Трэцяе паседжанне «Клуба вуснага гісторыка» будзе прысвечана тэме горада і гарадской супольнасці. Сустрэча адбудзецца 31 сакавіка (пятніца), пачатак у 18-30, у Гістарычнай майстэрні (вул. Сухая, 25).
Гутарка пойдзе пра гарадскую ідэнтычнасць і праблемы захавання супольнасці, пра штодзённасць Гродна розных часоў і знакаміты гродзенскі патрыятызм.
Да гутаркі далучацца госці з Гродна. Таццяна Касатая-Герасюк і Андрэй Вашкевіч даўно даследуюць гісторыю свайго горада. У выніку навукоўцы прыйшлі да цікавай высновы: забяспечыць неперарыўнасць гарадской традыцыі і ўстойлівасць супольнасці дапамагла памяць. Менавіта ўспаміны людзей не даюць расцярушыцца гродзенскай ідэнтычнасці.
«У адрозненне ад Мінска, у якім адбываліся кардынальныя змены ў прасторы і гарадской супольнасці, у Гродна гарадская культура, штодзённасць не былі разбураны цалкам, яны захоўваюцца і актуалізуюцца», – кажа Таццяна Касатая-Герасюк.
Некалькі словаў пра гасцей клуба:
Таццяна Касатая-Герасюк, гісторык, дактарантка Інстытута славістыкі Польскай Акадэміі Навук. Сфера інтарэсаў: гісторыя хрысціян-евангелістаў, культурная спадчына, гісторыя г. Гродна, вусная гісторыя. Друкавалася ў шэрагу часопісаў, у тым ліку «Arche», «Гарадзенскі соцыум», «Гарадзенскі палімпсест» ды інш. Удзельнічала ў распрацоўцы метадычнага дапаможніка «Шпацыр па памяці» сумесна з музеем «Дом Ганны Франк». Лаўрэатка прэміі імя Юзафа Ядкоўскага.
Андрэй Вашкевіч, гісторык, краязнавец, экскурсавод. Даследчык паўстання 1863-1864 гг., гісторыі г. Гродна. Аўтар шэрагу артыкулаў у аўтарытэтных навуковых выданнях: «Arche», «Горад Святога Губерта» (сурэдактар) ды інш. Выступаў кансультантам да пуцяводніка «Шляхамі паўстання 1863», суаўтар грунтоўнага выдання «Балахоўцы», аўтар «Паміж Ласоснай і Чорнай Ганчай», дзе даследаваў гісторыю праваслаўных прыходаў Сапоцкінскага краю. Лаўрэат прэміі імя Юзафа Ядкоўскага.
31 сакавіка (пятніца)
18-30
Гістарычная майстэрня (вул. Сухая, 25)
Уваход вольны!