7 курсаў для тых, хто захапляецца ўсім новым, натхняецца інавацыямі і тэхналогіямі ў розных сферах. Згадаем не толькі пра перспектывы, але і пра пытанні і праблемы, што кідаюць выклік у будучыні.
Мы працягваем развазваць вам пра цікавыя курсы на нашай платформе. Мы ўжо прапанавалі даведнік для тых, хто цікавіцца культурай, цяпер інаватыка.
Калі цябе няма ў сеціве, цябе не існуе. Медыйная прастора і асяродак сталі нашым натуральным атачэннем. Таму варта разабрацца як гэтая прастора працуе і што варта рабіць, каб быць асэнсаваным карыстальнікам новых магчымасцяў. У гэтым дапаможа курс Галіны Малішэўскай “Сучасная медыя-прастора. Як патрапіць у сваю аўдыторыю”.
Гэта раней было модна казаць: “не цікаўлюся палітыкай”. Цяпер гэта не так. А палітычная сфера наскрозь прасякнутая тэхналогіямі. Хочаш разумець, хто і як дзейнічае на палітычным полі, у якія гульні гуляюць, тады гэты гід-агляд будзе карысным. “Палітычныя тэхналогіі ў сучаснай Беларусі”.
Тэхналогіі ўнутры нас. Гэта, безумоўна, добра, што столькі дэвайсаў і магчымасцяў, каб палепшыць жыццё дый вярнуць страчанае здароўе. Але разам з тэхнічнымі здабыткамі да нас прыходзяць і новыя пытанні. Не такія ўжо простыя. У які момант лічыць жыццё пачатым і скончаным? Як быць з “бацькоўствам” пры новых рэпрадуктыўных тэхналогіях? Дзе мяжа паміж чалавекам і кібаргам? Пра ўсё гэта дбае біяэтыка, а ў нас ёсць адпаведны курс уводзінаў “Адкрытыя праблемы і парадоксы біяэтыкі” ад Таццяны Мішаткінай.
Тэхналагічнае развіццё ідзе поруч з развіццём права, у тым ліку на інфармацыю. І новае грамадства немагчыма ўжо ўявіць без “адкрытых дадзеных”. Гэта не проста пра доступ да інфармацыі, гэта цэлая новая філасофія існавання чалавека і супольнасці ў інфармацыйным свеце. Калі хочаш зразумець як гэта працуе, варта паслухаць вельмі лаканічны і сутнасны курс Аліны Радачынскай “Уводзіны ў адкрытыя дадзеныя”.
Кажуць, што гарады ў будучым стануць больш важнымі, чым дзяржавы. У любым выпадку, гарады – гэта прастора нашага жыцця. Гэта асяродак, які канцэнтравана ўбірае ў сябе ўсё, што ёсць новага ў сацыяльным жыцці, у тэхналогіях і арганізацыі жыцця супольнасцяў. Курс Таццяны Вадалажскай “Грамадскія прасторы: як зрабіць горад горадам” распавядзе пра “сэрца” гарадоў і пра тое, як працаваць з ім для лепшага жыцця.
Яшчэ адзін курс, звязаны з гарадскім жыццём у звязку з кліматычнымі зменамі. Як зменіцца гарадское жыццё ў бліжэйшай будучыні і што трэба рабіць, каб выжыць? Горад уплывае на клімат ці клімат уплывае на горад? Пра гэта сістэмна і паступова распавядаюць Настасся Бекіш і Марыя Фалалеева ў відэакурсе “Гарады і кліматычныя змены: што і навошта трэба ведаць?”
Курс “Гульня ў культуры, мысленні і практыцы” ад Уладзімера Мацкевіча і Таццяны Вадалажскай распавядае пра сучасны падыход да чалавека і свету. Хоць гульня – гэта з’ява з пачэснай гісторыяй, але менавіта сёння ёсць падставы прыцэльна ўгледзецца ў свет гульні і ў homo ludens, чалавека, які гуляе. Вы даведаецеся пра разнастайныя сферы выкарыстання гульні, а таксама пра тое, якім быць чалавеку будучыні.
Не заблукайце ў новых магчымасцях! Вучымся і думаем разам!