“Беларускі стыль” у Магілёве

13 лістапада 2012

Лекцыя Міхала Анемпадыстава з цыкла “Urbi et Orbi” адбудзецца ў Магілёве 17 лістапада.

Пачуццё стылю, разуменне стылю – гэта тая якасць, якая не ўзнікае “сама сабой”,  а бярэцца, фарміруецца  з таго актуальнага стану культуры, у які мы свядома-несвядома ўключаныя праз выхаванне, адукацыю, жывую-паўжывую-адсутную традыцыю, праз біяграфіі асобаў, культурныя падзеі, на якія абапіраецца выбар той ці іншай нацыянальнай культурнай мадэлі.

Разуменне стылю, падобна як і разуменне “прыгожага”, паўстае з нашай культурнай традыцыі. “Калі цяпер чалавека на вуліцы запытацца, што такое “прыгожа”, то ён хутчэй за ўсё адкажа, што прыгожа – гэта “калі чыста”. І гэты, такі натуральны для нас сёння, адказ, мякка кажучы, сведчыць пра праблемы з нашымі традыцыямі”. Мяркуем, што і пры вызначэнні таго, что складае нацыянальны стыль як нашую культурную адметнасць, мы сутыкнемся з падобнымі праблемамі.

17 лістапада ў цыкле лекцый Urbi et Orbi, якія Лятучы ўніверсітэт ладзіць у Магілёве, разам з вядомым беларускім дызайнерам, мастаком, паэтам, перакладчыкам, аўтарам згаданай цытаты Міхалам Анемпадыставым спрабуем разабрацца ў тым, што такое “Беларускі стыль”.

Якія помнікі матэрыяльнай і нематэрыяльнай культуры, створаныя на працягу апошняга тысячагоддзя, якія ўстойлівыя культурныя традыцыі фармавалі і працягваюць фармаваць нашае калектыўнае аблічча? Што са зробленага, набытага, і захаванага, робіць нас непадобнымі да іншых? Як складаюцца паасобныя фрагменты, лакальныя стылі ў нешта адно, што можна было б назваць «Беларускім стылем»?

Гэта лекцыя – спроба асэнсаваць уласныя традыцыі і здабыткі і змадэляваць нацыянальныя стылі ў эпоху рамантызма і пазней, у першай чвэрці ХХст, ў часы паўстання і фармавання новых нацыянальных дзяржаваў. Гэта спроба разгледзець стыль як візуалізацыю нацыянальнай культурнай мадэлі.

Лекцыя “Беларускі стыль”, 17 лістапада (субота), Магілёўскі “Тэхнапарк” (вул. Ленінская, 63),  зала 807 (8 паверх).

Пачатак а 16.00

Запрашаем усіх жадаючых. Уваход вольны!