
Музыкі розных пакаленняў выканаюць песні на вершы беларускага паэта, які сёлета заўчасна пайшоў у іншы свет. У канцэрце возьмуць удзел Лявон Вольскі, Ігар Варашкевіч, Кася Камоцкая, Зміцер Вайцюшкевіч, Аляксандр Ракавец з IQ48, гурты MorkvoЦвет і Harotnica.
Вялікі канцэрт памяці Міхала Анемпадыстава пройдзе 15 сакавіка ў мінскім клубе «Брюгге» . Тыя, хто любіў і шанаваў паэта, адмыслова рыхтуюцца да гэтай падзеі. Упершыню за доўгі час у арыгінальным гучанні са сцэны будуць зайграныя даўнія хіты гуртоў «Новае Неба» , N.R.M., «Бонда» аўтарства Міхала, адносна свежыя песні на ягоныя вершы ў выкананні IQ48 і Змітра Вайцюшкевіча, а таксама зусім новыя творы ад гуртоў MorkvoЦвет і Harotnica. Да згаданых выканаўцаў далучыцца музычны склад пад кіраўніцтвам Алеся-Францішка Мышкевіча, віаланчэлістка Юлія Глушыцкая, а весці імпрэзу будзе Аляксандр Памідораў. Ладзіць канцэрт партал TuzinFM.by.
Афішу мерапрыемства зрабіла жонка паэта, Алена Дашкевіч.
«Нягледзячы на такую сумную нагоду, хочацца зрабіць не траўрнае мерапрыемства, а добры рокавы канцэрт. Такі, які б спадабаўся б самому Міхалу», – кажа кіраўнік TuzinFM Сяргей Будкін.
Грошы з квіткоў будуць пералічаныя сям’і Міхала Анемпадыстава на будучы помнік творцы. Канцэрт у «Брюгге» пройдзе напярэдадні ягонага дня народзінаў. Сёлета Міхалу споўнілася б 54 гады. Ён пайшоў у іншы свет 24 студзеня 2018 года.
15.03.2018
Клуб «Брюгге» (пр.Партызанскі, 6а)
19.00.
Канцэрт памяці Міхала Анемпадыстава
Даведкі: +375 29 687-20-93. Квіткі (папярэдне) – 20 руб. на Bezkassira.by
___________________________________________________________________
Глядзіце таксама: праграма Belsat Music Live памяці Міхала Анемпадыстава.