Адкрытая лекцыя “Што не так з архітэктурнай спадчынай? На парозе перавароту”

02 снежня 2016

Лятучы ўніверсітэт 

Міжнародны кансорцыум “ЕўраБеларусь”

прадстаўляюць цыкл лекцый

“Уяўляючы Беларусь: ідэі і вобразы для супольнай будучыні”

СЦЯПАН СТУРЭЙКА

ШТО НЕ ТАК З АРХІТЭКТУРНАЙ СПАДЧЫНАЙ? НА ПАРОЗЕ ПЕРАВАРОТУ

9 снежня, 18.30, галерэя Ў (пр-т Незалежнасці, 37а)

“Помнік гісторыі і архітэктуры, ахоўваецца дзяржавай” – з’яўленне такой шыльды на будынку не толькі надае яму іншы статус, рэгламентуе прапісаныя законам правілы карыстання, паводзінаў, але асаблівым чынам змяняе саму гарадскую прастору, гарадское асяроддзе. Далёка не заўсёды гэта ідзе на карысць гораду, а часам наадварот –  рэстаўрацыя, кансервацыя ці аднаўленне “помніка гісторыі” замінае гарадскому развіццю. Калі раней статус “помніка” надаваўся толькі “выбітным дасягненням” эпохі, то зараз эксперты змяняюць оптыку і знаходзяць унікальнасць у тыповых пабудовах. А гэта значыць, што па меры паслядоўнага ўсведамлення каштоўнасці будынкаў папярэдніх эпох колькасць гістарычных помнікаў непазбежна будзе расці. Ці не стамілася ўжо чалавецтва ад кансервацыі? Адначасова з захаваннем аўтэнтычных аб’ектаў мае месца і працэс узнаўлення ўжо не існуючых помнікаў – паводле іх гістарычных узораў. Прычым такія “дублікаты” не абавязкова маюць прывязку да гістарычнага месца існавання, могуць узнікаць дзе заўгодна. Бум помнікаў, індустрыя забаў і турызму, тэхналагічны пераварот, глабальныя адносіны і поп-культура імкліва зводзяць спадчыну з зоны нацыянальнага інтарэсу і экспертнага поля. Але куды прыводзяць?

Сёння становіцца зразумелым, што нашы помнікі і нашы адносіны з імі больш не могуць быць ранейшымі. Што не так з архітэктурнай спадчынай? Наколькі адэкватная класічная канцэпцыя помніка новым умовам? І ці варта нам у Беларусі адмахвацца ад новага разумення спадчыны, працягваючы гнацца за міражамі аховы помнікаў?

Лятучы ўніверсітэт і Міжнародны кансорцыум “ЕўраБеларусь” у межах цыкла “Уяўляючы Беларусь: ідэі і вобразы для супольнай будучыні” запрашаюць на публічную прамову гісторыка, культурнага антраполага, выкладчыка ЕГУ Сцяпана Стурэйкі.    

Лекцыя “Што не так з архітэктурнай спадчынай? На парозе перавароту” адбудзецца 9 снежня а 18.30 у галерэі Ў (пр-т Незалежнасці, 37а).

Уваход вольны!