Лятучы ўніверсітэт запрашае ўсіх цікаўных на імправізаваны “Дзень адчыненых дзвярэй”. Але выступаў, прэзентацый і лекцый не будзе, замест гэтага вас чакаюць адкрытыя нефармальныя размовы з рознымі Асобамі Лятучага за кубачкам кавы ці гарбаты.
Ужо восьмую восень Лятучы ўніверсітэт адчыняе дзверы і запрашае старых і новых сяброў да супольнай працы ў прасторы мыслення, культуры, грамадства, фармавання сябе і зменаў навокал. Адна з галоўных установак універсітэта палягае ў тым, што ідэі і думкі нараджаюцца ў дыялогу, у асяродку супольнай рэфлексіі і крытыкі, а сапраўднае навучанне мысленню магчымае толькі праз судачыненне і супрацу з Настаўнікам – інтэлектуалам, мастаком, навукоўцам, мысляром. На гэтай падставе і будуецца праца Лятучага ўніверсітэта.
10 кастрычніка Лятучы запрашае ўсіх цікаўных да адкрытай і шчырай размовы з Асобамі Лятучага ўніверсітэта. У гэты дзень не будзе выступаў, прэзентацый і лекцый, але будуць Людзі, з іх справай, якую яны робяць у Лятучым. З кожнай Асобай вы зможаце паразмаўляць сам-насам альбо ў невялічкай кампаніі іншых зацікаўленых на працягу 20 хвілін, а пасля перайсці да іншага героя. Запіс на сёлетнюю праграмму сканчаецца акурат у гэты дзень, таму гэта добрая нагода канчаткова вызначыцца са сваім асабістым шляхам у прасторы Лятучага!
Праз размовы з Асобамі Лятучага вы даведаецеся пра тое, як працуе Лятучы, пра нашу дыстанцыйную платформу і новую праграму. Нашы сябры з Жывой Бібліятэкі дапамогуць арганізаваць прастору такім чынам, каб вы маглі паразмаўляць з усімі, хто вам цікавы, задаць пытанні пра тое, што для вас важна, паспрабаваць паразумецца з рознымі прадстаўнікамі супольнасці Лятучага ўніверсітэта.
10 кастрычніка ў Галерэі “Ў” з 18.30 да 21.00 вы зможаце сустрэцца з наступнымі Асобамі Лятучага ўніверсітэта:
Уладзімір Мацкевіч – галоўны метадолаг і антыкамуніст Беларусі;
Валянцін Акудовіч – літаратар, зачараваны мысленнем;
Алена Верашчагіна – робіць Лятучы бачным і чутным;
Ігар Бабкоў – гісторык ідэяў і філосаф “за небакраем Эўропы” ;
Зміцер Майбарада – настаўнік дыялога пра каштоўнасці;
Аліна Радачынская – аб’ядноўвае людзей, каб адкрываць дадзеныя;
Павел Баркоўскі – герменэўт, праектны актывіст і магістр гульні;
Лілія Ілюшына – верыць у гісторыю таму, што гэта абсурдна;
Вячаслаў Бабровіч – галоўны настаўнік дэмакратыі;
Іван Вядзенін – дэвіз “Інавацыі або смерць!”;
Тацяна Вадалажская – не-сапраўдны рэктар.
Чакаем вас 10 кастрычніка ў Галерэі Ў (пр-т Незалежнасцi 37А)! Больш навінаў пра мерапрыемства і тых асобаў, з якімі магчыма будзе сустрэцца, можна знайсці ў мерапрыемстве на Фэйсбуку https://goo.gl/AZWdYL