Лятучы ўніверсітэт запрашае сяброў супольнасці і ўсіх зацікаўленых на сёмую летнюю школу! Школа будзе праходзіць ад 30 чэрвеня да 3 ліпеня 2017 г. на вядомым хутары Шаблі. Дэдлайн падачы заявак – да 15 чэрвеня!
Слова «школа» паходзіць ад грэцкага «scole» – вольны час. Гэта час для таго, каб думаць, марыць і развівацца, пакідаючы на нейкі час штодзённыя клопаты і практычныя задачы. Асноўная мэта летніх школ – камунікацыя паміж актыўнымі ўдзельнікамі супольнасці, рэфлексія і абмеркаванне вынікаў працы, а таксама фармуляваннне асноўных задач і перспектыў дзейнасці, праграмаванне наступнага кроку ў развіцці.
Першая Летняя школа “Лятучага” (2011 год)
Сёлета тэма школы наўпрост звязана з інтэлектуальнай працай апошніх гадоў, дзе мы імкнуліся ўявіць будучыню і вынайсці месца ўніверсітэта ў ёй.
“Гэты дзіўны новы свет”
У праграме Летняй школы традыцыйна запланавана некалькі фарматаў працы і камунікацыі:
1. Пленарныя даклады і дыскусіі, дзе адбываецца агульнае абмеркаванне тэмы школы:
– Ці адбываецца змена парадыгмы (анталогіі) развіцця? Як магчыма і трэба мысліць новы час: постмадэрн, гульня, інфармацыйная эпоха, інавацыйная эпоха?
– Рэфлексія, здзіўленне, камунікацыя – базавыя інтэлектуальныя працэсы і мысленне новай эпохі.
– Сучасныя кропкі інтэлектуальнага напружання: месцы, тэмы, абставіны.
– Універсітэт у новых варунках: сацыяльны інстытут, супольнасць і з’ява. Куды рухацца Лятучаму ўніверсітэту?
– Новы чалавек – чалавечыя якасці і кампетэнцыі. “Іншы” – Хто гэта ці Што гэта?
– Інавацыі і традыцыі: суадносіны і ўзаемадачыненне.
– Ідэнтычнасць як выклік у эпоху зменаў і інавацый.
Пленарнае пасежджанне. V Летнік Лятучага ўніверсітэта (2015 год)
2. “Адкрытая кафедра” — магчымасць кожнаму з удзельнікаў Летняй школы прапанаваць усім астатнім сваю тэму для дыскусіі, прэзентацыі, лекцыі ці майстар-класа. “Адкрытая кафедра” будзе арганізавана па прынцыпе баркэмпа: удзельнікі заяўляюць гатоўнасць правесці дыскусію, семінар, лекцыю, майстар-клас і г.д. Агульны спіс прапаноў аб’яўляецца публічна, каб усе астатнія ўдзельнікі вызначыліся са сваім жаданнем паслухаць-паўдзельнічаць. Затым складаецца зручны графік правядзення ўсяго, што сустрэла падтрымку сярод удзельнікаў.
Летнік 2013 года. “Лад жыцця Лятучага ўніверсітэта: прастора і час, этас і стыль”
3. Клубная прастора і культурна-спартыўна-забаўляльная праграма — магчымасць разнастаіць вольны час рознымі формамі камунікацыі, гульні, перфомансу, адкрытая для творчага самавыяўлення і вольнай камунікацыі прастора (увечары).
V Летнік Лятучага ўніверсітэта (2015 год)
Летнік будзе адбывацца на вядомым хутары Шаблі. Умовы будуць даволі аскетычныя: намёты ці падлога/матрацы/раскладушкі пад дахам.
Працягваючы традыцыю, мы арганізуем гэты летнік выключна за ўласныя сродкі, тым самым фармуючы адказную і жыццяздольную супольнасць.
Асабісты ўнёсак будзе складаць 40 даляраў (у бел.рублях па курсе, за ўсе чатыры дні летніка). Прапануем чальцам супольнасці, калі ёсць такая магчымасць і жаданне, рабіць унёсак не толькі за сябе, але і “за таго хлопца (ці дзяўчыну :))”. Дадатковыя сродкі мы выкарыстаем для запрашэння цікавых гасцей, а таксама для падтрымкі тых, каму асабістыя фінансавыя абставіны не дазваляюць прыняць удзел у летніку.
Каб заявіцца на ўдзел у летніку, просім Вас запоўніць рэгістрацыйную Заяўку.
Дэдлайн падачы заявак – да 15 чэрвеня!
Па дадковых пытаннях звяртайцеся да Тацяны Вадалажскай па пошце flyuniby@gmail.com, +375296754625
Прыгадаць ці даведацца больш пра мінулыя Летнікі Лятучага ўніверсітэта можна тут: