Гораду і свету: Міхась Скобла

24 сакавіка 2014

Беларусі ён  дадзены як бы навырост. Чытаючы і спасцігаючы яго, мы будзем расці – і духоўна, і нацыянальна.

Міхась Скобла: “Не шкодзіла б заснаваць цэлы Інстытут Барадуліназнаўства”

Рыгор Барадулін… Паэт міласцю Божай, “да-стваральнік свету”, філосаф… Ацэнены прыжыццёва – як чытачамі, так і афіцыйнымі ўладамі ў пачатку 90-х, народны паэт- не паводле наданага звання, а паводле прызнання. Вельмі трапна пра “народнасць” і “беларускасць” Барадуліна сказаў Міхась Скобла ў згаданым вышэй інтэрв’ю: “Барадулінская паэзія акумулявала ў сабе і беларускую мудрасць, і беларускую дабрыню, і беларускі досціп. Усё наша шматпраяўнае беларускае быццё адлюстравалася ў ёй, і глядзім мы з радасным здзіўленнем на тое адлюстраванне: а мы, аказваецца, і цікавыя, і самадастатковыя, і нябедныя, і хадзіць нам у пазыкі да чужога дзядзькі не варта”.

Але – па-за ўсімі ацэнкамі і ўсхваленнямі – наколькі ж сапраўды беларусы ведаюць свайго паэта – як асобу, як творцу, наколькі разумеюць глыбіню і сутнасць ягонага слова?

28 сакавіка ў межах цыкла “Urbi et Orbi”, які ладзяць Лятучы ўніверсітэт і Міжнародны кансорцыум “ЕўраБеларусь”, паэт, эсэіст, перакладчык, вядучы аўтарскай праграмы “Вольная студыя” на Радыё Свабода Міхась Скобла выступіць з прамовай “Голас і Логас Рыгора Барадуліна”. У сваёй прамове з чатырма лірычнымі адступленнямі лектар плануе спыніцца на пяці аспектах:

– Паэт-(да)стваральнік cвету: дэміургавасць Барадуліна

– Вітаізм барадулінскай паэзіі

– Культ Маці (Маці Куліна і Маці Радзіма)

– Творчасць як чысцец Мовы

– Феномен паэта-перакладчыка

Лекцыя адбудзецца 28 сакавіка ў галерэі Ў, пачатак а 18.30. Уваход вольны! Арганізатары забяспечваюць online-трансляцыю: https://fly-uni.org/urbi-et-orbi