
Лятучы ўніверсітэт і кансорцыюм “ЕўраБеларусь” працягвае цыкл публічных лекцый«Urbi et Orbi» («Гораду і Свету») у Віцебску. 23 лістапада слухачоў чакае сустрэча з філосафам і багасловам Пятром Рудкоўскім.
Прысутныя атрымаюць магчымасць быць сведкамі адразу некалькіх падзей. Першая з іх – публічная лекцыя “Аналітыка і герменеўтыка або Як не пакрыўдзіць чалавечую мову?” Спадар Пётр прапануе заглыбіцца ў гісторыю двух філасофскіх накірункаў – герменеўтыкі і аналітычнай філасофіі. Акцэнтуючы ўвагу на падабенствах і адрозненнях паміж імі, лектар распавядзе пра прыклады іх прымянення ў межах літаратурнай крытыкі, палітычных дыскурсаў і штодзённай камунікацыі.
Другая падзея – прэзентацыя новай кнігі філосафа “Вялікі выбух у малой Галілеі”. Уяўляючы сабой прадукт філасофска-багаслоўскіх рэфлексій, яна прапануе чытачам невялічкі экскурс у гісторыю хрысціянства і спробу адшукаць адказы на шэраг пытанняў. Што здарылася на мяжы “старой” і “новай” эры? Што ўяўляў сабой духоўны і культурны клімат у грэка-рымскім і юдэйскім свеце ў час публічнай дзейнасці Ісуса Хрыста? Як фармаваўся Новы Запавет і як выглядаў канон веры першых хрысціянаў? І гэта толькі некаторыя тэмы.
На сустрэчу запрашаюцца ўсе, хто цікавіцца філасофскімі, гістарычнымі і рэлігійнымі праблемамі і мае жаданне далучыцца да адкрытай прасторы мыслення Лятучага ўніверсітэта.
Публічная лекцыя Пятра Рудкоўскага “Аналітыка і герменеўтыка або Як не пакрыўдзіць чалавечую мову?” адбудзецца 23 лістапада 2013 года па адрасе: г. Віцебск, вул. Белабародава, 5, вялікая заля Музею “ВЦСМ”. Пачатак а15.30.
Прэзентацыя кнігі “Вялікі выбух у малой Галілеі” адбудзецца пасля лекцыі ў той жа залі, пачатак а 17.30
Уваход вольны!