
Днямі прыйшла цудоўная навіна. “Колер Беларусі” Міхала Анемпадыстава пачне яшчэ адно сваё жыццё і цяпер гэта будзе тэатральная сцэна!
15 лістапада ў Міністэрстве культуры адбылася адкрытая абарона рэжысёрскіх праектаў, што будуць пастаўленыя цягам наступных трох гадоў у беларускіх тэатрах. Сярод падтрыманых праект акцёра і рэжысёра Тэатра ім.Янкі Купалы Раман Падаляка, паводле кнігі Міхала Анемпадыстава “Колер Беларусі”. Гэта значыць, што неўзабаве на Камернай сцэне Купалаўскага тэатра з’явіцца ўнікальная пастаноўка.
“Колер Беларусі” як позірк на свет і саміх сябе меў розныя ўвасабленні.
У 2012 годзе гэта была публічная лекцыя з цыклу Лятучага ўніверсітэта “Urbi et Orbi”, калі Міхал Анемпадыстаў здаецца ўпершыню прадставіў сваю ідэю шырокай публіцы.
“Які колер з’яўляецца колерам Беларусі?” Інтэрв’ю напярэдадні лекцыі
Затым былі лекцыі і семінары з тымі, хто хацеў больш глыбока зразумець мову колеру ў Лятучым універсітэце і Беларускім калегіюме.
Паступова тэма, ідэя і напрацоўкі ўвасобіліся ў выставу, што пабывала ў Віцебску, Бярэсце і Гародні. А затым і ў Мінску, разам з кнігай.
Выстава ў Віцебску. Фота Валерыя Столяр
Кніга “Колер Беларусі” выйшла ў 2017 і ўвабрала ў сябе шлях пошукаў, вобразы, словы і роздумы пра каларыстычную беларускую ідэнтычнасць. Невялікі першы тыраж разышоўся імгненна. А аўтарскія экскурсіі па выставе засталіся ў памяці ўдзельнікаў чароўнымі вандроўкамі ў свет Міхала, якім ён шчодра дзяліўся з беларусамі.
![]() |
![]() |
Галоўнае, што трэба ведаць пра кнігу “Колер Беларусі”
Пасля сыходу Міхала Анемпадыстава мы зрабілі грамадскую кампанію па перавыданню кнігі. І шмат людзей і арганізацый адгукнуліся і дапамаглі здзейсніцца гэтай кнізе наноў. Здзякуючы Фонду “Добра” атрымалася не толькі надрукаваць 1700 экзэмпляраў кнігі, але і перадаць іх у бібліятэкі, грамадскія арганізацыі і навучальныя ўстановы.
Прэзентацыя перавыдання – новае ўвасабленне кнігі. Мы глядзелі на вобразы, слухалі словы і музычныя імправізацыі, што ўсе разам стваралі новы космас Колера Міхала Анемпадыстава, Колера Беларусі.
І вось новае ўвасабленне, тэатральнае.
Ці было раней такое, каб візуальнае даследаванне стала спектаклем?
Мы не ведаем, але адчуваем, што як і ўсё звязанае з імем Міхала Анемпадыстава – гэта будзе ўнікальнай з’явай культуры, якая адкрые нам новыя прасторы.
Зычым посьпехаў і чакаем прэм’еры!