
27 чэрвеня Аляксандр Марчанка прадставіць спектакль пра беларускую мастачку Алену Кіш.
Ад яе засталася толькі легенда і адзін стары фотаздымак у пашпарце…
Неўзабаве у рамках «Т.О.К.» адбудзецца прэм’ера праекта «Прымітывы» пра Алену Кіш. Аляксандр Марчанка прадставіць спектакль, заснаваны на ўспамінах пра беларускую мастачку, якая займае пачэснае месца ў гісторыі выяўленчага мастацтва паміж Анры Русо і Ніка Пірасмані. У пастаноўцы паводле п’есы Аляксея Андрэева галоўную ролю выконвае Алесь Малчанаў.
Алена Кіш – мастачка-самавучка з індывідуальным поглядам на сусвет і творчасць, жанчына без свайго дома і сям’і, творца, ад якой засталася толькі легенда. Спектакль «Прымітывы» вяртае да сучаснасці трагічную гісторыю Алены Кіш. Беларуская мастачка з наваколля Слуцка зарабляла на жыццё, ствараючы «дываны-маляванкі» для вясковых жыхароў. У пастаноўцы асоба і лёс Алены Кіш становяцца ўвасабленнем часу, які не прымае інакавасць.
Тэатральны праект «Прымітывы» пабудаваны на матэрыялах пра жыццё Алены Кіш: дзённікавых запісах аднавяскоўца Кіш, Грыгорыя Гардзея, які апісваў будні вёскі, дзе яны жылі; газетных артыкулах таго часу. Важнай часткай тэатральнага даследавання з’яўляюцца разважанні нашых сучаснікаў – мастакоў, гісторыкоў, культуролагаў – аб значэнні асобы і творчасці мастачкі ў грамадстве, дзе паняцце «мастачка» па-ранейшаму ўспрымаецца далёкім ад сацыяльнага жыцця.
Ад стваральнікаў праекта:
– Гісторыя праекта «вырасла» з нашых розных, але вельмі асабістых адносін не толькі і не столькі да творчасці Алены Кіш, колькі да яе трагічнага лёсу. Мы збіралі матэрыял для п’есы ў падарожжах па Беларусі, у архівах і бібліятэках. Думалі аб культурнай і эмацыйнай памяці, аб ідэнтычнасці, якая будуецца на гэтай памяці. Аб вечна асаблівай ролі мастака ў жыцці грамадства, які заўсёды ўспрымаецца грамадствам як нешта неабавязковае і залішняе; а мастачка ў «традыцыйнай» культуры – гэта яшчэ і выклік гэтаму грамадству. Думалі аб папулярызацыі мастацкай спадчыны, якая часта становіцца спрашчэннем і спекуляцыяй. Мы думалі аб тым часе, які быў бязлітасны не толькі да Алены Кіш, але і да мільёнаў нашых суайчыннікаў, яе сучаснікаў, якія прайшлі праз жахі калектывізацыі, гвалтоўнага перасялення, рэпрэсіі. Пра час, які не толькі тады, але і цяпер не трывае інакавасці і не пакідае свабоды для творчасці. Мы думалі. І працягваем думаць.
Наш праект – гэта не толькі пастаноўка спектакля, але і дыскусія вакол яго. Яна павінна вывесці ў грамадскае абмеркаванне тэмы, закранутыя ў «Прымітывах». Да гэтай дыскусіі мы запрашаем не толькі экспертаў ў галіне культуры, але і ўсіх зацікаўленых гледачоў, якія паглядзяць спектакль.
Аўтар п’есы: Аляксей Андрэеў
Рэжысёр: Аляксандр Марчанка
Мастачка: Ганна Балаш
Музычнае суправаджэнне: Дзмітрый Лук’янчык
Выканаўца: Алесь Малчанаў
Працягласць: 1 гадзіна 15 хвілін (без антракту)
Мова: беларуская, руская
Партнёр праекта: «Лятучы ўніверсітэт».
Месца правядзення: Культурны хаб Ок16 (Кастрычніцкая, 16/27)
16+
Падрабязней пра праект чытайце на сайце «Прымітываў».
Набыць квіткі магчыма на сайце artcorporation.by альбо па тэл. +375 44 490 48 99, а таксама на bycard.by, bezkassira.by, kupalauski.by, kassy.by і smsbilet.by.