Разам з тым паўстае праблема правільных інтанацый расповяда пра гэты перыяд, дзе суадносіліся б асабістыя і калектыўныя ахвяры, павялічваецца патрэба ў адэкватнай перадачы гістарычнай памяці новым пакаленням. Вельмі важнае месца тут займаюць адмыслова створаныя месцы памяці – абраныя месцы масавых вынішчэнняў, якія пераўтвараюцца ў мемарыялы нацыянальнага значэння. Іх стварэнне цесна знітаванае з палітычнымі патрэбамі: мемарыял у вёсцы Хатынь падкрэсліваў ахвярнасць усяго беларускага народа і клаўся ў падмурак “партызанскай Беларусі”.
Адкрыццё месца сталінскіх рэспрэсій пад Курапатамі стала сур’ёзным ударам па ўспрыняццю камуністычнай улады і ўзмацніла рух за незалежнасць краіны. Мы прапануем вам удзел у экскурсіі з магчымасцю не толькі наведаць галоўныя месцы памяці, але і абмеркаваць прынцыпы і праблемы ўшанаванання трагічных старонак гісторыі.
Будуць абмяркоўвацца наступныя пытанні: – як адбываецца выбар месца для мемарыялу? Чаму былы канцлагер у Трасцянцы застаецца на ўзбочыне ўшанавання ахвяр вайны? – як суадносіцца афіцыйная версія з гістарычнымі падзеямі? Ці адлюстроўваецца ў хатынскім мемарыяле сапраўдная гісторыя знішчэння гэтай вёскі? – хто мае права на ўшанаванне памяці ахвяраў масавых вынішчэнняў? Чаму народны мемарыял Курапаты стаў месцам не аб’яднання беларусаў, а палітычнай канфрантацыі?
Напрыканцы вандроўкі арганізатары абяцаюць вельмі прыемны сюрпрыз.
Вандроўка адбудзецца 11 жніўня.
Распавядаць нам будзе Аляксей Ластоўскі, кандыдат сацыялагічных навук, выкладчык курса ” Па-за гісторыяй: сучасныя междысцыплінарныя падыходы ў вывучэнні мінулага” у Лятучым універсітэце.