«Колер Беларусі» ў Віцебску!

13 красавіка 2017

Мастак і дызайнер Міхал Анемпадыстаў прадставіць сваю выставу «Колер Беларусі» ў Віцебску. На адкрыццё 18 красавіка ў 17.00 у Творчы цэнтры VZAP (вул. Кастрычніцкая, 2) запрашаюць Лятучы ўніверсітэт і грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!».

Выстава «Колер Беларусі» прайшла ў сакавіку ў Мінску, а цяпер візуальную частку свайго вялікага даследвання – аб’екты-носьбіты ўлюбёных колераў беларускай культурнай традыцыі – Міхал Анемпадыстаў прадставіць у Віцебску.

“Я ўзяў сабе за мэту напісаць гісторыю тэмы колераў, і ілюстрацыі, якія прадстаўлены на гэтай выставе, будуць выкарыстаны пры выданні маёй кнігі. Я вырашыў не даваць каментароў да здымкаў, каб пакінуць гледачоў сам-насам з візуальным шэрагам гэтай выставы. Дзеля таго, каб прысутныя маглі звязаць свае адчуванні колераў з тымі ўспамінамі, якія ёсць у кожнага з нас. Адчуць праз колер візуальную сувязь з гэтымі аб’ектамі і рэчамі, з эмацыйным настроем, які я імкнуўся перадаць на гэтых выявах, структурах. Пра кожны з гэтых колераў можна напісаць па цэлым эсэ ці брашуры. З гэтым пагодзіцца кожны, хто хоча зразумець беларускую культурную традыцыю,” – сказаў аўтар у адным з інтэрв’ю з нагоды выставы.

Якія колеры складаюць палітру беларускага асяроддзя? Чые каларыстычныя трэнды мы перанялі, і як пераасэнсавалі? Што такое увогуле “колер” і чаму ён феномен культуры? Якім чынам колеры ўплываюць на нашу самаідэнтычнасць?

Запрашаем шукаць адказы на гэтыя пытанні і спазнаваць разнастайнасць колераў нашай культуры, іх адценняў і прыродных форм разам з аўтарам, мастаком і дызайнерам Міхалам Анемпадыставым. Падчас адкрыцця выставы аўтар правядзе імправізаваную экскурсію.

Адкрыццё выставы — 18 красавіка.

Творчы цэнтр VZAP (вул. Кастрычніцкая,2), пачатак а 17-й.

Выстава будзе працаваць да 25 красавіка.

Уваход вольны.

Чакаем вас!

Інфалінія:  +375259133876

Выстава «Колер Беларусі» у Віцебску ладзіцца ў межах Міжнароднага праекта па развіцці культурнай спадчыны CHOICE і грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!»