Прэмія Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі

30 снежня 2012

У Беларусі з’явіцца недзяржаўны рэйтынг гуманітарыяў.

Заўтра тваёй краіны

Упершыню ў Беларусі сама акадэмічная супольнасць будзе адзначаць лепшыя навуковыя публікацыі ў галіне сацыяльных і гуманітарных навук — штогадовую прэмію заснаваў Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі.

Прэмія мае на мэце адзначыць дасягненні ў сацыяльных і гуманітарных навуках на працягу года, заахвочваць навуковую працу, а таксама спрыяць паляпшэнню якасці навуковай дзейнасці.

— Кангрэс даследчыкаў Беларусі — адлюстраванне той сітуацыі, якую мы маем у акадэмічнай супольнасці, і гэты стан далёка не ідэальны. Мы не можам вырашыць усе праблемы, якія існуюць. Аднак прэмія — гэта спроба паўплываць на якасць навуковых даследаванняў, вызначыць тыя з іх, якія можна браць за ўзор, — адзначае сябра аргкамітэта Кангрэса Таццяна Вадалажская.

Для развіцця акадэмічнай супольнасці вельмі важна, каб існавала іерархія сярод даследчыкаў. Пакуль у Беларусі гэтыя рэйтынгі ў асноўным вызначае дзяржава праз пасады і дзяржаўныя прэміі.

— Аднак гэтая іерархія не адэкватная якасці таго, што робіць навукоўца, бо ацэньваюцца перш за ўсё заслугі перад дзяржавай. Даследчыкі, што знаходзяцца па-за межамі дзяржаўных інстытуцый, наогул выкрасленыя з гэтага працэсу, — адзначае дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера»Андрэй Казакевіч. — Прэмія — спроба пашырыць унутраную функцыю супольнасці па выстаўленні рангаў. Гэта крок у бок самаразвіцця і самарэгулявання супольнасці.

Прэмія для даследчыкаў аб’яўлена у трох намінацыях: сацыяльныя навукі, гуманітарныя навукі, гісторыя. Арганізатары Кангрэса звярнулі асаблівую ўвагу на гэты сегмент навуковай дзейнасці, бо менавіта ён у беларускім дзяржаўным акадэмічным асяродку знаходзіцца ў занядбаным стане.

— Назіраецца скарачэнне гэтага сектара. Напрыклад, у суседняй Літве даследчыкаў, якія займаюцца гуманітарнай сферай, больш, чым у Беларусі, прыкладна ў тры разы, хаця насельніцтва гэтай краіны ў тры разы менш, — адзначае Андрэй Казакевіч. — Пры гэтым у Беларусі пастаянна ставіцца пытанне пра тое, што «гуманітарыяў» занадта шмат фінансуюць і трэба іх падтрымку скарачаць.

Ініцыятары заснавання прэміі спадзяюцца, што гэты крок дазволіць прыцягваць дадатковыя рэсурсы ў Беларусі і з-за мяжы для развіцця сацыяльна-гуманітарных навук у краіне. Для стварэння збалансаванай рады па кожнай з трох прэмій яны разлічваюць пашырыць кола экспертаў, якія будуць ацэньваць конкурсныя працы за кошт замежнікаў і прадстаўнікоў дзяржаўных акадэмічных устаноў.

Вылучаць на прэмію можна як уласныя публікацыі, так і публікацыі іншых людзей.

Прапановы падаюцца на адрас premija@palityka.org да 20 лютага 2013 года. Дэталёвае апісанне правілаў і патрабаванняў тут.

Лепшыя публікацыі ўпершыню адзначаць на Трэцім Міжнародным кангрэсе даследчыкаў Беларусі, які пройдзе 11-13 кастрычніка 2013 года.

Другі Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі, які адбыўся 28-30 верасня 2012 года стаў значнай акадэмічнай падзеяй. Удзел у працы Кангрэса прынялі каля 350 навукоўцаў і гасцей, якія прадстаўлялі практычна ўсе буйныя гарады і акадэмічныя цэнтры Беларусі, а таксама больш за 15 краін свету.

Даведка пра прэмію:

Асноўная ідэя і місія:

Арганізацыйны камітэт Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі аб’яўляе пра заснаванне штогадовай прэміі за найлепшую публікацыю ў галіне сацыяльных і гуманітарных дысцыплін на працягу года.

Прэмія мае на мэце адзначыць дасягненні ў сацыяльных і гуманітарных навуках на працягу года, заахвочваць навуковую працу, а таксама спрыяць паляпшэнню якасці навуковай дзейнасці.

Заклікаем аўтараў і прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці намінаваць значныя вынікі навуковай дзейнасці і, такім чынам, паспрыяць іх папулярызацыі і ўзнагароджванню аўтараў за навуковыя дасягненні.

Прапановы можна падаць на адрас premija@palityka.org да 20 лютага 2013 года. Дэталёвае апісанне правілаў і патрабаванняў гл. тут: Premija_rules_2013

Урачыстае наданне прэміі, а таксама грашовай узнагароды ў памеры не менш за 400 еўра кожнаму пераможцы, адбудзецца на Трэцім Міжнародным Кангрэсе даследчыкаў Беларусі, які пройдзе 11-13 кастрычніка 2013 года.

Намінацыі:

Прэмія аб’яўляецца ў трох намінацыях:

– Сацыяльныя навукі: палітычныя навукі, сацыялогія.

– Гуманітарныя навукі: філасофія, філалогія, лінгвістыка, мастацтвазнаўства.

– Гісторыя.

Публікацыі па праву і эканоміцы прымаюцца да разгляду толькі ў тым выпадку, калі яны маюць міждысцыплінарны характар, а таксама закранаюць праблематыку асноўных сацыяльных і гуманітарных дысцыплін.

Вылучаць на прэмію можна як уласныя публікацыі, так і публікацыі іншых людзей.

Працэдура:

Рашэнне пра наданне прэміі прымаецца на аснове заключэння Рады, якая складаецца з прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці Беларусі і іншых краін (не менш за 11 экспертаў на кожную намінацыю).

Першая прэмія надаецца за працы, якія былі надрукаваныя ў 2011-2012 гадах. Асноўныя патрабаванні: тэкст памерам не менш за 20 тысяч знакаў (навуковы артыкул, манаграфія, іншая акадэмічная форма прэзентацыі вынікаў даследаванняў), напісаны адным ці некалькімі аўтарамі (але пад навуковай рэдакцыяй аднаго чалавека).

Вынікі конкурсу будуць аб’яўленыя напачатку чэрвеня 2013 года.

З павагай,

Арганізацыйны камітэт Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі