“Новыя ўніверсітэты” – досвед трансфармацыі савецкай інтэлектуальнай і адукацыйнай прасторы

13 лютага 2014

Публічная дыскусія з удзелам экспертаў з Беларусі і Літвы

19 лютага, 18.30, бізнэс-клуб “IMAGURU”

90-я гады ў постсавецкіх краінах – гэта час вялікіх трансфармацый, час вялікіх мажлівасцяў, станаўлення новага, пачатку многіх працэсаў, з’яваў. Шмат у чым разуменне сённяшняй сітуацыі, яе ацэнка і прадумванне наступных крокаў залежыць ад рэфлексіі гэтага пачатку. Чым сталіся 90-я для вышэйшай адукацыі Беларусі? Што змяніла ў інтэлектуальнай прасторы паўставанне ўніверсітэтаў, пабудуваных па новых “эскізах”? Наколькі гэтыя відавочныя пераўтварэнні 90-х паўплывалі на трансфармацыі ўсёй інтэлектуальнай і адукацыйнай прасторы Беларусі? А што ў гэты ж самы час адбывалася з вышэйшай адукацыяй у нашых заходніх суседзяў – Літве?

19 лютага 2014 г. мультымедыйны гістарычны праект “90s.by”, ГА “Адукацыйны цэнтар “ПОСТ”, Міжнародны кансорцыум “Еўрабеларсь” і Лятучы ўніверсітэт ладзяць дыскусію “Новыя ўніверсітэты” – досвед трансфармацыі савецкай інтэлектуальнай і адукацыйнай прасторы” (на прыкладзе Беларусі і Літвы).

Узгадваючы тое, як ствараліся Універсітэт Вітаўта Вялікага (Коўна, Літва), Інстытут сучасных ведаў (Мінск, Беларусь) і Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (Мінск, Беларусь), пра трансфармацыі таго часу мы пагаворым з тымі, хто непасрэдна быў задзейнічаны ў паўставанні “новых універсітэтаў” – Маргарыта Корзун (Беларусь), Русціс Камунтавічус (Літва), Уладзімір Дунаеў (Беларусь). Вядучая дыскусіі – каардынатар праграмы Лятучага ўніверсітэта Таццяна Вадалажская.

Дыскусія будзе грунтавацца на наступных пытаннях:

1. Хто ініцыяваў праекты незалежных універсітэтаў – супольнасці ці асобныя людзі? Чаго яны хацелі, якія праблемы вырашалі, да якіх узораў звярталіся і чаму?

2. Якім быў культурны, сацыяльны і палітычны кантэкст з’яўлення “новых універсітэтаў”? Паралельныя рэформы, падтрымка і супраціў.

3. Якія пераўтварэнні ўнеслі “новыя універсітэты” у развіццё адукацыйнай прасторы і інтэлектуальнай супольнасці Беларусі і Літвы? Ці сталі яны каталізатарам зменаў, ці паўсталі ў выніку нейкія новыя ўстойлівыя формы ў інтэлектуальнай і адукацыйнай сферы?

Дыскусія “Новыя ўніверсітэты” – досвед трансфармацыі савецкай інтэлектуальнай і адукацыйнай прасторы” адбудзецца 19 лютага па адрасе: вул. Фабрыцыуса, 4, бізнэс-клуб Imaguru (першы паверх), пачатак а 18.30.

Уваход вольны!

 Арганізатары забяспечаць online-трансляцыю.

УЛАДЗІМІР МАЦКЕВІЧ — #ФІЛОСАФ_У_ТУРМЕ
Свабодную думку немагчыма пасадзіць у турму!
Напішыце каментар