
2 чэрвеня, у дзень народзінаў Ігара Бабкова, “Кнігарня Логвінаў” (Незалежнасці 37а) ладзіць начныя чытанні рамана “Хвілінка. Другая кніга”. Легендарны раман “Хвілінка”, чый аўтар атрымаў у 2014 годзе прэмію за найлепшую кнігу беларускай прозы, вяртаецца! Начныя чытанні за філіжанкай кавы “Хвілінкі. Другой кнігі” пачнуцца а 21. Уваход – вольны.
А напярэдадні з Ігарам Бабковым пагутарыў “Беларускі журнал” – пра літаратурнае шаманства, гульні з часам і прасторай, знікненне будучыні і сустрэчу з самім сабой.
Маскім Жбанкоў, Беларускі журнал
Максім Жбанкоў: Пачнем з мэтазгоднасці працягаў. Мне падаецца, што ўсё, што мусіла адбыцца ў «Хвілінцы», ужо адбылося ў першай кнізе. Мапа рэчаіснасці прапісаная і адбудаваная. Кніга ўспрымалася як штосьці скончанае, як самастойны тэкст. У чым сэнс з’яўлення другой часткі? Ці не ёсць «Хвілінка-2» гульнёй з папулярнай сёння шматсерыйнасцю?
Ігар Бабкоў: Гэта сапраўды вельмі дзіўнае адчуванне: цэльнасці «Хвілінкі» (якая для мяне відавочная) і ў той жа час яе бінарнасці. Бо кніга распадаецца на часткі, якія жывуць сваім жыццём, але ва ўнутраным дыялогу і – у той жа час – нязгодзе.
Ад самага пачатку, калі ў «Дзеяслове» з’явіўся першы раздзел, у прадмове я пазначыў: кніга пішацца, яна будзе складацца з шасці частак. Потым тры першыя гісторыі з’явіліся асобна і, як гэта ні дзіўна, зажылі сваім жыццём. Постфактум я спрабую зразумець, чаму кніга падзялілася на дзве часткі. Канешне, ёсць просты адказ: ад нецярплівасці аўтара.
Цэлае «Хвілінкі» падобнае да гексаграмы «І Цзын». Я нават ведаю якой: дзве трыграмы злучаныя і падзеленыя адначасова. Першая частка – гэта будова космасу, абазначэнне знешніх арыентыраў, выстройванне сістэмы каардынатаў. А другая – засяленне гэтага космасу знутры.
Нават маўчанне чытачоў і крытыкаў з нагоды другой часткі адпавядае адчуванню ўнутранасці. Калі першая «Хвілінка» – тое, што лёгка абазначыць, пра што лёгка расказваць, таму што кавярня, менскія гісторыі… Другая ж кніга больш эзатэрычная – гэта тое, што адбываецца ў свядомасці ці то галоўных герояў, ці то наратара.