“Гораду і свету” ў Віцебску: Ігар Мельнікаў

24 сакавіка 2013

Гісторыя беларусаў, якія ваявалі ў верасні 1939 года ў складзе польскага войска супраць нацыстаў, заслугоўвае самога паважлівага стаўлення да сябе.  Тады, у верасні 1939 года, нашы суайчыннікі разам з палякамі першымі ў Еўропе сказалі “не” Гітлеру.  Менавіта яны ў 1939 г. зрабілі першы крок да перамогі над Трэцім Рэйхам.

На жаль, да сёння мы мала ведаем пра падзеі таго часу, а жыхарам Беларусі, якія сустрэлі вайну ў складзе Войска Польскага, амаль да сярэдзіны 1980-х гадоў улады адмаўлялі ў праве звацца ветэранамі. Між тым пасля ўсеагульнай мабілізацыі, якая была праведзена ў Другой Рэчы Паспалітай ў канцы жніўня 1939 года, у шэрагі польскай арміі было прызвана каля 70 тысяч салдат беларускай нацыянальнасці.

29 сакавіка Лятучы ўніверсітэт і Міжнародны кансорцыум “ЕўраБеларусь” запрашаюць віцебскіх слухачоў цыкла “Urbi et Orbi” на публічную лекцыю кандыдата гістарычных навук Ігара Мельнікава.

Лектар плануе спыніцца на аналізе ключавых бітваў Вераснёўскай кампаніі 1939 года, у якіх удзельнічалі ўраджэнцы заходнебеларускіх ваяводстваў міжваеннай Польшчы. Ён распавядзе і пра лёсы некаторых беларусаў, якія з самага пачатку Другой Сусветнай вайны змагаліся з нацысцкім агрэсарам. Даследаванне беларускага гісторыка грунтуецца на значнай колькасці матэрыялаў з айчынных і замежных архіваў, а таксама ўспамінах непасрэдных удзельнікаў тых падзей. Акрамя гэтага, увазе слухачоў будуць прадстаўлены цікавыя і малавядомыя здымкі і іншыя артэфакты эпохі.

Публічная лекцыя гісторыка Ігара Мельнікава “На разломе цывілізацый. Беларусы ў Войску Польскім у верасні 1939 года” адбудзецца 29 сакавіка па адрасе: г.Віцебск, вул.Белабародава, 5, вялікая заля Музею “Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва”.  Пачатак а 17-й гадзіне. Уваход вольны!

УЛАДЗІМІР МАЦКЕВІЧ — #ФІЛОСАФ_У_ТУРМЕ
Свабодную думку немагчыма пасадзіць у турму!
Напішыце каментар