Дыскусія «Папулізм: чаму ён працуе ў сучасным свеце і як?»

14 снежня 2017

15 снежня фестываль Watch Docs Belarus  прапануе паглыбіцца ў феномен папулізму і яго гіпнатычнай эфектыўнасці ў руках палітычных і медыя-сіл у розных грамадствах свету.

19.00,  кінатэатр Мір (вул. Казлова, 4а)

У праграме:

1) прагляд фільму «Адкуль бярэцца пыл і куды знікаюць грошы» (Эстонія) аб смелым (а па беларускіх мерках – нават нахабным) эксперыменце талінскай тэатральнай групы NO99. Падчас гэтай авантуры дзяржаўны тэатр ледзь не стаў палітычнай партыяй, гуляючы з агнём гратэскна гучных і пустых абяцанняў, лідарскай харызмы і выкрываннем спрэчнага палітычнага выварату існуючых партыў Эстоніі.

2) дыскусія «Папулізм: чаму ён працуе ў сучасным свеце і як?», на якую адмыслова прыедзе ўскосны ўдзельнік падзей, адлюстраваных у фільме, – былы дэпутат парламенту Эстоніі Сільвер Мейкар. Пасля кампаніі тэатра NO99 гэты чыноўнік першым прызнаўся ва ўласным удзеле ў нелегітымным фінансаванні кіруючай «Партыі зменаў».

Вы яшчэ можаце паспець падтрымаць фестываль праз платформу ТАЛАКА!

З беларускага боку ў абмеркаванні прымуць удзел:
Андрэй Ягораў, палітолаг, даследчык, дырэктар «Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі»;
Арцём Шрайбман, журналіст, палітычны аглядальнік;
Святлана Сугака, Belarus Free Theater.

Мадэратар – журналіст Серж Харытонаў.

Асноўныя пытанні размовы:
– Што такое папулізм і чаму гэты тэрмін так шырока выкарыстоўваўся СМІ цягам 2017 году?
– Якія пагрозы нясе папулізм Захаду і чаму так шырока распаўсюдзіўся ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, якія так доўга шукалі свабоды ў ХХ стагоддзі?
– Чаму традыцыйныя «ворагі» папулізму: адукацыя, грамадства, культура пратэсту – не здольныя зараз яму супрацьстаяць?
– У чым адрозненне папулізму ў дэмакратычных дзяржавах і дыктатурах?
– Ці магчымая кампанія NO99 у Беларусi?
– Медыя і папулізм: як СМІ знішчаюць дэмакратычныя інстытуты і грамадзянскую супольнасць?
– Свабода слова і папулізм: як распавесці пра складаныя рэчы простымі словамі і не згубіць сэнс?

Уваход вольны!

За навінамі мерапрыемства можна таксама сачыць на адмысловай старонцы ў ФБ.

Персоны:
Падзеі: