Універсітэт і Горад, Універсітэт і Нацыя, Універсітэт і Мысленне, Універсітэт і культурна-сацыяльныя змены – гэтыя звязкі назаўсёды ўвайшлі ў еўрапейскую гісторыю і гісторыю чалавецтва. Сёння цяжка ўявіць сабе развіццё краіны, народа, культуры без Універсітэта, але … Ці часта мы паглыбляемся ў роздум над пытаннем “Якім сёння павінен быць Універсітэт, каб выконваць сваю гістарычную функцыю?” Беларуская рэальнасць вымушае нас засяроджвацца на больш простых і ў той жа момант балючых пытаннях не развіцця, а хаця б захавання таго, што ёсць. Але ніхто апроч нас, беларусаў, не будзе думаць і дбаць пра Універстэт для Беларусі.
Лятучы ўніверсітэт – гэта спроба асэнсавання і пошуку адказаў на пытанні “Якім сёння павінен быць Ўніверсітэт, дзе думаюць Беларусь?” Гэта пошукі і канцэптуальныя, і практычныя. Больш як 3 гады ідзе паступовае развіццё самых розных накірункаў універсітэцкай працы: семінары, школы, курсы, публічныя дыскусіі і лекцыі, канферэнцыі і даследаванні. І галоўнае – расце і развіваецца ўніверсітэцкая супольнасць.
Гародня – адзін з тых гарадоў Беларусі, дзе прысутнічае насычанае інтэлектуальнае жыццё, а без гэтага немагчыма станаўленне Ўніверсітэта нацыянальнага маштабу. 17 кастрычніка Лятучы ўніверсітэт у партнёрстве з Гарадзенскай бібліятэкай, пры патрымцы і ўдзеле гарадзенскіх навукоўцаў і культурных дзеячоў ладзіць у Гародні адкрыты семінар “Універсітэт у гісторыі і сучаснасці Беларусі”. У межах семінара з дакладамі выступяць бібліст , культуролаг Ірына Дубянецкая, філосаф, метадолаг Уладзімір Мацкевіч, адукатар Ігар Кузьмініч, а таксама адбудзецца публічная дыскусія “Гародня як месца сучаснага ўніверсітэта”, да якой далучацца філосаф Павал Баркоўскі, метадолаг, каардынатар Лятучага ўніверсітэта Таццяна Вадалажская, а таксама эксперты па пытаннях развіцця ўніверсітэтаў з Мінска і Гародні. Мадэраваць працу на семінары будзе гісторык Алесь Краўцэвіч.
Ірына Дубянецкая ў сваім выступе “Універсітэт і нацыянальная ідэя ў беларускай рэчаіснасці” прапануе паразважаць над культуратворчымі і нацыятворчымі функцыямі ўніверсітэта. Нацыянальны ўніверсітэт так і застаўся неспраўджанай мрояй Беларусі, але варта прыглядзецца да тых спробаў, якія былі ў гісторыі, больш дэтальна: як развівалася нацыянальная ідэя ў Віленскім універсітэце? Наколькі сёння рэалістычна казаць пра нацыянальны ўніверсітэт – у постмадэрным, посткаланіяльным, постіндустрыйным, посткрытычным свеце?
Ігар Кузьмініч прапануе перафармуляваць пытанне аб крызісе ўніверсітэтаў у пытанне аб крызісе гуманітарных навук. Падчас выступу гарадзенскага выступоўцы “Сучасны ўніверсітэт як інавацыя” паспрабуем разабрацца з тым, перад якімі выклікамі апынуўся сёння ўніверсітэт і што павінна стаць яго інавацыйнай мэтай?
Паўставанне і развіццё Універсітэту немажліва без сталай працы над самой ідэяй Універсітэту, без абмеркавання, дыскусіі пра тое, што можа стаць агульнымі падмуркамі для супольнай практыкі. Уладзімір Мацкевіч, распавядзе пра тое, як, кім і дзе развіваецца “Ідэя Універсітэта ў сённяшняй Беларусі”.
Акцэнтам агульнай дыскусіі “Гародня як месца сучаснага ўніверсітэта” стануць пытанні пра мажлівасці і перспектывы развіцця ідэі Універсітэту ў Гародні, пра тое, у якіх фарматах, накірунках дзейнасці можа развівацца супрацоўніцтва гарадзенскай акадэмічнай супольнасці і Лятучага ўніверсітэта.
Адкрыты семінар “Універсітэт у гісторыі і сучаснасці Беларусі” адбудзецца 17 кастрычніка па адрасе: Гродна, вул. Будзёнага 48а (зала ва ўнутраным дворыку). Пачатак а 18.00
Зарашаем да ўдзелу ўсіх зацікаўленых. Уваход вольны!