Гораду і свету: Віцебск

13 лютага 2014

Мастак, дызайнер, архітэктар і звычайны абывацель – кожны з іх па-свойму адчувае на сабе ўздзеянне культуры і кожны па-свойму аказвае свой уплыў на фармаванне яе адметнасці, стварэнне той візуальнай рэчаіснасці, якая маркіруе нас як беларусаў, дапамагае (альбо наадварот – ускладняе) усвядоміць сваё месца ў свеце. І кожны з іх будзе рабіць гэта, зыходзячы са свайго разумення “прыгожага”. Пры гэтым хтосьці, ствараючы новы вобраз, будзе дакапвацца да сутнасці “простых рэчаў”, разбірацца з традыцыяй, яе унутранымі эстэтычнымі законамі, а хтосьці будзе ствараць “аграгламурны трэш” чарговых Дажынак.  Ну… як кажуць, “на густ і колер таварышаў няма”.

Але пачуццё стылю, разуменне “прыгожага” – гэта далёка не толькі справа густу кожнага, гэта адлюстраванне актуальнага стану культуры, у якую мы ў той ці іншай ступені аказваемся ўклучанымі. Наколькі наш сённяшні выбар той ці іншай культурнай мадэлі грунтуецца, падпітваецца нашай традыцыяй?

“Стылізаваць візуальныя, архітэктурныя, рэкламныя прадукты трэба паводле нацыянальных каштоўнасцяў”, – упэўнены дызайнер Міхал Анемпадыстаў – лектар наступнай публічнай лекцыі цыкла “Urbi et Orbi” у Віцебску. Арганізатары цыкла – Лятучы ўніверсітэт і Міжнародны кансорцыум “ЕўраБеларусь” – запрашаюць усіх зацікаўленых 22 лютага ў віцебскі Цэнтр рамёстваў “Здзвінне” (вул. Чайкоўскага, 3) а 18.00 не толькі паслухаць пра “Колер Беларусі”, але і стаць сведкамі таго, як лектар працуе з фактурай беларускай рэчаіснасці, беларускай традыцыі.

Якім колерам аддавалі перавагу продкі сучасных беларусаў?Як і чаму менавіта гэтыя колеры зрабіліся “нашымі”? Як праяўляюцца ўзаемасувязі паміж колерам і нашай культурай, колерам і рэлігіяй, колерам і нашай ментальнасцю? Як увогуле можна працаваць з колерам, намінуючы яго як “нацыянальны маркер”?

Шукаем адказы на гэтыя пытанні разам з дызайнерам, мастаком, паэтам, культурным дзеячам Міхалам Анемпадыставым. Лекцыя “Колер Беларусі”, 22 лютага, 18.00, Цэнтр рамёстваў “Задзвінне” (вул. Чайкоўскага, 3)

Уваход вольны!

УЛАДЗІМІР МАЦКЕВІЧ — #ФІЛОСАФ_У_ТУРМЕ
Свабодную думку немагчыма пасадзіць у турму!
Напішыце каментар