“Адметныя літаратурныя лекцыі” 2.0

19 кастрычніка 2017

Старт новага сезону лекцыяў па літаратуры ў Мінску абвяшчае кніжны сайт Bookster пры падтрымцы кампаніі МТС ды цудоўная каманда выкладчыкаў. Гаварыць пра вашыя ўлюбёныя творы будуць прафесійныя лектары, а таксама папулярны пісьменнік, пранікнёная спявачка ды самая паспяховая ў свеце беларуская паэтка.

Чаму найбольш крытыкаваная кніга “Атлант расправіў плечы” застаецца і адною з найбольш папулярных? Як патрыярхальнае грамадства знішчыла Эму Бавары? На пытанне “Што рабіць нуднай восенню?” больш не трэба шукаць адказаў. З 24 кастрычніка да 11 снежня вы можаце пагрузіцца ў вір чытацкага жыцця.

“Акадэмічную” частку забяспечыць трыа ўніверсітэцкіх выкладчыкаў – Гражына Паўлоўская (Джон Фаўлз “Калекцыянер), Уладзімір Капцаў (Уладзімір Набокаў “Лаліта”) ды Ганна Бутырчык (Айн Рэнд “Атлант расправіў плечы”). Усе трое з’яўляюцца ўлюбёнцамі студэнтаў ды вернуць у студэнцтва тых, хто даўно не сядзеў у навучальнай аўдыторыі.

Беларуска-амерыканская паэтка Вальжына Морт павядзе слухачоў сцежкамі раману “Мадам Бавары” Гюстава Флабэра, культуролаг Максім Жбанкоў пагрузіць у “Чужаніцу” Альбэра Камю. Гісторык Аляксей Братачкін раскажа пра антыўтопіі на прыкладзе “Аповеду служанкі” Маргарэт Этвуд, пісьменнік Віктар Марціновіч падыме аўдыторыю на “Узроўні жыцця” Джуліяна Барнса, а музыка ды рэжысёрка Святлана Бень прааналізуе раман “Школа для дурняў” аднаго з самых непублічных расейскіх пісьменнікаў Сашы Сакалова.

Усе названыя кнігі можна знайсці ў Мабільнай бібліятэцы МТС — book.mts.by (першыя тры дні бясплатна!).

Пасля 45-хвіліннай лекцыі запрашаем адрэфлексаваць пачутае і прачытанае ў фармаце кніжнага клуба.

Месца сустрэчаў – прастора Space (вул. Кастрычніцкая, 16А), пачатак а 19-й гадзіне.

Увесь курс каштуе 30 рублёў, за 20 рублёў можна наведаць пяць лекцыяў, а за 6 рублёў – адну. Набыць квіткі можна на bezkassira.by.

Праграма лекцый:

24 кастрычніка, паэтка Вальжына Морт – Гюстаў Флабэр “Мадам Бавары”

30 кастрычніка, культуролаг Максім Жбанкоў – Альбэр Камю “Чужаніца”

6 лістапада, гісторык Аляксей Братачкін – Маргарэт Этвуд “Аповед служанкі”

13 лістапада, выкладчык літаратуры Уладзімір Капцаў – Уладзімір Набокаў “Лаліта”

20 лістапада, пісьменнік Віктар Марціновіч – Джуліян Барнс “Узроўні жыцця”

27 лістапада, выкладчыца літаратуры Гражына Паўлоўская – Джон Фаўлз “Калекцыянер”

4 снежня, выкладчыца літаратуры Ганна Бутырчык – Айн Рэнд “Атлант расправіў плечы”

11 снежня, музыка, рэжысёрка Святлана Бень – Саша Сакалоў “Школа для дурняў” 

Інфо: +375 29 1060454

Суполкі ў FB і VK: booksterby

Падзеі:
Тэмы: