
Кангрэс, які ўжо сем лет запар збіраў даследчыкаў Беларусі з розных краін і дысцыплінарнасцяў, ў гэтым годзе ўпершыню планавалася правесці ў Мінску. Але сёння старшыня арганізацыйнага камітэта Андрэй Казакевіч паведаміў, што правядзенне восьмага Кангрэса пераносіцца на 2019 год.
Нагадаем, што першы Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі, арганізаваны шэрагам незалежных даследчых і інтэлектуальных ініцыятыў, прайшоў у 2011 годзе. Першыя шэсць Кангрэсаў праходзілі ў літоўскім Коўна, а ў прошлым годзе даследчыкаў Беларусі прымала Варшава, дзе ў верасні 2017 года адбыўся сёмы па ліку Кангрэс. Традыцыйнай адметнасцю Кангрэса стала ўручэнне Прэміі Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі, якая была заснавана ў 2013 годзе.
Удзельнікі сёмага Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі, Варшава, верасень 2017 г.
З лістапада 2017 года вялася падрыхтоўчая праца па правядзенні Кангрэса ў Беларусі. Але пасля працяглага працэсу кансультацый і падрыхтоўчых захадаў арганізацыйны камітэт быў вымушаны аб’явіць, што Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі ў 2018 годзе не адбудзецца.
Андрэй Казакевіч, старшыня Арганізацыйнага камітэта Кангрэса
“Абмеркаванне тэхнічных дэталяў выявіла значную колькасць арганізацыйных складанасцяў. Відавочна, правядзенне Кангрэсу на высокім арганізацыйным узроўні з узгадненнем інтарэсаў усіх бакоў патрабуе значна большага часу ды арганізацыйных захадаў, і не можа быць рэалізаваным у гэтым годзе” – паведамляецца ў заяве пра перанос Кангрэса.
У заяве таксама адзначаецца, што арганізацыйны камітэт мае планы правесці наступны Міжнародных кангрэс даследчыкаў ў 2019 годзе за межамі Беларусі і будзе працаваць над падрыхтоўкай Кангрэса ў Беларусі ў 2020 годзе. У 2018 годзе плануецца толькі наданне Прэміі Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі за лепшыя навуковыя публікацыі па вынікам 2017 года.
Больш падрабязную інфармацыю глядзіце тут.
Па тэме:
VII Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі: дасягненні і выклікі
Андрэй Казакевіч: Кангрэс выконвае значную ролю ў кансалідацыі даследаванняў Беларусі