28 красавіка 2017 г. у крэатыўнай прасторы “ЦЭХ” адбудзецца адкрытая дыскусія на тэму «Культурная спадчына і сучаснасць: фармаванне новай суб’ектнасці?».
Дыскусія арганізуецца ў межах праграмы “CHOICE: Cultural Heritage – Opportunity for Civic Engagement”, якая рээалізуецца ва Украіне, Беларусі, Арменіі, Малдове пры падтрымцы Еўрапейскага Саюза. Асноўны змест, які прапануецца да абмеркавання, – напрацоўкі і рэкамендацыі па працы ў сектары гісторыка-культурнай спадчыны, зробленыя цягам амаль двух год разгортвання праграмы CHOICE.
Праграма CHOICE разглядае культурную спадчыну як рэсурс для развіцця мясцовых суполак, умацаванне сучаснай беларускай ідэнтычнасці і еўрапейскага цывілізацыйнага выбару Беларусі. Удзел па краіне бяруць 10 праектаў, прысвечаных як матэрыяльнай, так і нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыне. Завяршыцца праект у чэрвені бягучага года.
Першая з дзвюх запланаваных дыскусій ад CHOICE-Беларусь будзе прысвечаная асаблівасцям беларускага кантэксту працы з гісторыка-культурнай спадчынай, асноўным фактарам і выклікам, з якімі сутыкаюцца адмыслоўцы штодзень. Асобная ўвага будзе нададзеная магчымасцям фармавання новай, грамадзянскай суб’ектнасці ў вырашэнні супольных прафесійных пытанняў аховы і інтэрпрэтацыі нашай спадчыны.
У размове прымуць удзел эксперты:
– Андрэй Ягораў, дырэктар “Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі”, палітолаг, аналітык;
– Ігар Раханскі, рэстаўратар, кіраўнік праектнага бюро Беларускага камітэта ICOMOS;
– Уладзімір Мацкевіч, метадолог, філосаф, аналітык, грамадскі дзеяч;
– Сцяпан Стурэйка, культурніцкі антраполаг, выкладчык, даследчык;
– Ігар Чарняўскі, экс-загадчык упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Беларусі;
– Антон Астаповіч, старшыня грамадскага аб’яднання “Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры”
Аналагічныя дыскусіі пройдуць у Арменіі, Малдове і Украіне. Кароткае ўступленне ад імя праекта зробіць Антанэла Вальмарбіда, кіраўнік ALDA (Італія), партнёра і фундатара праграмы.
Далучайцеся! Удзел у мерапрыемстве магчымы па папярэдняй рэгістрацыі: https://goo.gl/forms/
Канчатковы тэрмін рэгістрацыі – 27 красавіка, 12:00.
28 красавіка 2017
Крэатыўная прастора “ЦЭХ”, Мінск, вул. Кастрычніцкая, 16, 2-гі паверх.
Рэгістрацыя: 18:30.
Пачатак: 19:00