“Гораду і свету” ў Магілёве: Ігар Духан

18 сакавіка 2014

ЭРАС КЛАСІЧНАГА

ХХ стагоддзе для беларускіх гарадоў стала часам маштабных трансфармацый, якія нярэдка дастаткова радыкальна мянялі аблічча самога горада. Яркай з’явай пасляваенных рэканструкцый сталі пабудовы ў стылі неакласіцызму, якія адрозніваліся яснасцю і прадуманасцю кампазіцый, выразнасцю геаметрычных формаў і простых ліній, гарманічнасцю архітэктурна-дызайнерскіх дэталяў. Найбольш яскравы прыклад – архітэктурны ансамбль сённяшняга праспекта Незалежнасці ў Мінску.

Што пабуджала архітэктараў звяртацца да логікі класічнага стылю? Якія ўяўленні пра прыгажосць, эстэтыку, шчасце, любоў натхнялі іх на стварэнне неакласічных архітэктурных формаў? Наколькі гэта новае аблічча гарадоў паўплывала на фарміраванне ідэнтычнасці сучасных гараджан? Пошукі адказаў на гэтыя пытанні, высвятленне закладзенага ў неакласіцызме сэнсу немагчыма без звароту да соцыякультурнага кантэксту таго часу, а таксама да творчасці тых архітэктараў, якіх мы называем «класікамі» гэтага стылю.

У межах магілёўскага цыклу публічных лекцый “Urbi et Orbi» , якія праводзіць Лятучы ўніверсітэт і Міжнародны кансорцыум «ЕўраБеларусь», вядомы тэарэтык мастацтва, архітэктар Ігар Духан прапануе слухачам паразважаць пра ролю неакласічнай архітэктуры ў фарміраванні аблічча беларускіх гарадоў. Лекцыя «Эрас класічнага (неакласіцызм і архітэктура Беларусі ХХ стагоддзя) адбудзецца 22 сакавіка ў Магілёўскім «Тэхнапарку»(вул. Ленінская , 63), ауд.807, пачатак а 15.00. Запрашаем усіх жадаючых!