
Сённяшняя Еўропа паўстала з мінуўшчыны духоўна і гістарычна хрысціянскай. Пэўную колькасць стагоддзяў Біблія была своеасаблівым каталізатарам развіцця еўрапейскай культуры і самасвядомасці. Вядома, што беларускія землі не выключаны з гэтага працэсу: скарынаўскі пераклад Бібліі з’явіўся ў ліку першых, і наша культурная традыцыя падмацаваная агульнахрысціянскай.
Развіццё after-постмадэрнай рэчаіснасці здзяйсняе грунтоўнае пераасэнсаванне гісторыі, але не можа быць па-за яе ўплывам. Сучасны глабалізаваны свет усё часцей называюць постнацыянальным, аднак пытанне нацыянальнага самасцвярджэння застаецца актуальным. Асабліва выразна гэта характарызуе Беларусь. У такіх умовах кропкай грамадскай еднасці можа стаць культурны праект з абрысамі і сутнасцю нацыятворчага праекта – напрыклад, стварэнне беларускай Бібліі.
Даследчык біблійных тэкстаў, доктар тэалогіі і філасофіі Ірына Дубянецкая адстойвае права беларусаў мець сваю Біблію – перакладзеную на родную беларускую мову з арыгінальных – яўрэйскай, арамейскай і грэцкай моў. Паслухаць яе аргументы і абмеркаваць рэальныя перспектывы такога праекта будзе магчыма падчас публічнай лекцыі, якая ладзіцца 12 красавіка ў Віцебску Лятучым ўніверсітэтам і Міжнародным кансорцыумам “ЕўраБеларусь”.
Запрашаем усіх зацікаўленых! Уваход вольны!
Публічная лекцыя Ірыны Дубянецкай “Беларуская Біблія. Нацыятворчы праект у постнацыянальным свеце” адбудзецца 12 красавіка па адрасе: г.Віцебск, вул.Белабародава, 5, вялікая заля Музею “Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва”.
Пачатак а 17-й гадзіне.
Цыкл “Urbi et Orbi” Лятучага ўніверсітэту: https://fly-uni.org/urbi-et-orbi