Адкрытая кафедра Лятучага ўніверсітэта

30 красавіка 2019

15 траўня “Лятучы” адкрывае серыю выступаў адмыслоўцаў з розных сфер у фармаце “адкрытай кафедры”.

Сацыяльныя зрухі і новая няроўнасць – тыя тэматычныя рамкі, якія зададуць працу адкрытай кафедры. У траўні і чэрвені па серадах будуць праходзіць адкрытыя выступы інтэлектуалаў і адмыслоўцаў, якія закрануць тэму інстытуцыянальных і сацыяльных зрухаў, звязаных з пераходам на інавацыйны тып мыслення і дзейнасці, з імклівым развіццём тэхналогій.

Мы паспрабуем акрэсліць кола зменаў, якія адбываюцця ў сацыяльных зносінах і статусах, этычных нормах і прававых стасунках, формах забеспячэння бяспекі праз трансфармацыю розных сацыяльных інстытутаў і сфер дзейнасці. Закранем адукацыю, прававое рэгуляванне, медыцыну, культуру і медыя-сферу.  

Якія новыя групы і слаі паўстаюць у беларускім грамадстве і як разгортваюцца стасункі паміж імі? Ці хапае існуючых грамадскіх і культурных інструментаў, каб прадухіліць новыя формы маргіналізацыі? Адказы на гэтыя пытанні – гэта іншы погляд на тэхналагізацыю, дыгіталізацыю і новую эканоміку. Каб выпрацаваць гэты погляд, мы пачнем разбірацца з тым, што сутнасна мяняе нашае грамадства проста зараз і часта застаецца незаўважным.

Цягам траўня-чэрвеня на адкрытай кафедры выступяць: Андрэй Вітушка, Мікалай Галабародзька, Андрэй Ягораў, Таццяна Вадалажская, Зміцер Крук, Аксана Шэлест ды іншыя.

Сачыце за абвестками на нашым сайце, і да сустрэчы на адкрытай кафедры “Лятучага”!

Тэмы: