
Універсітэцкі семінар ў новым фармаце.
Імклівая плынь часу выкідвае на паверхню жыцця самыя розныя падзеі, спрэчкі, з’явы. Што з гэтага вартае ўвагі і асэнсавання, што падлягае разгортванню і афармленню ў ідэю, думку, што патрабуе быць працягнутым? Як адказаць на гэтыя пытанні?
Перамяшчэнне, перанос з прасторы выпадковага ў спецыяльна арганізаваную прастору, якая задаецца рамкамі культуры і мыслення – гэта шлях надання з’явам з хуткаплыннага часу іншага значэння. Ва ўніверсітэцкай прасторы падзеі і словы атрымліваюць новы сэнс.
Універсітэцкі семінар АРКА стане месцам і кантэкстам, дзе мы будзем шукаць у актуальных пытаннях нашага жыцця сутнасць і змест. Анталогія, рэфлексія, культурная аналітыка – рамкі для працы на семінары.
Семінар будзе будавацца на прынцыпе Interragatio – распытвання. Рэгламент семінара прадуглежвае тры “ролі”: госць, які прадстаўляе свае разважанні пра пэўную з’яву, і два сувядоўцы, якія дапамагаюць праз дыскусію разабрацца ў сутнасці паднятых праблем.
Вядучыя семінара (папераменна) – Ігар Бабкоў, Уладзімір Мацкевіч, Тацяна Вадалажская. Сябры ўніверсітэцкай супольнасці могуць прапаноўваць тэмы, пытанні і кандыдатуру госця для наступных паседжанняў, заняўшы месца аднаго з сувядоўцаў.
Першае паседжанне ўніверсітэцкага семінара гэтага года будзе прысвечана тэме “Нараджэнне беларускага арыенталізма з … духа паэзіі”.
Госцем стане Міхаіл Баярын. Вядоўцы: Ігар Бабкоў і Уладзімір Мацкевіч.
Еўрапейскі арыенталізм нарадзіўся ў 19-м стагоддзі з духа навукі, пазітыўнай веды, у момант найвышэйшай магуты цывілізацыі Захаду. Беларускі зварот да Індыі (і Усходу) паўстае ў эпоху позняй мадэрнасці, калі пад пытаннем апынуліся каштоўнасці класічнай эпохі і сама заходняя ідэнтычнасць.
Што значыць перакладаць Бхагаватгіту – напачатку 21-га стагоддзя, у Беларусі? Якія магчымасці адкрывае сёння зварот да мыслення старых індусаў? Ці выпадкова, што вядучыя “санскрытазнаўцы” нашай эпохі (Міхал Баярын, Ігар Кулікоў) — вядомыя беларускія паэты?
Сустрэнемся 14 лістапада, пачатак 19:00, вул.Баграціёна, 39.
Толькі праз рэфлексію, тое, што з намі адбылося, становіцца досведам.
Толькі праз мысленне, тое, што здараецца, можа патрапіць у культуру, набыць сэнс і значнасць.