
Пачаўся збор сродкаў на выданне “Тэорыі літаратуры ХХ ст”.
Студэнты ў беларускіх вну дагэтуль вывучаюць тэорыю літаратуры або паводле савецкіх падручнікаў, або паводле расійскіх ці беларускіх, якія ўсё адно заснаваныя на (пост)савецкіх шаблонах і ідэалагічных штампах. Як вынік, агульная гуманітарная адукацыя ў Беларусі існуе асінхронна з сусветнай гуманістыкай. Базавыя паняцці заходняга свету нічога не кажуць выпускнікам айчынных філфакаў. Дапытлівыя студэнты і аспіранты дойдуць да ведаў самі, насуперак абставінам: перакладуць, адкапаюць патрэбную інфармацыю ў бібліятэках ці інтэрнэце. Але агульны фон ад гэтага не мяняецца.
Менавіта таму каманда праекта, у якую ўваходзяць Марына Шода, Святлана Рогач, Марыя Пушкіна, Таццяна Нядбай, Лявон Баршчэўскі, Ганна Бутырчык ды іншыя, пераклалі на беларускую мову “Тэорыі літаратуры ХХ стагоддзя” – грунтоўнае акадэмічнае выданне, якое змяшчае найбольш поўнае апісанне ўсяго, што адбывалася ў сусветнай гуманістыцы за апошнюю сотню гадоў.
Анна Бужыньска і Міхал Павел Маркоўскі ў адной кнізе апісваюць найважнейшыя тэорыі літаратуры мінулага стагоддзя ад псіхааналізу да посткаланіялізму. Аўтары прыклалі ўсе намаганні, каб багацце зместу і кампетэнтны аналіз ішлі ў пары з яснасцю і празрыстасцю расповеду. Кожнай з асобных плыняў тэорыі літаратуры прысвечаны асобны раздзел, дапоўнены карыснымі дадаткамі: тлумачэннем ключавых паняццяў, храналогіяй і шырокай бібліяграфіяй. Несумнеўным плюсам з’яўляецца таксама вобразная мова, дзякуючы якой кніга проста цудоўна чытаецца. Напрыканцы змешчаная раскладная “мапа” тэорый літаратуры. Дзякуючы гэтаму кнігу можна параіць не толькі будучым літаратуразнаўцам, але ўсім студэнтам гуманітарных спецыяльнасцей. Выданне тычыцца не толькі літаратуры, а шырока закранае філасофію, мовазнаўства, культуралогію, з’яўляецца па сутнасці зборнікам ідэяў, без ведання якіх сёння складана ўявіць сабе адукаванага чалавека. Такога выдання яшчэ не было. Кніга была абсалютнай навінкай на польскім рынку і зробіць рэвалюцыю ў беларускай гуманітарыстыцы.
Задача праекта – не проста надрукаваць гэтае больш чым 600-старонкавае выданне, але і распаўсюдзіць па бібліятэках і гуманітарных асяродках Беларусі, каб доступ да гэтай кнігі атрымала як мага больш студэнтаў і выкладчыкаў.
Вы можаце перадзамовіць сабе гэту кнігу, падрымаць і дапамагчы здзейсніцца гэтаму праекту на платформе Тalaka.by
Пяць аргументаў ад Максіма Жбанкова, чаму варта падтрымаць выданне:
Сваім унёскам вы рухаеце наперад айчынную гуманітарыстыку, ствараеце беларускі інтэлектуальны дыскурс, робіце яго сучасным і ўключаеце ў сусветны кантэкст.