Крочым з 2017 у 2018 разам з Лятучым

29 снежня 2017

2017 год для Лятучага ўніверсітэта стаў часам асэнсавання новых выклікаў, намацвання сутнасных праблемаў, якія паўстаюць у імківым развіцці сучаснага свету. Напрыканцы года мы вырашылі ўзгадаць, што мы рабілі і чаго дасягнулі, аб чым думалі і клапаціліся цягам гэтага часу.

У гэтым годзе напоўніцу запрацавала новая дыстанцыйная платформа Лятучага, якая была запушчаная ў вір інфармацыйнай прасторы напрыканцы снежня мінулага году. За гэты час платформа напоўнілася курсамі беларускіх інтэлектуалаў і адмыслоўцаў, прысвечаных шырокаму колу тэмаў: гісторыі беларускай думкі і філасофіі гісторыі, праблемам змены клімату і біяэтыкі, сістэмнаму падыходу і сацыяльнаму ўяўленню, выклікам сучаснай адукацыі і навейшай гісторыі Беларусі – усяго не пералічыць! У траўні гэтага года дыстанцыйная платформа Лятучага ўніверсітэта абвесціла конкурс і запрасіла арганізацыі і ініцыятывы, навукоўцаў і мысляроў далучыцца да стварэння адукацыйных курсаў на супольнай універсітэцкай платформе. Па выніках рэйтынгавага галасавання наведвальнікаў платформы былі вызначаныя 5 курсаў. Пераможца конкурсу – курс “Гарады і змены клімату: што і навошта трэба ведаць” ужо з’явіўся на платформе, а для стварэння астатніх была распачата краўдфандынгавая кампанія ВЕДЫ ONLINE. Кампанія атрымалася такой ўдалай, што (дзякуючы вашай падтрымцы!) мы здолелі выйсці нават за межы першасных задумаў, і замест чатырох абраных курсаў цяпер маем магчымасць зрабіць пяць!

Такім чынам, у наступным годзе на дыстанцыйная платформе вас чакаюць:

Творчая фатаграфія ў Беларусі на стыку 20 і 21 стагоддзяў: ідэі, падзеі, дзеючыя асобы (Уладзімір Парфянок),

Гульня як фенамен культуры (Уладзімір Мацкевіч, Тацяна Вадалажская),

Практычная палітыка: арыентацыя і дзейнасць у свеце палітычнага (Андрэй Ягораў),

Адкрытыя дадзеныя ў 7 пытаннях (Аліна Радачынская),

Дзве гісторыі стварэння ў Кнізе Роду (Ірына Дубянецкая).

І не толькі, таму сачыце за абнаўленнямі на платформе!

Штогадовая канферэнцыя Лятучага ўніверсітэта ў гэтым годзе прайшла напачатку сакавіка. Разуменне выклікаў сучаснага стану гуманітарных працэсаў вызначыла тэму канферэнцыі: “Тэхнікі і тэхналогіі чалавечага”. Цягам канферэнцыі мы паглыбляліся ў тыя сферы, дзе ствараецца і аднаўляецца Чалавечае ў Чалавеку, і разбіраліся з тымі інструментамі мысленння і дзейнасці, якія прыдатныя для вырашэння гэтых задач.

Вясна гэтага года прайшла ў Лятучым пад знакам “Колеру Беларусі”. Выстава і кніга-альбом вядомага беларускага дызайнера, мастака Міхала Анемпадыстава пад гэтай назвай, а таксама шэраг падзей, якія спарадзіла гэтае выданне, наварочвалі нас да абмеркавання спосабаў жыцця спадчыны і традыцыі ў сучасным свеце, феномену колераў у культуры, месца колеру ў фармаванні ідэнтычнасці нацыі і асобы.

Але вясна-2017 была адзначаная не толькі пошукамі і набыткамі ў інтэлектуальным і культурным вымярэнні, але і складаным сацыяльна-палітычным кантэкстам, які патрабаваў грамадзянскай рэакцыі. Шэраг сябраў калегіума Лятучага разам з іншымі беларускімі інтэлектуаламі і творцамі зладзілі сваеасаблівы “інтэлектуальны марафон” салідарнасці з усімі затрыманымі ды пацярпеўшымі ад рэпрэсіяў цягам сакавіцкіх падзеяў пад назвай “Слова ў абарону свабоды і годнасці”, які прайшоў у кнігарні “ЛогвінаЎ”.

Адной з цэнтральных змястоўных падзеяў года сталася першая агульнаўніверсітэцкая гульня, што адбылася 10-14 траўня 2017 года і была прысвечана тэме “Універсітэт і інфраструктура інавацый: стратэгія устойлівай камунікацыі суб’ектаў інавацыйнай дзейнасці”. Вынікі гульні знайшлі свае адлюстраванне ў шэрагу тэкстаў – “Аб гульні па распрацоўцы інтэрфейсаў камунікацыі ў інавацыйных працэсах” і “Глабальнае пацяпленне пасля халоднай вайны” Уладзіміра Мацкевіча, “Інавацыйны час і мы” Таццяны Вадалажскай, а таксама ў працы з новымі тэмамі (напрыклад, тэмай блакчэйну) і праграме Лятучага на наступны год (чакайце абвестак напрыканцы студзеня!).

Традыцыйная летняя школа Лятучага ўніверсітета адбылася ў гэтым годзе напачатку ліпеня на хутары Шаблі. Універсітэцкі летнік стаў натуральным працягам роздуму і дыскусій вакол кардынальных зменаў сусвету, якія нясе выбух тэхналагічнага развіцця і эпоха інавацыйнага паскарэння. Тэма летніка гучала як “Гэты дзіўны новы свет”, адсылаючы нас да антыўтопіі Хакслі і наогул да праблематызацыі сацыяльнага і гуманітарнага вымярэння інавацыйных працэсаў.

У гэтым годзе мы працягнулі працу ў адносна новай да нас сферы – урбаністыцы. Праграма ўжо другога набора Школы “Гарадскія грамадскія прасторы: устойлівае развіццё”, якая ладзілася Лятучым Універсітэтам у партнёрстве з таварыствам “Зялёная сетка”, альманахам “Гарадскія тактыкі”, “Архітэктурным Бюро 35” і беларускай партыяй “Зялёныя”, будавалася пад агульнай рамкай канцэпцыі “Зялёны горад”. Напачатку верасня выпускнікі Школы – маладыя архітэктары, урбаністы, грамадскія актывісты – прэзентавалі вынікі групавой даследніцкай практыкі і ўласныя праекты развіцця грамадскіх прастор.

Новы навучальны год адкрываўся, як звычайна, публічнай падзеяй. Але ў гэтым годзе мы вырашылі абысціся без фармальных прэзентацый і зрабіць больш адпаведную Лятучаму размову з асобамі, інтэлектуаламі, якія вядуць курсы і семінары ў гэтым годзе. Мы скарысталіся фарматам «Жывой бібліятэкі», і разам з імі зрабілі сваеасаблівы дзень адкрытых дзвярэй “Без кафедраў і мантый”.

У гэтым годзе ў нас шмат што адбылося зрабіць разам – разам з іншымі навуковымі, адукацыйнымі, інтэлектуальнымі і грамадскімі ініцыятывамі. Нам прыемна ўзгадваць падзеі і партнёраў, да якіх мы далучаліся ў гэтым годзе. Найбльш змястоўнымі і цікавымі з сумесных ініцыятываў для нас сталі:

Публічная лекцыя і дыскусія “Клімат змяняецця. Ці змяняемся мы?” (сумесна з таварыствам “Зяленая сетка”, Амбасадай Францыі ў РБ і праэктам “Наука па-за сабой”);

Public Space Day (сумесна з Альманахам “Гарадскія тактыкі”, Беларускай партыяй “Зялёныя”, Зялёнай сеткай, Архітэктурным бюро 35, а таксама ініцыятывай «Добры горад/Good city»);

Міжнародная навуковая канферэнцыя «Логас і патас: гуманітарная рэфлексія ва ўмовах вайны» (сумесна з Міжнароднай асацыяцый гуманітарыяў; Еўрапейскім гуманітарным ўніверсітэтам, Цэнтрам міждысцыплінарных гуманітарных даследаванняў; Інстытутам палітычных даследаванняў «Палітычная сфера»);

Міжнародная канферэнцыя “Масавыя рэпрэсіі ў СССР у гістарычных даследаваннях і калектыўнай памяці” (сумесна з Беларускім архівам вуснай гісторыі, Інстытутам Славістыкі ПАН, Польскім Інстытутам у Мінску);

“Нядзеля спадчыны” (сумесна з фестывалем дакументальнага кіно Watch Docs Belarus і Беларускім камітэтам ICOMOS).

Мы вельмі радыя нашаму супрацоўніцтву, і спадзяемся, што яно працягнецца і ў наступным годзе.

Напрыканцы года мы шчыра жадаем усім нашым партнёрам, калегам, сябрам і слухачам шчодрых Калядаў і шчаслівага Новага году! Жадаем, каб свет вакол заставаўся такім жа адкрытым, захапляльным і поўным магчымасцяў, як у дзяцінстве. Хай амбітнасць мараў і высокі палёт думак знаходзіць натхненне і апірышча ў вернасці сябе і падтрымцы сяброў і калегаў.

УЛАДЗІМІР МАЦКЕВІЧ — #ФІЛОСАФ_У_ТУРМЕ
Свабодную думку немагчыма пасадзіць у турму!
Напішыце каментар