Адукацыйны праект «BrainHUB» пройдзе ў Гародні

18 верасня 2016

8-9 кастрычніка ў Гародні пройдзе адукацыйны каворкінг праект «BrainHUB». Тэмы двухдзённых інтэнсіваў: лакальныя супольнасці; стварэнне і рэалізацыя грамадскіх, культурных і сацыяльных праектаў; праца і прасоўванне ў сацыяльных медыя.

Што такое «BrainHUB»? Гэта кароткія тэматычныя інтэнсівы (трэнінгі, семінары і майстар-класы) у невялікай суполцы людзей з актыўным удзелам трэнераў і лектараў, якія ставяць перад сабой задачу па фармаванню і рэалізацыі ідэі пры паслядоўнай ментарскай і арганізацыйнай падтрымцы з боку арганізатараў «BrainHUB».

Удзельнікі праекта змогуць атрымаць спектр навыкаў як у індывідуальнай, так і каманднай працы, а таксама артымаць каштоўныя веды ў галіне стратэгічнага планавання і мэнэджменту, маркетынга, грамадзянскай журналістыкі. Акрамя таго, істотным складнікам удзела ў праекце з’яўляецца арыентацыя на практыку. Гэта значыць, што ўдзельнікі праекта змогуць не толькі самастойна кіраваць альбо быць у камандзе праекта, але і разлічваць на ментарскую падтрымку з боку арганізатараў «BrainHUB».

Лектарамі гарадзенскага «BrainHUB» будуць мэнеджер па арганізацыі фестываляў, выставаў, крэатыўных праектаў Настасся Курыленка;  гарадзенскі грамадскі актывіст Ігар Кузьмініч; медыя эксперт, культуролаг і журналіст Максім Жбанкоў; эксперт у галіне SMM і спікер адукацыйнага цэнтра”Rocket” Ян Сташкевіч.

Акрамя тэматычных заняткаў, удзельнікаў «BrainHUB» чакаюць цімбілдынгі і вечаровая культурніцкая праграма, 8-га кастрычніка.

Удзел у праграме абсалютна бясплатны, але патрабуе папярэдняй рэгістрацыі. Зарэгістравацца можна да 4  кастрычніка, уключна, запоўніўшы кароткую форму. Колькасць месцаў строга абмежаваная (20 чалавек!).