беларускага мыслення”, але займацца мысленнем “тут і цяпер”, прымаць у ім непасрэдны ўдзел ці хаця б проста назіраць за гэтым неверагодным працэсам, з’явай збоку. Гэта заўжды і весела, і сумна, і проста, і складана, і прыемна, і не вельмі прыемна, але любая добрая праца патрабуе і таго, каб яна была добра скончаная.

Мы прапануем завяршыць Тыдзень разам з намі: з яго арганізатарамі, валанцёрамі, удзельнікамі і гасцямі. 

Мы падвядзем вынікі “Тыдня”, узгадаем, што адбывалася, распавядзем пра тое, што вы, магчыма, прапусцілі альбо не заўважылі. Сваімі ўражаннямі і ацэнкамі “Тыдня бларускага мыслення” падзеляцца розныя яго “героі”.

Падчас закрыцця “Тыдня” мы нарэшце распавядзем, хто перамог у конкурсе эсэ “Інтэлектуальная спадчына Беларусі: постаці, ідэі і кантэксты”, і будзем разам узнагароджваць і віншаваць гэтых людзей.

Удзел у імпрэзе возьмуць Улад Вялічка, Валянцін Акудовіч, Уладзімір Мацкевіч, Ірына Дубянецкая, Тацяна Вадалажская, Міхаіл Баярын, аўтары эсэ, якія ўвайшлі ў шорт-ліст конкурсу, ды іншыя цікавыя людзі.

Але і гэта яшчэ не ўсё. Беларускае мысленне жыве і праяўляецца не толькі і не столькі ў навуцы, але і ў іншых сферах: музыцы, эканоміцы, дызайне, палітыцы, культуры і г.д. 
Таму для закрыцця “Тыдня” мы запрасілі грамадскага і культурнага дзеяча, паэта і пісьменніка, мастака і рок-музыканта “старых традыцый”. 🙂 І ўсё гэта спалучае ў сабе адзін чалавек.

Можаце паспрабаваць здагадацца, хто гэта, самастойна або выпытаць у арганізатараў, а можаце проста даверыцца нашаму выбару і 25 верасня ў 19.00 прыходзіць у прастору Корпус 8 і атрымліваць асалоду ад падзеі!