
Чалавек не можа жыць без вертыкалі – як кажуць, «не хлебам адзіным»… Вера, перакананні, ідэі, прынцыпы, жыццёвая пазіцыя – верагодна, наяўнасць нейкіх такіх вось “рэчаў” (і не толькі) задае гэтую вэртыкаль, гэты шкілет, які шмат у чым вызначае, ці стане чалавек асобай, індывідуальнасцю або простым абывацелем, ці ўбачыце Вы ў яго вачах «святло Божае» або так, дробныя мары пра зямны дастатак…
Пачуццё Радзімы, сваёй культуры, сваіх традыцый – напэўна, з таго ж шэрагу «вертыкальных паняццяў». Як, з чаго пачынаецца гэта адчуванне Радзімы? Сям’я, асяроддзе, традыцыі, атмасфера, кнігі, людзі, якіх пашчасціла сустрэць, падзеі, якія давялося перажыць, ідэалогія, з якой давялося змагацца, і г.д. Магчыма, гэта пачуццё выхоўваецца неяк вось так – дзякуючы ці насуперак усяму гэтаму. І ўсё ж падставовая рэч тут – гэта асэнсаванне сваіх традыцый, таму што калі ў цябе гэтага няма, то ты падманваеш сябе вечнымі пошукамі «свайго-чужога”, гуляючы ў розныя «радзімы».
“Думаю, што свае традыцыі – калі казаць пра Радзіму – яны для чалавека шкілет, хрыбетнік, які трымае ягоную постаць. Калі гэты скелет ёсць – цудоўна, калі ён прырастае ўсім, што крыху далей за Радзіму. А калі ён робіцца такім хіцінавым панцырам, які затуляе яго ад свету – то пад ім непазбежна ўтвараецца нешта такое жэлепадобнае, як у слімака”, – сказаў у сваім нядаўнім інтэрв’ю фатограф, літаратар Аляксей Андрэеў. Пытанні пра свае традыцыі, культуралагічныя коды, якія вызначаюць адчуванне Радзімы, аднойчы прывялі яго да ідэі стварэння альманаха «Маналог». А сёння гэтыя ж пытанні, але ўжо ў іншым гістарычным, культурным кантэксце, становяцца для яго падставай звярнуцца да «Гораду і Свету» з публічнай лекцыяй “С чего начинается Родина. Гісторыя асабістых адкрыццяў і блытанняў”.
Лекцыя адбудзецца 8 лістапада ў галерэі Ў (пр -т Незалежнасці , 37а ), пачатак а 18.30. Уваход вольны. Традыцыйна будзе зладжана online – трансляцыя лекцыі.
Лекцыя праводзіцца Лятучым універсітэтам і Міжнародным кансорцыюмам “Еўрабеларусь”.
Глядзіце таксама: