
Год таму нечакана і заўчасна пайшоў з жыцця беларускі дызайнэр, мастак, фатограф, паэт і перакладчык, аўтар «Народнага альбому» Міхал Анемпадыстаў, наш сябра і калега.
Прайшоў год, але адчуванне гэтай страты не стала меньш вострым. Міхал быў з тых людзей, якіх немагчыма “замяніць”, чые месца пасля сыходу застаецца не занятым, і шмат часу трэба, каб неяк прызвычаіцца да гэтай пустаты.
Мы вельмі ўсцешаныя, што акрамя іншых падзей, звязаных з ушанаваннем памяці Міхала Анемпадыстава, нашымі супольнымі намаганнямі атрымалася зладзіць кампанію па перавыданні дызайнерскага альбома «Колер Беларусі» — апошняй вялікай працы Міхала.
Акрамя майстэрні Dызань, якую Міхал Анемпадыстаў вёў у “Лятучым” з 2011 года, за гэты час у межах розных серый ён прачытал тры публічныя лекцыі. Сёння мы ўзгадваем іх, і думкі, ідэі, вобразы і развагі Міхала зноўку атачаюць нас, клічуць да пераасэнсавання, увасаблення, працягу…
Межы памежжа (2014)
Уяўляючы Беларусь (2015)
Колер як каштоўнасць, альбо Сакральныя маркеры беларускай ідэнтычнасці (2017)