
На дыстанцыйнай платформе Лятучага ўніверсітэта з’явіўся новы курс, створаны ў партнэрстве з грамадскім аб’яднаннем “Экапраэкт” і Таварыстам “Зялёная сетка” – “Гарады і змена клімату: што і навошта трэба ведаць”. Ідэя гэтага курса перамагла у конкурсе прапановаў для дыстанцыйнай платформы, які быў зладжаны ў маі 2017 году.
Курс звяртаецца да пытанняў узаемаддзеяння дзвюх складаных сістэм: горада і клімату. “Менавіта гарады, як найбуйнейшыя крыніцы выкідаў парніковых газаў, наўпрост звязаныя са змяненнем клімату. Наступствы ж гэтых змен – трапічныя штармы, засуха, хвалі экстрэмальнай спякоты і іншыя катаклізмы – б’юць па саміх гарадах: выносяць тысячы жыццяў і прыводзяць да велізарных эканамічных страт. І цяпер нам, планеце гараджан, трэба вучыцца жыць у новых кліматычных умовах, а таксама старацца максімальна змякчыць гэтыя змены” – кажуць аўтары курсу Марыя Фалалеева і Настасся Бекіш.
У межах курса разглядаюцца міжнародная кліматычная палітыка, крыніцы выкідаў парніковых газаў на тэрыторыі гарадоў і спосабы вырашэння гэтай праблемы, рызыкі для эканомікі і насельніцтва ў сувязі са зменай клімату і кліматычныя стратэгіі гарадоў як спосаб адаптавацца да гэтых змяненняў.
Анонс курса
Аўтары курса:
Марыя Фалалеева – кандыдат геаграфічных навук. Экспэрт у галіне кліматычнай палітыкі, адаптацыі да зменаў клімату і развіцця гарадоў (EVRESCО, Ірландыя; МГА «Экапраект», Беларусь).
Анастасія Бекіш – экспэрт у галіне кліматычнай палітыкі, каардынатар кліматычных праграм («Зялёная Сетка»; Climate Action Network).
Зараз на дыстанцыйнай платформе рыхтуюцца да выдання яшчэ 4 курсы, якія таксама былі абраныя шляхам народнага галасавання:
– Гульня як фенамен культуры (Уладзімір Мацкевіч, Тацяна Вадалажская)
– Практычная палітыка: арыентацыя і дзейнасць у свеце палітычнага (Андрэй Ягораў)
– Адкрытыя дадзеныя ў 7 пытаннях (Аліна Радачынская).
СЛУХАЙЦЕ, ЧЫТАЙЦЕ, АЦЭНЬВАЙЦЕ, АБМЯРКОЎВАЙЦЕ І ДЗЯЛІЦЕСЯ З ІНШЫМІ!