“Гэтае выданне будзіць сумленне і памяць”, пішуць пра гэтую кнігу СМІ. Яно даводзіць, што ў нашай частцы Еўропы раскіданыя тысячы безыменных магілаў.
Інстытут Гётэ ў Мінску запрашае 15 сакавіка на прэзентацыю беларускага выдання кнігі, якая адбудзецца ў Галерыі TUT.BY (прасп. Дзяржынскага, 57, 9-ы паверх). Пачатак у 19.00.
Многія масавыя магілы, дзе ляжаць целы ахвяраў, забітых без суду і следства камуністычнымі або нацысцкімі катамі, нават не пазначаныя ў публічнай прасторы. Прыгожыя краявіды Беларусі, Украіны, Славеніі, Польшчы, Аўстрыі ды іншых краін хаваюць у сабе сляды масавых забойстваў, якія выпадкова можна выявіць нават і сёння.
Пакуль памяць пра гэтых ахвяр не будзе вернутая а месцы іхных пахаванняў не будуць увекавечаныя, гэтая страшная, крывавая гісторыя можа даваць рэцыдывы і ў нашыя дні.
Як піша аўтар, часта адпаведныя органы ведаюць, дзе прыкладна знаходзяцца масавыя пахаванні, аднак не праводзяць дакладнае лакалізацыі, не кажучы ўжо пра расследаванне падзеяў і ўзвядзенне мемарыялаў. Магчыма таму, што гэта прывядзе да палітычна непажаданых наступстваў, або таму, што праўды яны баяцца болей, чым крывавых зданяў мінулага. Яны спадзяюцца, што гэтых зданяў можна ўлагодзіць ці ўтаймаваць маўчаньнем, а праўда ж, наадварот, не ведае літасці.
Кніга Марціна Полака — гэта выдатны ўзор літаратуры факту з элементамі рэпартажу, вуснае гісторыі і гісторыі штодзённасці. У Беларусі мы добра ведаем гэты жанр па творах Алеся Адамовіча і Святланы Алексіевіч. Толькі што аўтарская перспектыва тут яшчэ больш бескампрамісная да ўсіх праяў хлусні і прапаганды.
Удзел ў прэзентацыі возьмуць аўтар эсэ Марцін Полак, пісьменнік Віктар Марціновіч, рэдактар “ARCHE” Валер Булгакаў.
Мадэратары прэзентацыі – Ганна Севярынец і Валер Каліноўскі.
Кніга выйшла ў перакладзе Веры Дзядок у выдавецтве “ARCHE”.
__________________________________________________________
Марцін Полак – гісторык, пісьменнік, перакладчык. Нарадзіўся ў 1944 годзе ў Аўстрыі. Вывучаў славістыку і ўсходнееўрапейскую гісторыю. Перакладчык з польскай (Рышард Капусцінскі, Анджэй Стасюк ды інш.) і шматгадовы карэспандэнт «Шпігеля» у Польшчы.
Аўтар кніг: «Нябожчык у бункеры. Аповесць пра майго бацьку» (2004), «Імператар Амерыкі. Вялікія ўцёкі з Галіцыі» (2010), «Тапаграфія памяці» (2016). У 2011 годзе атрымаў Лейпцыгскую кніжную прэмію за ўнёсак у еўрапейскае ўзаемаразуменне. Курыраваў праграму Лейпцыгскага кніжнага кірмаша «tranzyt», прысвечаную літаратурам Польшчы, Беларусі і Украіны (2012-2014).
__________________________________________________________
“Лятучы” таксама рэкамендуе:
Курапаты як грамадская прастора і месца памяці
Пакаянне нацыі – шлях да будычыні альбо катэгарыяльная памылка?